Сінія вочы Яроцкага пацямнелі. Хрыплаваты бас прыглухнуў.
— З генералам Галафеевым у Чачню хадзіў. Лік сутычкам згубіў. Крывішча лілася… У сорак дзевятым годзе было мне сорак пяць, а праслужыў я дваццаць дзевяць год; зранены ўвесь, як стары воўк — пайшоў я ўчыстую, з пенсіяй ды з чынам маёра. Хутка жылі людзі, хутка зношваліся. Дый я вырашыў: хопіць, трэба і пажыць… Выслужыць многа я больш не мог. Служылі з нашых адзінкі, сувязяў няма. Ведаў асаблівых таксама няма. Далей служыць не было сэнсу. А такіх армейцаў было там трыста беркаўцаў ды яшчэ напарстак.
— А смеласць?
— Не быў я смелы. Ніколі не быў. А нават каб і быў, то сярод нас, кіслай шэрсці, смялейшых за мяне было б — як да Тыфліса з Эрывані ракам ставіць… Ды я і ўзрадаваўся чыстай. Шчыра кажучы, непамысна мне на душы стала.
Дзядзька зноў закурыў.
— Залілі мы гэтыя сінія горы чалавечай крывёй… Горш за іх дзікуны ды свалота беспардонная. Воінаў што, джыгітаў што паклалі за гэтыя дваццаць дзевяць год! Дык яшчэ ж пасля мяне дзесяць год мінула, а ўсё ваюем, маленькіх не можам адолець. А шкада людзей. Дзікія яны і галаварэзы, але справядлівыя. І сябры верныя. Гляджу, лепей мне з імі ляпёшкі есці, чым… А, ды што там!
Піпчыў.
— Сорамна-с. "Азарство адно", як мой дзяншчык казаў. Мала таго што спаляць гэтыя іхнія саклі, дык яшчэ неадменна знойдзецца задніца ды ў вадаём іхні… А яны людзі грэблівыя, чыстыя людзі. Яны нават там абыходзяцца са збанам вады. Рукі і твар мыюць пяць разоў на дзень, не раўнуючы як мы. А я табе скажу, такіх чыстаплотных, як мы, — гэта яшчэ пашукаць. Немец не такі. Ангелец не такі… Ну вось і гэтыя такія. Я з імі мірыўся, яны мяне нават паважалі, мірныя. Кажу ім: "Баранаў адганіце, войска пойдзе". Ведаю, з імі па-добраму, каб не галелі, то і яны нямірным не скажуць. А ў мяне і сярод іх былі сябры. Ды якія! Сам граза Мехмет-хаджа. Чачэнец быў. Мамакай — абрэк… Муса — інгуш. Ахмед-бек.
Дзядзька ціхутка зацягнуў гартанную песню.
— Гэта па-іхняму… Азначае: "Мы нарадзіліся ў ноч, калі ваўчыха прывяла шчанюкоў. Мы атрымалі імя, калі рыкаў на ўсходзе сонца барс. А смелыя мы сталі ў гарах, дзе лавіны вісяць над галавою, як смерць… Праклён гэтым князям, яны калматыя і бурыя сабакі… Як дажывем да вясны — крывёю іх прымусім…"
Развёў рукамі:
— Ну вось… І скажы ты, нашто?! Скалы гэтыя бедныя спатрэбіліся. Сваёй зямлі мала?
У гэтых чысценькіх белых пакоях разам з Алесем жылі спакой і мір. Жылі ўжо восьмы дзень.
Абкружаныя садам дзесяць пакояў пад зялёнай ад моху гонтавай страхой. Нізенькія вокны, абведзеныя сінім, вясёлкавыя ад старасці кафлі напаленых грубак, печка на кухні, размаляваная паяском: дзяўчаты з каромысламі і коннікі. Дзверы не толькі прамавугольныя, але сям-там, для прыгажосці і разнастайнасці, з паўкруглым верхнім вушаком: не паленаваліся парыць і гнуць тоўстую дубровую плаху.
Дваровыя будыніны трохі наводдаль. Сад шуміць уначы. Кніг амаль няма, акрамя ўсюдыіснага "Завальні", пары паляўнічых кніг, "Дудара беларускага" ды яшчэ календароў з восемсот сорак дзевятага года.
На падлозе, вылізанай да жаўцізны, дзе — густа — ваўчыныя шкуры, а дзе і самаробныя хаднікі. На сценках — прывезеныя дываны. Адзінае багацце вісела на іх — зброя. Дзіўнай прыгажосці каўказскія шашкі, пісталеты, фіцільныя і крамянёвыя, аздобленыя срэбрам стрэльбы.
Дзядзька пасяліў яго ва ўласнай вялікай "халасцяцкай". Тыя ж дываны, тая ж зброя. Ніякіх ложкаў, толькі дзве ляжанкі ля сцен, а на іх кілімы. Накрывацца футрам, каб было цяплей.
Вялізны медны рукамыйнік, арап на гадзінніку варочае маціцовымі вачыма. Ды яшчэ столік, ды на ім віно і закуска, калі ўначы зойдзецца жывот з голаду.
І дзіўна, нягледзячы на тое што ў Загоршчыне і Вежы такога не было, што елі ў дзядзькі — пад завязку, ён і сапраўды цяпер адчуваў кожную ноч голад.
— Кожны вечар лазня, брат. А лазня ў мяне адмысловая.
Лазня была сапраўды адмысловая. Адзіны новы будынак фальварка — наводдаль, за плотам. Старая згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста — так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Прыйшлі раніцай, а лазні няма.
