Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Улетку ў мяне зьявiлiся дадатковыя аргумэнты: ад свайго стрыечнага дзеда, а мамiнага роднага дзядзькi Грышы я даведаўся, што Гагарын ня быў першым касманаўтам i сярод людзей.

Папярэднi раз дзед Грыша пераведваў родную вёску, калi ня быў мне нiякiм дзедам, бо мяне яшчэ не iснавала на сьвеце, а мой тата жыў ня з мамаю, а зь першай жонкаю, бо тая пакуль не хварэла на невылечную сухотку. Дарослыя казалi, што дзед Грыша "засакрэчаны", i, каб пераканацца ў гэтым, досыць было ўбачыць пасылкi, якiя ён прысылаў нам з Масквы перад кожным новым годам. Уходаўшы тую таўшчэзную чырвоную рыбiну зь вясёлкавым пералiвам на зрэзе, я цэлы месяц не ўспамiнаў пра кiлек, а буйныя разынкi ў першаклясным шакалядзе побач з абсыпанымi цукрам крамнымi "падушачкамi" выглядалi прывiтаньнем зь iншае плянэты, якая ў сваiм разьвiцьцi апярэдзiла нашую не на стагодзьдзе, а назаўсёды.

Дзед Грыша быў абсалютна лысы, i я любiў спотайку разглядваць ягоную сьпярэшчаную сiнiмi, чырвонымi й зялёнымi жылкамi кавунаватую галаву, якая моцна выдавала на глёбус. Сваякi сьцьвярджалi, нiбыта пра сваю маскоўскую працу дзед не прамовiць нi слова i на Страшным судзе. У памяць урэзалася, як сувора зiрнуў ён на маю цётку, а сваю пляменьнiцу Вольгу, калi тая, пачуўшы з радыё папулярнае тады абяцаньне дагнаць i перагнаць Амэрыку, пацьвердзiла, што так, дагонiм, бо босым бегчы лягчэй. Аднак я добра запомнiў i тое, як перад бабуляй Аўгiньняй дзед аднойчы крышку рассакрэцiўся, паведамiўшы, што мае справы зь нябеснай канцылярыяй.

Другi раз дзед Грыша рассакрэцiўся перада мною, калi, паслухаўшы радыёперадачу пра Гагарына, раптам хапянуў бяз закусi шклянку двойчы перагнанай бабулiнай самагонкi i прыцiшана сказаў - праўдзiвей не сказаў, а ўсхлiпнуў: "Эх, Воўка, колькi рабят да Гагарына на запусках папалiлi..." i дадаў яшчэ некалькi словаў, якiя мяне вучылi не казаць нiколi.

Я перажыў iмгненьне, якое называюць момантам iсьцiны. Маёй дзiцячай душы адкрылася, што сьлёзы на дзедавых, таксама лысых, амаль бязь веек, вачах накруцiлiся не ад магутнага бабулiнага самагону, а ад таго, што дзед ня толькi ведаў тых "рабят", але й сам - страшна падумаць - палiў iх...

Зьлякаўшыся сваёй шчырасьцi, дзед Грыша папрасiў мяне забыць пачутае, iначай яго могуць выгнаць з працы, а то й пасадзiць у турму. Я хацеў i надалей атрымлiваць перад Новым годам маскоўскiя пасылкi, а таму даў "чэснае акцябрацкае" i падмацаваў яго тым, што перахрысьцiўся, як вучыла бабуля, на абраз Мiколы-цудатворцы.

Пасылкi з прысмакамi прыходзiлi яшчэ гадоў пяць. Вярнуўшыся зь дзедавых хаўтураў у вёску, цётка Вольга абвясьцiла, што на памiнкi прывезьлi аднекуль два аўтобусы генэралаў.

Нi тады, нi пазьней, калi лёталi Быкоўскi зь Церашковай, i цётка Роза Герцыковiч, апавядаючы, што iх запусьцiлi дзеля касьмiчнага размнажэньня, абяцала абавязковае нараджэньне ўродцаў, я так i не адчуў анiякай ахвоты хоць на момант зрабiцца касманаўтам. Тым ня менш, папусьцiўшыся агульнаму псыхозу, пасьля палёту першага шматмясцовага карабля, я напiсаў свой першы вершаваны твор:

Мчится тройка, мчится быстро

В корабле "Восход",

И ведет его уверенно

Капитан вперед,

Там инженер-полковник,

Врач, ученый,

Отчизны верные сыны.

