Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ваяваць!!!

— Каму ваяваць?

— Міністрам.

Пэўна, здань даведалася ў нематэрыяльным свеце аб нечым ганебным для яе гонару, чаго яна не ведала на зямлі.

— З кім?

— З падступным князем Канстанцінам.

— Які канец?

— Уседзяржыцель! Магіла!

Устрывожаны і ўражаны да глыбіні душы, Пуцята зрабіў даклад аб гэтым Мураўёву-вешальніку, у той час міністру дзяржаўных маёмасцяў, а той — графу Адлербергу, міністру імператарскага двара і ўдзелаў, пасля чаго яны ўтрох падзяліліся гэтай астральнай размовай, вядома ж, з шэфам жандараў і начальнікам трэцяга аддзялення Далгарукавым, тым больш што ён быў не абы-якім знаўцам тагасветнага яшчэ з часоў справы Сялецкага[43]. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды — рэч ідэальная, і пасадзіць іх нікуды нельга. Таму раздумалі.

А паколькі сігналы былі трывожныя — усе чацвёра ўпалі ў паніку і доўгі час знаходзіліся ў разгубленасці, што ж цяпер рабіць?

…Але да скону Растоўцава яшчэ аставаўся час, а рэдакцыйныя камісіі не згаджаліся з ім да канца. Без зямлі вызваляць было нельга, бо "мужык" — гэта не толькі яго ўласнае, нікому не патрэбнае жыццё, не толькі яго "побыт", але яшчэ і плацёж дзяржаўных павіннасцяў. Акрамя таго, улічвалі, што вольнаму бездамоўніку не трэба шукаць сякеры ў сенцах, а касы — на другім канцы сваёй сенажаці, дзе ўчора забыўся на яе. І тое і другое было заўсёды пры ім.

Вырашана было зямлі даць больш, а павіннасці зменшыць, хоць і не настолькі, як аб тым лямантавалі Магілёўская, Цвярская і яшчэ адна-дзве губерні. Нельга было дапусціць, каб беззямельны замнога аддаў былому пану, — скарбніца дзяржавы была спустошана. Замест вотчыннай улады было дэмакратычна прапанавана сялянскае ўпраўленне… пад наглядам паліцэйскіх органаў.

Камісіі працавалі пяць месяцаў і скончылі чарнавы праект, але адразу пасля гэтага пачалася валтузня і віск "пакрыўджаных". У Пецярбург ляцелі заўвагі ад тамбоўскіх, тульскіх, маскоўскіх паноў. Цара заклікалі не даваць веры "лібералішкам". Дэпутаты ад губернскіх камітэтаў паехалі ў сталіцу рабіць змены ў праекце.

— Я туды не паеду, — сказаў дзед. — Загадзя скажу, што будзе. Мяккацелыя пачнуць дабівацца неадкладнага выкупу, няцяжкага для іх, суда і публічнасці, а гасудар, у невымоўнай сваёй літасці і ўвазе да тых, хто любіць прастол, пакажа ім хвігу.

Як у ваду глядзеў. Сапраўды, на ліберальным цвярскім "адрасе пяцёх", "ни с чем не сообразном и дерзком до крайности", было накрэслена гасударам "замечание авторам" за "неправильные и неуместные свои домогательства".

Лібералы Масквы прасілі аб маленечкім прадстаўніцтве і атрымалі ў адказ толькі тры словы:

— Ишь, чего захотели.

Заўвагі камісіі — нават гэтыя заўвагі! — палічылі занадта левымі і выправілі.

Але на практыцы не было дадзена і гэтага. Адразу пасля таго, як Растоўцаў накіраваўся ў сваё, такое неспакойнае для ўсіх, замагільнае падарожжа, на яго месцы сеў міністр юстыцыі граф Панін, таксама спірыт, і падтрымаў крайніх "правых". Нормы зямельных надзелаў былі зменшаны, павіннасці — узраслі.

Алесь лазіў па сходах, мастках і кацельных памяшканнях цукроўні. У гэты час — пачатак красавіка — яна амаль не працавала. Толькі ў адным з цэхаў ішла апрацоўка яшчэ з восені нарыхтаванага паўфабрыкату. Зрабілі запас, каб не было вялікіх прастояў.

Ішла крышталізацыя і прабелка цукру. Алесь ішоў уздоўж рада, аглядаючы бляшаныя і гліняныя прабелачныя формы.

— Колькі людзей працуе падчас таркавання буракоў?

— У дзвюх зменах мужчын-чорнарабочых — дваццаць пяць, жанчын — каля двухсот, — адказаў чырвоны, як памідор, сівавусы цукравар — механік з Гамбурга.

— Ну вось, а цяпер пяцьдзесят, — сказаў Алесь. — Амаль на чвэрць знішчана сезоннасць, пан Ліхтман. А вы пратэставалі супроць паўфабрыкатаў.

— Я і цяпер пратэстую. Цукар горшай якасці.

— А колькі бурака гіне падчас завальнай працы? Нагамі па ім ходзяць, гніе ён, у малясе павышаны працэнт цукру. І потым… няхай горшая якасць. Вы маеце пенсію круглы год, і вам трэба хоць раз падумаць, што адчувае сезоннік. Пяцьдзесят чалавек атрымліваюць свае грошы на пачатку красавіка, як быццам гэта дзесятае кастрычніка, пачатак поўнай загрузкі цукроўні.

