"Адзiн павiншаваў з днём нараджэння, дый той не па-чалавечы. Бюракрат чортавы! Параграф растлусцелы", - ужо iдучы назад, думала Ганна. Крыўда душыла яе ўсё мацней i мацней. А на турбазе ўсё яшчэ драла горла нейкая рок-спявачка, голас якой заглушаў час ад часу ўдарнiк.
5. Фiлiпоўскi
I колькi яны будуць дэпешы слаць? Кароўская нешта не тое заўважыла. Так на мяне падазрона глядзела, што страшна стала - не распазнала б у мне назiральнiка. А нашы не разумеюць. Iм добра дома. Сачыць ды камандаваць, кiраваць. Выдумаюць чарговае бязглуздае заданне, паспрабуй не выканай. А тое, што тут, на Зямлi, цяжка, - i верыць не хочуць. I цела гэтае чалавечае трэба абавязкова трымаць у спраўным стане. Не дай божа расслабiцца хоць на хвiлiну умомант расплывешся. Дый соўгацца перад усiмi... Круцiцца, выдыгаць, на пальчыках хадзiць... Я са скуры вылузваюся. Каб усё было па-чалавечы. Але чалавекi - яны i ёсць чалавекi. Як таго яны сваiмi дакументамi, указамi, загадамi, распараджэннямi патрабуюць.
Апошнюю тэлеграму з Цэнтра нiяк не зразумею. Чаго гэта шэфы ад мяне хочуць? Справаздачы па зробленай рабоце дасылаю ў пару. Стараюся з усiх сiл. А ўсё паварочваецца не на маю карысць. Напэўна, трэба прасiць дазволу згарнуць тут пачатую справу. Ну i што, калi не зацвердзяць камандзiроўку? Па самыя зямныя вушы сыты ўсiм. Кiслароднае галаданне мне на карысць не iдзе. Пастарэў во як. Жонка не пазнае. Толькi мквацракi - лясныя агурочкi - дапамагаюць трымацца. За гэты гародзiк у лесе вымову ўжо атрымаў. Паведамiў, нiбы ўсё знiшчыў. Але ж цi мог я так зрабiць? Растуць жа як! Цуд! Паспрабуй у нас iх вырасцiць - намарнуешся. А тут кiнуў зернейка ў ямку, зямлёй прысыпаў - самi лезуць. Ды яшчэ якiя. Можа, сонца iм падышло лепш цi зямля... Дый ворагаў у iх няма. Зярняты стэрыльныя прывёз... Не, з агародзiкам усё роўна трэба будзе развiтацца. Можа адбыцца непрадбачанае. А раптам людзi навучацца мквацракi вырошчваць? Што будзе, калi двайнiкi на Зямлi пойдуць? Куды iх падзець? Адзiн, два - i тое праблема. Зразумела, хутка вырашальная. А калi двайнiкоў будзе сотня цi болей? Якi жах! Гэта хаос!
Я сутаргава набраў чалавечыя лёгкiя паветра i ўздыхнуў. Усё роўна мозг затуманены недахопам кiслароду. Трэба iсцi пiсаць адказ. Буду прасiцца дадому. Няхай шлюць сюды, на назiральны, кандыдата маладзейшага, больш кемлiвага.Божа, як я засумаваў па сваёй роднай лагуне. Няхай i другараднай, але такой жаданай.
6. Салдаценкаў
Завал. Заблудзiўся ў дзвюх соснах. Ну i Колька! Нягледзячы на тое, што рэпрадуктар на турбазе мне абрыдаў, як горкая рэдзька, мне хацелася пачуць хоць бы яго камарыны пiск, каб зарыентавацца на мясцовасцi. Ды дзе там! Вiдаць, я зайшоў ад турбазы занадта далёка. Вярнуцца ж на сцежку, якая вяла да агародзiка, я не асмельваўся. Але куды ж iсцi? Я зiрнуў на гадзiннiк. Палова сёмай. Як бы вярнуцца на турбазу да цемнаты? Я разгубiўся. Вакол быў лес. Дапякалi камары. Ужо не менш за гадзiну накрапваў непрыемна халодны, амаль, асеннi дождж. Нечакана ён прыпусцiў. Яго толькi не ставала! Умомант змокшы, я схаваўся пад вялiзнай яловай лапай. Зноў зiрнуў на гадзiннiк. Прайшло яшчэ дзесяць хвiлiн. У мяне ж не выспела i намёку на выратаванне. Я ўзненавiдзеў сябе за бездапаможнасць. Цела дрыжала. Цi то ад стомы, цi то ад холаду. Я разумеў, што трэба iсцi далей, бо пад елкай было нязвыкла цёмна i непрыемна пахла перапрэлай хвояй.
Не падабалася мне тут. Ды я i не ведаў, куды iсцi. Дождж нечакана спынiўся, i я, вызвалiўшыся з-пад не зразумелай апекi кагосьцi нябачнага (а можа, мне здавалася, што хтосьцi апякае мяне), вырашыў яшчэ раз паспытаць шчасця. Пайшоў наўздагад. Лес то радчэў, то месцамi мне даводзiлася абыходзiць гушчар i невялiчкiя балотцы.
