Рой ладзiў пасткi ў разлiку на любога звера, якi ў iх трапiць, няхай сабе гэта рысь, лiс, кунiца-рыбачка альбо нават воўк. Шкуры ваўка iшлi за бясцэнак, але за ваўка старэйшага за тры месяцы плацiлi дваццаць пяць даляраў прэмii; i хоць Рой лiчыў гэта толькi суровай помстай закону ў адносiнах да чацвераногага паляўнiчага, ён не губляў гэтай магчымасцi.
- Iдзе вайна, - казаў Рой звярынай брацii на паляўнiчых сцежках, - i нехта ў ёй павiнен перамагчы. Нехта павiнен перахiтрыць iншага, таму асцерагайся, жорсткi воўк, крывасмок-норка, насцярожаная лiса, рысь-чашчавiк. Нехта з вас павiнен перахiтрыць iншага.
Рой быў вельмi хiтры. Ён не лiчыўся спецыялiстам па звярах, якiя бегаюць i якiх цяжка злавiць, але ён мог перахiтрыць iх, бо ведаў iхнiя звычкi. Усе звяры хадзiлi па сцяжынках, пратаптаных буйнымi звярамi, такiмi, як алень альбо лось. На такiх сцежках i ставiў Рой свае пасткi. Асаблiва хiтра ставiў iх на лiсу. Звычайна Рой перагароджваў звярыную сцежку ствалом; ён падкочваў ствол да месца з дапамогай рычага, да якога дакранаўся толькi ў пальчатках, цалкам пазбягаючы ўсялякага чалавечага паху. Перагарадзiўшы дарогу, ён закручваў адзiн канец доўгага дроту вакол цяжкага ствала, а затым прыладжваў пятлю так, што лiса павiнна была трапiць у яе, калi б захацела абысцi ствол. Сiло майстравалася са стальной раяльнай струны, моцнай i пругкай, а каб i на ёй не заставалася слядоў дотыку чалавека, Рой нацiраў яе воскам. Некаторыя траперы карысталiся для гэтага мускусам бабра альбо пацука, але Рой лiчыў, што перша чым зваблiваць чуйны нос лiса гэтым падманлiвым пахам, лепш нейтралiзаваць сiло нейтральным пахам воску. Ён яшчэ нiколi не правяраў гэтай сваёй тэорыi, але зараз, расставiўшы шмат пастак вакол Зялёных Азёр i Чатырох Азёр, а таксама на хрыбтах i ў далiнах, ён мусiў праверыць сапраўдную iх вартасць i сваё ўласнае паляўнiчае майстэрства.
У апошнюю чаргу Рой заняўся кунiцай i блiзкай да яе кунiцай-рыбачкай. Гэтыя каштоўныя пушныя звяры маглi трапiць у любую з яго пастак, у пастку на норак, у некаторыя сiло нават у пасткi на баброў i андатраў. Але паляванне спецыяльна на рыбачку альбо на кунiцу патрабавала асаблiвага вопыту i майстэрства. Яны не толькi рэдка сустракалiся, але, як правiла, нiколi не выяўлялi свайго жылля. Паляўнiчаму даводзiлася здагадвацца, дзе iх шукаць, здагадвацца пра iхнiя звычкi. Абедзве мелi багатую шаўкавiстую карычневую пушнiну стойкага колеру, за яе заўсёды добра плацiлi. Абедзве жылi на дрэвах, не карысталiся логавамi альбо норамi. Абедзве харчавалiся дробнай жыўнасцю зайцамi, вавёркамi, мышамi, усiм, што трапляла на iх востры зуб. Разважаючы пра iх, Рой згадаў, што за ўсё сваё доўгае жыццё ў лесе ён бачыў кожнага з гэтых звяркоў толькi пяць цi шэсць разоў, асаблiва кунiцу. Яна жыла ў самым гушчары i цемры хвойных нетраў i не пераносiла вады i сырасцi. А рыбачку, наадварот, можна было звычайна знайсцi каля балота альбо ручая, хоць i тут яна знаходзiлася на вершалiнах дрэў i спускалася толькi паляваць. Яны былi злосныя ворагi, i ў сутычках кунiца звычайна перамагала свайго родзiча. Яны абедзве палявалi паасобку, пераважна ноччу. Пра iхнiя звычкi ў Роя захаваўся толькi адзiн успамiн. Аднойчы на яго вачах рыбачка загрызла чырвоную вавёрку; убачыўшы Роя, рыбачка адкусiла ў вавёркi пушысты хвост i кiнулася да блiжэйшага дрэва. Яна iмгненна знiкла ў лiстоце i паляцела з верхавiны на верхавiну, трымаючы ў зубах вавёрку, але пазбавiўшыся яе хваста, якi перашкаджаў бы так хутка бегаць.
