З гэтымі невясёлымі думкамі я прыйшоў у школу. Я адчуваў, што нешта трэба рабіць, але яшчэ добра не ведаў што. Пека быў ужо ў класе. Ён прадаваў свае кнігі. Цікавых кніг у Пекі было болей, чым у мяне, і раней ён іх вельмі шанаваў. Цяпер жа прадаваў проста за бясцэнак. І яшчэ я ўбачыў на правай руцэ ў сябра компас. Гэты компас каштаваў у нашай кніжнай лаўцы чатыры рублі і восемдзесят капеек.
Непрыкметна для Пекі я выйшаў з класа. Цяпер я ўжо ведаў, што рабіць. У настаўніцкую да дырэктара мне ісці не хацелася. Там была Рашэль, і яна магла перашкодзіць справе. Я накіраваўся ў райана, дзе працаваў загадчыкам наш былы настаўнік Рыгор Канстанцінавіч. Я наважыў усё расказаць яму...
Мне прыйшлося доўга блукаць па калідорах двухпавярховага будынка райвыканкома, пакуль я трапіў у патрэбны кабінет. На ўрокі я ўжо спазніўся, але гэта мяне ніколькі не хвалявала. У кабінеце Рыгора Канстанцінавіча было многа людзей. Я папрасіў дзяўчыну, якая сядзела за сталом у пярэднім пакоі, выклікаць загадчыка. Яна не згаджалася, тады я сеў на стул і пачаў чакаць. Нарэшце Рыгор Канстанцінавіч выйшаў сам.
— А ты чаго тут? — здзівіўся ён. — У школе ж урокі...
— Пека заўтра ўцячэ, — сказаў я. — З яго здзекуюцца...
— Які Пека? — не зразумеў Рыгор Канстанцінавіч. — Хто здзекуецца?
— Ну, Пятро Мацюшэнка. Ён жа ў вас лепш за ўсіх дыктоўкі пісаў.
Хвалюючыся і ад гэтага збіваючыся на кожным слове, я расказаў усё. Твар Рыгора Канстанцінавіча спахмурнеў, а дзяўчына, якая раней не хацела мяне слухаць, аж разявіла ад здзіўлення рот.
— Ну, малайчына, што прыйшоў. — Рыгор Канстанцінавіч паляпаў мяне па плячы. — Трэба было раней толькі... Я і сам заўважаў нешта нездаровае. Думаў — пераломны ўзрост; бываюць, брат, у нашых маладых душах розныя рэвалюцыі. Вось табе і ўзрост... Ну, ідзі ў школу...
З гэтага часу і загарэлася. Я паспеў толькі на трэці ўрок. У сярэдзіне гэтага ўрока Пеку выклікалі ў настаўніцкую. На перапынку ў клас з пабялелым тварам забягала Агрыпіна Іванаўна. Яна некага шукала вачамі і адразу знікла. Пека, вядома, нікуды не паехаў назаўтра...
Праз два дні ў нашай школе быў настаўніцкі сход. Агрыпіне Іванаўне, відаць, моцна ўляцела, бо, прыйшоўшы дамоў, яна доўга хліпала і на нешта скардзілася. Выклікалі ў школу і Сямёна Барысавіча. Ён вярнуўся адтуль злосны і пахмурны. Пеку болей ніхто не крануў нават пальцам.
Дзяжурныя, якія бегалі ў настаўніцкую за крэйдай, геаграфічнымі картамі і глобусам, расказвалі, што на сцяне вісіць загад, у якім Агрыпіне Іванаўне за непедагагічныя паводзіны аб’яўлена суровая вымова з апошнім папярэджаннем. Я ў настаўніцкую не хадзіў з-за прынцыпу.
Пека разам са мной трымаў экзамены за пяты клас. Я атрымаў пахвальную грамату, а Пека не. Яму вывелі тры гадавыя чацвёркі. Я быў рады, што Агрыпіна Іванаўна пад маёй граматай не распісалася.
У тое ж лета нашы кватаранты выбраліся з мястэчка. Але ў гэтым мы з Пекам былі зусім не вінаваты. Сямён Барысавіч, прыехаўшы адзін раз дамоў у сярэдзіне тыдня, застаў у сваёй кватэры фізкультурніка Міланція Казельчыка. Гэта не спадабалася тоўстаму нарыхтоўшчыку, ён некалькі дзён хадзіў злосны і нарэшце заявіў, што яго пераводзяць у другі раён.
Доўгую Рашэль я пашкадаваў адзін толькі раз. Перад самым выездам яна, выціраючы слёзы, скардзілася маёй маці:
— Не думайце, што я такая ўжо шчаслівая. Не было каму біць маладую. Пагналася за дастаткам... і таму пайшла замуж за гэтага чурбака.
Я шчыра спачуваў у тую хвіліну Рашэлі. Але добрае пачуццё да нашай кватаранткі, якое мільгнула толькі на хвіліну, хутка забылася.
З Пекам мы перапісваліся пасля гэтага два гады. Скончыўшы сямігодку, ён паступіў у рамесніцкае вучылішча...
1958