Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы.
Гэта быў чалавек няпэўны, і тымі самымі якасцямі вызначалася і яго запіска. Уласна кажучы, сам ён пра вызваленне не думаў ніяк. Як большасці такіх, яму хацелася лішні раз звярнуць на сябе ўвагу гасудара, і ён узяўся за справу, на выкананне якой у яго ўжо не было ні мазгоў, ні сілы. Нават памяркоўна да яго настроеныя людзі казалі, што ён хацеў "исполнения государевой мысли", але "был не в силах ее осуществить". Заўсёдная трагедыя халуёў без волі, без уласнай думкі, без гордасці.
Праз недахоп мазгоў ён занадта абапіраўся на падначаленых і адкрыў другарадным дзеячам шляхі да ўплыву на рух і напрамак справы. У тых, аднак, былі мазгі, непераборлівасць у сродках і цвёрдае разуменне сваёй — саслоўнай і асабістай — выгады. Зямля была дарагая. Рабочыя рукі без зямлі — танныя. А грашовая прывязка трымала нават мацней, чым ланцужная, і яны, самі будучы ўтрыманцамі кожнага, хто меў сілу і грошы, добра гэта разумелі.
Ланской прапанаваў — яны адрэдагавалі.
Галоўным у запісцы было дараванне мужыку асабістай волі, пры ўмове, калі ён выкупіць сядзібу (у растэрміноўку на дзесяць — пятнаццаць год). Пры гэтым улічвалася і ўзнагарода памешчыку за страту ўлады над асобай.
Улада над асобай! Ніхто не думаў, ці варта чагосьці асоба, якая дазваляе, каб нехта над ёю ўладарыў, і ці вялікая гэта страта — страта ўлады над такою асобай.
Цікавіла не асоба, а рукі.
Менавіта праз тыя легенды, якія распаўсюджвалі пра яго і правыя і левыя, пра Ланскога трэба пагаварыць больш-менш падрабязна. Адны называлі яго добрым геніем вялікай рэформы і чалавекам, які хацеў прымірыць паноў і мужыкоў, бессаромна нахабную сатрапію Раманавых і інтарэсы заходаіх ускраін. Другія лаялі яго на ўсе чатыры вятры і інтрыгавалі супраць яго.
А ён не быў варты ні таго, ні другога. Гэта быў проста кар'ерыст, што на старасці год выжыў з розуму. I інтрыгаваць супраць яго таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Толькі верны да нізкапаклонства слуга.
Ён ніколі не быў анёлам міру. Згодніцтва было ўласціва яму нават менш, чым яго спадчынніку на пасадзе Валуеву. I не ад розуму, як у таго, а ад мазгавой невыстарчальнасці і вернападданасці.
Гэты чалавек заўсёды быў прыхільнікам ужывання самых крайніх захадаў да Польшчы, ужо столькі год распятай на крыжы пакуты, абылганай, залітай крывёю сыноў.
Становішча Польшчы, Літвы, Беларусі было такое нясцярпнае, што нават у вышэйшых колах падумвалі пра нейкія льготы, нават у гуртку вялікай княгіні Елены Паўлаўны разважалі пра нейкія болыш лагодныя меры, пра неабходнасць змяніць хоць сістэму кіравання.
Ланской "усепаддана" асмельваўся пярэчыць ёй, патрабуючы жорсткасці і жорсткасці. Адзін з нямногіх. Ашалелы манархіст, ён змагаўся за абсалют улады больш утрапёна, чым самі ўладары.
Гэта быў чалавек, які мог разгубіцца ад самых нечаканых прычын. На вядомым пасяджэнні савета міністраў 1З сакавіка 1861 года, на якім ставілася пытанне аб варшаўскіх маніфестацыях і праекце Веляпольскага наконт частковай аўтаноміі Польшчы, ён маўчаў і асмеліўся выступіць толькі пасля барона Меендорфа, які казаў аб небяспечнасці існавання польскага вярхоўнага савета і наогул нацыянальнага прадстаўніцтва.
Толькі тады ён адчапіўся ад астатніх некалькімі monosyllabes d'adhesions — аднаскладовымі выклічнікамі, што выяўлялі згоду, афарбаваную лёгкім ценем сумнення.
I такому далі сфармуляваць асновы будучага вызвалення!
Няма чаго здзіўляцца, што з гэтага не атрымалася нічога людскага. Ён проста не мог разважаць па-новаму. Усё, што ён мог выседзець, — гэта некалькі няпэўных ісцін, падобных на трызненне мозгу, размякчанага старэчай фліксенай. Яго самога трэба было калыхаць на старасці год у калысцы, а ён замест таго закалыхваў у ёй Расійскую імперыю, каб не прасіла малака і кашы.
"Запіска" была горш, чым проста рабунак. Гэта быў нават не разбой.
Гэта быў старэчы маразм.
