Карцiна знiкла, i на нейкi час (не ведаю, на якi) я забыўся пра Станцыю, пра эксперымент, пра Хэры, пра чорны Акiян - пра ўсё; у мяне ўспыхнула ўпэўненасць, што гэтыя двое - ужо не iснуючыя, бясконца маленькiя, якiя зрабiлiся тленам - саўладалi з усiм, што выпала на iх долю... Адкрыццё супакоiла мяне, i безаблiчны нямы натоўп вакол шэрай арэны, якi чакаў майго паражэння, растварыўся. У тое ж iмгненне нешта двойчы пстрыкнула - выключылi апаратуру. Штучнае святло асляпiла, я зажмурыўся. Сарторыус дапытлiва пазiраў на мяне, стоячы ў ранейшай паставе; Снаўт, павярнуўшыся да яго спiнай, мiтусiўся ля апарата, знарок шлэпаючы тапачкамi, якiя звальвалiся з ног.
- Як вы лiчыце, доктар Кельвiн, цi атрымалася? - пачуўся гугнявы, непрыемны голас Сарторыуса.
- Думаю, што так, - адказаў я.
Мой перакананы, рэзкi тон на iмгненне збiў важнасць Сарторыуса.
- Добра, - мармытнуў ён i азiрнуўся, не ведаючы, чым яшчэ заняцца.
Снаўт падышоў да мяне i пачаў здымаць бiнт.
Я ўстаў i прайшоў па зале, а тым часам Сарторыус, якi знiк у цёмным пакоi, вярнуўся з праяўленай i высушанай плёнкай. На дзесяцi метрах стужкi былi вiдаць дрыготкiя зубчастыя лiнii, падобныя на белую плесню або на павуцiнку на чорным слiзкiм цэлулоiдзе.
Я быў вольны, але iсцi адсюль не хацелася. Снаўт i Сарторыус уставiлi ў аксiдную галоўку мадулятара плёнку, канец якой насуплены i недаверлiвы Сарторыус прагледзеў яшчэ раз, нiбыта спрабуючы расшыфраваць сэнс трапяткiх лiнiй.
Зараз эксперымент iшоў за межамi лабараторыi. Сарторыус i Снаўт стаялi кожны ля свайго пульта i займалiся апаратурай. Слаба загулi трансфарматары, а затым толькi агеньчыкi на вертыкальных зашклёных трубках iндыкатараў пабеглi ўнiз, паказваючы, што вялiкi тубус рэнтгенаўскай устаноўкi апускаецца па стромкай шахце i павiнен спынiцца ў яе гарлавiне. У гэты час агеньчыкi застылi на сама нiжнiх дзяленнях шкалы. Снаўт пачаў павялiчваць напружанне, пакуль стрэлкi, а дакладней, белыя палосы, што замянiлi iх, не зрабiлi паварот управа. Ледзь чутна гуло напружанне, нiчога тут не адбывалася, бабiны з плёнкай нябачна круцiлiся пад накрыўкай, - лiчыльнiк метражу цiхенька тахкаў, нiбыта гадзiннiк.
Хэры пазiрала паўзверх кнiгi то на мяне, то на Снаўта i Сарторыуса. Я падышоў да яе. Яна павярнулася да мяне. Эксперымент скончыўся, Сарторыус паволi наблiзiўся да вялiкай конусападобнай галоўкi апарата.
- Пайшлi?.. - аднымi губамi спыталася Хэры.
Я кiўнуў. Хэры ўстала. Нi з кiм не развiтваючыся - на мой погляд гэта было недарэчна, - я прайшоў мiма Сарторыуса.
Надзiва прыгожы захад асвятляў iлюмiнатары верхняга калiдора. Гэта быў не звыклы, змрачнаваты, крывава-чырвоны захад - зараз ён пералiваўся ўсiмi адценнямi ружовага колеру, прыглушанага смугой, абсыпанага сярэбраным пылам. Здавалася, што цяжкая, лянiвая, ледзьве рухомая чарната бясконцай раўнiны Акiяна адказвала на далiкатнае ззянне бура-фiялетавым мяккiм водблiскам. Толькi ў самым зенiце неба заставалася надзiва рыжым.
Я затрымаўся ў нiжнiм калiдоры. Я баяўся нават падумаць, што мы зноў будзем зняволеныя ў сваёй кабiне, як у турме, адзiн на адзiн з Акiянам.
