Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Добра кажаш... Мусiбыць, за гэта i Данiка Мiколу забралi, - уставiў Ворка. - Нехта, мабыць, падаткнуў, што так i так, з Коршакам мае хаўрус. Га? А немцам толькi скажы...

- Скажу табе, што ёсць у нашым сяле гады, - сказаў Петрык. - Уведаць толькi - ды пятлю на iх. З такiмi страшна разам жыць.

- Дзiва што, сусед, - пагадзiўся Ворка, азiраючыся.

- А сам куды выправiўся?

- У Граву iду.

- Што там рабiцьмеш?

- Нешта Ганна наказвала, каб прыйшоў.

- Памагчы што трэба?

- Пэўна, нешта трэба зрабiць. Чалавек яе, як i твой Алесь, падаўся на ўсход, - апошнiя словы сказаў Ворка вельмi цiха i краем вока зiрнуў на Петрыка.

"Злуеш, старое карыта, што я дома, - падумаў Ворка. - Няма дурных бегчы ад свае хаты".

- Не чуў, дзе цяпер нашы?

- За Ельняй недзе. А дзе пэўна, нiхто не ведае. Словам, пад Маскву ўжо забеглi.

Стары Петрык пакiваў галавой i, як здалося Дзiкуну, холадна паглядзеў на яго.

- Няма на немчуру плягi! Но-о! - гукнуў стары на каня.

Воз пасунуўся па вулiцы далей, а Ворка неўзабаве апынуўся за сялом.

Да Гравы, дзе дачка была замужам, напрасткi тры кiламетры, а калi пайсцi бiтай дарогай, то набярэцца ўсе сем. Аднак па ёй усе ездзiлi i хадзiлi, робячы такi круг, бо простай дарогi, што iшла паўз Крумкачоў гай, на Граву даўно не было. Увесь гэты лес, а за iм лог адышлi пад артылерыйскi палiгон.

"Цяпер у нас артылерыйскi палiгон ад Белага да Чорнага мора", - падумаў Ворка Дзiкун.

Ён завярнуў на паплавы i пайшоў, трымаючы кiрунак на край сiняга лесу, што захiнаў Граву. Iшлося лёгка. У твар дыхаў халодны палявы ветрык.

"А як на мяне паглядзеў Петрык? Здаецца, каб прымеў, то схапiў бы загрудкi. А хто ён? Спаў у шапку, калi трэба было варушыцца. У мяне ўжо запасу на тры гады, а ты вазi чорныя снапы", - Ворка Дзiкун усмiхнуўся. Ён успомнiў, што днямi павiнны вазiць грэчку. Трэба наведацца на той палетак. Будуць i крупы, будзе i да круп.

Ён азiрнуўся, быццам баяўся, каб нiхто не падслухаў яго думак.

"Я не вазьму, то Гаўрыла возьме. Калi мы ўдвох праспiм, то немцы выграбуць усё, - супакоiў ён сябе. - Цяпер кожны цягне".

На краi Крумкачовага гаю Ворка спынiўся, агледзеўся. Завiдны быў лес на гэтым грудку. Выносiстыя хвоi з небам гаманiлi. Далей унiз цягнуўся ельнiк, сiнi, як навальнiчная хмара. Пад шашу было дробналессе.

Ворка нiколi тут не быў i да ўсяго прыглядаўся.

Iдучы далей, заўважыў пад кустом салдацкую каску, а побач падраную гiмнасцёрку. Прыпынiўся.

"Мусiць, забiлi салдата", - падумаў ён i са страхам абышоў гэта месца.

Прыслухоўваючыся да птушынага шчэбету, Ворка задумаўся.

"Каб прыйшлося мне змабiлiзавацца, то, мабыць, недзе ў разорцы ўжо закрыўся б каскай i парыў бы косцi, - дрыжыкi страсянулi Ворку. - То гэта салдаты... А колькi дзяцей i жанчын загiнула? Што далей будзе? Па ўсiх вёсках людзi ненавiдзяць немцаў..."

Пачуўшы гул самалётаў, ён падняў галаву. Самалёты iшлi строем, як на парадзе.

"На Маскву садзяць, - падумаў ён, iдучы лесам. - Няўжо немцы возьмуць верх?"

Праз гадзiну Ворка быў у Граве. Ганна сустрэла яго з дзiцем на руках, заплаканая i ўчарнелая: учора немцы забралi ў яе карову.

