Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстанi докерамi. Поплеч з намi варочалi скрынкi з "777-м" i з няспелымi яблыкамi трое бiчоў - два грывастыя нямытыя i няголеныя хлопцы i дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы i не прыцьмелыя вочы колеру мешкавiны - можна было б назваць "русской красавицей". Дзяўчына, праўда, скрынкi не цягала, а асядлаўшы адну з iх, бясконца курыла, запiваючы цыгарэтны дым дагестанскiмi "трыма сямёркамi". За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькi раз - дзеля таго, каб, схапiўшы мяне за рукаво штармоўкi, прамовiць: "Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку". Уражаны тым, што бiчоўка чытала Нiцшэ, я ледзьве не выпусцiў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справiцца з цяжарам, каралеўскiм рухам пераправiўшы са скрынкi да сваiх ног яшчэ адну пляшку, i зноў патанула ў фiласафiчным маўчаннi.

Увечары, калi на беразе Кецi мы замочвалi з бiчамi докерскi заробак - па 50 рэ на брата, стала вядома, што калегi вучылiся ў маскоўскiм авiяцыйным iнстытуце, два гады таму прыехалi сюды ў будатрад i, надыхаўшыся сiбiрскаю вольнiцай, назад у сталiцу не вярнулiся. "А пошла она в аэродинамическую задницу!" - з прафесiйнай вытанчанасцю выказалася няспраўджаная авiяканструктарка.

Напрыканцы балюшкi бiчы пачалi бесцырымонна-слiнява цалавацца - усе ўтраiх - i ўрэшце, прыхапiўшы па пляшцы "777-га", дружна залезлi пад перакулены баркас.

Ранiцой мы сталiся сведкамi iхняга сняданку. Пакуль хлопцы пахаджалi па беразе, робячы фiзiчныя практыкаваннi, жаўтазубка паслала на траве каля баркаса неверагодна брудную насоўку i падзялiла на тры кавалкi хлебную гарбушку. "Ох, мальчишечка, как бы я тебя вы... - невядома да каго з нас летуценна прамовiла яна i, соладка пацягнуўшыся, какетлiва дадала: - Но нельзя, дружок, нельзя, ребята заругают, ревнивые - ужас".

У Бл. Яры я паспеў пазнаёмiцца i з кучаравым Сашкам родам з-пад Жлабанска, як ён называў Жлобiн, дзе прамiнула ягонае дзетдомаўскае дзяцiнства.

Адно цыганiстае Сашкава брыво перасякаў безвалосы шнар - узнагарода за шкадобу да чацвераногiх сяброў.

Паводле няпiсанага статуту ў дзетдоме рэгулярна наладжвалiся гэтак званыя сабачнiкi. Чаму забава так менавалася, уцямiць цяжка, бо ў ёй бралi ўдзел не сабакi, а каты. Злоўленых у наваколлi катоў старэйшыя выхаванцы, адцягнуўшы на загрыўку ў братоў сваiх меншых шкуру, прыбiвалi цвiкамi да плота, а за дваццаць крокаў ужо чакалi складзеныя загадзя крушнi. Ратаваць жывыя прыцэлы не забаранялася, аднак каменны град не павiнен быў нi на хвiлю слабець.

У сiрочым прытулку бытавалi й iншыя традыцыi. Старэйшыя, напрыклад, вучылi малодшых лаяцца матам. Трохгадовых дзяўчынак абыдзень ставiлi на "зважай" i прымушалi па сто разоў голасна паўтараць: "я - б...", "я - б...", "я - б...". Наступнага тыдня дзеўчанятка гэткаю ж методаю доўжыла навуку: "я - п...", "я п...". Узбагацiўшы лексiчны запас вучняў, "педагогi" пераходзiлi да сiнтаксiсу. Дзецi, якiя ўжо ведалi грамату, акрамя вусных практыкаванняў, атрымлiвалi пiсьмовыя заданнi. Найбольшай вынаходлiвасцю ў гэтым вызначаўся нейкi Халiмон. Ён мог загадаць дзяўчу папрактыкавацца не на аркушыку, а ў класным сшытку i абавязкова здаць яго на праверку настаўнiцы. Адкупiцца дазвалялася толькi адным спосабам, пра якi не хочацца ўзгадваць. Асаблiвую асалоду дарылi "выхавацелям" хлопчыкi i дзяўчынкi, што траплялi ў дзетдом з добрых сем'яў, дзе прычынiлася якоесьцi няшчасце. Малых навучалi курыць, пiць вiно, рэзацца ў карты, б'ючы прайгралага па вушах лiнаркай або кормячы "вустрыцамi" - пасыпанымi зямлёю слiмакамi цi вусенямi.

