Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Шэравокія, светлавалосыя, іканапісныя, з вішнёвымі вуснамі і ненатуральна ружовымі шчокамі, яны вельмі нагадвалі аперэтачных пастушкоў.

— …Нараджэнне панславісцкай ідэі наспела, — кідаў палымяныя словы падслепаваты Рунін. — Дальнабачнасць гэтай ідэі і пашырэнне яе сведчаць аб тым, што славянам даўно час заняць першае сярод усіх месца, належнае месца…

"Славяне" ўрэшце занялі "належнае месца", шырока рассеўшыся на вольнай лаве.

Усе вакол сядзелі, як аглушаныя, не ведаючы, што рабіць.

Алесь і Грыма, як па камандзе, адчынілі вечкі кашоў, збіраючыся, відаць, "усмоктваць мудрасць".

— …разальецца, замест усяго гэтага, паток нашай традыцыйнасці, стойкага манархізму і праваслаўнай веры. Аб'яднаныя славяне возьмуць у свае рукі спадчыну дзядоў, Малую Азію, Цараград і пралівы. На святой Сафіі зноў пастануць крыжы, на браме заззяе Алегаў шчыт. Патрыярхі Антыёхіі і… іншых гарадоў павядуць далей справу хрысціянства ў сваіх землях, Палестына ўрэшце атрымае законнага гаспадара. Хіба не дурасць, сапраўды, што труна бога знаходзіцца ў руках язычнікаў?! Манастыры, з мудрымі Нестарамі і Піменамі, замест капішчаў…

— Глядзі, — шапнуў нехта.

"Славяне" дасталі з кашоў "скруткі пергаменту", склееныя, відаць, з папяровых аркушаў, скураныя чарніліцы і птушыныя пер'і, узвялі вочы ўгору і, памармытаўшы, пачалі пакрываць паперу вычварнай вяззю, не забываючы чырвонай фарбы для загалоўных літар. У Алеся было ў руцэ лебядзінае пяро, выкрадзенае ў заалагічным музеі універсіта. Грыма пісаў даўжэзным павіным пяром, здабытым, відаць, у нейкага фурмана.

Хартыі з ціхім шолахам спаўзалі на падлогу.

Людзі, нарэшце, пачалі разумець, што тут адбываецца. Помста такі прыйшла. Нечаканая, парадыйная, злая. Дык вось што яны задумалі! Малайцы! Не вытрымала, значыць, у людзей сэрца. Ёсць сапраўдныя хлопцы, што не дадуць нават малой подласці сысці без пакарання.

Сям-там у радах пачалі пырскаць.

Меўся адбыцца грандыёзны скандал, і толькі адчуванне гэтага стрымлівала пакуль што аўдыторыю ад гамерычнага рогату.

— І што ж? — тэатральна ўзняў рукі прафесар. — На шляху высакароднай ідэі, адчуваючы яе небяспечнасць, сталі ворагамі. Туркі, сардынцы, французы, англічане… Але не толькі яны. Супраць ідэй перш за ўсё паўстала здрада! Здрада, якую патаемна неслі ў сэрцы найбольш утрапёныя элементы грамадства. Усіх іх яднала забыццё прынцыпаў народнай маралі і забыццё народных традыцый, гнілое заходніцтва, якое завялі ў нас Бялінскі, Гэрцэн і К°, пагоня за няпэўнымі і падазронымі навінкамі…

Два кансерватыўныя славяніны дасталі надмерана вялікія маноклі і спрытна паднеслі іх да вачэй.

Нехта ў апошніх радах зарагатаў, і гэта прагучала ў поўнай цішыні, дзе толькі душыліся ад прытоенага смеху людзі, дзіка, як смех фальклорнага героя на хаўтурах. Рагатуну, відаць, заціснулі рот…

— …пагоня за моднымі плынямі чужой філасофіі, пагоня за сацыялістычнымі трызненнямі… Здраднікі выступілі супраць неабарачальнага і заканамернага вышэйшай заканамернасцю гістарычнага працэсу: працэсу ўтварэння аднаго панславянскага народа…

Відаць, кансерватыўныя славяне вырашылі падсілкавацца. З кашоў з'явіліся патрэсканыя і тугія, як гума, калёныя яйкі, скрылёчкі сала, дзве бутэлькі з журавінавым квасам і, нарэшце, гаршчочак з кашай.

"Славяне" лупілі яйкі і запівалі іх квасам, які пакідаў пад носам чырвоныя вусы. Елі сала, выціраючы рукі аб падстрыжаныя "страхою", на купецкі манер, валасы.

Цяпер смяяліся, заціскаючы раты, дзесяткі людзей.

— Украінафільства, якое падаграваюць аўстрыйскія агенты… Гэтая справа з Шаўчэнкам і нейкай Наталкай-Палтаўкай на чале… Абмежаваная колькасць фантазёраў, якія лічаць, што Маларосія, маларосы з'яўляюцца чымсьці асаблівым са сваёй нераспрацаванай гаворкай і сваімі чумакамі і могуць існаваць, не адчуваючы патрэбы ў агульнай славянскай айчыне, імператары і ўсходнім праваслаўі…

Грыма глядзеў на гаршчочак кашы з непамерным здзіўленнем. Выгляд у яго быў такі, што бліжэйшыя рады грымнулі смехам. Грыма неўразумела паглядзеў на іх. Рогат выбухнуў мацней.

