Паўлаўца Алесь сустрэў у час абедзеннага перапынку ў сталоўцы. Селі за адзін столік, разгаварыліся. Макар Сяргеевіч слухаў уважліва, нават лыжку адклаў у бок.
— I вось я спыніўся, як кажуць, на раздарожжы,— закончыў Алесь і папрасіў: — Памажыце разабрацца, можа што не так разумею.
— Але ж давайце есці,— спахапіўся Макар Сяргеевіч, так нічога і не адказаўшы. Потым, калі ўжо разыходзіліся, паабяцаў: — Пагавару з Булаём, нешта, відаць, трэба мяняць у нашай рабоце.
Ужо на наступнай аператыўцы Алесь слухаў Булая і дзівіўся. Начальнік цэха гаварыў надзвычай разважліва, лагодна, цярпліва выслухоўваў кароткія справаздачы, нікога не перабіваючы рэплікамі. Гэта было не падобна на яго. Чакалася бура. Яна надышла непрыкметна. Булай пачаў здалёк. Ён расказаў аб тых задачах, якія паставілі перад цэхам дырэкцыя і партком, прывёў прыклады працоўнага ўздыму рабочых, успомніў аб новых пачынах, што нарадзіліся ў цэху. Потым раптам заявіў:
— Поспехі маглі быць большыя. Але ёсць сярод нас людзі, якім асабістыя ўдачы даражэй за ўсё. Яны ходзяць, вышукваюць недахопы. Паглядзіш на такога збоку — змагар за праўду! А капянеш глыбей — нутро ў яго гнілое. Бачыце, паабяцалі яму пасаду і не далі адразу, памаглі тое-сёе прыдумаць, а на шчыт славы не ўзнялі. I ён затаіў у душы крыўду, крытыканствуе. Іменна крытыканствуе, бо крытыка — справа прынцыповая.
Прозвішча Булай не назваў. Людзі недаўменна зашапталіся.
— Думаю, што калі ён смелы чалавек, калі бярэцца павучаць нас,— казаў начальнік цэха,— то скажа аб усім шчыра, а не будзе плявузгаць па завуголлі ды абзваньваць тэлефоны.
Алесь дзівіўся разам з усімі. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што Булай меў на ўвазе яго.
— Ну што ж, таварышы, цяпер вы самі бачыце, што ён палахлівец.— Голас Булая ўзмацнеў.— Дык скажам яму прама: калектыў — магутная сіла, і мы здолеем зламаць і крыкуноў, і малавераў. Усё.
Пасмяяўшыся трохі з Булаёвай падазронасці, Алесь з Пракопам вярнуліся на свой участак. Сямён стаяў ля выключанага станка.
— Што здарылася? — кінуліся да яго майстар і брыгадзір.
— Пачынае барахліць, калі не паправіць, можна вывесці са строю.
Цэх уступіў у гарачую пару. Выключы станок на гадзіну-дрўгую, і паставіш пад пагрозу зменнае заданне ўсяго ўчастка. Будуць тады так прабіраць, што не ўзрадуешся. Алесь задумаўся. Вельмі не хацелася трапіць начальніку цэха пад гарачую руку. Можа загадаць Дзікуну працаваць? Ніхто не папракне за гэта. Праўда, гавораць многа пра тое, што нельга дапускаць, каб абсталяванне працавала на знос. Алесь быў ужо наважыўся сказаць Сямёну: ідзі працуй, але ўспомніў, што станок можа зусім сапсавацца на наступнай змене. А тады прастой будзе ўжо не дзве гадзіны, а куды болей. I Алесь рашыўся:
— Будзем рамантаваць!
Пракоп з адабрэннем паглядзеў на майстра і сам пабег па слесараў.
XIII
Зазвінеў тэлефон. Булай любіў позна заседжвацца ў сваім кабінеце, хоць пільнай патрэбы ў гэтым не было. Але ён не даваў волі сваім падначаленым, усё стараўся вырашыць сам. Пачаўшы працаваць начальнікам цэха тады, калі не было ні добрых спецыялістаў, ні патрэбных умоў для працы і калі яго прысутнасць усюды сапраўды была не лішняй, Булай ніяк не мог звыкнуцца з новымі ўмовамі. Ён сумаваў па тым часе, калі мог камандаваць на поўную сілу, калі ніхто не адважваўся пярэчыць яму.
Тэлефон напомніў аб сабе зноў. Гаварыла Ганакова. Голас у яе быў усхваляваны, але Булай хутчэй зацікавіўся, чым устрывожыўся. Нічога незвычайнага ён не чакаў.
— Участак Баравіка не дацягнуў пяць працэнтаў,— паведаміла яна.
Ніна нядаўна прыняла бюро тэхнічнага кантролю, яшчэ не зусім звыклася са сваёй новай пасадай і таму з раніцы да вечара не пакідала работы. Яе служба першая заўважыла, што заданне на ўчастку Алеся не выканана, і яна, не дазнаўшыся прычыны, пачала біць трывогу.
— Дзякую,— адказаў Булай,— зараз высветлю.
Ён выклікаў зменнага інжынера. Той сказаў, што рамантавалі балансіровачны станок.
— Спраўны? — спытаў Булай.
— Працуе ўжо,— адказаў інжынер,— малайчына Баравік. Станок ледзь дацягнуў бы да канца змены, тады нам давялося б сесці ў лужыну. Зусім завалілі б заданне...
