- Не возьмуць.
- Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.
- А зброю што, з калена выламім?
- Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць... Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем - гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі... I гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.
Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.
- Я з вамі, хлопцы, - сказаў я.
- Дабрача, - сказаў Раланд. - Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.
- У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, - паважна сказаў Жэнька.
Як заўсёды, нельга было зразумець, усур'ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.
- Прахвесар, - сказаў Ролік. - Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа... Рашаючы фактар. Нібыта без ягоных слоў гэта невядома.
- Ён нічога, твой дзядзька, - сказаў Багдан.
- Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне - ну, дзячок без царквы: "Маладое пакаленне... Ду-ду-ду, ду-ду-ду". Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца... па малой патрэбе.
IV
Мы прабіраліся "ў разведку". Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.
Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між кастрамі нейкіх дроў.
- То нашто ўсё ж іх біць? - спытаў я. - Можа, лепей бы з сабою ўзяць?
Хлопцы пераглянуліся. Багдан нават гыгыкнуў.
- Фашысты, - неахвотна сказаў Ролік.
- Ды вы што, хлопцы, падурнелі?
- А вось хадзем, паглядзіш.
Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.
...Вось пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.
А вось барак дарожных рабочых-яўрэяў. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. I, зрываючы злосць, урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б'е, б'е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць...
А вось шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары "П", У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй пажарная лесвіца. 3 чацвёртага боку двара - узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур'яном.
Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно неіснуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). I на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А ў некалькіх кроках ад яе - чацвёра невысокіх чалавекаў са стрэльбамі ў руках.
- Імем закона, - далятаюць да мяне словы, -прысуджаецца... за злачынныя...
У мяне пачынаюць гарэць шчокі. У вочы нібы пяску нехта насыпаў. Я столькі разоў бачыў такое, стоячы ў натоўпе, які сагналі на месца страты, або, калі спазніўся, седзячы ў кустах, без сілы, а галоўнае без права дапамагчы.
Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.
- Хопіць табе жэрці, швайн, - крычыць бялявы - галава канвою.
- Я хлеб з маргарынам, - адказвае з-пад мура галасок.
- А, ферфлюхунг! Ферфлюхтэ ўкраінішэ швайнэ! Да мура!
Дзяўчо пакорліва паварочваецца абліччам да мура.
Канвой бярэ карабіны на руку і падраўноўвае штыхі. Усё як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.
- Аддзяленне-е!..
Кулакі мае сціскаюцца... Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта...
...I тут на маё плячо кладзецца рука.
- Бачыў? - пытае Ролік. - Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў... М-мамчы-ны сынкі.
"Начальнік канвою" не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур'ян з крыкам "ур-ра-а!" пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец. з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.
- Гнат, - з нянавісцю сказаў Жэнька, - дрэнь паскудная!
Гніляк!
- Каб жа яшчэ толькі дрэнь, - сказаў Ролік. - Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.
На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя, і іншыя някепска, але неяк занадта ўжо... ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б'юцца.
Не біўся толькі адзін дужа высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху, можа, занадта суровымі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары - так і адышоў, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.
Урэшце супраціўленне "карнікаў" было зломлена, і яны кінуліся ўцякаць. Два "інсургенты" кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.
Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчалі, твар быў узнёсла-радасны, трохі шалёны:
- Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу. Мы адбілі цябе, каб судзіць нашым судом, нашым трыбуналам. Смерць здраднікам.
Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівадца.
- Смерць!
I ён рэзка штурхнуў дзяўчынку прыкладам "карабіна" між худзенькіх лапатак. Тая ўсё яшчэ трымала ў руцэ хлеб, і ад штуршка хлеб гэты выпаў. Упаў на зямлю. Па закону паскудстваў прыроды, ясна ж, маргарынам уніз.
I тут дзяўчо заплакала. Бязгучна. Толькі трэсліся худзенькія лапаткі. А я глядзеў на гэта і не разумеў, што я ўжо стаю на поўны рост.
- Не чапай, - шапянуў Жэнька.- Пасля. Іх замнога.
- Нічога не замнога,- кінуў Ролік.- Ты што ж, кожны раз вось так будзеш?
Мы скочылі з даху дрывотні. Затрашчаў пад нашымі нагамі бур'ян. Мы бачылі, што ў іх "карабіны", якія хаця і не страляюць, але б'юць някепска... па галаве, але мы не зважалі на гэта.
Вярталася пагоня - нам і на гэта было напляваць. Уся нянавісць, якую мы гадамі запасілі і таілі ў сэрцы - уся яна нібы адразу выплюхнулася ў прыпадку шалёнага гневу супраць гэтых... што гуляюць у гульні, якіх не павінен дазваляць сабе нават дзесяцігадовы мужчына, калі ён прадчувае ў сабе чалавека. Ужо не кажучы пра пятнаццацігадовых.
Мы былі здатныя на ўсё, і яны, відаць, зразумелі гэта. Калі вораг здатны на ўсё - аж да зубоў, - мужнасць можа падупасці нават у самага загартаванага. Што ўжо казаць пра гэтых?!
Толькі непакой і няўпэўненасць у іхніх вачах крыху ўраўнавалі нашы сілы: чатырох супраць сямёх (бялявы хлопец па-ранейшаму стаяў убаку).
Мы ўдзерліся ў іхні "строй" зусім бяспамятныя, ашалелыя ад ярасці. Амаль адразу я атрымаў касы ўдар карабінам па галаве. Усё паплыло ў маіх вачах, але я паспеў выдраць гэтую "зброю" з рук праціўніка і аперазаць яго па спіне. Пасля -другога, пасля - зноў першага, які на гэты раз зваліўся. Праз чырвоны туман, што засцілаў вочы, я ўбачыў, як Ролік б'ецца з трыма, кінуўся яму на дапамогу, зваліў цераз калена аднаго з ворагаў, навесіў другому. Не ведаю, як іншыя, але я не адчуваў удараў, якія падалі на мяне. Я ператварыўся ў машыыу, якая малоціць.