Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Калi вывелi трох сялян, пачуўся ўсеагульны страшны лямант. Жанчыны плакалi, мужчыны стаялi, сцiснуўшы кулакi i сцяўшы зубы. Казалi, што быць, маўляў, прыходу Бру разораным, як Iерусалiму, бо там пазбавiлi жыцця трох бязвiнных мужчын. Людзi выкрыквалi словы суцяшэння прыгавораным да пакарання смерцю i здзеквалiся з катаў. Безлiч праклёнаў пасылалася на галаву ротмiстра Лёвеншольда. Казалi, быццам ён пабываў у Стакгольме i па яго вiне прыгавор божага суда вытлумачылi на шкоду абвiнавачваемым.

Але, ва ўсякiм выпадку, усе людзi, разам з Марыт лiчылi падсудных невiнаватымi i верылi iм, а гэта дапамагло дзяўчыне перажыць той дзень. I не толькi той дзень, але i ўсе астатнiя днi - да гэтага часу. Калi б людзi, з якiмi ёй давялося сустракацца, лiчылi яе дачкой забойцы, то яна не ў сiлах была б вынесцi цяжару жыцця.

Паўль Элiясан першым узышоў на маленькi дашчаны памост пад шыбенiцай. Спачатку ён кiнуўся на каленi i пачаў малiцца богу, потым звярнуўся да святара, якi стаяў побач з iм, i пачаў аб нечым прасiць яго. Затым Марыт убачыла як пастар зняў з яго галавы шапачку. Калi ўсё было скончана пастар перадаў Марыт шапачку i апошняе прывiтанне Паўля. Ён паслаў ёй шапачку ў знак таго, што думаў пра яе ў свой перадсмяротны час.

Як ёй магло нават прыйсцi ў галаву, што Паўль падарыў бы ёй на памяць шапачку, калi б ведаў, што ў ёй схавана крадзенае дабро? Не, калi ўжо i было што надзейнае на свеце, дык толькi адно: Паўль не ведаў, што пярсцёнак, якi быў надзеты на пальцы нябожчыка, - у шапачцы.

Хутка нагнуўшыся, Марыт Эрыксдотэр узяла шапачку, паднесла яе да вачэй i пачала ўважлiва разглядаць. "Адкуль магла ўзяцца ў Паўля гэта шапачка? падумала яна. - Нi я, ды i нiхто iншы ў сядзiбе не вязаў яе яму. Вiдаць, ён купiў яе на кiрмашы, а магчыма, памяняўся з кiм-небудзь".

Яна яшчэ раз перавярнула шапачку, разглядваючы ўзор з усiх бакоў. "Калiсьцi гэта шапачка была, напэўна, прыгожая i новая, - падумала яна. Паўль любiў рознае прыгожае ўбранне. Ён заўсёды быў незадаволены, калi мы ткалi яму шэрыя саматканыя кафтаны. Ён хацеў, каб саматканае сукно яму заўсёды фарбавалi. А шапачкi ён любiў часцей чырвоныя, з вялiкiм кутасiкам. Гэта несумненна прыйшлася яму па густу".

Адклаўшы шапачку, яна зноў абапёрлася аб поручань, iмкнучыся перанесцiся ў мiнулае.

Яна была ў лесе той самай ранiцай, калi Iнгiльберта напалохалi да смерцi. I бачыла, як Паўль разам з яе бацькам i дзядзькам стаяў, схiлiўшыся над трупам. Абодва старыя вырашылi, што Iнгiльберта трэба перанесцi ўнiз, у далiну, i накiравалiся насячы галля для насiлак. А Паўль на момант забавiўся, каб разгледзець Iнгiльбертаву шапачку. Яна яму вельмi спадабалася. Шапачка была ўзорыстая, звязаная з чырвонай, сiняй i белай пражы, i ён непрыкметна памяняў яе на сваю. Ён зрабiў гэта без усялякага дрэннага намеру. Магчыма, ён проста хацеў пафарсiць крыху ў ёй. Ягоная ўласная шапачка, пакiнутая iм Iнгiльберту, вядома ж, была не горшая за гэту, але не такая стракатая i не так адмыслова звязаная.

А Iнгiльберт зашыў пярсцёнак у шапачку, перш чым пайсцi з дому. Магчьма, ён думаў, што за iм будзе пагоня, i таму спрабаваў схаваць яго. Калi ж павалiўся, нiкому i ў галаву не прыйшло шукаць пярсцёнак у шапачцы, а Паўлю Элiясану i тым больш.