Рой ладаваў свае пасткi на кунiцу i рыбачку чырвонай вавёркай, але замест таго, каб замацоўваць пасткi на паваленым ствале альбо на зямлi, ён падвешваў iх так, што ў скачку за вавёркай кунiца альбо рыбачка павiнны былi абавязкова патрапiць у пастку. Ён паставiў пяць паўтарачных пастак, усе вакол Зялёных Азёр. Для рыбачкi ён выбiраў навiслыя над вадой елкi, для кунiцы заходзiў глыбей у гушчар. Гэтым Рой закончыў ставiць ланцугi пастак для масавай лоўлi.
Але паставiць пасткi было толькi пачаткам. З гэтага дня яму трэба было настойлiва i метадычна аглядаць пасткi, абыходзячы iх у строгай паслядоўнасцi i замяняючы прынаду. Ён абышоў спачатку Чатыры Азёры, праверыў пасткi, а калi вяртаўся ў хацiну, праверыў яшчэ некалькi пастак. Затым зрабiў двухдзённы абыход Зялёных Азёр, па дарозе туды праверыў пасткi, выбраў тыя, што ля вады, а па дарозе назад праверыў астатнiя. Яму давялося цягнуць на сабе ўвесь правiянт, прынаду, сакеру i злоўленую дзiчыну. Абход даводзiлася рабiць хутка, бо на Зялёных Азёрах у яго не было iншага сховiшча, акрамя шалаша з галiнак пiхты, якi ён змайстраваў пад вялiкай сасной. Значыць, яму даводзiлася нясцi i спальны мяшок, а для чалавека, якi прывык да зручнасцi сваiх хацiн, гэта было вялiкай стратай. Але ён не здаваўся, спадзеючыся, што вынiк апраўдае ўсе затраты. За два тыднi Рой злавiў чатырох баброў, чатыры андатры, адну норку i дзвюх ласак. Больш рэдкая дзiчына - лiса, рысь, рыбачка, выдра - зусiм не траплялася яму, хоць ён выявiў шмат слядоў лiсы i рысi i ведаў, што рана цi позна ён зловiць iх. Але для гэтага патрабавалася шмат цяжкай працы, бясконцай працы.
- Вось табе i адзiнаццаты нумар! Чым не аўталiнiя? - мармытаў ён сам сабе, калi знясiлена вяртаўся ў сваю хацiну ля Чатырох Азёр. - Вось табе i канвеер! - Але ён працягваў гэта толькi тры тыднi, а пасля зразумеў, што пара спынiцца: пачаў выпадаць снег.
Усё пачалося з невялiкай завiрухi i парывiстага паўночнага ветру. Чысты раннi сняжок пасцiлкай лёг на лес, азёры i хрыбты гор, i ўжо з гэтага снегападу ў далiнах утварылiся гурбы. Усю гэтую завiруху Рой пераседзеў у сваёй хацiне на Чатырох Азёрах. Калi завiруха сцiхла, ён зрабiў апошнi абыход - снег прымушаў яго спяшацца i хутчэй правяраць пасткi на Лiтл-Рывер, а затым скiраваць на поўдзень i паглядзець, што робiцца ў яго на возеры Пiт-Пiт. Абодва гэтыя ўчасткi былi закiнуты iм амаль на месяц, i Рою трэба было вырашыць, цi варта дзеля новага ланцуга пастак забывацца на ўсе старыя. Ад гэтага рашэння шмат залежала ў далейшых паводзiнах Роя.
Падчас апошняга абходу яго затрымлiваў рыхлы снег, якi даводзiлася абтоптваць адразу. Абход быў няўдалы. На Чатырох Азёрах папалася некалькi баброў i некалькi андатраў. I ўсё. Па дарозе на Зялёныя Азёры ён знайшоў у адной пастцы лiсу. Лiса сядзела на сцежцы, драцяная пятля захлiснула ёй шыю, але яна была яшчэ жывая i нагадвала сабаку на прывязi. Яна злосна пазiрала на Роя, якi iшоў па сцежцы. Рой спынiўся.