Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Ты пойдзеш шукаць яго? - спытаў Зел, калi прачнуўся марозным досвiткам.

- Не, - адказаў Рой. З кожным днём ён, сам не ведаючы чаму, адказваў Зелу ўсё больш лаканiчна.

Якраз апоўднi першага дня адсутнасцi Мэрэя Рой заўважыў, калi выпраўляўся на Сярэбраную раку, маленькага чалавечка на схiле каля балота андатраў. Рой ледзьве бачыў яго ўдалечынi на крутым снежным схiле праз серабрысты частакол бяроз. Гэта быў Зел, ён нешта майстраваў памiж двух ствалоў, i па нейкiх асаблiвых прыкметах Рой вызначыў нават на такой адлегласцi, што будаваў памост. I Рой ведаў навошта. Зел майстраваў тайнiк для пушнiны, якая будзе схаваная ад вачэй кампаньёнаў i недасяжная для драпежнiкаў.

- Так, значыць, Зел пакрыху махлярыць, - усмiхнуўся Рой. Зараз ён быў перакананы, што частку вылаўленых андатраў Зел апрацоўвае на месцы, каб не ўлiчваць iхнюю пушнiну падчас агульнай дзяльбы. Рой крыху пастаяў, каб канчаткова пераканацца ў махiнацыях Зела, пасля пацiснуў плячыма i пайшоў прэч. Гэта яго не пацешыла, як было б раней, i не раззлавала. Яму было абыякава, i дробны махляр Зел i яго пушны склад, - усё гэта ўяўлялася зараз дробным, страшна дробным.

Некалькi разоў за дзень Рой чуў стрэлы. Па гуку гэта нагадвала вiнтоўку Мэрэя, але поўнай перакананасцi ў яго не было. Вечарам Зел зноў бушаваў наконт пагiбельнай для iх стральбы Мэрэя, але сам Мэрэй гэтага не чуў. Яго ўсё яшчэ не было, i вярнуўся ён толькi праз суткi. Ён прыйшоў з першымi парывамi завiрухi. Яго твар пунсавеў, калi ён нагой адчынiў дзверы i кiнуў на падлогу блiскучую чорную шкуру вялiзнага мядзведзя. Рой зачынiў дзверы, у якiя рвалася замець, а Мэрэй нагнуўся i строс з галавы i шыi тоўсты пласт снегу.

- Так атрымалася: цi мне загiнуць, цi яму, - сказаў Мэрэй пра мядзведзя. Вось я яго i забiў. Ты б ад смеху памёр, Рой. Сяджу я ўчора ў схованцы пад скалой, стараюся неяк сагрэцца, а ён лезе туды ж. З першага разу я прамазаў, а ён пачаў паварочвацца, каб вылезцi, i я другiм уляпiў яму ў горла. А тлусты! Стаiць раскiрэчыўшыся, нiбыта скунс, а такi тлусты, што i з месца не можа скрануцца.

- А што яшчэ прынёс? - спытаў Зел.

- Ат, дробязь, - сказаў Мэрэй, дастаючы з мяха некалькi скурак. - Лiсяня ды кацяня, вось i ўся здабыча.

- I гэта за тры днi палявання! - заенчыў Зел.

Роўны голас Мэрэя звычайна запаўняў усю хацiну, але зараз Мэрэй маўчаў, i гэта было папярэджанне Зелу i злавесная прыкмета для Роя. Сахаты ўжо не нагадваў болей быка, якi лянiва адганяе хвастом мух; зараз ён быў больш падобны на свайго цёзку лася, якi гатовы кiнуцца на дакучлiвую нiкчэмнасць i павалiць яго, затаптаць магутнымi капытамi. Рой бачыў гэта, i яму было ўсё роўна. Ён безуважна назiраў, чыя ж возьме, як назiраў бы за сустрэчай вавёркi i шашка, калi б яны задумалi падужацца. Для Роя гэта былi новыя адносiны да людзей, якiх ён яшчэ не ўсведамляў. Ён толькi ведаў, што кожны з iх зараз самагодная адзiнка i мяжа iхняй адчужанасцi менавiта ў тым, што, жывучы так, як яны тут жылi, яны засталiся замкнутымi адзiночкамi: няма ў iх нi сяброўства, нi ўзаемнай дапамогi. Зараз страта гэтага пачуцця супольнасцi яго не кранала, i яму было ўсё роўна, што станецца з кожным з iх.

