А ў гэты час далёка і блізка-блізка жалейка пастухова запела. Пяе жалейка, і вось расчыняюцца на дрэвах пупышкі, ручаі хутчэй бягуць, “сон” махнаты і пралескі заквятаюць.
І бачыць лясная царэўна пастуха. У яго вочы блакітныя, валасы на спіну спадаюць, цераз плячо гулкая пуга звесілася, кашуля белая на плячах, а на нагах стракатыя поршні.
Вось падыходзіць ён да яе, у вачах яго, як ласка, неба блакітнае. Спявай, жалеечка! Абняў ён яе і панёс з лесу на паляны светлыя, на зялёныя палі. У вусны яе цалуе, косы расчэсвае, сплятае на іх вянок. Каралева мая майская! - кажа. А там паўсюль святло і сонца, не тое што тут, дзе ўся зямля на аршын заімшэла і ваўкі бегаюць, даўлячы мухаморы махнатымі лапамі. Да сонца! Да людзей!
Спявае, спявае жалеечка, нясецца з ветрам у твар лясной царэўне спеў кахання, і, як зоры, чырвоныя кветкі на галінах расчыняюцца.
Але ўсё далей і далей гукі: мусіць, абыходзіць статак. Вось і апошні водгук жалейкі з ветрам здалёку данёсся.
Працягнула царэўна насустрач ветру ломкія рукі...
- Мілы мой! Каханне маё!