Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Рой! Рой Мак-Нэйр!

Човен уткнуўся ў вялiзны камяк злiплых водарасцей.

- Хто там? - гукнуў Рой. - Гэта ты, Джэк?

Ён падумаў, што гэта Джэк дагнаў яго, каб сказаць, што Сэм усё кiдае цi мо, што вярнуўся Эндзi Эндрус.

- Гэта я. Скоцi Малькольм.

- Скоцi? Прывiтанне, Скоцi, зараз прычалю. - Голас Роя прагучаў цiха i блякла, губляючыся ў балотным зараснiку. Кароткiмi ўдарамi вясла ён павярнуў човен да хацiны. - Хiба ты ў Сент-Элен?

- Не. Я з табой у лес, - адказаў Скоцi.

- Тады табе пашанцавала пазбыцца доўгай дарогi, бо праз паўгадзiны мяне тут не было б.

Скоцi Малькольм паляваў разам з траперам, якога ўсе называлi Самсонам. У кожнага быў свой участак, але палявалi яны разам. Iхнiя ўчасткi знаходзiлiся на паўночны захад ад Роя, i праехаўшы на чоўне Роя па возеры, Скоцi выйграваў дваццацiкiламетровы пераход па высокiх хрыбтах, якiя вялi ў яго гаспадарку.

- Я ўчора даведаўся, што ты пайшоў з Сент-Элена, - сказаў Скоцi i нагнуўся, каб схапiць човен за нос. - Ну i шпарыў жа ты. Я iшоў палову ночы, каб дагнаць цябе.

Скоцi Малькольм усеўся на камень, каб зняць мяшок, i падаў Рою ружжо. Гэта быў танклявы, вёрткi, жыццярадасны кельт, не вышэйшы за Роя, гадоў на дзесяць маладзейшы за яго па ўзросту i гадоў на дваццаць - складам цела. Ён быў апрануты як сапраўдны паляўнiчы i трапер, не тое што Рой, якi меў выгляд рабочага лiцейшчыка па дарозе на завод. У Скоцi была хоць i паношаная, але сапраўдная паляўнiчая шапка. Яго шарсцяная куртка была спартовага крою, яго боты былi паляўнiчыя боты, з гумовымi галоўкамi i высокiмi халявамi з мяккай скуры.

- Глядзi, не намачы свае боцiкi, - сказаў Рой, калi Скоцi апусцiў свой цяжкi мех на дно чоўна. Боты ў Скоцi i ў лесе заўсёды былi вычышчаны да бляску, i кожны год хто-небудзь дражнiў Скоцi, што яны распалохаюць звяроў, атруцяць ваду, заблытаюць усе сляды i падпаляць лес.

- Глядзi, не патапi лодку, - не застаўся ў даўгу Скоцi.

Калi ён усеўся, узяў у рукi другое вясло, замалаванае скураной лямкай, але адразу ж мусiў адпусцiць яго i схапiцца за борт, бо Рой адхiнуўся назад i моцна нахiлiў човен.

- Што здарылася, Рой? - гукнуў Скоцi цераз плячо. - Ты што, стаў стары для вясёлых забаў?

- Гэта ўсё твая вага: як перац, не ўраўнаважыш.

- Гэта ўсё ты, бяздонная бочка, бач, набраўся.

- А ты даўно стаў непiтушчым?

Скоцi не адказаў. Скоцi не быў непiтушчым, з гэтым ён мусiў згадзiцца, але ён заўсёды дакладна адрознiваў дабро i зло, нават у самiм сабе, i асаблiва ў Роя, якi часта не спраўджваў яго надзей.

Яны адштурхнулiся ад берага i паплылi да першай пасткi Роя.

- Як гэта ты яшчэ не вылавiў гэтае балота ўжо шмат гадоў таму? - сказаў Скоцi.

- Андатра ў гэтым балоце не звядзецца нiколi, Скоцi. Яшчэ не было нiводнага сезона, каб я не ўзяў тут хоць што-небудзь.

- Магчыма. Але. што ты маеш на ўвазе пад што-небудзь?

- Тры, часам чатыры пацукi на дзесяць пастак. Часам вясной справа даходзiць да недамеркаў, але тады я здымаю пасткi i даю iм падрасцi. Дзiўна, Скоцi, але я заўсёды вылоўлiваю сама старых i сама вялiкiх пацукоў, а потым iдуць усё драбнейшыя.

