З'явiлася шмат школ, якiя часам адчайна змагалiся мiж сабой. Гэта быў час дзейнасцi Панмалера, Штробля, Фрэйгаўза, Ле-Грэя, Асiповiча. Уся спадчына Гiзэ была раскрытыкавана. З'явiлiся першыя атласы, каталогi, стэрэафотаздымкi асiметрыяд, якiя да гэтага часу лiчылiся ўтварэннямi, што не паддаюцца вывучэнню. Пералом наступiў дзякуючы новай апаратуры з дыстанцыйным кiраваннем, яе накiроўвалi ў бурлiвыя глыбiнi велiканаў, якiя маглi выбухнуць у любую секунду. Пад час шумных агульных спрэчак чулiся асобныя нясмелыя галасы мiнiмалiстаў: нават калi не ўдасца наладзiць славуты "кантакт" з "разумнай пачварай", то вывучэнне застылых гарадоў мiмоiдаў i шарападобных гор, якiя Акiян вывяргае, каб зноў праглынуць, даюць магчымасць атрымаць безумоўна каштоўныя хiмiчныя i фiзiка-хiмiчныя даныя, новыя звесткi аб малекулах-гiгантах. Менавiта ў гэты перыяд з'явiлiся актуальныя да нашых дзён каталогi тыповых пераўтварэнняў, бiяплазматычная тэорыя мiмоiдаў Франка, хоць i адкiнутая як фальшывая, яна да гэтага часу засталася ўзорам шырынi мыслення i блiскучай логiкi.
Тыя трыццаць з гакам гадоў, што лiчацца "перыядам Гравiнскага", былi часам наiўнай маладосцi, стыхiйнага аптымiстычнага рамантызму, нарэшце, сталай салярыстыкi, пазначанай першымi скептычнымi галасамi. Ужо напрыканцы дваццацiгоддзя ўзнiклi гiпотэзы пра псiхалагiчны характар Акiяна. Гэта было вяртанне да першых калоiдна-механiстычных тэорый, як бы працяг iх. Тады пошукi праяў свядомай волi, мэтанакiраванасцi працэсаў, дзеянняў, матываваных унутранымi патрэбамi Акiяна, былi аб'яўлены аберацыямi цэлага пакалення вучоных. З часам гэтыя доказы былi разбiтыя з публiцыстычным iмпэтам, што падрыхтавала грунт для цвярозых, аналiтычна абгрунтаваных, сканцэнтраваных на скрупулёзнай фактаграфii даследаванняў групы Халдана, Iянiдаса, Столiва. Гэта была эпоха iмклiвага разбухання архiваў, мiкрафiльмаў, картатэк вялiзнай колькасцi экспедыцый, якiя мелi багата розных прыбораў, самапiсцаў-рэгiстратараў, аптыметраў, зондаў - усяго, што толькi магла даць Зямля. Былi гады, калi ў даследчай працы прымала ўдзел адначасова больш за тысячу чалавек. Тэмп бясконцага нагрувашчвання матэрыялаў усё яшчэ нарастаў, а iмпэт вучоных пайшоў ужо на спад. Яшчэ ў аптымiстычны перыяд пачаўся заняпад эксперыментальнай салярыстыкi, часавыя рамкi якога цяжка вызначыць.
Гэты перыяд характарызавалi найперш такiя яркiя, смелыя iндывiдуальнасцi, як Гiзэ, Штробль або Севада. Севада - апошнi з вялiкiх салярыстаў - загiнуў пад час таямнiчых абставiн у раёне паўднёвага полюса планеты. Памылка, якую ён дапусцiў, недаравальная нават навiчку. На вачах сотнi назiральнiкаў ён скiраваў лятальны апарат, якi ляцеў нiзка над Акiянам, у глыбiню "мiгценнiка", што адкрыта саступаў яму дарогу. Казалi пра раптоўны прыступ слабасцi, страту прытомнасцi або няспраўнасць руля, на самай жа справе, як я цяпер думаю, гэта было першае самагубства, першы адкрыты выбух роспачы.
I не апошнi. Але ў Гравiнскага пра гэта нiчога не сказана, я сам згадваў даты, факты i падрабязнасцi, калi гартаў пажоўклыя старонкi.
