Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Шэрая тоўшча пылу, ад зніклых дахаў і верхніх паверхаў высокіх будынкаў, змяшалася з ветрам і схавала ніжнюю частку чалавечых целаў. Вышэй пояса, рэдкім натоўпам лёталі лёгкія парушынкі, якія прапускалі праз сябе больш святла і кіслароду.

Мікалай і Паліна хутка перасеклі дваровую пляцоўку, і выйшлі на Прывакзальную вуліцу. Тут жа, за іх спінамі, зноў прагучаў адзін страшэнны нядоўгі віск. А пасля, дзесьці з правага боку, пачуўся другі, які быў бліжэй да іх. З-за жудаснага другога крыку Паліна адчула непрыемны звон у вушах, лёгкае памутненне ў вачах. А калі дрэннае самаадчуванне адпусціла яе, дзяўчына паглядзела на Мікалая, які перабіраўся па дахах пакінутых машын на іншы бок вуліцы. Не раздумваючы, яна хутка ўзлезла на першы чорны аўтамабіль і, як толькі вырашыла зрабіць шырокі крок наперад, каб скокнуць на наступны дах, яна зноў адчула непакой. На гэты раз, Паліна адчула невялікую цяжкасць у дыханні, яна адчула, як часцінкі дробнага пылу заляцелі ў рот. Дзяўчына закашляла. З-за неачышчанага паветра, аслабла. Выпусціла металічную трубку з рук. У празрыстай пластмасавай масцы, насупраць носа, з'явілася маленькая адтуліна, якая прапускала гарадскі пыл і перашкаджала нармальнаму дыханню.

Мікалай, апынуўшыся амаль на іншым баку вуліцы, нібы адчуў, што нешта не так з Палінай. Павярнуўшыся да яе, ён зараз жа вярнуўся назад. Паліна задыхалася ад з'яўлення ўжо новых дробных дзірак у масцы, кашаль узмацніўся. Тады хлопец апусціў сумку, зняў чорную пальчатку з правай рукі і, калі дзяўчына ўзняла галаву, ён цёплай далонню закрыў бачныя пашкоджанні. Мікалай хутка, трывожным голасам вымавіў:

– Удыхні паветра, нібы ў апошні раз. Мы неўзабаве будзем на месцы. Удыхні і калі я прыбяру далонь, затрымай дыханне. Ты мяне зразумела?

Паліна падняла ўверх вялікі палец правай рукі. Яна глыбока ўдыхнула, набрала ў сябе, як мага больш, паветра. Затым прыбрала руку хлопца і шырокімі крокамі пайшла наперад, перайшла вуліцу. Мікалай таксама спяшаўся. Для абодвух было дзіўным, што маска з моцнага матэрыялу стала падводзіць. Станавілася яшчэ больш неспакойна. Цяпер Паліне было не важна, куды вядзе яе хлопец – хацелася хутчэй схавацца ад пылу і задыхаць на поўныя грудзі.

Яны перайшлі дарогу і апынуліся ля невялікай будаўнічай крамы. Вокны якой былі забітыя тонкімі лістамі фанеры і ўсякім іншым цвёрдым смеццем. Сцены перасталі быць белымі ад прыставучага шэрага пылу, які абляпіў краму з усіх бакоў. На адным баку, уверсе, ледзь праглядалася рэклама. Моцныя чорныя ўваходныя дзверы мелі глыбокія драпіны. Яны былі надзейна зачынены знутры, а каля ручкі, злева, на сцяне, была чырвоная кнопка.

Да крамы першым падбег Мікалай, ён спусціў з твару ахоўную тканіну, націснуў на кнопку.

– Яша, дзверы! – выразна, па-камандзірску вымавіў хлопец.

Затым, вярнуўся жудасны гарадскі крык, і Мікалай зноў паўтарыў, але на гэты раз больш гучным голасам.

– Дзверы! Яша, дзверы!

Знутры пачуліся пстрычкі, дзверы адчыніліся і Паліна, куляй, першай увайшла ў асветленае памяшканне. Мікалай зачыніў за сабой дзверы, вярнуў замкі ў ахоўны рэжым. Дзяўчына адразу ж зняла пашкоджаную маску, далёка адкінула яе. І, не заўважаючы вакол нічога, некалькі разоў глыбока ўдыхнула. Затым яна хутка задыхала чыстым паветрам, выраўняла дыханне. Тады, Паліна заўважыла перад сабой невялікага чорнага сабаку з рудымі лапкамі і з сінім аброжкам. Добрая жывёла весела сустракала гаспадара і госцю, шустра махала хвастом. Паліна ў той жа момант здрыганулася, тузанулася ад нечаканасці і прыціснулася спіной да дзвярэй. У яе памяці прамільгнулі ўсе дрэнныя выпадкі за гэты апошні жудасны месяц. Выпадкі былі звязаныя з хворымі, вар'яцкімі жывёламі, якія накідваліся і гналіся за ёй. Мікалай заўважыў гэты спалох Паліны і паспяшаўся яе супакоіць. Ён выдатна разумеў, чаго баялася дзяўчына, ад чаго яе невялікія вочы сталі шырэй.

– Паліна, усё нармальна! Усё добра! Не бойся. Сабака сапраўдны, правільны, добры. Яша не шалёны звер. Супакойся. Ён такі ж, як і мы. Як ты і я. Здаровы.

