I вось цяпер яна зноў была тут, каб арыштанты маглi бачыць яе. Яна стаяла тут, каб быць апорай i суцяшэннем. Яна хацела малiцца за iх у час iх цяжкага выпрабавання, хацела даверыць iх душы ласцы божай.
Хто ведае! Кажуць жа ў народзе, што яблык ад яблынi недалёка падае. Але нiчога не скажаш, з выгляду яна была добрая i бязвiнная. Ды i сэрца было ў яе любячае, калi яна змагла застацца тут на плошчы.
Яна ж, напэўна, чула ўсё, што ёй крычалi, але не адказвала, i плакала, i не спрабавала выратавацца ўцёкамi. Яна ведала, што няшчасныя вязнi будуць рады бачыць яе. Бо ва ўсiм вялiзным натоўпе яна была адна-адзiная, хто ўсiм сэрцам па-чалавечы спачуваў iм.
Але што нi кажы, а стаяла яна тут зусiм не дарэмна. Знайшлiся ў натоўпе адзiн-два чалавекi, у якiх былi свае дочкi, такiя ж цiхiя, мiласэрныя, як Марыт. I ў глыбiнi душы гэтыя людзi адчувалi, што iм не хацелася б бачыць сваiх дочак на яе месцы.
Пачулiся ў натоўпе два-тры галасы, якiя абаранялi яе цi спрабавалi хоць бы супакоiць нястрымных вастрасловаў i гарлапанаў.
Не толькi таму, што скончылася пакутлiвае чаканне, але i з-за спачування да Марыт Эрыксдотэр усе ўзрадавалiся, калi дзверы судовай палаты расчынiлiся i суд пачаўся. Спачатку ўрачыста прайшлi судовы прыстаў, ленсман i арыштанты, з якiх знялi кайданы, хоць кожнага з iх вартавалi два салдаты. Затым паявiлiся дзяк, пастар, засядацелi, пiсар i суддзя. Замыкалi шэсце важныя паны i некалькi сялян, якiя былi ў такой пашане, што iм дазволiлi знаходзiцца за ачапленнем.
Ленсман з арыштантамi сталi з левага боку ад судовай палаты, суддзя з засядацелямi павярнулi направа, а паны размясцiлiся пасярод. Пiсар са сваiмi паперамi заняў месца за сталом. Вялiкi барабан па-ранейшаму стаяў у цэнтры плошчы ва ўсiх на вачах.
Як толькi паказалася шэсце, у натоўпе пачалася штурханiна i цiсканiна. Нямала рослых i дужых мужчын так i намагалася працiснуцца ў першы рад, спадзеючыся перш за ўсё сагнаць з месца Марыт Эрыксдотэр. Але, баючыся, як бы яе не адцiснулi, яна, маленькая i тоненькая, нахiлiўшыся, прашмыгнула мiма салдат i апынулася па другi бок iхняга частаколу.
Гэта было супраць усiх правiл парадку, i ленсман даў знак судоваму прыставу выдалiць Марыт Эрыксдотэр. Прыстаў тут жа падышоў да яе, паклаў руку ёй на плячо, быццам намерваючыся яе арыштаваць, i павёў да судовай палаты. Але як толькi яны апынулiся ў людскiм натоўпе, ён адпусцiў яе. Прыстаў ужо нагледзеўся на дзяўчыну i ведаў - ёй абы толькi дазволiлi стаяць паблiзу ад арыштантаў, а яна нават не паспрабуе ўцякаць. Калi ж ленсман захоча яе паўшчуваць, то знайсцi Марыт будзе лёгка.
Зрэшты, хiба быў у каго-небудзь час думаць пра Марыт Эрыксдотэр? Пастар з дзякам выйшлi наперад i сталi пасярод плошчы. Абодва знялi капелюшы, а дзяк зацягнуў псалом. I калi тыя, хто стаяў перад ланцугом салдат, пачулi гэтае спяванне, то зразумелi, што зараз адбудзецца нешта вялiкае i ўрачыстае, самае ўрачыстае з усяго, чаму iм калi-небудзь даводзiлася быць сведкамi на сваiм вяку: заклiк да ўсемагутнага, усёведнага Бога, каб даведацца аб яго волi.