Снег iшоў трое сутак, i часам напружанасць станавiлася пагрозлiвай. Чым больш спакойна i бесклапотна адмахваўся ад дакучлiвай мухi Мэрэй, тым больш ядавiтым i iстэрычным станавiўся Зел. Памiж iмi не ўзнiкала сапраўднай спрэчкi, толькi дробныя сутычкi: каму галiцца першым альбо хто прынясе вады, цi хто хроп усю ноч. Справа дайшла да выбуху, калi Зел заявiў, што, як толькi скончыцца завiруха, iм трэба выбiрацца з заказнiка. Пушнiны ў iх дастаткова, а стрэлы Мэрэя, напэўна, ужо прыцягнулi ўвагу, i iх шукаюць.

- Яшчэ не выплакаў свайго воцату! - сказаў Мэрэй.

- А ты наогул не хочаш мець нiякiх стасункаў нi з чым, - з'едлiва азваўся Зел, i твар яго скрывiла ад злосцi. - Ты страцiў рэшткi чалавечага аблiчча. Блукаеш па лесе, як звер. Сам становiшся лясным зверам i Роя цягнеш туды...

Мэрэй засмяяўся, а Рой запхнуў у рот порцыю жвачкi.

- А ты таксама страцiў сваё ранейшае аблiчча, Зел, - сказаў Мэрэй. - Пара табе садзiцца на зямлю ў Сэнт-Элене i заняцца фермерствам. Вiдаць, iнспектар адбiў табе ўсе бэбахi. Зараз лес для цябе найбольш прыдатнае месца, Зел. Вельмi прыдатнае!

- Гэта табе ў зручны момант хто-небудзь усадзiць кулю ў патылiцу, а я пасля гэтага яшчэ доўга буду займацца паляваннем, - адказаў Зел. - I калi ты думаеш, што я спалохаўся iнспектара, можаш ашчаджаць слiну, гэтаму iнспектару засталося нядоўга гуляць. А калi хочаш каму-небудзь параiць заняцца зямлёю, то парай Рою. Гэта ён з тых, што здыхаюць у свiнарнiку.

Мэрэй даў магчымасць адказаць Рою, але Рой устаў, каб паварушыць вуголле.

Iхняе маўчанне яшчэ больш распалiла шаленства Зела.

- Ты спытай у Роя, што ён будзе рабiць, калi Эндзi зразумее, хто займаў яго месца апошнiя дванаццаць гадоў.

У Роя ў руках было бярозавае палена, i яно адразу ж прасвiстала ў паветры i стукнулася ў сцяну хацiны, але Мэрэй своечасова спусцiў з ложка тоўстую нагу i сапхнуў Зела на падлогу. У напружанай позе, седзячы на кукiшках, Рой быў падобны на "вадзянога быка", мускулы на шыi набрынялi i, здавалася, вось-вось лопнуць, цяжкiя рукi вiселi па баках, быццам гнеў яго знясiлiў. Вось-вось нешта здарыцца, але Мэрэй устаў i ўздыхнуў.

- Ну, - сказаў ён i выцягнуў з-пад ложка вузел з адзеннем. - Я хаваў гэта на чорны дзень, але сёння ў нас тут зусiм чорна. - Ён дастаў бутэльку спiрту, пераступiў цераз скурчанага на падлозе Зела i стараўся дастаць нож, каб адкаркаваць бутэльку. - Не прадыхнуць ад воцату! - дадаў ён, налiваючы ў два кубкi. - Вось вам. За тое, каб згiнулi, нарэшце, закон i парадак.

Не закон i парадак, а думкi пра Сент-Элен, вось што трэба было залiць Рою вiном. Удар Зела здзiвiў яго мацней, чым ён мог чакаць, i, здавалася, перарэзаў апошнюю нiтачку, якая прывязвала яго да Сент-Элена. Ён ведаў, што для яго гэта зараз пустое месца, i ўзяўся за бутэльку, адкiнуўшы ўсялякiя цуглi, i горыч праглынула ў iм рэшткi цвярозага гумару.

Раздзел дванаццаты

Калi завiруха, завалiўшы ўсё снегам, нарэшце сцiхла, Рой узяў ружжо i на лыжах выправiўся на паляванне на хрыбты. Хутка ён высачыў i застрэлiў аленя. Хоць Рой разабраў тушу i павесiў на дрэва, ён ведаў, што сапраўднай патрэбы забiваць гэтага аленя (да таго ж самку) не было, бо ў iх яшчэ заставаўся вялiкi запас ласiнага мяса. Але, калi ён i ўсвядомiў на iмгненне ўсю непатрэбнасць iмкнення забiць, гэтая думка згiнула ў радасным адчуваннi, што ён зноў на паляваннi, i ён не сыходзiў з хрыбтоў, працягваў падпiльноўваць дзiчыну, ён быў гатовы забiваць усё, што трапiць яму на мушку, забiваць, не адчуваючы падчас гэтага абсалютна нiчога, акрамя паляўнiчага азарту.

42
{"b":"81021","o":1}