— Заходзьце, хлопчыкі, заходзьце.— I зазірнуўшы ў пакой, папярэдзіла: — Ніна, сустракай гасцей.
Алесь адчуваў сябе няўпэўнена, а калі з пакоя выйшла Ніна Ганакова, зусім збянтэжыўся: не чакаў, што Кібрык завядзе да знаёмых. А той стаяў і ўсміхаўся.
Выручыла Нініна маці, Ганна Сцяпанаўна. Яна памагла распрануцца, завяла ў залу, пасадзіла да стала, паабяцаўшы зараз прынесці чаю. I за гэты кароткі час паспела распытаць у Алеся ледзь не пра ўсё ягонае жыццё. Рабіла яна гэта між іншым, і Алесь адказваў ахвотна, забыўшыся, што прыйшоў сюды ўпершыню.
Пілі чай. Алесь хваліў гаспадыню за ўменне кулінарыць ды ўпотай сачыў за Нінай і Кібрыкам. Гэта была дзіўная пара. Кібрык відны хлопец — шыракаплечы, высокі, прыгожы з твару. Ён сам, здавалася, ні на хвіліну не забываў аб сваёй прыгажосці, бясконца прыгладжваў і без таго прылізаныя каштанавыя валасы. Побач з ім Ніна выдавала вельмі ўжо несамавітай: на ёй сціплая паркалёвая сукенка, ды і з твару дзяўчына выглядала горш, як на рабоце, хоць там хадзіла ў сінім спяцовачным халаце. Адно, што ўразіла Алеся,— вочы, вялікія, карыя, з смяшлівымі агеньчыкамі.
— Ешце, малады чалавек, ешце,— Алесь не заўважыў, як гаспадыня паклала перад ім яшчэ адзін кавалак пірожнага.
Ніна з Петрусём зарагаталі, а Ганна Сцяпанаўна абурылася. Яна, мабыць, вельмі любіла частаваць вось такіх, як Алесь, халасцякоў, што ніколі не паспытаюць дамашняга печыва.
Алесю падабалася сядзець ва ўтульным пакоі, і ўжо з прыкрасцю думалася, што стрэлкі гадзінніка бягуць занадта хутка, неўзабаве прыйдзецца пайсці адсюль. Яму хацелася пасядзець яшчэ колькі хвілін, але Кібрык устаў і сказаў, што пара ісці.
Ніна і маці спрабавалі іх затрымаць, а калі хлопцы настоялі на сваім, Ганна Сцяпанаўна ўзяла з Алеся слова, што ён яшчэ зойдзе да іх.
Алесь крыху здзівіўся, што Ганна Сцяпанаўна запрашала ў госці толькі яго. Кібрыка яна як быццам і не бачыла. Тады чаго яна так ветліва сустракала яго? I наогул, чаму сюды ходзіць Кібрык? Чаму ён раптам заспяшаўся дамоў? Але пытацца ў яго не хацелася. Затое сам Кібрык выказаўся даволі шчыра.
— Віншую, здаецца, яна за жаніха цябе прыняла,— сказаў Кібрык. — Са мной гэтыя штучкі не прайшлі. Мне гэтая Нямогліца не вельмі патрэбна.
— Навошта ж ты ходзіш? — абурыўся Алесь.
— А што, нам лепш было мерзнуць?
Алесь прамаўчаў. Ад нядаўняга лагоднага настрою ўжо нічога не засталося.
III
Зіна прайшла міма і не прывіталася. Гэта здзівіла Алеся. Яшчэ ўчора яны зноў каталіся на лыжах, і Зіна, як толькі Алесь адставаў, заўсёды аказвалася побач. I вось маеш!.. Прайшла і не прывіталася. Алесь слухаў Ніну і ўвесь час думаў, чаму пакрыўдзілася Зіна. Здаецца, цічога дрэннага ён ёй не зрабіў. Падышлі хлопцы. Сямён Дубасаў зноў пачаў гаворку пра тое, каб не адкладваць яго прапанову да першага, а ажыццяўляць неадкладна.
— Сумясціўшы тры аперацыі ў адну, мы толькі паскорым працэс,— даводзіў ён.
Алесь быў на баку Булая.
Хлопцы прамаўчалі, а Сямён не вытрымаў:
— Пад чужую дудку скачаш, з Булаём хочаш мірна жыць.
— Ох, і калючка ты!..— папракнуў Алесь.
— I няхай...— выгукнуў Сямён,— пайшлі, хлопцы, гэта мы ўжо чулі.
Алесь пайшоў да начальніка цэха.
Кабінет начальніка цэха знаходзіўся ў самым канцы пралёта, за добрых дзесяць хвілін хады ад Алесевага ўчастка. Пакуль дойдзеш, ёсць час абдумаць і сваю віну, калі маеш такую, і тое, што збіраешся сказаць начальніку. Але сёння Алесь не ведаў, чаго яго кліча Булай. Здаецца, і лаяць няма за што, і хваліць таксама.
У кабінеце заўсёды было непрывычна ціха. Толькі ледзь прыкметнае дрыжанне сцен напамінала, што недзе блізка працуюць станкі, агрэгаты, шугае магутнае заводскае жыццё. Аднак сёння Алесь адчуў, што нешта адбылося ў гэтым ціхім кабінеце. У вочы кінуўся беспарадак, які панаваў на вялікім начальніцкім стале. Сам Булай, заклапочаны, з акулярамі, ссунутымі на лоб, не сядзеў, як звычайна, у крэсле, а стаяў збоку стала.
