За спіной раптам пачуўся сухі трэск і, павярнуўшыся, Юрка ўбачыў дзяўчыну, якая ішла проста на яго. Ён пазнаў яе, хоць дзяўчына была ў старым ватніку, падпяразаным брызентавым рамянём. Гэта была тая самая дзяўчына, што паказвала яму тады ў Бабінавічах дарогу на гідраметстанцыю. Хлопец прыўзняўся, атрасаючы з полаў карэнне.
— Колькі грыбоў! — у голасе дзяўчыны Юрка пачуў сапраўдную зайздрасць. — Ну, і дурная ж я, што сюды адразу не прыбегла.
У кошыку дзяўчыны Юрка ўбачыў колькі тых лічаных баравічкоў, і таму яе слёзы неяк непрыемна яго кальнулі.
— Трэба было прыбегчы, — пакрыўджана сказаў ён. — Але ў лесе грыбы для ўсіх роўныя.
— Няхай сабе роўныя, толькі гэта мая мясцінка. Тут мне заўсёды шанцуе...
Дзяўчына адыйшлася за некалькі крокаў ад кошыка і, ухапіўшы жмак сухога верасу, падняла яго. На дне ямкі з-пад вываратня Юрка ўбачыў шмат сухіх пачарнелых грыбных карэнняў.
— Маскіроўка, — весела прамовіў хлопец. — Толькі ўсёроўна ў лесе грыбы для ўсіх роўныя. Я таксама лічыў, што тут грыбы павінны расці...
— А вы шчаслівы, — сказала дзяўчына, калі ўжо яны ішлі па лесе. — Я яшчэ ні разу столькі грыбоў не знаходзіла...
Юрку хацелася зрабіць дзяўчыне што-небудзь прыемнае, але ён не ведаў, што. Раптам ён моўчкі пакрочыў ад яе ўбок, а яна, здзіўленая, стаяла і пазірала яму ўслед, не разумеючы яго намеру. I толькі калі Юрка пачаў калясіць па верасу, яна, звонка, на ўвесь лес засмяялася.
Але бывае ж і так, што чаго вельмі хочаш, тое збываецца. Не прайшоў Юрка і сотні крокаў, як убачыў два ладныя чорнагаловыя баравікі, якія нібыта спецыяльна выраслі для гэтай хвіліны. Ён, зняўшы з пляча свой кошык, выламіў з зямлі баравікі і паднёс іх дзяўчыне.
— Гэта вам, — сказаў ён сур’ёзна. — Мне няма куды класці...
Дзяўчына моцна зачырванелася і ўзяла з юркавых рук грыбы. Замяшаўся і Юрка, ён не ведаў, што гаварыць далей,
— Будзем знаёмы,— выпаліў ён нарэшце.— Юрый!..
— Ніна, — прамовіла дзяўчына ў замяшанні і падняла на Юрку вочы. У гэтых вачах не было ўжо ранейшай гарэзлівасці, яны пазіралі неяк разгублена, спалохана.
Яны зноў пайшлі па лесе, крыху воддаль адно ад другога. Цяпер баравікі Юрку не трапляліся, затое Ніна час-ад-часу ставіла свой кошык на дол і клала ў яго нейкія грыбы. Толькі перад самай сцежкай на ўскрайку лесу Юрка знайшоў яшчэ аднаго баравічка і ўжо моўчкі паклаў яго ў нінін кошык. Кошык быў амаль што поўны, хоць баравікоў у ім было і не шмат.
— А чаму сёння ў лесе няма людзей? — запытаў Юрка, калі яны выйшлі на сцежку.
— Дык сёння ж першае верасня! — голасна ўсклікнула дзяўчына. — У школе ўсе, хіба вечарам прыбягуць. А дарослыя — на полі...
Першае верасня! Як жа Юрка мог забыць гэты дзень, які і для яго быў святам цэлых адзінаццаць год. Там, у тэхнікуме, сёння шумна, весела.
— А вы ў школу не ходзіце? — спытаў Юрка пасля невялікага роздуму.
— Я — студэнтка! — у голасе дзяўчыны звінела гордасць. — Хутка і я паеду...
Ніна расказала дарогай пра сябе. Яна зараз на трэцім курсе горнага тэхнікума, а яе спецыяльнасць — разведка і выкарыстанне карысных выкапняў. Летам яна была на практыцы, таму заняткі ў іх пачнуцца крыху пазней — у другой палавіне верасня. Вучыцца Ніне яшчэ два гады, а там...
Юрка цяпер шчыра зайздросціў ёй — паедзе вучыцца, у яе такая цікавая спецыяльнасць. Эх, ты, сіноптык, куды табе раўняцца з гэтаю птушкай! Перад ёю раскрыюцца нетры зямлі, Урал і Каўказ. А ты сядзі са сваім Пеўнікам, вымярай ападкі і тэмпературу і чакай з мора пагоды...
Хлапца раптоўна апанаваў такі глыбокі сум, што ён з хвіліну не мог прамовіць слова.
— А ваша работа вам падабаецца? — Ніна як угадала яго думкі і паглядзела на Юрку дапытлівымі вачыма.
— Яна мае значэнне для ўсёй народнай гаспадаркі, — цераз сілу, нібы па падручніку, адказаў Юрка. — Для авіяцыі, напрыклад, для сельскай гаспадаркі...
Развіталіся яны перад самай ляжнёўкай.