— І я па суседству з табою. Ты, калі хочаш, дзвярэй на ноч не зачыняй. Унь табе з ляжанкі печка з калідора відаць. На світанні яе запаляць. Не ведаю, як ты, а я люблю раніцай, яшчэ ў цемры, прачнуцца ды пакачацца пад футрам. Гледзячы на агонь ды слухаючы, як гудзе.
Алесь прачынаўся ў цемры пад гул і ззянне полымя. Ляжаў. Думаў.
Снедалі. Дзядзька ішоў па справах, Алесь — у пушчу, дзе ўжо сінелі пралескі, або да Дняпра, што спачатку з гарматным гулам крышыў лёд, потым імчаў яго, грувасцячы і зноў бурачы зaмкі з крыг, а потым шырока разліваўся, нібы хацеў захапіць у сваё ўлонне як найбольш неба.
У пушчы, па котлішчах, асцярожна, каб, крый божа, не набраць пяску, зразаў у кошык смарчкі. Гэта было ціхмянае, добрае паляванне.
Вяртаўся позна, у прыцемак. Прытомлены сабака бег наперадзе, і, калі азіраўся, вочы яго, за пятнаццаць сажняў, свяціліся чырванаватым святлом.
Дзядзька ўжо чакаў. Дастаў з гарлачоў яблыкі, не салёныя і не мочаныя, а — сакрэт кухаркі — як быццам свежыя і толькі залітыя адной халоднай вадой і таму асабліва сакавітыя ад яе. Аднак гэта была не проста вада і не расол, а нешта зусім іншае. Нібы ў ваду налілі яблычнага соку: кіславата-саладкаватая, з пахам свежага яблыка. На пахмелле — за вушы не адцягнеш.
Перад сном, калі Алесь ужо ляжаў, людзі прыносілі тры-чатыры велізарныя ахапкі саломы і клалі на падлогу пры ляжанцы. Прыходзіў дзядзька пагаманіць з гадзіну перад сном. Набіваў ляжанку саломай, пакідаючы доўгую павесму, што злучала салому ў печцы з саломай на падлозе.
Закурваў куртатую люлечку, падпальваў салому ў ляжанцы і, седзячы на зэдліку перад агнём, здаецца, павольна, але спрытна, нідзе не абрываючы, цягнуў і цягнуў салому са стажка ў агонь. Нібы нітку з кужалю на ручной прасніцы. Толькі замест вярацяна круціўся ля ягонай правай рукі неўтаймаваны жоўты агонь.
— Не па-нашаму, вядома, — казаў дзядзька. — Людзі аж дзівяцца. Але прывык на поўдні. Ды і праца рукам.
Водсветы рабілі яго твар медным, а вусы — рыжаватымі. Цягнулася і цягнулася ў агонь, дрымотна шалахцела, не абрываючыся, залацістая саламяная пасма.
— Ваявалі, — казаў дзядзька. — І вайна ж тады падлючая была. Выходзім палком, адрэжам кавалак лесу, расставім пасты, каб не стралялі па воінах, дый выпляжым увесь лес. Усё чыста, акрамя ажыны. А потым, у суш, прыйдзем ды спалім. Дзікі ўцякаюць. Фазаны, бедныя, лятуць, ды, глядзіш, нейкі гарыць на ляту… Так, спалім на гэты раз і з ажынай. Прасекі вядзём, заложнікаў бяром.
Цягнулася салома ў агонь. Сухое цела колішніх каласоў.
— Агульго яшчэ раней узялі, — каторы раз успамінаў дзядзька каўказскія прыгоды. — Шаміль тады ў Даргу ўцёк. І пачалася вось такая вайна. Цяпер ёй толькі канец надыходзіць. Кажуць, акружылі нібыта імама ў Гунібе… А тады і канца гэтаму не прадбачылася. Пайшлі мы з галафееўскай экспедыцыяй на Чачню… Жыхары ўцякаюць, быдла крычыць. Словам, калі прыходзіць набег у аул — пуста там. Адны старыя ды куры. А то і старых няма, адны куры. Тут ужо казакаў за рукі трымай. А калі аул блізка і там у кагосьці з казакаў кунак ёсць — казакі салдат трымаюць. Вайна, вядома! Назавем для прыкладу тры аулы: Вялікі, Малы, Сярэдні Хунзах. Гэта я назвы зараз прыдумаў, для прыкладу. То вайна прыблізна такая будзе, па данясеннях: "Узялі аул Малы Хунзах. Жыхароў перабілі, курэй злавілі і з'елі, саклі спалілі, мячэць загадзілі"; "Узялі Сярэдні Хунзах. Мячэць запаскудзілі, саклі спалілі, пералавілі і з'елі курэй"; "Узялі аул Вялікі Хунзах. Курэй пералавілі і з'елі, мячэць загадзілі, саклі спалілі". Паўсюль, як бачыш, аднолькава. Усёй розніцы, што спачатку, а што потым. Ды яшчэ Малому Хунзаху разам з жыхарамі дасталася, бо ніжэй па гары ляжаў… Старыя салдаты і афіцэры гэтым грэбавалі. Ну, а шчанюкам, вядома, прывабна. "Начальства загадвае. Ягоны адказ. Круш-шы, хлопцы!" Дый гонар. То яго на стайні дзерлі або, скажам, да скарбніка на абед не запрашалі, а тут перам ім зямля гарыць… З той прычыны, што вайна не вайна была — звярэлі людзі, і ўжо як дойдзе да кінжалаў і куль, то трымай іх толькі. Але рэдка сапраўдная справа была. Аднойчы пайшлі лес сячы, і раптам — напад. Дзень біліся. Рэчка там такая ёсць… Назвы не нашы, то забыў… Ва… Валерка?.. Валетка?