— Графік зрываецца,— замест прывітання сказаў Булай.— Распусціліся людзі, страцілі пачуццё адказнасці. Вось затрымаю змену на пару гадзін, няхай папрацуюць.
— Рэзерваў каб пашукаць...— асцярожна сказаў Алесь, спадзеючыся, што Булай успомніць пра Сямёнаву задуму.
— Ты думаеш, я цябе паклікаў, каб ты мне парады даваў? — у густым і без таго голасе Булая чуўся гнеў.— Я цябе хацеў папярэдзіць, каб у хлопцаў ніякіх там фантазій... Толькі гатовыя валы. Па графіку, і нічога іншага. Усё. Прышлі суседа.
Не чакаючы, пакуль Алесь выйдзе, Булай схапіў тэлефонную трубку:
— Планавы? Кібрыка!
«А гэты навошта?» — падумаў Алесь, спускаючыся па крутой сталёвай лесвіцы ў цэх.
Вестка аб аўрале не выклікала пярэчання. Відаць, рабочыя прывыклі да гэтага.
— Канец месяца...— растлумачыў Пракоп.
— А як жа графік? — недаўменна пачаў быў Алесь.
— То Булай для прыгожага слоўца гаварыў. А выходзіць, як у канцы мінулага месяца штурмавалі план, так і зараз штурмуем. У наступным таксама будзем.
Было прыкра, што нават Пракоп не бачыць нічога заганнага ў гэтым. Як ні мала ведаў Алесь умовы працы на вытворчасці, але разумеў, што, пакуль большасць рабочых не адчуе адказнасці за рытмічную працу, ліхаманка не спыніцца. Аднымі загадамі начальства тут рады не дасі.
Пасля работы Алесь у прахадной сутыкнуўся з Паўлаўцом. Макар Сяргеевіч Паўлавец меў ужо за пяцьдзесят. Кадравік, паважаны чалавек, важак камуністаў механічнага цэха. Алесь пазнаёміўся з ім, калі браўся на ўлік.
Няспешны ў рухах, разважлівы, Макар Сяргеевіч падабаўся людзям сваімі вачамі, у якіх ніколі не згасаў агеньчык цікаўнасці да ўсяго, і яшчэ ўсмешкай, лагоднай і хітраватай. Убачыш яе, і палягчэе на сэрцы.
Гадзіны працы за станком, калі і перакурыць няма часу, здавалася, не стамілі Макара Сяргеевіча. Гэтак жа, як заўсёды, адкрыта глядзелі вочы, толькі цёмныя кругі вакол іх пачарнелі і паглыбелі ды зморшчынак пабольшала. Яны адны паказвалі, як, напэўна, цяжка яму зараз засяродзіцца ў гутарцы з субяседнікам.
Сам Алесь не адважыўся б пачаць гаворку пра тое, што яго ўсхвалявала, занепакоіла. Аднак Паўлавец пайшоў яму насустрач.
— Не чакалі, што канец месяца будзе такі напружаны? — спытаў ён.— У арміі расклад не ламаецца.
— Бывалі трывогі і ў нас,— няпэўна адказаў Алесь. Яму многае яшчэ здавалася няясным, таму не хацелася распачынаць сур’ёзную размову.
— Вучэбныя? — усміхнуўся Паўлавец.
— Прызнацца, я думаў, што ўжо няма штурмаўшчыны.— Алесь зразумеў, што ад Паўлаўца ўтаіцца цяжка.— Нават газеты рэдка пішуць пра яе.
Макар Сяргеевіч адказаў не адразу. Ён, хутчэй, ухіліўся ад адказу:
— Думаю, гэта не штурмаўшчына ў тым сэнсе слова, як уяўляеце сабе вы. План мы выканалі б без яе. Але Булай захацеў даць некалькі лішніх працэнтаў.
— Навошта тыя працэнты? Хіба Булаю?
— Не так злосна, малады чалавек...— Паўлавец загаварыў яшчэ мякчэй.— Булай — начальнік цэха. Ён не хоча, каб мы былі горшыя ад усіх — раз, ды і прэміяльныя нешта значаць.
— Пераможцу не судзяць, так? — Алесь вырашыў спрачацца.— Значыць, любы метад добры, абы ў перадавікі выбіцца, абы прэмію атрымаць? Вы паслухалі б, як ён сёння з людзьмі размаўляў. Як заўзяты фельдфебель з навабранцамі.
— Хапілі лішку, малады чалавек! — гарачая тырада не зрабіла ніякага ўражання на Паўлаўца.— Ведаю. Усе ведаюць, што Булай не стрыманы, што любіць пакамандаваць. А заўважце, калі ён такі робіцца? У дні найбольшага напружання. Ён гарыць тады сам на рабоце і хоча, каб астатнія гарэлі. Ён умее арганізаваць людзей, а гэта — галоўнае. Вы пагаварыце з рабочымі. Вам раскажуць нават больш, чым вы расказалі мне зараз. Яго недахопы не скрытыя. Але замахніцеся на Булая без падставы — вас не падтрымаюць. Булаю даруюць многае, бо ён многа дае людзям. Ён мае аўтарытэт на заводзе.— Паўлавец гаварыў разважна, не спяшаючыся, нібы ў такт сваім павольным крокам, і гэта рабіла словы важкімі, доказнымі.
Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое што пераканаў яго, а пасеяў сумненні.