Рой меў права гаварыць пра андатры, бо (з iх дваiх) ён быў знатаком. Усе траперы ставiлi пасткi на розных звяроў, але большасць з iх спецыялiзавалася на нейкiм адным. Рой заўсёды працаваў у сваiм стылi - быў спецыялiстам масавага аблову. Ён спецыялiзаваўся на тых пушных звярах, якiя збiраюцца ў вялiкай колькасцi ў пэўным месцы: бабёр альбо андатра жывуць супольна ля плацiн i на балоце; яны нiкуды з месца не сыходзяць i штогадовым прыплодам не толькi аднаўляюць колькасць, але i павялiчваюцца. Скоцi аддаваў перавагу больш палахлiваму i рухомаму, але i болей каштоўнаму зверу: норцы, кунiцы, ласцы зверу-валацугу, якога трэба было ўмець высачыць, выведаць сцежкi, вадапоi, начлегi.

Першая пастка была пустая, але не на ўзводзе.

- Вiдаць, сарваўся, - сказаў Скоцi, утрымлiваючы човен на месцы.

- Ды не. Гэта сiстэма "Вiктар" са складаным засцерагальнiкам, яны безадмоўныя. Сама спрытная андатра, i тая не вызвалiцца. А гэтая, вiдаць, ссунула старажок.

- А чаму ты не паставiш пастку глыбей у нару, каб яна не магла зайсцi збоку?

- Тады цягне за ланцужок.

Пастка стаяла ў харчэўнай нары. Гэта была невялiкая ямiна ў рыхлым абрыве, верхняя частка знаходзiлася над узроўнем вады, нiжняя - пад вадой. У пошуку кала, якiм была замацавана пастка, Рой апусцiў рукi глыбока ў ваду.

- Ты што, дастаеш яго? - спытаў Скоцi.

- Не. Забiваю глыбей.

Рой падрыхтаваў пастку i паставiў яе ў нары пад вадой.

- Цяпер не выцягне, - сказаў ён.

Затым Рой зрэзаў тры цi чатыры сцяблiны чароту i ўваткнуў iх у гразь ля пасткi як сцiплую прынаду.

Яны аб'ехалi ўсё балота, агледзелi ўсе пасткi: i ў харчэўнях, i ў начлежных норах, i на купiнах, дзе пацукi пачаргова пакiдаюць сляды пахкага лiпкага мускусу, выклiкаючы на спатканне або на паядынак; i ля дупляных карчоў, якiя служылi iм уборнымi. Нiдзе, нiчога.

- Засталося яшчэ два, - сказаў Рой.

- Здаецца, ты можаш паставiць крыж на гэтым балоце, - сказаў Скоцi.

Але ў апошнiх пастках было па андатры.

- Неблагiя, - сказаў Скоцi.

- Сярэднiя, - запярэчыў Рой, кiдаючы пацукоў у човен. - Упершыню ў мяне на гэтым балоце такая няўдача.

- Дзве на дзесяць пастак - гэта няблага, Рой. Рою давялося згадзiцца, але раптам ён прыняў рашэнне.

- Давай пройдзем яшчэ раз. Я здыму палову гэтых пастак. Навошта яны будуць дарма сядзець у гэтым балоце.

- Хiба табе не хапае пастак?

- Не.

- Дык навошта здымаць iх?

- Пустая справа, Скоцi. Пустая справа.

Яны знялi чатыры з дзесяцi пастак i пераправiлiся на другi бераг возера, дзе i прыпынiлiся сярод густых водарасцей. Скоцi вылез першы i прытрымлiваў човен, а Рой не захацеў больш мачыць ногi. Ён закiнуў мех за плечы i перадаў ружжо Скоцi. Стаўшы на каленi, Рой хуткiм рыўком закiнуў човен сабе на галаву, i яны пачалi перанос. Вёслы, замацаваныя ў скураных уключынах, ураўнаважвалi човен на плячах, а барты ўпiралiся ў перадплечча. Галоўнае было - трымаць раўнавагу, i Рой свабодна размахваў рукамi, iдучы за Скоцi па вузкай лясной сцежцы ўгару па крутым пад'ёме.

Яны не размаўлялi. Яшчэ да канца пад'ёму пайшоў дождж. Спачатку вельмi малы, каб прабiць сасновыя галiны, навiслыя над сцежкай, але з часам ён пачаў лiць на iх цэлыя ручаi вады, i яны iшлi то мокрымi прагаламi, то нагрэтымi сухiмi алеямi з соснаў, дзе было суха над галавой, суха ў паветры, суха ўсюды. Так i дайшлi яны да перавала. Пераадолеўшы яго i пачаўшы доўгi спуск, яны ўсё часцей траплялi на мокрыя прагалы i праз гадзiну пакручастага спуску прамоклi да касцей i выбралiся да вузкага канца возера Акулы.

16
{"b":"81021","o":1}