На ўтаптаную сцежку наткнуўся зноў-такi выпадкова. Ведалi б вы, як я ўзрадаваўся на гэты раз! Сцежка, выгiнаючыся памiж векавымi стваламi, жвава бегла наперад, губляючыся на чарговым павароце. Я паскорыў хаду. На душы ад смутку i падсвядомага страху амаль нiчога не засталося. Гадзiны праз паўтары ўбачыў, што сцежку перагарадзiла дрэва. Не збаўляючы хуткай хады, пераскочыў цераз ствол i быццам правалiўся ў прорву. Дзiўна, але я не бачыў, што за дрэвам - яма. Яна была даволi глыбокая, i пад нагамi непрыемна чвякала. Вiдаць, налiло вады пасля лiўню. Падняў галаву - метраў за два нада мной, нiбы драпежныя шчупальцы, навiсалi павыварочваныя каранi. Як дацягнуцца да iх? Паспрабаваў вылезцi - дзе там! Ужо пасля другога кроку ногi з'язджалi ўнiз, у халодную рэдкую мешанiну, i пальцы пакiдалi толькi тонкiя раскоўзаныя сляды.
Хутка цямнела, а я нiяк не мог выбрацца з пасткi. I трэба ж - гэтак пашэнцiла. Няўжо начаваць мне прыйдзецца тут? Хацелася крычаць, клiкаць на падмогу, але каго? Хто ў гэты час можа быць у лесе? Не, трэба спадзявацца толькi на сябе. Быў бы нож. Але ў мяне пад рукой не было нiчога. Ужо амаль у поўнай цемры, страцiўшы надзею, я раптам натыкнуўся на абломак галiнкi. Гэта было хоць штосьцi. Да зняможання дзёўб у гразкiм грунце прыступкi, па сантыметры пасоўваючыся да запаветных каранёў дрэва, за якiя можна было ўхапiцца. Толькi тады, калi, ледзь жывы, увесь у гразi, выкiнуў сябе з пасткi, я, знясiлены, павалiўся на хваёвую посцiлку i забыўся ў трывожным сне.
7. Фiлiпоўскi
Чаму я ўвесь час трапляю ў незразумелыя сiтуацыi?
Тутэйшыя жыхары набрылi на мквацракi? Клаўдзя нажэрлася iх да непрытомнасцi... Цяпер гэты iдыёт Салдаценкаў трапiў на другую зону. I як гэта яму ўдалося? Паеўшы мквацракаў, альбо, па-тутэйшаму, лясных агурочкаў, Салдаценкаў, як i Клаўдзя, раздвоiўся. Што мне цяпер рабiць з iмi? Ну добра, Клаўдзя. Яна недарэка. З ёй было лягчэй. Сказаў, што сястра ў яе знайшлася Паверыла, дурнiца. Адправiў яе двайнiка калясiць па лесе, i канцы ў ваду. Страгач, праўда, за яе атрымаў ад старэйшага назiральнiка. Ну, добра. Але Салдаценкаў... Яму так проста мазгi не ўставiш. Ды я ўжо i страгачом не абыдуся. Перарвуць камандзiроўку, i пiшы прапала - нi табе сутачных, нi адпачынку... Хопiць з мяне i таго, што на ўскраiну Галактыкi загналi. Нi табе лагуны, нi больш-менш прыдатнага возера з цёплай вадой. Адна ванна... А з якой цяжкасцю я яе дастаў... Куды нi звяртаўся - не прызначана, i ўсё. А як пераплацiў - калi ласка. На месца прывезлi, самi паставiлi. I даволi нiшто сабе. Праўда, за гэта вымову ад старэйшага назiральнiка атрымаў. Але цi справа ў вымове? Хоць гэтая прадуха, а ёсць у мяне... Ну што ж, няхай Салдаценкаў адзiн пакуль паблукае па Зоне. Але каго я сюды вярну? Першага, значыць, сапраўднага Салдаценкава, цi яго копiю? Калi копiю - скандалу не прамiнуць. А iдзi ж ты разбярыся, дзе сапраўдны Салдаценкаў, а дзе яго копiя. Праўда, гэты, што тупае сюды, на турбазу, спакойны такi, цiхi. А той, якога я пакуль у лесе пакiнуў, жвавы. Усё яму не сядзiцца... Няхай пакуль пазмагаецца ў лесе з траўкай i туманам. А калi ён прарвецца праз зоны? Знiшчыць нельга. Каб не забiць сапраўдны экземпляр. Як бы замяць усё гэта? I трэба ж было яму набрысцi на мой агародзiк! Няма нiякай карысцi ад нашых старажоў тут, на Зямлi. На ўсiх планетах яны спраўлялiся, а тут... Мне ж - разлiчвайся...