Палічыўшы гэта рэакцыяй на свой неадольны гумар, прафесар перайшоў на пафас.

— Як у немцаў Германія вышэй за ўсё, так у нас наш гасудар вышэй за ўсё. І мы маем поўнае права крыкнуць: рукі прэч, і няхай будзе наш народ з яго гасударам вырашальнікам лёсу народаў!

Усяслаў урэшце здагадаўся, як быць з кашай. Выняў з вачніцы манокль і пачаў чэрпаць ім кашу.

І тут рады не стрымаліся: пакаціўся па лавах вышэй і ніжэй, захапляючы ўсё новыя сектары, неадольны, магутны, гамерычны рогат.

Калі Рунін зразумеў, што смяюцца зусім не з ягоных жартаў, было позна: смех апанаваў усіх да апошняга. Ён паспешна кінуў на пераноссе пенснэ і ўбачыў усё.

Ад рогату, ад магутных, як прыбой, перакатаў ходырна трэсліся рады.

Рунін пачаў падымацца па прыступках. І тады Алесь стаў, каб закрыць Грыму спіной. Адсунуў яго плечуком.

Чацвёрка памагатых разам з суседзямі схапіла Грыму стаў і пацягнула далей ад прахода. Ён супраціўляўся і крычаў, але рогат заглушыў яго крыкі… Хлопцы зацягнулі Усяслава далёка за спіны.

— Вы? — спытаў Рунін. — Вы, князь?

Некаторыя ўжо не маглі смяяцца і толькі пазяхалі, як рыба на пяску.

— Я з самага пачатку бачыў гэта, — сказай бледны Рунін. — Чаму вы зрабілі…

— Патрыёт стайні! — крыкнуў з-за спін Грым і здушана замыкаў.

— Хто яшчэ там? — спытаў Рунін.

— Хіба вам мала мяне аднаго? — спытаў Алесь.

— Я хачу ведаць, хто яшчэ?

— Як бачыце, усе.

Рогат рабіўся нясцерпны.

— Прычыны?

— Нежаданне бачыць вас тут. Нежаданне, каб нас вучыў розуму, — а праўдзівей — розуму— маразму, — такі, як вы… даносчык… цемрашал… згубіцель юных і чыстых…

— Без асабістых абраз!

І тады Алесь узняў руку.

— Жарты прэч… Нам абрыдзеў ваш панславіцкі смярдзёж… Абрыдла гэта маска драпежнасці… Нам абрыдлі вы. Вы пэцкаеце самае імя нашай радзімы, наша імя, наш незаплямлены гонар.

— Вы не патрыёты!

— Мы патрыёты больш на вас. Але мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі — браты. І ўсе яны падобныя адзін на аднаго і на нас. На свеце няма горшых народаў… А калі ёсць, то іх робяць такія, як вы.

— Відаць, я яшчэ не скончыў ачысткі універсітэта.

— І не скончыце, — спакойна сказаў Алесь. — Я пайду адсюль, але пойдзеце і вы разам з вашымі ванітамі. Іначай вам на кожнай лекцыі будуць чыніць абструкцыю.

— Пасмешышча! — крычалі з радоў. — Квасны Платон!

Зноў успыхнуў рогат. Хлопцы з мясцовага зямляцтва зацягнулі па-руску забаронены пасля паўстання "Марш Кошута". Амаль без слоў, якія ведалі нямногія, але грозна ляцела мелодыя. У адказ ёй плесканулася недзе пад столлю марсельеза.

Амфітэатр віраваў. Кожны цяпер не разумеў, як маглі яны цярпець гэтую брыду і гніль хоць яшчэ адну хвіліну, як маглі забыць аб выключаных, як маглі мірыцца з прынізлівымі разважаннямі гэтай макрыцы.

Аўдыторыя выбухнула крыкамі.

— Ганьба! Мазгі лыкавыя! Вон! Вон!

Свіст, здаецца, ірваў муры і прымушаў дрыжаць шыбы.

Яны стаялі на пероне і, як заўсёды ў апошнія хвіліны, не ведалі, аб чым гаварыць.

— І ўсё ж гэта блазнаванне, — сказаў Кастусь. — Мужыкі з голаду ядуць траву, а ты дзеля няпэўнай асалоды звесці рахункі з гэтай старой малпай вылецеў.

— Хай яны мне з двума дыпломамі солі на хвост насыплюць, — сказаў Алесь. — Што ж, па-твойму, дазволіць яму атручваць мазгі і даносіць далей? А так яго прыбралі. Ды і з хлопцаў цяпер ніхто такому трызненню не паверыць.

— Добра, што Грыму не выдалі. Вось гэта была легкаважнасць, памятаючы нашу размову.

— Папусціцца Руніну было нельга. Стрывалі б гэта — сцярпелі б і большае.

Кастусь па чарзе пакусваў губы. Спачатку верхнюю — ніжнімі зубамі, потым ніжнюю — верхнімі. І раптам зарагатаў.

— Дурні вы… Дурні вы, але малайцы… Кашу — маноклем.

43
{"b":"829352","o":1}