Старшакласнiкi, успамiнаў, гледзячы на нас сумнымi антрацытавымi вачыма, Сашка, выбiралi сабе дзяўчатак, звычайна малодшых, i тыя ўвечары, калi сыходзiлi выхавацелькi, беглi ў спальню да сваiх уладароў i заставалiся там да ранiцы. Узiмку дзяўчо, што круцiлася ў ложку адно, пякуча зайздросцiла парачкам, бо заснуць у выстылым дартуары было амаль немагчыма - торф i дровы адмiнiстрацыя заганяла налева.

За што Сашка адзвiнеў два гады на зоне, даведацца мы не паспелi, бо непазначанаю на мапах вузкакалейкаю нашая брыгада ад'ехала на халтуру ў таежны пасёлак Ягаднае. (Генiк пасля чарговага шклабою прадбачлiва склаў з сябе паўнамоцтвы загадчыка гаспадаркi i яшчэ больш прадбачлiва, як засведчылi далейшыя падзеi, захапiў з сабою паляўнiчую стрэльбу.)

Першы, хто сустрэў нас на новым месцы, быў капiтан пасялковае спецкамендатуры. Ягоная прывiтальная прамова змусiла задуменна прысвiснуць нават такога бывальца, як колiшнi марак савецкага рыбалоўнага флоту, наведнiк дацкiх, талiнскiх i рыжскiх публiчных дамоў Мiша Гарэлiк на мянушку Бугор, якi даводзiўся братам байцу Лявону Гарэлiку, таму самаму, што друкаваў у "Мiлавiцы" свае опусы ў духу вельмi ранняга Джозэфа Конрада пад псеўданiмам Джон Галяк.

Усё жыхарства Ягаднага падзялялася на тры вялiкiя катэгорыi: супрацоўнiкi спецкамендатуры, былыя зэкi, што атабарылiся тут пасля "хiмii", i хiмiкi цяперашнiя. У пасёлку "хiмiчылi" тры сотнi мужчынаў i сотня прадстаўнiц лепшай паловы чалавецтва (гэтыя трапiлi сюды выключна з Ленiнграда i выключна за амаральныя паводзiны). На венерычныя хваробы ў пасёлку, калi верыць капiтану, не хварэлi хiба толькi бурундукi ды вавёркi. У лазню рэкамендавалася не хадзiць, каб не падчапiць заразы. У пясчаных кар'ерах рэкамендавалася не купацца, каб не зарэзалi i, згодна з мясцовай традыцыяй, не прысыпалi пясочкам. Перасоўвацца па пасёлку, асаблiва ўвечары, капiтан раiў групамi.

Мець з хiмiкамi i хiмiцамi якiя-небудзь стасункi катэгарычна не рэкамендавалася. Напэўна, таму нас i пасялiлi на ўскраiне Ягаднага, дзе стаяла дзесяткi два занятых хiмiкамi фiнскiх дамкоў i прыкладна столькi ж чакала будучых насельнiкаў, што яшчэ цягнулi тэрмiн на зоне.

Пакуль гаспадары гэтага "хiмкомплексу" былi ў тайзе, мы ў кампанii з двума прапаршчыкамi блукалi ад дамка да дамка, шукаючы вольную жылплошчу. Незанятых памяшканняў не бракавала, аднак частка з iх была перапрафiляваная ў прыбiральнi з адпаведным краявiдам i водарам. Некалькi дамкоў ужо адслужылi гэтую пачэсную службу; паветра там пачынала пахнуць тайгой, але культурны слой быў такi магутны, што заставалася толькi паспачуваць археолагам наступных стагоддзяў. Да таго часу сцены, праўда, павiнны былi спарахнець, i даследчыкi, прынамсi, не мелi б неабходнасцi сушыць мазгi над парадоксам: чаму тубыльцы, нягледзячы на наяўнасць газет i рознага лапушыстага таежнага зяленiва, карысталiся, перапрашаю, пальцамi, якiя потым старанна выцiралi аб пабелены тынк?

3
{"b":"81421","o":1}