З прычыны павальных любошчаў з Кацюшай-буфетчыцай "Victoria" не спраўдзiла надзеяў роднага iнтэрната. Заместа хвацкiх балюшак з удзелам мясцовых вакханак i салютавання коркамi ад шампанскага, байцоў чакалi вiзiты да венеролагаў i розныя малапрыемныя працэдуры.
Крыху рэабiлiтаваў сяброў хiба што чацвертакурснiк Вася Максiменка, якi, нягледзячы на захворванне, залез уначы з пляшкаю шампанскага на святлафор на рагу вулiц Свярдлова i Ўльянаўскай i чытаў адтуль рэдкiм мiнакам творы Мiхаiла Юр'евiча Лермантава. У пратаколе, чым Вася страшэнна ганарыўся, дзяжурны па аддзяленнi запiсаў, што пад час затрымання грамадзянiн Максiменка "оказал сопротивление путем внезапного открытия бутылки советского шампанского и полития им сотрудников милиции". (Ад выключэння з унiверсiтэта нашага сябрука ўратавала не толькi тое, што шампанскае было савецкае; крыху дапамог i сваяк-прарэктар.)
Яшчэ адзiн баец выславiўся тым, што ездзiў на заняткi заўсёды "зайцам", а злоўлены кантралёрам, законапаслухмяна даставаў прывезеную з Сiбiры сторублёвую купюру, з якой, натуральна, не знаходзiлася рэшты. "Заяц" прымiльгаўся, i скончылася ўсё тым, што кантралёр у хаўрусе з кiроўцам неразменную купюру папросту адабралi, а яе ўладальнiка, папярэдне намяўшы бакi, выкiнулi з тралейбуса на высланы жаўталiсцем газон.
Цёплы полацкi верасень, што мiльгануў памiж маiм вяртаннем з Сiбiры i пачаткам заняткаў, зачапiўся ў памяцi пераважна ўбогiм iнтэр'ерам бара "Пралеска" i аднайменным кактэйлем няпэўнага смаку, што мы з маiм сябрам дзяцiнства Санем Македонскiм выпiвалi перад танцамi ў Палацы культуры завода шкловалакна. ("Як звычайна", - з ленаватай няўважлiвасцю заўсёднiкаў кiдалi мы барменцы.) У палацы нас чакалi другакурснiцы кааператыўнага тэхнiкума Зiна i Iлона.
Свет яшчэ раз засведчыў сваю недасканаласць: мне падабалася шатэнка Зiна, а Македонскаму - бландзiнка Iлона, у iх жа ўсё атрымалася наадварот. "Няхай выбiрае жанчына", - прапаноўваў фаталiст Саня, але мая падагрэтая кактэйлем натура бунтоўна ашчацiньвалася, i мы працягвалi "хадзiць" учацвярых.
Роспачнай спробаю вырвацца з зачараванага чатырохкутнiка сталася начная паездка на таксi ў тады яшчэ безнадзейна зачынены Спасаўскi манастыр, дзе мы зусiм не чыталi малiтваў, а пiлi шампанскае, каб потым - даруйце, калi можаце, нам, Божа, i ты, нябесная наша заступнiца Еўфрасiння - разбiць пляшку i шклянкi аб спярэшчаны мацернымi словамi манастырскi мур.
Пасля Зiна прыслала мне ў Менск ажно два лiсты, што ўразiлi не так дэманстрацыяй нечаканай вернасцi, як узроўнем фiлалагiчнае падрыхтоўкi будучых кааператарак. Зiна пiсала, нiбыта ў Iлоны ёсць новы "паринь", а яна, маўляў, па-ранейшаму ўспамiнае мяне i "пикник на графских развалинах". аднак "всиму есть придел". Трэба было разумець, што хутка з'явiцца "паринь" i ў Зiны.
Пакуль я вярнуўся ў Менск, былыя байцы будатрада "Viсtоriа" паспелi пазалечваць ганарэю i прамантачыць сiбiрскiя заробкi.
У хуткiм часе Чарнiловiч са старастаю нашай групы Лiляй падалi заяву ў загс. У цiхага Юры Асiноўскага, учадзеўшы ўначы ў хаце, памерлi бацькi, i ён перавёўся на завочнае аддзяленне i паехаў жыць дадому. Махнуўшы рукой на старыя будатрадаўскiя рахункi, мы з першай стыпендыi сабралi малодшай Юравай сястрычцы ды хворай кароўцы сто рублёў.
