Антон Алешка
Крумкачоў гай
У пачатку трыццатых гадоў уся Жорнаўка ўступiла ў калгас, а Спiрыдон Ворка не захацеў.
- Не пайду! - сказаў ён.
Да самай вясны яго ўгаворвалi i свае i чужыя людзi, што прыязджалi ў сяло.
- Не пайду! - чулася ў адказ.
За гэта Ворку празвалi Дзiкуном.
Неяк перад самай пасяўной сабралi сход i пастанавiлi: Спiрыдону, як адзiнаму аднаасобнiку, выразаць з агульнага калгаснага поля яго гектары на краi Арабоўнiка, што быў за тры кiламетры i межаваў з землямi суседняга сяла.
Брыгадзiр Данiк Васiль назаўтра ж па самыя вуглы адмераў яго агарод i далучыў да калгаснага поля, на якiм брыгада сеяла ячмень.
Ворка пабыў аднаасобнiкам да восенi i занёс заяву ў праўленне калгаса.
Што ён амаль цэлы год не ўступаў у калгас, людзi даўно забылi, а мянушка Дзiкун так прыстала да яго, што ўсё сяло звала яго толькi Ворка Дзiкун.
Данiк Васiль пабыў брыгадзiрам два гады, а пасля стаў радавым калгаснiкам. Сустракаўся з Воркам на вулiцы, на полi, вiтаўся за руку. У Воркi ж Дзiкуна крыўда на былога брыгадзiра i суседа так запяклася на сэрцы, што непакоiла аж да гэтага лета.
Ворка Дзiкун ужо быў у гадах, але нiколi не галiўся. Ён збольшага падстрыгаў ножанкамi рыжаватую бараду i вусы, i галава яго выдавала круглай, як у ката. I вочы яго, маленькiя такiя i хiтрыя, адсвечвалi нейкiм халаднаватым жаўтлявым святлом.
Быў ён незвычайна цiкаўны чалавек, i нiшто не праходзiла мiма яго вока. У калгасе рабiў цягавiта, гаспадарлiва, як усе жорнаўцы.
У першы дзень вайны жорнаўцы прызыўнога ўзросту - разам з iмi i Данiк Васiль - пайшлi ў ваенкамат i ў сяло не вярнулiся.
Ворка Дзiкун выбраўся на зборны пункт толькi назаўтра i ўжо праз тры днi ў поцемках, стаiўшыся, стаяў каля сваiх варот на агародзе i пазiраў на захад, што паблiскваў малiнавымi сполахамi ад узрываў i пажараў.
Нямецкiя танкi па шашы iшлi на Бабруйск.
Болей за месяц Ворка Дзiкун нiдзе не паказваўся, а калi наўкола зацiхла стралянiна, агледзеўся, i ягоная цiкаўнасць узяла сваё. Захацелася паглядзець, што асталося ад горада, якi гарэў аж чатыры днi.
Аднойчы ранiцай ён апынуўся на шашы, падняў руку, i нямецкая машына падвезла яго да горада.
Ворка абыйшоў выбiты i спалены горад, спынiўся насупроць памяшкання былога райвыканкома, якое цудам захавалася. Каля самага ганка стаялi тры машыны, у калiдоры тырчаў салдат з аўтаматам.
"Немцы тут абжываюцца", - падумаў ён i павярнуў ужо iсцi назад, як на ганку пачулiся крокi.
- Дзiку-ун! - пазваў грубы голас. - Пачакай!
Твар у Воркi адразу загарэўся. Яго ў сяле нiхто не адважваўся так называць у вочы, а гэта нехта ў горадзе крычыць на ўсю вулiцу.
Збегшы з ганка, да яго iшоў здаравенны мужчына.
- Дзiкун! - сказаў ён, моцна пацiснуўшы руку Ворку. - Што? Не пазнаў?
- Здароў, чалавеча! - Ворка ўбачыў перад сабою Змiцера Бойку з суседняй вёскi Падлессе. Яны калiсьцi часта сустракалiся ў засценку ў Лявонавай Волькi. Аднак Волька нi таму, нi другому не дасталася. У пачатку калектывiзацыi Змiцер кудысьцi з'ехаў. Iшла чутка, што ён сеў за кражу. Праўда гэта цi не, не папытаешся цяпер.
Змiцер тым часам усмiхнуўся.
- Даўно ж мы з табой не бачылiся...
- Даўнавата, браце.