— Ацэнкі — гэта мая справа,— не зусім ветліва абарваў яго Булай.— Разбяромся...— і пазваніў сакратарцы.
— Дзе Баравік?
Жанчына здзівілася:
— Напэўна даўно дома, работа ж калі скончылася...
— Паклікаць!
Алесь з’явіўся прыкладна праз паўгадзіны.
— Што здарылася, Васіль Міхайлавіч?
Булай не адказаў, а спытаў у сваю чаргу:
— Вы што збіраліся рабіць?
Зварот на «вы», нязвыклы афіцыйны тон... Было ад чаго разгубіцца.
— Думаў спаць класціся,— не адразу адказаў Алесь.
— I як сон? Нармальны?
— Не скарджуся.
— О-о, тады можаце ісці. Дабранач!
Алесь пастаяў-пастаяў, паглядзеў на Булая, які ўтаропіўся ў свае паперкі, адказаў: «Дабранач» і выйшаў з кабінета. Толькі ад сакратаркі даведаўся, што было прычынай гэтага незвычайнага выкліку. Хацеў быў вярнуцца да начальніка цэха, але сакратарка супакоіла:
— Вы не хвалюйцеся. Зменны інжынер усё растлумачыў.
А раніцай на дошцы аб’яў вісела свёжая «маланка» з малюнкам: на станку, зручна ўлёгшыся, падклаўшы пад галаву абавязацельства, спаў майстар участка Баравік.
Аператыўка пачалася інакш, чым заўсёды. Не даючы слова начальнікам участкаў, майстрам, інжынерам, загаварыў сам Булай.
— Таварышы, учора адбылася незвычайная падзея. Участак майстра Баравіка не выкайаў задання.
Аб гэтай падзеі чулі многія, ведалі і прычыну, таму людзі зашумелі.
— Фармальна Баравік зрабіў правільна,— падняў руку Булай.— Добра, добра, я за гэта не абвінавачваю яго,— узвысіў ён голас, бо ў кабінеце незадаволена зашапталіся.— Мяне ўразіла,— не, абурыла! — іншае. Пазваніла мне Ганакова, дзякуй ёй за пільнасць, і сказала, што ўчастак Баравіка не выканаў задання. Ну, думаю, чалавек перажывае, непакоіцца, трэба яго падтрымаць, абнадзеіць. Шукаю — няма ў цэху. Нарэшце, знайшоў. А ён, аказваецца, спаць збіраецца. Спакойна спаць...— голас Булая вібрыраваў на самых высокіх нотах.— Я пытаюся ў вас, як можа кіраўнік так абыякава ставіцца да сваіх абавязкаў? Гэта можна растлумачыць толькі так: Баравік яшчэ не дарос да пасады майстра.
Булай аддыхаўся, ацэньваючы, якое ўражанне зрабіла гэтае паведамленне. Нешта, відаць, яму не спадабалася, і ён паспяшаўся сказаць больш спакойна, разважліва, з лёгкай усмешкай:
— Прашу правільна зразумець. Мы не можам адстаць у першамайскім спаборніцтве. Таму хай кожны хварэе за план. Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Зробім — тады будзем спаць. А цяпер прашу выказацца па сутнасці бягучых спраў.
Нарада закончылася хутка, апраўдаўшы на гэты раз сваю назву — «аператыўка». Булай застаўся адзін. Паспрабаваў быў заняцца новым графікам, на які хацеў перавесці цэх у наступным месяцы, і не мог. Усё часцей прыходзіла адчуванне, што няма кантакту з калектывам, што не ён трымае калектыў, як гэта было калісьці, у сваіх руках, а калектыў навязвае яму сваю волю. А тут яшчэ непрыемная чутка, што дырэкцыя мае намер падзяліць цэх на два паралельныя. Хіба гэта прыемна? Адно — кіраваць самым буйным цэхам на прадпрыемстве, другое — удвая меншым, прыраўняўшыся да іншых начальнікаў цэхаў. А раптам адпасынкаваны цэх стане перадавым?..
Гэтага Булай не мог дапусціць. Трэба было нешта прыдумаць, каб быць першым на заводзе. Раней ён над такімі пытаннямі доўга не думаў. Ледзь толькі над ім навісала небяспека, як ён падаваў ідэю. Яму давалі магчымасць яе ажыццявіць, забываліся на мінулае. Бо, як вядома, пераможцаў калі і судзяць, то не вельмі строга. Але зараз, як на тое, нічога такога ў галаву не прыходзіла. А тут яшчэ Баравік са сваімі пошукамі ісціны. Яго наіўнасць можа ўзбаламуціць людзей, пачнуцца размовы, і тады...
Памочнікаў сабе Булай падбіраў прыдзірліва. Яго абкружалі людзі здольныя. Аднак большасць з іх называлі сябе «штрафнікамі». Адзін меў ужо вымову, зарабіўшы яе дзе-небудзь у іншым месцы. Другі не паехаў па накіраванню інстытута. Трэці любіў заглядаць у чарку. I кожнаму з іх Булай пэўным чынам памог. Яны былі за гэта адданыя Булаю, падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну, даравалі Булаю ўсе яго недахопы. Такім ён спадзяваўся бачыць і Алеся, для якога сапраўды зрабіў нямала добрага.