Ён амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе чырвоныя, як гномы, качагары махалі шуфлямі. У кацельных свістала пара, дробна дрыжалі льсняныя ад масла цыліндры. Працавала паравая машына высокага ціску на дзесяць конскіх сіл, што прыводзіла ў рух цэнтрыфугі.

…Усё, здаецца, ладзілася. Скончаць адбелку — трэба пачынаць рамонт гэтай цукроўні. Вялікі рамонт: мураваны будынак на тры паверхні, два будынкі драўляныя. Пашырэнне другой цукроўні, устароўка на ёй машын і посуду, купленых у Англіі і Берліне. Пабудова асобнага будынка яшчэ на два паравыя катлы.

Выбіцкі, немец і майстры ледзь паспявалі за ім. Майстроў на гэтай цукроўні было пяць, усе беларусы: майстра — механік, каваль, слесар, меднік і сталяр.

— Тры гідраўлічныя прэсы, — казаў Алесь. — Тры, што патрабавалі рамонту. Механік!

Механік быў падобны на корч: тупы з выгляду, страшны мужык. Так усе і лічылі. Але Загорскі аднойчы бачыў, як ён, правяраючы каласнікі, адзін у кацельнай, стаяў, абапершыся на шуфель, і, заліты чырвоным ззяннем, заплюшчыўшы вочы і пяшчотна пагойдваючыся, спяваў: "Не для мяне яна, вясна, не для мяне Дняпрова повень". Спяваў прыгожым душэўным тэнарам.

— Маленькі, з шасцідзюймовым пістонам, адрамантавалі, — сказаў механік. — Два вялікія, дванаццацідзюймовыя, — вось-вось…

Алесь здзіўляўся, чаму гэта большасць людзей нібы саромеецца гаварыць пра грошы і свае да іх адносіны. Гаспадарка — калі ласка, палітыка, мастацтва, трасца, халера, хоць зараз. А як грошы — стоп!

Вядома, грошы былі "агідным металам", "нікчэмным металам", але пакуль што ўсім даводзілася жыць у свеце, дзе без іх не абыдзешся. І не маглі ў гэтым свеце існаваць ні гаспадарка, ні палітыка, ні мастацтва — не пацершыся аб той метал, без яго. А між тым усе маўчалі аб ім, робячы выгляд, як бы яго і не было.

Героі кніг жылі, нібы ў іх быў неабмежаваны крэдыт. Героі не ведалі, колькі каштуюць боты, цялячая нага або фунт вось гэтага цукру. А гэта ж было цікава, бадай як паэзія, хоць і далёка не высакародна.

Грошы часам знішчалі існае. Але што ні кажы, гэта яны ж рухалі шматлікімі сіламі на зямлі, гэта яны прымушалі многіх выдзірацца з балота адсталасці, напружваць розум і мускулы, змагацца.

Галоўнае, самае першае ў кожным народзе, было тое, як ён урабляе палі, будуе дарогі, наводзіць масты, якія машыны стаяць на яго фабрыках і, урэшце, як ён зарабляе і як выдаткоўвае гэты самы "агідны метал".

Алеся здзіўляла, чаму, напрыклад, любімы Пушкін зусім нідзе не казаў аб тэхніцы, а аб эканоміцы абмовіўся ў двух-трох нязначных урыўках, у той час як маёнтак Ганчаровых зваўся "Палатняны завод", а самому паэту даводзілася часта і пакутліва думаць пра грошы.

Гэта было, вядома, таму, што паэты, калі яны сапраўды паэты, хочуць аддаваць сябе ўсім часам і не старэць ніколі. Вернасць была і астанецца вернасцю, каханне каханнем і смерць смерцю, а вось гэтыя два чыгунныя беспаветраныя апараты (адзін для выпарвання, другі для канчатковага згушчэння сіропу) давядзецца сёння ж выкінуць на сметнік, а замест іх паставіць другія, новыя, якія таксама з часам састарэюць.

І Алесь думаў аб тым, што калі-небудзь, калі нейкі боўдур зацікавіцца ім, Алесем Загорскім, і яго суседзямі, ён проста не здолее прайсці паўз гэтыя апараты, якія Алесь сёння выкіне, паўз паравую машыну — у дваццаць конскіх сіл, магчыма, вартую жалю для яго! — для прыводу ў дзеянне таркі і насосаў, паўз другую, у пятнаццаць конскіх сіл, што выцягвае паветра з апаратаў і пампуе ваду для ўсяго завода.

Галоўнае, вядома, будзе для гэтага чалавека не тое. Галоўнае будуць яны, жывыя, іх каханне, ярасць, свары, пакуты, змаганне са зброяю ў руках, прывычкі, карціны на сценах. Але ён не здолее абысціся без гэтай, смешнай яму, цукроўні, бо гэта аніяк не другараднае, бо на гэтым узрасло ўсё ў ягоным жыцці, бо без гэтых катлоў і тарак не было б і Мантэньі ў загоршчынскай галерэі.

вернуться

43

Сялецкі абвінавачваўся ў гіпнатызме і чараўніцтве.

53
{"b":"829352","o":1}