Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Алесь збялеў:

— Франс… Брат… І ты таксама?

І тут Франс даў волю застарэламу свайму раздражненню, неасэнсаванай нянавісці да гэтага чалавека, якога пасля адчужанасці Ядзечкі Клейны пачаў пазбягаць. Франс гневаўся на яго за гэта, але Франсу здавалася, што ён, Франс, гневаецца за Майку. Малады Раўбіч сам бы здзівіўся і перастаў паважаць сябе, каб яму сказалі, што галоўная прычына Ядвіся.

Хто хоча забіць сабаку — вінаваціць яго ў шалу. І таму Франс не адчуваў сваёй несправядлівасці. Наадварот, яму здавалася, што яго ўчынак ёсць самы годны, справядлівы і шчыры.

— Я не брат вам, — сказаў Франс. — Нават калі б вы былі мне родным братам, я б пасля гэткага ўчынку хацеў бы, каб такога брата ў мяне не было, каб ён памёр.

Наталя са здзiўленнем пераводзiла вочы з любага ёй Алеся на не менш любага брата, бледнага ад гневу.

— Франс, — з дакорам сказаў Алесь, — я люблю вас усіх. Я не магу без вас. Без цябе. Без Наталі. Без Майкі.

Раўбіч-малодшы не хацеў нічога слухаць. У яго трапяталі ноздры.

— Хто вам дазволіў вымаўляць сямейнае імя маёй сястры?! Я забараняю вам гэта! Я забараняю вам сустракацца з ёю. Забараняю падыходзіць да яе.

Ён сарваўся і рабіў немагчымай усякую спробу прымірэння.

— Не смейце, князь. Нават адной сваёй прысутнасцю вы пэцкаеце чыстых і нявінных дзяўчат.

Гэта было ўжо занадта.

— Вы забыліся, васпан, — сказаў Алесь. — Не пераступайце мяжы, не прымушайце мяне забыць пра сваю любоў.

Франс змераў яго пагардлівым позіркам, узяў Наталю за руку і павёў дадому.

А ў доме Наталя закаціла Майцы і Франсу скандал. Тупатала нагамі, плакала і крычала.

— Брыдкая, злая! — плакала Наталя. — І ты брыдкі, злы, нядобры!

Яе пакаралi, адправiўшы спаць. Але дзяўчынка не прасiла даравання, а тупала нагамi i пранiзлiва лямантавала:

— Ён харошы, харошы! Я ведаю, што ён харошы!

І гэты ўмольны крык быў апошняй спробай абараніць Алеся ў доме Раўбічаў.

Пан Юры перастаў вітацца з Ярашам. Учарашнія суседзі, сябры, амаль сваякі, сталі ворагамі.

…На Алеся найшло. У адзін з сакавіцкіх дзён яго прымалі ў дваранскі клуб, а значыць, ён меўся выступіць з традыцыйнай уступнай прамовай. Тэма прамовы была вольная, і ён выбраў: "Значэнне клуба для членаў грамадства, і як я мяркую сябе ў ім". І гэта здзівіла, але супраць тэмы не спрачаюцца.

Прамова была амаль падрыхтавана, калі здарылася гісторыя з Майкай. І Алесь зламаў ужо гатовую прамову, такой яна здалася прэснай для бязмернага гневу, які душыў яго. Ён вырашыў не рыхтавацца нанава, а сказаць проста тое, што думае.

…Зала была поўная. Панства сядзела за сталамі, якія аж ламаліся ад віна і страў (стары Вежа ніколі не скупіўся). Алесь абводзіў вачыма зборню: у канцы вялізнай залы цяжка было пазнаць людзей у твар, але ён бачыў Хаданскіх, Біскуповічаў, Раткевіча, бацьку, дзеда, Браніборскага, Мнішка увесь гэты свет, які ён ведаў і якому зараз павінен быў гаварыць.