- Хэры, - сказаў я, - ведаеш... я схадзiў бы ў бiблiятэку... Ты не супраць?
- Добра, я пашукаю што-небудзь пачытаць, - адказала яна з напускной жвавасцю.
Я адчуваў, што ад учарашняга дня мiж намi ўтварылася нейкая трэшчына i што трэба праявiць хоць крыху чуласцi, але не мог пераадолець абыякавасцi. Нават не ўяўляю, што магло б вывесцi мяне з гэтай апатыi. Мы вярталiся па калiдоры, затым па схiле спусцiлiся ў маленькi тамбур з трыма дзвярыма, памiж iмi за шклом раслi вазоны.
Сярэднiя дзверы, што вялi ў бiблiятэку, былi з абодвух бакоў абабiты шурпатай штучнай скурай; адчыняючы iх, я кожны раз стараўся не зачапiць яе. У вялiкай круглай зале з бледна-срабрыстай столлю, з сiмвалiчнымi выявамi сонечнага дыска было крыху халадней.
Я дакрануўся рукой да збору класiчных прац па салярыстыцы i ўжо хацеў дастаць першы том Гiзэ, той, з гравюрай на франтыспiсе, якую прыкрывала папяросная папера, але раптам убачыў не заўважаны раней тоўсты, восьмага фармату том Гравiнскага.
Я ўсеўся ў крэсла. Было цiха. За крок ад мяне Хэры гартала нейкую кнiжку, я чуў шамаценне старонак. Даведнiк Гравiнскага, якi студэнты звычайна выкарыстоўвалi як звычайную "шпаргалку", уяўляў зборнiк усiх салярыстычных гiпотэз, размешчаных па алфавiце: ад "Абiялагiчнай" да "Ядзернай". Кампiлятар Гравiнскi, якi нiколi нават не бачыў Салярыс, капаўся ва ўсiх манаграфiях, пратаколах экспедыцый, у даўнiх запiсах i данясеннях, нават уважлiва вывучыў вытрымкi з прац планетолагаў, якiя займалiся iншымi сусветамi. Ён склаў каталог з фармулёўкамi, такiмi кароткiмi, што iхняя лапiдарнасць часам пераходзiла ў трывiяльнасць, бо губляўся тонкi, складаны ход думкi даследнiкаў. Зрэшты, праца, задуманая як энцыклапедычная, аказалася проста кур'ёзам. Том выйшаў дваццаць гадоў таму, i за гэты час з'явiўся цэлы стос новых гiпотэз, якiя не ўвайшлi нi ў адну кнiгу. Я праглядаў алфавiтны паказальнiк аўтараў, нiбыта спiс загiнуўшых, - большасць памерлi ўжо, а сярод жывых бадай нiхто ўжо не працаваў у салярыстыцы. Такое багацце думак стварала iлюзiю, што хоць нейкая гiпотэза можа быць слушнай, немагчыма было ўявiць, што рэчаiснасць не адпавядае мiрыядам меркаванняў, выкладзеных тут. У сваёй прадмове Гравiнскi падзялiў на перыяды вядомыя яму шэсцьдзесят гадоў салярыстыкi. Пад час першага, пачатковага перыяду даследавання планеты Салярыс нiхто, уласна, не вылучаў гiпотэз. Тады iнтуiтыўна, як падказваў "здаровы сэнс", лiчылася, што Акiян - мёртвы хiмiчны кангламерат, пачварная глыба, сцюдзянiстая маса, якая абмывае планету i стварае дзiўныя ўтварэннi дзякуючы сваёй квазiвулканiчнай дзейнасцi. Акрамя таго, спантанны аўтаматызм працэсаў стабiлiзуе непастаянную арбiту планеты, накшталт таго, як маятнiк захоўвае нязменнай плоскасць свайго руху. Праўда, праз тры гады Машанон выказаў меркаванне, што "сцюдзянiстая машына" па сваёй прыродзе нагадвае штосьцi жывое. Але Гравiнскi датаваў перыяд бiялагiчных гiпотэз дзевяццю гадамi пазней, калi большасць вучоных стала падзяляць думку Машанона. Наступныя гады вылучылi новыя тэорыi жывога Акiяна, надта складаныя, дэталёва распрацаваныя, падмацаваныя бiяматэматычным аналiзам. Трэцi перыяд быў часам распаду адзiнага фронту вучоных.