I, аднак, гэты чалавек служыў свайму "прынцыпу", які ён дрэнна зразумеў і яшчэ горш прыстасаваў, аддана і да канца. Трэба аддаць яму належнае: там, дзе ён бачыў частковае і часовае супадзенне інтарэсаў мужыка і дзяржавы, — ён служыў гэтаму выпадковаму яднанню, нават калі інтарэсы дваранства цярпелі страту.
Урад! Урад! Урад! Яго сіла. Усё, што супраць гэтага, — ад д'ябла.
За гэта яму аддзячылі. Сам не жадаючы таго, ён сваёй запіскай наклікаў нездавальненне крайніх абскурантыстаў і кансерватараў. Інтрыгі асабліва расцвілі пасля 19 лютага. Цар, як заўсёды, трымаўся за "исполнителя его мысли" да таго часу, пакуль асоба выканаўцы была неабходна для давядзення сялянскай справы да куртатага канца, а потым выдаў яго галавою. Цар сам сказаў яму, qu'il desirait que Lanskoi se retirat, што ён хоча, каб Ланской пайшоў у адстаўку. I гэта ў той час, калі міністр не прасіў звальнення.
Так скончылася праца на палітычнай ніве чалавека, што выпусціў "першую ластаўку вызвалення".
З0 студзеня 1862 года "добрага генія вялікай рэформы" хавалі. Але гэтая сумная і звычайная падзея адбылася значна пазней. А пакуль што ўсе ламалі мазгі над сакрэтнай запіскай Ланскога. Вырашыўшы, відаць, што ўсё адно дарогі назад няма, першы бабухнуў у звон віленскі губернатар, генерал-ад'ютант Назімаў. Чалавек бязвольны, які болыш за ўсё на свеце прагнуў спакою (і чыноў), ён першы прыпячатаў сваё прозвішча пад гісторыяй вызвалення, падаўшы цару адрас аб неабходнасці адмены прыгону. Гэтаму здзіўляліся ўсе, хто яго ведаў. Ніхто не чакаў ад яго такога спрыту. Зваліўся ў "вялікую рэформу", як п'яны ў стаў, выскачыў раптоўна як Піліп з канапель.
У канцы лістапада імператар адказаў Назімаву рэскрыптам, і гэта было пачаткам публічнага прыступу да рэформы.
Пасля гэтага астатнія губернатары таксама наўзахапы пачалі "праяўляць ініцыятыву". Рэскрыпт прапаноўваў стварыць усюды губернскія камітэты пад старшынствам дваранскага маршалка губерні і членаў па адным ад кожнага павета. Да іх, у якасці даважкі, меліся далучыцца два "абазнаныя" дзедзіцы, якіх прызначаў губернатар[20]. Іхняй задачай было выпрацаваць праект вызвалення на наступных асновах.
Пану аставалася зямля, а мужыку — сядзіба, якую ён павінен быў выкупіць, і мінімум зямлі, неабходны для таго, каб жыць. За гэты кавалак ён па-ранейшаму плаціў аброк або адбываў паншчыну.
Мужыкі размяркоўваліся па сельскіх абшчынах, і вотчынная паліцыя, непасрэдна падпарадкаваная пану, сачыла за парадкам у кожнай вёсцы.
Члены камітэтаў забяспечвалі на час упарадкоўвання будучых адносін аплату дзяржаўных і земскіх падаткаў, а таксама грашовых збораў.
Тры кіты рэскрыпту: нахабны рабунак, тыранія, выкачванне грошай — як найлепш адпавядалі той вялікай ідэі, што ўсталявалася на іх. Ідэі вызвалення сялян.
Рэскрыпт, уласна кажучы, не даваў права ні на якую самадзейнасць, акрамя большых ці меншых памераў рабунку. I праз гэтыя памеры амаль адразу пачалася грызня камітэтаў між сабой.
Ліберальнічалі, галоўным чынам, нечарназёмныя губерні. Зямля каштавала мала, а рукі былі дарагія. Беззямелле, а значыць — звязанае з ім адыходніцтва, магло абязлюдзіць землі, згаліць і вёску і маёнтак, укрыць палі буянай повенню пустазелля.
Найбольшай сярод усіх левізной вызначаліся Цвярская губерня і Прыдняпроўе.
Праект цвярскога прадвадзіцеля Ункоўскага, а галоўным чынам настрой цвярскіх дваран, прывёў пазней да таго, што рэформу 19 лютага яны абвясцілі "варожнай для грамадства". Абодва члены губернскага камітэта, прызначаныя ўрадам, Мікалай Бакунін і Аляксей Талстой, падалі ў адстаўку. Трынаццаць асоб, у тым ліку два павятовыя прадвадзіцелі, Аляксей Бакунін і Сяргей Балкашын, ды іх сябра, вышэйпамянёны Мікалай Бакунін, некалькі пасрэднікаў і кандыдатаў сабраліся разам і вырашылі дзейнічаць. Яны падалі губернскай установе і разаслалі па паветах аб'явы, што "Палажэнне" 19 лютага ёсць для грамадства падман і што яны надалей будуць кіравацца ў сваіх дзеяннях толькі перакананнямі грамадства аж да склікання агульнай земскай зборні, аб якой прасіла цара дваранства.