У Чылi да ўлады прыйшоў Аўгуста Пiначэт. У СССР разгортвалася барацьба з п'янствам i алкагалiзмам. Наш гiстфакаўскi Клуб аматараў пiва, схаваўшыся за абрэвiятураю КАП, дзейнiчаў, як i братняя кампартыя Чылi, у глухiм падполлi.
Унiверсiтэт трэслi франтальныя рэйды i праверкi.
Пад час аднаго рэйду ў нашым iнтэрнаце партыйныя, камсамольскiя i прафсаюзныя дзеячы пачулi за замкнёнымi дзвярыма падазроныя шолахi i абклалi пакой, бы харты. Як толькi дзверы цiхенька прачынiлiся, гайня правяральшчыкаў уварвалася ў пакой i знайшла там зляканага студэнта, якi, колькi было змогi, iмiтаваў падрыхтоўку да семiнарскiх заняткаў па гiсторыi КПСС. Са сцянной шафы сакратар партбюро трыумфальна выцягнуў яшчэ больш перапалоханую студэнтачку ў строях Евы. "А мы дружым", - толькi i здолеў прамовiць юны служка Клiо, за што разам з сяброўкаю быў неадкладна выселены з iнтэрната. З таго дня варта было якой-небудзь знаёмай парачцы з'явiцца на вачах у гiстфакаўскай публiкi, як з усiх бакоў гучала яхiднае пытанне: "Што, дружыце?"
Праверка выхаваўчай работы застукала ў iнтэрнатаўскiм ленiнскiм пакоi таталiзатар. На трох ссунутых сталах для самастойных заняткаў адбывалiся прусачыныя скачкi. Нашы вусатыя субкватаранты бегалi па выкладзеных алоўкамi дарожках. Стаўкi даходзiлi да двух чырвонцаў. Ажыятаж панаваў такi, што, здавалася, дай iм волю, i свае стаўкi зробяць класiкi марксiзму-ленiнiзму, якiя сачылi за падзеямi з аляпаватых партрэтаў. Акурат у той самы момант, як фаварыт Бiл Шалёная Карова ў глыбокiм роздуме супынiўся на сярэдзiне дыстанцыi, у дзверы i ўвалiлася праверка, якой было зусiм няпроста апанаваць нашую ўвагу, бо ўсе позiркi сышлiся ў кропцы, дзе Бiл нi з чога нi з якога вырашыў заняцца медытацыяй.
Авалодаўшы становiшчам, рэйдавая брыгада абазвала нас будучымi байцамi iдэалагiчнага фронту, адразу ж зазначыўшы, што нiхто з нас гэтай высокай годнасцi не заслугоўвае. Абураныя тырады пачыналiся прыкладна так: "Здесь, под портретами вождей..."
Карацей, жыццё iшло сваiм парадкам.
Напружыўшы творчыя сiлы, мы выпусцiлi спачатку орган свайго пакоя No 25 насценгазету "Алiгатэр" (назваю служыла налепка ад вiннай пляшкi з падмаляванаю лiтарай "р"), а потым - чарговы нумар нашага альманаха "Мiлавiца". Пра франдзёрскi насценны орган хтосьцi iмгненна даклаў начальству, а "Мiлавiцу" ўзяў пачытаць камсамольскi сакратар Карагiн, i яна знiкла на цэлы месяц.
Потым на нас зусiм беспадстаўна спiшуць i нейчы малюнак-загадку на кавалку ватману, што напярэдаднi iспытаў з'явiўся побач з раскладам заняткаў: тры разложыстыя дубы, перад кожным - бутэлька, а ўнiзе - перакуленая дагары нагамi адгадка: "Новы год на вайсковай катэдры".
Ад блiзкага знаёмства з таварышам маёрам нас аддзялялi адна толькi сесiя i вакацыi.
Згадкi пра Сiбiр, хiмiкаў, пясчаныя кар'еры i гарачыя вусны амазонак наведвалi нас усё радзей. Праўда, амазонкi прыслалi вiншаванне з "годовщиной Великого Октября". Мы не адгукнулiся на паштоўку: нашы адрасанткi павiнны былi зразумець, што мы - вярнулiся, вярнулiся дадому.