У чорным фраку, з келіхам у руцэ, Алесь чакаў, пакуль сціхне шум, народжаны словамі старшыні і яго імем. Урэшце стала ціха.

— З некаторай неразважлівасцю я выбраў сваёй тэме назву "Значэнне клуба для грамадства". Але чым больш я думаў на гэтую тэму, рыхтуючы свой speech[5], тым большае было маё непразуменне. Справа ў тым, што ў нас няма клубаў у агульнапрынятым, заходнім, англійскім сэнсе гэтага слова. У іх клуб гэта зборня мужчын, аб'яднаных агульным паходжаннем, агульнымі поглядамі на палітыку. Гэта, урэшце, і зборня мужчын, аб'яднаных патрыятызмам, цвёрдым разуменнем таго, хто яны такія. Магчыма, я ідэалізую, нават напэўна так, бо людзі паўсюль людзі, але мэта існавання клубаў там менавіта такая.

Ён бачыў насцярожаныя і зацікаўленыя абліччы. Таму што само гучанне гэтых слоў было незвычайнае для ўступнай прамовы. Гэта не былі французскія, польскія ці якія іншыя словы. Гэта была тая мова, на якой усе гэтыя людзі гаварылі са слугамі ў доме, з дробнай шляхтай пры сустрэчы, з сялянамі на полі і якую, аднак, ніхто, акрамя адзінак, што лічыліся дзівакамі, не ўжываў пры спічах.

Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая

адначасова, лаканічная мова. Гучала ўпершыню за шмат год.

Гэтай мовай і над гэтым сталом гаварылі зараз жорсткія словы.

— Клубы існуюць у нас не для палітыкі, не для мараў аб шчасці, бо дзве гэтыя дaмы рэдкія госці пад нашымі дахамі. Яны існуюць у нас для картачнай гульні, для размоў аб паляванні, аб тым, чый рысак больш машысты, чый выжал больш чуйны. І яшчэ для п'янак, дзе спрачаюцца аб танцорках, віне і аб тых жа сабаках.

Вежа па-звычайнаму прыкрыў далонямі твар. Між расстаўленых пальцаў блішчала хітрае вока. Наіўны і задзірысты твар бацькі нібы запрашаў: "Дай ім, дай". Вежа вельмі пакутаваў за ўнука. Ён таксама чуў усё і настолькі заеўся на Раўбічаў за нежаданне разабрацца, за тое, што адвярнуліся, а на ўсё панства за ману, што цяпер першы адмовіўся б мірыцца.

— Я ведаю, большасць з нас глыбока смуткуе, пазіраючы на такое падзенне. Але што з таго, калі мы не процідзейнічаем яму?!

Алесь убачыў іранічную ўсмешку старога Хаданскага, вочы Іллі і зразумеў, што не даруе сабе, калі сапраўды не "дасць".

— Ёсць, відаць, і такія, каму ўсё гэта даспадобы. Іх беспрынцыпнасць блізкая да ўсяеднасці, іх маўчанне да подласці. Прыкладам таму могуць быць плёткі. Крыўдаваць на іх нельга. Проста таму, што на дробных людзей не крыўдуюць, імі пагарджаюць. Але астаецца пачуццё глыбокага непаразумення, як такія слімакі могуць існаваць у грамадстве, як яно іх церпіць і як яны самі могуць жыць такія. Дык вось для чаго ім клубы. І калі клуб зборня мужчын, то ці мужчыны яны?

Ілля сціснуў рот. І па няўлоўным руху гэтых вуснвў, па тым, што страла, відаць, трапіла ў цэль, Алесь амаль упэўніўся: ён.

— Дык вось, клуб — зборня мужчын, амаль аднолькавых па паходжанню, аб'яднаных агульнымі поглядамі на палітыку, на шчасце ўсіх людзей, на тое, якімі метадамі трэба дабівацца гэтага шчасця. Паходжанне ў нас адно: прыдняпроўскае. Але адны з нас прыстасаваліся, другія маўчаць. Што ж тады ў агульным паходжанні?