Ворка Дзiкун не ведаў, як быць. Цяпер такi час, што трымай вуха востра.
- Што ў вашым сяле чуваць? - дапытваўся Бойка.
- А нiчога. Жывём.
- Мужчын многа ў сяле асталося?
- Не сказаць каб. Многа змабiлiзавалi.
- Змабiлiзавалi... Самi пабеглi даганяць. - Змiцер пiльна паглядзеў у твар Ворку Дзiкуну. - Ты ж от дома. Маладзец. Ну, а тыя, што дома асталiся былi, не збеглi ў лес?
- Не чутно нешта.
- Ты ды каб не чуў... - усумнiўся Змiцер.
Ворку Дзiкуна ў гэты момант нiбы за язык пацягнулi.
- Здаецца...
- Ну-ну...
- Данiка Васiля знаў?
- Што брыгадзiрам быў i табе мянушку выдумаў?
- Але. Самога то дома няма, а сын Мiкола, з сухой рукой, то, мабыць, ноччу кудысьцi ходзiць. У лес цi за лес, а мо на дарогу. От так, браце.
Змiцер пляснуў рукамi па сцёгнах, задаволена пацёр далонямi.
- Сёння ён дома?
- Дома.
Ворка Дзiкун сказаў пра Данiка Мiколу пад гарачую руку з-за крыўды на бацьку, а пасля адумаўся. Ён глянуў на памяшканне райвыканкома i хацеў штосьцi сказаць.
- Чаго так глядзiш? Тут ужо не рэвэка, а камендатура. I я ў гэтым доме маю канцыляру, - падмiргнуў Змiцер. - Прашу заходзiць.
- Няхай ужо як будзе патрэба.
- А цяпер што? Няма iнтэрасу?
Ворка пацiснуў плячамi. Ён не вельмi разумеў, куды хiлiць Змiцер.
- Я знаю цябе як добрага гаспадара. I немцы такiх таксама любяць. Ферштэен? А калi трэба будзе што-небудзь, то не саромейся. Заходзь.
Ворка насцярожана аглядаў на Змiцеры нямецкi кiцель.
- Добра, - паабяцаў ён.
Не паспеў Ворка вярнуцца дадому, як немцы ўжо забралi Мiколу. У канцы сяла сабралiся людзi, да натоўпу далучыўся i Ворка Дзiкун, бедаваў разам з усiмi, крычаў, што Мiкола Данiк зусiм хворы i цiхманы чалавек.
Назаўтра, паснедаўшы, Ворка выйшаў на вулiцу i стрэў з возам снапоў старога Петрыка.
- Бог помач! - сказаў Ворка.
- Нешта нiякай помачы ад яго, адна немач, - адказаў Петрык.
- Возiш, стары, сабе снапы, а я? - азiрнуўся Ворка на ўласную сядзiбу. Нi стопкi, нi гуменца. Пуста. Усё забраў Данiк...
- Каторы Данiк?
- Не малады ды хворы, а стары, Васiль...
- Хто старое спамяне, таму асцюк у вока, - сказаў Петрык. -Трэба, чалавеча, забываць ранейшыя крыўды. Такая ў нас калатэча!
- Я без крыўды. Дзе там! - азваўся Ворка Дзiкун. - Убачыў, што вязеш снапы, то i сказаў. Ведама, у цябе ёсць куды везцi, на тваёй сядзiбе стаiць гуменца.
Петрыкава гумно сапраўды ацалела. Там ляжаў калгасны iнвентар. Гумны ж суседзяў i Воркава разабралi, як будавалi цялятнiк.
- I ты вязi ў маё гумно. Ды якое яно маё? Калiсьцi было маё. Цяпер наша. Вязi, памесцiмся... - Петрык разгладзiў вусы. - Чуў, што надоечы было каля Бязверхавiчаў?
- Не.
- Так iрванулi, кажуць, што два цягнiкi скiнулiся з рэек. Многа ехала пяхоты з танкамi. У-у... Там такое рабiлася!
- От, скажы, нехта ж гэта робiць. I так хвацка.
- Кажуць, Коршак нейкi.
Ворка Дзiкун даўно прачуў, што ёсць якiсьцi Коршак. Ён палiў склады, падрываў эшалоны i масты. Ворка здзiўлена пакiваў галавою.
- I нiхто не бачыў таго Коршака. Сёння ён, скажам, тут, а назаўтра акажацца пад Грэскам цi пад Цiмкавiчамi. Хiтра робiць.