"I да нашага роду дабралiся, рабаваць пачалi", - уздыхнуў Ворка.

- А цялушку пакiнулi?

- Пакiнулi... Цялушка ў кустах хадзiла.

- Цяпер трэба з жывёлай далей ад шашы - у лес. У каго яшчэ забралi?

- Занялi з чарады пятнаццаць кароў i пагналi.

- А ў нас учора забралi Данiка Мiколу.

- Iнвалiда? - здзiвiлася Ганна.

- Нехта, вiдаць, падаткнуў, што мае справу з Коршакам. От табе i iнвалiд... - нiбы мiж iншым сказаў Ворка.

- Таму, хто навёў, мала галаву знесцi. Такi час!

Ад слоў дачкi Ворка ўгнуў галаву. Яму здавалася, што калi яна спаткае яго позiрк, то адразу пазнае, чыя гэта работа. Дзiвячыся, як Ганна ўзлавалася ад навiны з Жорнаўкi, Ворка папытаўся:

- А што ў Граве чуваць?

- I ў нас усе пра Коршака гавораць. Былi б такiя ўсе, як ён, то даўно не было б немцаў. А то...

"Скажа мне ў вочы, што не пайшоў у армiю, а прыбег дамоў ды агiнаюся, назапашваю дабро", - сцяўшыся ўвесь, пачакаў ён, а пасля ў тон дачцэ сказаў:

- От бо, скажы, ёсць жа людзi!

Ганна памаўчала, пазiраючы на вулiцу, тады стала гушкаць на руках малую.

- Дзе цяпер мой Сымон? - бедавала яна. - Ужо можа, дачушка, наш тата ляжыць дзе пад ракiтаю зялёнай. От час прыйшоў!

Ворка пазiраў на дачку, на ўнучку, а сам думаў:

"Добрая цаца твой Сымон. Пабег чорт ведама куды. Што там у яго - дзе мацi цi цешча? Другiя вунь як зрабiлi..."

Убачыўшы слёзы на вачах у дачкi, сказаў:

- Кiнь плакаць. Давай думаць, што рабiцьмем.

- Нiчога не знаю, нiчога не ведаю...

- Хадзi сюды.

Яны селi ў баразне на агародзе сярод маку, што суха шапацеў лiсцём на ветры. Бацька сказаў, што трэба даставаць карову i што ён паможа. Трэба папытацца, можа людзi дзе прадаюць.

"Як прыйдзецца крута, то не ведаеш куды кiнуцца..." - падумаў ён i пашкадаваў, што пазаўчора не ўзяў у Петрыка соладу. Праз тыдзень можна было б мець самагонку, а з ёю i карову можна таргаваць. Нават у немцаў.

Ганна супакоiлася, не плакала ўжо.

- Пазаўчора была ў мяне жанчына з Сяльца. Казала, што ў iх начаваў Лычко Сымон з Гравы, калi ў чэрвенi нашы адступалi...

- Што ты кажаш!

- Пыталася, цi няма яго дома.

Навiна вельмi ўразiла Ворку.

- Глядзi... - Ворка азiраўся, - каб тая кабета не прывяла хвост у двор...

- Не павiнна. Пасядзела, распытала, як жыву, што чуваць у нас, i пайшла.

- Калi толькi яна ў Граве каму-небудзь сказала, што Сымон быў у Сяльцы, то трэба баяцца, дачка. Там часта бывае Коршак.

- Я ў яе пыталася... I так i гэтак... Але яна нiчога болей не сказала. Заходзiў, пераначаваў, а ранiцай пайшоў з яе сынам.

- А дзе ж гэта яны знюхалiся?

- На курсах трактарыстаў разам вучылiся.

- То можа нiчога, - Ворка супакоiў i сябе i дачку. - Многа людзей iшло. Дзён дзесяць назад зайшлi да нас удвох, з бародамi, як дзяды. Есцi прасiлi. Казалi, што iдуць з-пад Беластока.

Ворка доўга сядзеў, падпёршы рукамi галаву. Думаў аб тым, што рабiлася ў Жорнаўцы, у Граве i ў тым далёкiм Сяльцы, з якога нядаўна была ў Ганны жанчына. I ўсюды былi слёзы, страх i трывога.

Ворку ж пакуль што нiчога. Непрыемнасцi мiналi яго. I тут ён успомнiў Бойку Змiцера. Успомнiў яго словы: "Калi што трэба, то заходзь".

2
{"b":"81281","o":1}