Зрэшты, патэтычных замахаў на ўласнае жыццё пазней не было. Знiклi яркiя iндывiдуальнасцi. Нiхто не даследаваў, чаму тыя або iншыя вучоныя прысвячаюць сябе пэўнай сферы планеталогii. Людзi з вялiкiмi здольнасцямi i моцнай сiлай волi нараджаюцца дастаткова часта, але прадбачыць iх жыццёвы выбар немагчыма. Iх удзел або iгнараванне пэўнай галiны даследчай працы залежаць, бадай, толькi ад магчымых тут перспектыў. Па-рознаму ацэньваючы класiкаў салярыстыкi, нiхто не можа аспрэчыць iх велiч, а часам i генiяльнасць. Найлепшых матэматыкаў, фiзiкаў, знакамiтых людзей у галiне бiяфiзiкi, тэорыi iнфарматыкi, электрафiзiялогii цэлыя дзесяцiгоддзi прываблiваў да сябе маўклiвы велiкан. I раптам армiя даследнiкаў з кожным годам пачала губляць сваiх палкаводцаў. Засталася шэрая, безаблiчная маса цярплiвых збiральнiкаў, кампiлятараў, таленавiтых эксперыментатараў, але ўжо не было шматлiкiх, задуманых у маштабе планеты, экспедыцый, смелых абагульняючых гiпотэз.
Салярыстыка ўвачавiдкi станавiлася бесперспектыўнай, i ў вынiку гэтага нараджалiся бясконцыя, адрозныя толькi другаснымi дэталямi гiпотэзы пра дэгенерацыю, рэгрэсiю, iнвалюцыю салярысных мораў. Час ад часу з'яўлялiся больш смелыя, цiкавыя заключэннi, але ва ўсiх выказвалася думка, нiбыта Акiян, якi лiчыўся канчатковым прадуктам развiцця, даўно, тысячагоддзi таму, перажыў перыяд сама высокай арганiзацыi, а цяпер, аб'яднаны толькi фiзiчна, распадаецца на шматлiкiя непатрэбныя, бязглуздыя, аганальныя ўтварэннi. Манументальная, праз стагоддзi, агонiя - так успрымалi Салярыс. У "даўгунах" або мiмоiдах бачылi прыкметы новых утварэнняў, шукалi ў працэсах, што адбывалiся ў вадкай тушы, праявы хаосу i анархii. Гэты накiрунак стаў манiякальным, i ўся навуковая лiтаратура наступных сямi-васьмi гадоў, хоць, натуральна, i не ўжывала вызначэнняў, якiя адкрыта выяўлялi пачуццi аўтараў, нагадвала цэлы шэраг зняваг - гэта была помста за сiратлiвую, пазбаўленую палкаводцаў, безнадзейную справу салярыстаў, да якой аб'ект iх вывучэння заставаўся па-ранейшаму абыякавы, па-ранейшаму iгнараваў iх прысутнасць.
Я ведаў не ўключаныя ў гэты каталог салярыстычнай класiкi, бадай што несправядлiва, арыгiнальныя працы некалькiх эўрапейскiх псiхолагаў, якiя мелi з салярыстыкай даўнiя зносiны, вывучалi грамадскую думку, збiралi сама звычайныя, часам некампетэнтныя выказваннi i выявiлi дзiўную залежнасць адносiн неспецыялiстаў да гэтага пытання ад працэсаў, што адбывалiся ў асяроддзi навукоўцаў.
У сферы каардынуючай групы iнстытута планеталогii, там, дзе вырашалася пытанне пра матэрыяльную падтрымку даследаванняў, таксама адбывалiся змены пастаянна, хоць i паступова, скарачаўся бюджэт салярыстычных iнстытутаў i ўстаноў, фiнансаванне экспедыцый на планету.
Галасы пра неабходнасць скарачэння даследаванняў злучалiся з патрабаваннямi выкарыстаць больш дзейсныя сродкi. Найбольш максiмалiсцкiмi былi патрабаваннi адмiнiстратыўнага дырэктара Ўсезямнога касмалагiчнага iнстытута. Дырэктар настойлiва пераконваў, што жывы Акiян не iгнаруе людзей, ён проста не заўважае iх, як слон - мураша, якi паўзе па яго спiне, i, каб прыцягнуць увагу i сканцэнтраваць яе на нас, патрэбны магутныя раздражняльнiкi i машыны-велiканы ў маштабах усёй планеты. Цiкава, што, як з'едлiва падкрэслiвала прэса, такiх дарагiх мерапрыемстваў патрабаваў дырэктар Касмалагiчнага iнстытута, а не Iнстытута планеталогii, якi фiнансаваў салярыстычныя даследаваннi. Гэта была шчодрасць за чужы кошт.