Вокруг земного шара

Вперед летят они.

Потым я даведаюся, што некалькi вядомых замежных палiтыкаў, у тым лiку i адзiн былы амэрыканскi прэзыдэнт, увогуле ня верылi ў рэальнасьць некаторых касьмiчных караблёў з сэрыi "Ўзыход", успрымаючы iх як звычайную iдэалягiчную туфту.

Неўзабаве па палёце трохпiлотнага "Ўзыходу" Фiма Герцыковiч i зарэзаў жонку. Вiдаць, ад перажываньняў бiялягiчны мэханiзм, ад якога залежала паўната цёткi Розы, пачаў нарошчваць ейныя кiляграмы з катастрафiчнай хуткасьцю. З такiм самым эфэктам, як яна, на нашую гаротную канапу, мог, напэўна сесьцi сам прывакзальны жалезны Ленiн. Карацей, канапе, нягледзячы на маштабныя посьпехi СССР у асваеньнi космасу, надыйшоў гамон, а на новую ў бацькоў бракавала грошай.

Калi ў часе выпрабаваньня цяжкагрузнага карабля "Саюз" загiнуў касманаўт Камароў, цётка Роза Герцыковiч да нас ужо не завiтала. Яна не чытала гiсторыка Фэрнана Брадэля, якi аднойчы сфармуляў свой славуты пастулят, паводле якога "калi габрэi прыяжджаюць у нейкую краiну, гэта адзначае, што жыцьцё там iдзе добра альбо пойдзе лепей, а калi ад'яжджаюць, - што яно iдзе дрэнна альбо зьменiцца на горшае". Фiмава мацi проста дачакалася сына з турмы i зьехала зь iм у Iзраiль.

Маёй цётцы Вользе, той самай, што некалi афарыстычна выказалася наконт нашага бегу навыперадкi з Амэрыкай, не было куды зьяжджаць, i яна воляй-няволяй мусiла заняць нейкае месца ва ўсесаюзных шматмесяцавых размовах аб лёсе касманаўта Камарова.

Лёталi чуткi, што камандзiр "Саюзу" не загiнуў пры пасадцы, а толькi пакалечыўся. Адны бачылi людзей, што на ўласныя вочы бачылi, як Камароў прызямлiўся на полi пад Новасiбiрскам, вылез з кабiны i папрасiў пiва. Другiя бажылiся, быццам чулi тое самае праз "варожы голас"...

Я быў пэўны, што падзея гэткага сумеру не абмiне на яе гiстарычнай радзiме i носьбiтку старажытнага й слаўнага полацкага прозьвiшча Герцыковiч. Мне ўяўлялiся смуглявыя жыхары бэтлеемскiх ваколiцаў (зрэшты, вельмi падобныя да нашых нядаўнiх суседзяў), якiя чуюць з алейных цёткiрозiных вуснаў, што калi Камароў i ацалеў, дык яго ўсё адно зловяць i заб'юць альбо, у лепшым разе, назаўсёды куды-небудзь заканапацяць, каб нiхто не падумаў, што савецкiя газэты, радыё i тэлебачаньне схлусiлi савецкаму народу.

Пазыцыя цёткi Вольгi ва ўсёй гэтай гiсторыi вызначалася яшчэ большай бескампрамiснасьцю. Iканапiсна падцяўшы вусны, мамiна сястра сказала, што Бог нарэшце ўзяўся караць летуноў, якiя безь ягонага дазволу панарабiлi ў небе дзiрак i сапсавалi надвор'е дый жыцьцё наогул. Зраблю нотабэнэ: зь цёткаю была салiдарная большасьць кабетаў зь яе шклоўскае вёскi Капысiца, што квiтнела пад сонцам калгаснага ладу за тры кiлямэтры ад тады яшчэ невядомай нiкому Александрыi, чые жыхары гналi ня горшую ад капысiцкае самагонку i не падазравалi, што праз чвэрць стагодзьдзя адзiн iхны землячок узначалiць усенароднае змаганьне зь нейкай страшнай замежнай Натай.

3
{"b":"81344","o":1}