Чорны сабака без перапынку махаў хвастом і па-добраму глядзеў на Мікалая, затым на госцю, потым зноў на гаспадара. Рудыя круглыя вочы жывёлы былі прыгожымі, неслі ласку і цеплыню.

– Варта было б мяне папярэдзіць, – ажыўлена сказала Паліна.

– Калі? – сказаў Мікалай, паціскаючы плячыма.

– Добра, я ў парадку… Я звыкнуся.

– Тады пазнаёмся. Гэта Яша – мой адзіны сябар, які ўвесь гэты пракляты час ратуе мяне сваёй прысутнасцю з дня ў дзень. Табе няма чаго баяцца, ён добры сябар.

– Добра… – прашаптала дзяўчына і адліпла ад дзвярэй.

– Цяпер, нам трэба павольна зняць з сябе пыльную вопратку. І кінуць яе вось сюды, – хлопец паказаў на кардонную вялікую скрыню. – Як пыл асядзе, я ўсё ачышчу. Такія ўжо ў нас тут правілы, – усміхнуўся Мікалай і працягнуў, – А пакуль, давай-ка мне сюды свой заплечнік. Пакінем яго тут.

Ён дапамог Паліне зняць цяжкі шэры заплечнік з яе далікатных плячэй, апусціў яго ўніз, паставіў каля скрыні. Затым, ён пакінуў свае сумкі побач, пагрузіў брудную вопратку ў скрыню, узяў з свайго заплечніка некалькі рэчаў і паглядзеў на дзяўчыну.

– Паліна, ты прывыкнеш да Яшы. Давай жа, пакідай пыл ля дзвярэй і падыходзь. А я пакуль пайду, пакармлю сябра, – адышоў ад Паліны Мікалай і, не змаўкаючы, спыніўся ля маленькага драўлянага стала, – Сёння я знайшоў нешта асаблівае, мясныя кансервы. Праўда, толькі тры, астатнія ўжо сапсаваліся, уздуліся. Ну, ты ведаеш, як зараз, з прадуктамі ідуць справы. Паліна, ты мяне чуеш? Не саромейся, размяшчайся. Ведаеш, у мяне ёсць яшчэ кансерваваная садавіна. Ты любіш ананасы?

Дзяўчына працягвала стаяць каля дзвярэй, павольна разглядала ўсё памяшканне, не спяшаючыся здымала пыльную вопратку. Унутры, маленькі будынак стаў не падобны на будаўнічую краму, цяпер гэта быў маленькі ўтульны домік, дзе ўсё было акуратна расстаўлена на месцах. Тут, недалёка ад Паліны, на кручках вісела чыстае адзенне, на паліцах знаходзіліся важныя і ацалелыя інструменты, а ўнізе, сумавалі банкі з фарбай і вялікая колькасць пяцілітровых ёмістасцяў з вадой. Далей, у правага краю, тоўсты матрац з чырвона-сіняй коўдрай і падушкай, тут жа карычневы ложачак для сабакі. Лявей цёмны стол і розныя прадметы: ад дробных дэталяў да вялікіх рэчаў. Было тут і камп'ютэрнае чорнае крэсла, сіні чамадан і розныя сумкі. Злева двое белых дзвярэй, што хавалі іншыя памяшканні. На падлозе было занадта чыста і акуратна. Над столлю, у левым далёкім куце, шумеў прыбор для ачысткі паветра.

Дзяўчына прыбрала пыльную вопратку ў скрыню, паказала сябе ў зялёнай тонкай цішотцы, у зялёных нагавіцах і чорных шкарпэтках. Яна працягвала сціпла стаяць ля ўваходных дзвярэй, бегала вачыма па ўсім памяшканні.

– Паліна?! Ты чуеш мяне? Падыходзь бліжэй, чаго ты там стаіш?! – сказаў рудавалосы хлопец у сіняй кофце і ў цёмных нагавіцах.

– Так. Я проста здзіўленая тваім сховішчам. Тут столькі ўсяго… Мабыць, ты з першага дня тут.

– Можна і так сказаць. Я раней працаваў тут, у гэтым памяшканні. Праўда, гэта ўжо не назваць крамай… Прыйшлося пераабсталяваць памяшканне. Адаптавацца.

Паліна, не адводзячы вачэй ад сабакі, ціха падышла да хлопца.

– Гэта што атрымліваецца?! Твой сабака адчыніў нам дзверы?

– Так. Яша добра навучаны. Гэта на той выпадак, каб іншыя не змаглі адчыніць дзверы, уварвацца ў мой дом з вуліцы, калі мяне няма. Ты не адказала мне, ты ананасы любіш? У мяне ёсць пару слоічкаў, – ён адышоў ад стала і адкрыў белыя дзверы, увайшоў у маленькае памяшканне якое нагадвала каморку. – Ёсць яшчэ бульба, праўда яе мала, але мы можам зварыць пару… Ёсць салодкае: цукеркі і шакаладкі. Яны ў мяне добра захоўваюцца. Што будзеш?

Хлопец корпаўся ў кардонных скрынках, перастаўляў іх, шукаў, чым жа пачаставаць госця. Яму хацелася спадабацца Паліне, ён пералічваў усё, што знаходзіў. Дзяўчына падышла да дзвярэй каморы і загаварыла:

– Зараз не да ананасаў. Ты казаў пра іншых людзей. Ёсць яшчэ людзі, якія не зніклі? Тыя, якія з вуліцы спрабавалі ўламіцца да цябе… А тыя жудасныя крыкі, якія я ў першыню пачула…чые яны?

5
{"b":"815197","o":1}