Напэўна, так яно i было ўсё. Яна магла б паклясцiся ў гэтым, але трэба ўсё ж пераканацца да канца.

Марыт паклала пярсцёнак у сундук i з шапачкай у руках пайшла на двор для жывёлы, каб паразмаўляць з даглядчыцай жывёлы.

- Выйдзi на святло, Мэрта, - крыкнула яна ў цёмную глыбiню хлява, - i дапамажы мне з узорам, а то адной нiяк не разабрацца!

Калi даглядчыца жывёлы выйшла да яе, Марыт працягнула ёй шапачку.

- Я ведаю, што ты майстар вязаць, Мэрта, - сказала яна. - Я хацела пераняць гэты ўзор, ды не магу ў iм разабрацца. Глянь жа сама! Ты ж вельмi вопытная ў гэтай справе: куды мне да цябе!

Даглядчыца жывёлы ўзяла шапачку i паглядзела на яе. Вiдаць было, што яна вельмi здзiвiлася. Выйшаўшы з ценю, якi адкiдвала сцяна хлява, яна зноў пачала аглядаць шапачку.

- Адкуль яна ў цябе? - запыталася Мэрта.

- Яна праляжала ў мяне ў сундуку шмат гадоў, - адказала Марыт. - А чаму ты ў мяне пытаешся?

- Таму, што гэту самую шапачку я звязала майму брату Iнгiльберту тым апошнiм летам, калi ён яшчэ быў жывы, - сказала даглядчыца жывёлы. - Я не бачыла яе з той самай ранiцы, калi ён пайшоў з дому. Як магла яна трапiць сюды?

- Можа, яна звалiлася ў яго з галавы, калi ён падаў, - адказала Марыт. - I хтосьцi з нашых работнiкаў падабраў яе ў лесе i прынёс сюды. Але калi ўжо гэта шапачка развярэдзiла табе сэрца, можа, ты i не захочаш зняць для мяне ўзор?

- Давай мне шапачку, i ўзор будзе ў цябе да заўтрашняга дня - сказала даглядчыца жывёлы.

У голасе яе пачуўся плач, калi, узяўшы шапачку, яна пайшла назад на двор для жывёлы.

- Не, не трэба табе здымаць узор, раз гэта так цяжка, - сказала Марыт.

- Нiколькi мне не цяжка, калi я раблю гэта для цябе.

I на самай справе, нiхто iншы, а Марыт успомнiла пра Мэрту Бордсан, якая засталася адна ў лесе пасля смерцi бацькi i брата, i прапанавала ёй пайсцi даглядчыцай жывёлы ў сваю сядзiбу Стургордэн у Ольсбю. I Мэрта заўсёды была ёй удзячна за тое, што Марыт дапамагла ёй вярнуцца да людзей.

Марыт зноў пайшла на ганак палевай клецi i ўзяла ў рукi вязанне, але ёй не працавалася; абапёршыся, як раней, галавой на поручань, яна намагалася прыдумаць - што ж ёй цяпер рабiць.

Калi б хто-небудзь у ольсбюскай сядзiбе ведаў, як выглядаюць жанчыны, якiя адмовiлiся ад свецкага жыцця дзеля пустэльнiцтва ў манастыры, то сказаў бы, што Марыт падобная на такую жанчыну. Твар яе быў жаўтавата-бледны i зусiм без маршчын. Нетутэйшаму чалавеку амаль немагчыма было б сказаць маладая яна цi старая. Ва ўсiм яе аблiччы было нешта супакоенае i цiхае, як у чалавека, якi адмовiўся ад усякiх жаданняў. Яе нiколi не бачылi бесклапотна-вясёлай, але i вельмi маркотнай таксама нiколi не бачылi.

Пасля цяжкага ўдару, якi напаткаў яе, Марыт ясна адчула, што жыццё для яе скончана. Яна атрымала ў спадчыну сядзiбу Стургордэн, але добра разумела, што калi захоча захаваць сядзiбу ў сябе, то ёй давядзецца выйсцi замуж: сядзiбе ж патрэбен гаспадар. Не жадаючы выходзiць замуж, яна перадала ўсе свае ўладаннi аднаму са стрыечных братоў зусiм бясплатна, абумовiўшы сабе толькi права жыць i харчавацца ў сядзiбе да сканчэння сваiх дзён.

18
{"b":"79000","o":1}