Калi ж пачаў гаварыць пастар, людзi напоўнiлiся яшчэ большай павагай. Ён малiў Хрыста, сына божага, якi некалi сам паўстаў перад судзiлiшчам Пiлата, злiтавацца над гэтымi абвiнавачваемымi, каб не напаткаў iх суд несправядлiвы. Ён малiў таксама злiтавацца над суддзямi, каб не былi вымушаны яны прыгаварыць да смерцi бязвiннага.
Пад канец ён малiў яго злiтавацца над прыхаджанамi, каб не давялося iм быць сведкамi вялiкай несправядлiвасцi, як некалi жыдам каля Галгофы.
Усе слухалi пастара, пазнiмаўшы галаўныя ўборы. Яны не думалi больш пра свае нiкчэмныя людскiя справы. Яны былi настроены зусiм iнакш. Iм здавалася, быццам пастар заклiкае на зямлю самога госпада Бога, яны адчувалi яго нябачную прысутнасць.
Стаяў цудоўны асеннi дзень: сiняе неба, усеянае белымi хмаркамi, дрэвы з зялёным, ледзь кранутым жаўцiзной лiсцем. Над галовамi людзей бесперапынна праляталi на поўдзень чароды пералётных птушак. Нязвыкла было бачыць такую процьму птушак адразу ў адзiн дзень. Людзям здавалася, што гэта, магчыма, нездарма. Цi не было гэта знакам, што гасподзь ухваляе намеры чалавечыя?
Калi пастар змоўк, выйшаў наперад старшыня павятовага суда i зачытаў каралеўскi прыгавор. Прыгавор быў падрабязны, з мноствам мудрагелiстых моўных зваротаў, якiя з цяжкасцю даходзiлi да натоўпу. Але людзi зразумелi, што свецкая ўлада як бы склала скiпетр свой i меч, адмовiлася ад мудрасцi сваёй i ведаў i спадзявалася цалкам на волю божую. I яны пачалi малiцца, малiцца ўсе як адзiн, каб гасподзь дапамог iм i навучыў iх.
Затым ленсман узяў у рукi iгральныя косцi i папрасiў суддзю i сяго-таго з прысутных кiнуць гэтыя косцi, каб праверыць, цi не фальшывыя яны. З нейкiм дзiўным хваляваннем прыслухоўваўся народ да стуку iгральных касцей на барабаннай шкуры. Гэтыя кубiкi, якiя загубiлi нямала людзей, няўжо цяпер iх палiчылi вартымi паведамiць волю боскую?!
Як толькi косцi былi апрабаваны, арыштантаў вывелi наперад. Спачатку кубак перадалi Эрыку Iварсану, самаму старэйшаму з усiх. Але ленсман тут жа растлумачыў яму, што зараз рашэнне не будзе яшчэ канчатковым. Зараз iм патрэбна кiнуць жэрабя толькi для таго, каб кожнаму вызначыць сваю чаргу гуляць.
Першы раз Паўлю Элiясану выпала найменш, а Iвару Iварсану найбольш ачкоў. Значыць, яму першаму i патрэбна было пачынаць.
Трое абвiнавачваемых былi апрануты ў тое ж самае адзенне, якое было на iх, калi яны, спускаючыся з гор, са свайго летняга сэтара, сустрэлi ротмiстра. Цяпер гэта адзенне было бруднае i ўсё падранае. Такi ж зношаны выгляд, як у кафтанаў, быў i ў iх гаспадароў. Аднак усiм падалося, быццам Iвар Iварсан трымаўся з трох як бы лепш за ўсiх. Вiдаць, таму, што ён былы салдат, загартаваны шматлiкiмi пакутамi баёў i палону. Трымаўся ён усё яшчэ прама, i выгляд у яго быў мужны i бясстрашны.
Калi Iвар Iварсан выйшаў наперад да барабана i ўзяў кубак з касцямi з рук ленсмана, то хацеў быў паказаць яму, як патрэбна трымаць кубак i як гуляць у косцi. На вуснах старога мiльганула ўсмешка.
- Не ўпершыню гуляць мне ў косцi, ленсман, - сказаў ён такiм гучным голасам, што ўсе пачулi. - Бенгт-асiлак з Хедэбю ды я не раз, бывала, забаўлялiся вечарамi гэтай гульнёй там, у стэпавых краях. Але не спадзяваўся я, што мне давядзецца згуляць з iм яшчэ раз.