- Не бойся! - сказаў ён. - Бог ведае, што я таксама невiнаваты.
Пасля гэтага ён, нiбы гуляючы, патрос некалькi разоў косцi ў кубку, не спыняючы iх, пакуль яны не перакацiлiся праз край i не вылецелi на барабанную шкуру.
- Я выкiнуў на абедзвюх па шасцёрцы, Марыт! Я выкiнуў па шасцёрцы, i я таксама!
Ён будзе апраўданы - iншае яму i ў галаву не прыходзiла, i ад радасцi ён не мог устаяць на месцы. Высока падскочыўшы, ён падкiнуў шапачку ўгору, схапiў у абдымкi стражнiка, якi стаяў побач з iм i пацалаваў.
Тут многiя падумалi: "Вiдаць адразу, што ён чужаземец. Калi б ён быў шведам, то не радаваўся б да часу".
Суддзя, ленсман, засядацелi i знатныя паны паважана i не спяшаючыся падышлi да барабана, каб разгледзець косцi. Але на гэты раз выгляд iх быў нярадасны. Яны толькi пакiвалi галавой i нiхто з iх не павiншаваў Паўля Элiясана са шчаслiвым вынiкам, якi выпаў на яго долю.
Узышоўшы трэцi раз на ганак судовай палаты, ленсман паведамiў:
- Паўль Элiясан выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!
Натоўп захваляваўся, але нiхто не радаваўся. Нiкому i ў галаву не прыйшло, што тут ёсць нейкi падвох. Гэтага быць не можа! Але ўсiм было боязна i неяк нядобра, паколькi божы суд зусiм не праяснiў сутнасцi справы.
Цi азначала гэта, што ўсе тры былi аднолькава невiнаватыя, цi гэта азначала, што ўсе яны былi аднолькава вiнаватыя.
Людзi ўбачылi, як ротмiстр Лёвеншольд паспешлiва падышоў да суддзi. Напэўна, хацеў сказаць, што божы суд так нiчога i не вырашыў, але суддзя панура адвярнуўся ад яго.
Суддзя з засядацелямi накiравалiся ў судовую палату i пачалi раiцца, а тым часам нiхто не асмельваўся нi паварухнуцца, нi нават прашаптаць хоць слова. Нават Паўль Элiясан, i той трымаўся спакойна. Здавалася, ён зразумеў нарэшце, што божы суд можна вытлумачыць i так i гэтак.
Суд зноў паявiўся пасля кароткай нарады, i суддзя абвясцiў, што павятовы суд схiльны тлумачыць божы прысуд такiм чынам, што ўсiх трох абвiнавачваемых неабходна прызнаць невiнаватымi.
Вырваўшыся з рук стражнiкаў, Паўль Элiясан ад незвычайнага захаплення зноў падкiнуў сваю шапачку, але i гэта было крыху заўчасна, бо суддзя яшчэ не скончыў прамову:
- Але гэта рашэнне суда патрэбна прадставiць каралю праз ганца, якога сягоння варта накiраваць у Стакгольм. Абвiнавачваемым жа патрэбна знаходзiцца ў турме, пакуль яго каралеўская вялiкасць не зацвердзiць прыгавор суда.
VIII
Аднойчы восенню, год праз трыццаць пасля той незабыўнай гульнi ў косцi на плошчы перад судовай палатай у Брубю, Марыт Эрыксдотэр сядзела на ганку невялiкай палевай клецi ў сядзiбе Стургордэн, дзе яна жыла, i вязала дзiцячыя рукавiчкi. Ёй хацелася звязаць iх прыгожым узорам палоскай i клеткай, каб яны парадавалi дзiця, якому яна збiралася iх падарыць. Але яна не магла прыгадаць якi-небудзь узор.
Пасля таго як яна доўгi час праседзела на ганку, малюючы прутком на прыступцы ўзоры, яна пайшла ў клець i адчынiла сундук з адзеннем, каб знайсцi якi-небудзь узор, па якiм магла б звязаць рукавiчкi. На самым дне сундука яна наткнулася на адмыслова звязаную шапачку з кутасiкам, узорную з мноствам разнастайных квадрацiкаў i палосачак; пасля пэўнага вагання яна ўзяла шапачку з сабой на ганак.
Круцячы шапачку на ўсе бакi, каб разабрацца з узорыстай вязкай, яна заўважыла, што шапачка дзе-нiдзе паедзена моллю. "Госпадзi божа, не дзiўна, што шапачка сапсавана, - падумала яна. - Прайшло, пэўна, сама меней трыццаць гадоў з таго часу, як яе насiлi. Добра, што я хоць выцягнула яе з сундука i бачу цяпер, што з ёю сталася".