Мнішак у кутку ўсміхнуўся і падумаў, што Раўбіч — ёлуп.

— Палітыка, — сказаў Алесь, — ці ёсць яна ў нас? Мы назнарок адвярнуліся ад яе, карыстаючыся гордым выслоўем: "Бруд не па нас". Але хіба веліч і высакароднасць у тым, каб мірыцца з брудам, даючы яму пэцкаць меншых братоў? Ці не нагадваем мы Касьяна з легенды? Таго, які лічыў, што, каб прыйсці на неба, трэба чыстае мець адзенне.

У Раткевічавых вачах была горыч. Біскуповіч заплюшчыў вочы.

— І якімі сродкамі мы карыстаемся, каб дасягнуць мэты, таго, што мы разумеем пад шчасцем? Падспудныя чуткі, дуэлі і ярасць, бойкі на губернскіх зборах, барацьба перад выбарамі. Дыфармацыя даходзіць да таго, што я здзіўляюся, як да нас у часе выбараў прыязджаюць акторы і гандляры. Напэўна, да іх не даходзяць нашы словы, іначай яны ведалі б, што трапілі ў разбойніцкі вертэп. Сраціўшыя ўсё на свеце, аж да чалавечага аблічча! Гэтыя паны… валацугі без радзімы, мужчыны без мужнасці, людзі без сумлення! Я не магу глядзець на іх. Калі я думаю, што мы адной крыві мне хочацца выпусціць з сябе гэтую кроў. Ces messeurs sont un tas de gredins et le seul sentiment lu'ils m'inspirent est la haine de leur cause et le mépris pour mon pays[6].

Біскуповіч Януш усміхаўся аксамітна-цёмнымі вачыма. Запал маладога Загорскага падабаўся яму. Факты дыфармацыі сапраўды мелі месца дванаццаць год назад, калі Кроер вырашыў выставіць сваю кандыдатуру ў павятовыя маршалкі. Хацеў, відаць, пасля і ў губернскія падацца, але дваране і павета не далі. Досыць было з іх. З самага семсот восемдзесят першага года была на гэтай пасадзе дынастыя Галынскіх. І вось з саракавога года, семнаццаць ужо год, маршалкам пан Юры. Тады яму дваццаць дзевяць было, цяпер сорак шэсць. Нікога другога ім не трэба. Справядлівасць і мяккасць не на кожным дрэве растуць. Год адзінаццаць яшчэ паслужыць. А там, калі меркаваць па сённяшняй прамове, сынка давядзецца выбраць. Недалёка яблычка ўпала, ды, відаць, старую яблыню перарасце. Гэты не стаў бы і Мішку Мураўёву даваць спуску. А ўжо як перад ім на задніх лапках хадзілі маршалкі Крушэўскі ды Абданк у тыя тры страшныя леты[7]. А пан Юры не даў крыўдзіць людзей. Тром губернатарам не даў. Сярожку Энгельгардту не даў, Мікалашку Гамалею не даў, Міколку Скалону не даў. І чацвёртаму не дасць, бо, чутна, Скалон хутка загрыміць паспеў-такі нашкодзіць за тры гады. І ходзіць пагалоска будзе на ягоным месцы Аляксашка Беклемішаў, чалавек роду старога, але сварлівы і цяжкі.

вернуться

5

Кароткая прамова (англ.)

вернуться

6

Гэтыя паны — мярзотнікі, і адзінае пачуццё, якое яны ва мне абуджаюць, — гэта нянавісць да таго, што яны робяць, і пагарда да маёй радзімы (франц.)

вернуться

7

Граф М. Мураўёў быў губернатарам магілёўскім у 1823/31 гг. Ён агранізаваў хуткае падаўленне паўстання ў 1831 г…

6
{"b":"829352","o":1}