Литмир - Электронная Библиотека

І яйкі пайшла глядзела. Дзясятак гэтых энкалагічных стаіць тут, вядома, лепш ісці купіць на рынку, зусім яны знахабіліся, ім яйкі каштуюць сёроўна як ікра, але таксама яшчэ акцыя была, свята, адразу трынаццаць яек узяць купіць, а каштуе як адно. Я ўсё гляджу, нюхаю гэтыя яйкі – ну нібыта добрыя, толькі чорным памаляваныя. Пошкабліла шкарлупіну пазногцем, там белае яйка пад фарбай. Што ж, кажу, маўляў, яйкі чорныя ў вас, памаляваныя, а жанчына смяецца, кажа, свята Халовін, на свята спецыяльна зрабілі. Купіла гэтыя трынаццаць яек, як гаварыцца. Прыйшла дадому, паела кашу, памыла каструлю. А з акна дзме, забылася папрасіць упраўдома, газету ўзяла чытала.

А як раніцай устала, чаю папіла, дай думаю я яйкі гэтыя. Шчотачкай з мылам іх і сяк, і так, ня адмываецца, варыць, думаю, не буду – навошта, каб фарбай мне гэта набрыняла тутака ўсё. Узяла з аднаго яйка разбіла – пасмажу яечнечку. А ў абед якраз хуткая ўнізе прыехала, чую ў нашым пад’ездзе і ў вочка гляджу ўсё – Божухна! – Альбертаўну панеслі. Сын кажа, раніцай прыступ і ўсё – на месцы адразу. Жах, бо, кажу, толькі ўчора размаўлялі.

Я Альбертаўну добра ведала, нават узяла паплакала. А была цыбулька яшчэ ссохлая, Машачка з трэцяй кватэры занесла зялёнай, харошая дзяўчынка, заўжды паздароўкаецца, спытае, пастукае ў дзверы, малайчына, і Сярожа ейны майстар на бітумным. Так дай думаю з цыбулькай пасмажу, каб не прападала, ну нічога, што чорныя, смачныя, жаўток жоўты, не тое што з хіміяй. Ўбіла два на патэльню, цыбулька, але такія яны апецітныя, ай, думаю, яшчэ адно адразу. Хлебам з талеркі выцерла, чую пахне дымам, нешта гарыць, я сюды, я туды – у пад’ездзе дым, акно адкрыла, пажарныя пёрыехалі, міліцыя, хуткая. Я ў акно гляджу – траіх выносяць – Машачку з трэцяй, мужа яе Сяргея і сыночка яшчэ толькі ў школу пайшоў, Божачкі мае, учадзелі ў кватэры, задымілася нешта.

Тры дні не спалася потым, што ж гэта робіцца, нядобра мне было, ціск скакаў усё, ну ўзрост, страшна сказаць. Капусту даела, поснае таксама мяса варанае было, што з булёна засталося. Потым прыгатавала амлет, з пяці яек, каб таксама на вечар, мука таксама канчаецца, трэба будзе ісці. А там радыё гучна ўнізе, ці то ў гэтых новых з першай, ці то ў Надзькі-п’янтосіхі з другой, бяда-гора! І цэлы дзень радыё на ўсе застаўкі. Я сабралася, тэпці насунула, схаджу ўніз, а гэта не ў Надзькі, а ў новых, цісну званок, тут і Надзька выйшла, кажа капец як гучна, стук-стук у дзверы – не адмыкаюць. Надзька хоп, – а там адчынена, зайшлі, клічам, а Надзька наперадзе ішла, крычыць мне стаяць, не ісці, я з разбегу зазірнула ў залу – ажно мне сэрца схапіла – Божухна, кроў паўсюль. А там гэтыя новыя грузіны, ці хто яны там, бізнесмены ўсе зарэзаныя. Ну міліцыя зноў у наш пад’езд, мне ўсё перад вачыма ад перажыванняў круціцца, ляжала да аўторка не ўставала, Надзька хоць п’янтосіха, наведвала, дапамагла мне, малайчына якая. Ужо потым палягчэла, так кажу, вазьмі сабе вось на бутэльку і яйкі мне пакінь, адно сабе астатнія бяры, добрыя, не глядзі-тко, што чорныя.

І зрання шум-гам унізе, вох, думаю, ну не зноў жа, што ж гэта звалілася на наш падъезд, нейкі злы кон, мігцелкі чуваць, ледзь усталася, абглядзелася – а як жа, пад нашым пад’ездам гармідар – і журналісты, і міліцыя, і хуткая. Да мяне пастукалі, малады такі міліцыянерык, ветлівы, не чула ці чаго ноччу падазронага, я кажу, жах з нашым домам нейкі адбываецца, як Альбертаўна памёрла, так усё паміраюць. Міліцыянерык кажа, напэўна, таму што год высакосны, а я не чула нічога, ён кажа, вы не хвалюйцеся, Надзька, маўляў, з алкашнёй гэтай сваёй пілі-выпівалі, палаяліся відаць і таксама давай нажамі махаць, паклалі адзін аднаго ад ран на месцы, а Надзька засілілася, высакосны год, тры нябожчыкі, Божухна!

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

4
{"b":"811975","o":1}