Шапачка была ўпрыгожана вялiкiм i пышным рознакаляровым кутасiкам, i ў iм якраз молi, вiдаць, i было раздолле. Варта было Марыт страсянуць шапачку, як нiткi паляцелi на ўсе бакi. А кутасiк, дык той нават адарваўся i ўпаў ёй на каленi. Яна падняла кутасiк i пачала разглядваць, цi занадта сапсаваны ён i цi нельга яго зноў прымацаваць, аднак пры гэтым яна раптам заўважыла, што сярод нiтак штосьцi блiснула. Нецярплiва рассунуўшы iх, яна ўбачыла вялiкi залаты пярсцёнак з пячаткай i з пунсовым каменем, вельмi моцна ўшыты ў кутасiк грубымi палатнянымi нiткамi.
Кутасiк з шапачкай выпалi ў яе з рук. Нiколi раней не даводзiлася ёй бачыць гэты пярсцёнак, але ў яе зусiм не было патрэбы разглядваць каралеўскiя iнiцыялы на камянi цi чытаць надпiс на пярсцёнку, каб даведацца, што гэта за пярсцёнак i хто быў яго ўладальнiкам. Абапёршыся на поручань ганка, яна заплюшчыла вочы i так сядзела, цiхая i бледная, быццам была пры смерцi. Ёй здавалася, што сэрца ў яе вось-вось разарвецца ад пакуты.
З-за гэтага пярсцёнка бацьку яе Эрыку Iварсану, дзядзьку яе Iвару Iварсану i жанiху яе Паўлю Элiясану давялося развiтацца з жыццём, а цяпер ёй суджана знайсцi гэты пярсцёнак, вельмi моцна ўшыты ў кутасiк Паўлевай шапачкi! Як жа ён туды трапiў? Калi ж ён туды трапiў? Цi ведаў Паўль аб тым, што пярсцёнак зашыты ў кутасiку?
Не! Яна адразу ж запэўнiла самую сябе, што ён нiяк не мог ведаць аб гэтым.
Яна прыгадала, як ён размахваў гэтай шапачкай i падкiдваў яе ўгору, думаючы, што i яго i старых Iварсанаў апраўдаюць.
Малюнак гэты стаяў перад яе вачыма, нiбы ўсё здарылася толькi ўчора: вялiзны натоўп людзей, спачатку поўны нянавiсцi i варожасцi да яе i да яе блiзкiх, а пад канец перакананы ў iх невiнаватасцi. Ёй прыгадалася цудоўнае цёмна-сiняе асенняе неба i пералётныя птушкi, якiя збiлiся са шляху i трывожна ляталi над плошчай, дзе iшоў цiнг. Паўль бачыў iх, i ў той момант, калi яна прыцiснулася да яго, шапнуў ёй, што хутка душа яго будзе мiтусiцца ў нябёсах, быццам маленькая птушачка, якая збiлася са шляху. I ён запытаўся, цi дазволiць яна яму прылятаць i гнездавацца пад дахавым жолабам сядзiбы ў Ольсбю.
Не, Паўль не мог ведаць, што ўкрадзенае дабро схавана ў шапачцы, якую ён падкiдваў угору, пазiраючы на цудоўнае асенняе неба.
Гэта было на другi дзень. Сэрца яе сутаргава сцiскалася кожны раз, калi яна ўспамiнала аб iм, але цяпер ёй што б там нi было патрэбна ўспомнiць усё да канца. Са Стакгольма прыйшоў указ, што божы суд неабходна разумець так: усе тры абвiнавачваемыя аднолькава вiнаватыя, i iх трэба пакараць смерцю праз павешанне.
Яна была там, калi прыгавор прыводзiлi ў выкананне, была дзеля таго, каб людзi, якiх яна любiла, ведалi, што ёсць на свеце чалавек, якi верыць у iх i смуткуе. Але дзеля гэтага наўрад цi патрэбна было iсцi на ўзгорак вiсельнiкаў. Пасля божага суда настрой у людзей стаў iншым. Усе тыя, хто акружалi яе перад салдацкiм частаколам, былi цяпер добрыя з ёю. Людзi разважалi ды меркавалi мiж сабой, а потым вырашылi, што божы суд патрэбна разумець так: усе тры абвiнавачваемыя невiнаватыя. Бо стары генерал дазволiў усiм тром выкiнуць па дзве шасцёркi. Значыць, i разважаць тут больш няма чаго. Генеральскага пярсцёнка нiхто з iх не браў.