— А які ж вы малайчына, столькі грыбоў Пеця ніколі не прыносіў,— запела Вольга Апалонаўна, як толькі Юрка зайшоў у двор. — I адны баравікі. Пеця, ідзі павучыся, як трэба грыбы збіраць, — крыкнула яна Пеўніку, які кошкаўся ў хлеўчуку.
Пеўнік прыбег, паглядзеў на грыбы, і на яго твары адбілася шчырая радасць.
— Я, брат, таксама грыбавік, а табе проста шчасце падваліла. Былі і ў мяне некалі ўдачы. Эх, разам нам не выпадае па верасу пахадзіць, — паскроб патыліцу Пеўнік.
— Зімой на рынку за нізку грыбоў па дваццаць рублёў даюць, — нараспеў сказала гаспадыня і доўгім позіркам акінула ўслон, на якім Пеўнік раскладаў грыбы. — Вы, Юрый, мусіць, на цэлую сотню сёння назбіралі. Гэта ж добры заработак. Белыя грыбы можна і ў сельпо ў Бабінавічы здаваць...
— Сціхні ты, бухгалтэрыя, — не вытрымаў Пеўнік і ў яго аж пабялеў твар.
Такім Пеўніка хлопец бачыў першы раз. Радасць ад удачы, ад сустрэчы з Нінай неяк патухла, і Юрка ціха падаўся да калодзежа мыцца.
Работа на станцыі ішла сваім парадкам. Юрка працаваў, мабыць, спраўна, бо ні Пеўнік, ні Дземідзюк яго ні разу не папракнулі. Хлопец хутка асвоіўся з шматлікімі формамі справаздачнасці — аб узроўні балотных вод, аб мікрасаставе глебы, аб зменах рэльефу. Зводак пісаць трэба было багата. Куды лепш хлапцу падабалася хадзіць каля апаратаў. Яны лавілі, занатоўвалі нябачныя нікому змены. У тоненькіх загагулінках, якія пакідалі на разграфленай паперы самапішучыя прыборы, хлопец хутка навучыўся разгадваць хістанні атмасфернага ціску, скачкі тэмпературы, насычанасць паветра вільгаццю. Барограф, тэрмограф здаваліся хлопцу разумнымі, жывымі істотамі.
Усе гэтыя дні Юрка думаў пра Ніну. Ён успамінаў сустрэчу з ёй у грыбах, і жывы вобраз дзяўчыны паўставаў у яго вачах. Хлопец моцна дакараў сябе за тое, што ён не сказаў тады Ніне ніводнага разумнага слова. Яна, мабыць, дрэнна аб ім думае...
Юрка папрасіўся аднойчы ў Пеўніка падзяжурыць дзве змены ўзапар, а назаўтра на цэлы дзень выбраўся ў бор. Ён спадзяваўся сустрэць там Ніну, бо, па яго разліках, яна яшчэ не магла паехаць. Хвалюючыся, нібы перад экзаменам, ішоў хлопец знаёмай просекай да мясцінкі, дзе яму так пашанцавала тады на грыбы. Ён чамусьці думаў, што Ніна абавязкова павінна быць там. Яшчэ здалёк Юрка заўважыў постаць, якая мільганула паміж знаёмых бярэзінак. Хлапец на хвіліну спыніўся, а пасля рашучым крокам накіраваўся ў бярэзнік. Ён хацеў з’явіцца перад дзяўчынай нечакана і на хаду прыдумваў словы, якія ён скажа Ніне пры сустрэчы. Не дайшоўшы колькі крокаў да бярэзніку, Юрка раптоўна спыніўся. Па верасу тупала нейкая сагнутая старая і раз-по-раз кідала нядобразычлівыя позіркі ў юркаў бок. Хлопец, не павітаўшыся, павярнуўся і паціху пайшоў па лесе. Ніны ён не сустрэў...
Назаўтра, аддзяжурыўшы сваю змену, Юрка пашыбаваў у Бабінавічы на станцыю. Ён хадзіў па дашчаных памостках, якія замянялі перон, дачакаўся вячэрняга цягніка ў надзеі, што вось-вось паявіцца на станцыі Ніна. Але яе не было. Юрка сабраўся ўжо ісці на Віць, як раптам, нібы з-пад зямлі, перад ім вырасла Люська, тая што сядзела ў час юркавага прыезду на лавачцы разам з Нінай.
— Пеўнікаў пляменнік, добры дзень, — сказала яна і чамусьці захіхікала. — Дык як вы там багата грыбоў насушылі?..
Чырвань кінулася Юрку ў твар, і яму захацелася сказаць гэтай языкаватай дзяўчыне што-небудзь колкае, абразлівае. Мільганула нядобрая думка пра Ніну, якая не знайшла нічога лепшага, як толькі дзяліцца сваімі сакрэтамі з гэтай балбатухай.
— Грыбы трэба ўмець збіраць, — з націскам сказаў Юрка. — Гэта не гарбузікі лушчыць...
— Ды вы збіраць умееце, аж кошыка не хапае. Ніна цэлых два дні злавалася.
— А яна дзе цяпер? — стараючыся гаварыць спакойна спытаў Юрка, злосць у якога пачала паступова праходзіць.
— Паехала, пазаўчора, — бесклапотна адказала Люська. — Раней паехала, каб не спазніцца атрымаць у інтэрнаце месца...