Да таго ж у гэтай судовай справе было штосьцi надта асаблiвае, яна вялася не чалавекам супраць чалавека; iстцом у гэтай цяжбе быў нябожчык нябожчык, якi патрабаваў вярнуць ягонае багацце. У любых iншых абставiнах можна было яшчэ вагацца, цi патрэбна звяртацца да гульнi ў косцi, але толькi не ў гэтых. Нябожчык генерал ужо дакладна ведаў, хто ўтаiў яго дабро. Вось i ў каралеўскiм прыгаворы самым вартым было тое, што ён даваў старому генералу магчымасць караць або дараваць.
Магло нават падацца, быццам кароль Фрэдрык* хацеў прадставiць канчатковае рашэнне генералу. Магчыма, ён ведаў яго ў даўнiя ваенныя гады i яму вядома было, што на гэтага чалавека можна спадзявацца. Зусiм не выключана, што якраз гэта i мелася на ўвазе. А так цi не так, сказаць цяжка!
* Кароль Фрэдрык (1676-1751) - кароль Швецыi (1720-1751). Быў жанаты на Ўльрыцы Элеаноры, сястры Карла XII, з'яўляўся яго ваенным паплечнiкам i пасля яго смерцi дамогся права на атрыманне ў спадчыну шведскага трона.
Як бы там нi было, усе, чаго б гэта нi каштавала, хацелi прысутнiчаць на цiнгу ў гэты дзень, калi будзе аб'яўлены божы прысуд. Кожны, хто не быў занадта стары, каб iсцi, цi занадта малы, каб паўзцi, накiраваўся ў дарогу. Такой знамянальнай падзеi, як гэта, не здаралася ўжо шмат гадоў. Тут нельга было задавольвацца тым, каб пасля, ды яшчэ ад iншых пачуць, як усё скончылася. Не, тут абавязкова трэба было прысутнiчаць самому.
Вядома, што сядзiбы i маёнткi раней былi рассеяны па ўсёй акрузе, вядома i тое, што тады можна было цэлую мiлю праехаць, ды так i не сустрэць нi душы. Але калi людзi з усяго павета сышлiся на адной i той жа плошчы, то ўсе так i ахнулi - колькi народу! Цесна прыцiснутыя адно да аднаго, незлiчонымi радамi стаялi яны перад судовай палатай. Здавалася, нiбы пчалiны рой, чорны i цяжкi, звiсае перад вулеем летнiм днём. Людзi нагадвалi пчалiны рой яшчэ i тым, што былi не ў сваiм звычайным настроi. Яны не былi маўклiвыя i ўрачыстыя, якiмi заўсёды бывалi ў царкве; не былi яны вясёлыя i лагодныя, як заўсёды на кiрмашах: яны былi лютыя i раздражнёныя, апанаваныя нянавiсцю i прагай помсты.
Чаго ж тут здзiўляцца? З малаком мацi ўсмакталi яны жах перад лiхадзеямi. Вечарамi iм спявалi калыханкi пра валацуг, якiя былi аб'яўлены па-за законам. У iх уяўленнi ўсе зладзеi i забойцы былi вылюдкамi, чортавым насеннем, яны iх i за людзей не лiчылi. Думка аб мiласэрнасцi да такiх вырадкаў iм i ў галаву не прыходзiла. Яны ведалi, што такiм вось страшным i подлым стварэнням сягоння будзе вынесены прысуд, i радавалiся гэтаму. "Слава табе госпадзi, цяпер ужо гэтаму крыважэрнаму д'яблу прыйдзе канец, разважалi яны. - Ужо цяпер ва ўсякiм выпадку яму не ўдасца болей шкодзiць нам".
Добра, што божы суд павiнен быў адбывацца не ў судовай палаце, а на волi. Але дрэнна, вядома, што рота салдат частаколам стаяла на плошчы перад судовай палатай i блiзка падысцi нельга было, людзi ж бясконца груба лаялi салдат, што тыя перакрылi iм шлях. Раней нiхто б сабе такога не дазволiў, але сягоння ўсе былi дзёрзкiя i нахабныя.
Усiм людзям давялося заўчасна, з самай ранiцы выйсцi з дому, каб заняць месца блiжэй да частаколу з салдат, i на iх долю выпала многа доўгiх гадзiн пакутлiвага чакання. А за ўвесь гэты час забавiцца не было чым. Хiба што з судовай палаты выйшаў судовы прыстаў i паставiў пасярод плошчы вялiзны барабан. Усё-такi стала весялей, бо людзi ўбачылi, што судзейскiя там, у палаце, намерваюцца распачаць справу яшчэ да вечара. Суровы прыстаў вынес таксама стол са стулам ды яшчэ пяро з чарнiлiцай для пiсара. Нарэшце ён з'явiўся, трымаючы ў руках невялiкi кубак, у якiм звонка перакочвалiся iгральныя косцi. Прыстаў некалькi разоў выкiнуў iх на барабан. Вiдаць, хацеў пераканацца ў тым, што яны не фальшывыя i выпадаюць то так, то гэтак, як iгральным касцям i належыць.
Затым ён хутка вярнуўся ў палату, i нiчога дзiўнага ў тым таксама не было: бо варта было яму толькi паказацца на ганку, як людзi адразу ж пачыналi лаяць яго i пасмiхацца. Раней нiхто б сабе гэтага не дазволiў, але ў гэты дзень натоўп проста ашалеў.
Суддзю з засядацелямi прапусцiлi праз заслон i да судовай палаты адны з iх прайшлi пешшу, iншыя ж пад'ехалi вярхом. Як толькi з'яўляўся хто-небудзь з iх, натоўп адразу ажываў. Але зноў-такi нiхто не шаптаўся i не шушукаўся, як бывала раней. Зусiм не! I пахвальныя i зневажальныя словы выкрыквалiся на ўвесь голас. I нiчым нельга было гэтаму перашкодзiць. Тых, хто чакаў судовага разбору было нямала, i не такiя яны былi, каб з iмi жартаваць. Важных паноў, якiя прыбылi на цiнг, таксама ўпусцiлi ў судовую палату. Былi там i Лёвеншольд з Хедэбю, i пастар з Бру, i заводчык з Экебю, i капiтан з Хельгестара, i многiя, многiя iншыя. I пакуль яны праходзiлi, усiм iм давялося выслухаць мноства заўваг, наконт таго, што ёсць, маўляў, шчаслiўчыкi, якiм не трэба стаяць ззаду i змагацца за месца блiжэй, ды i яшчэ многа чаго iншага.
Калi ўжо больш не было каго зневажаць, натоўп пачаў асыпаць з'едлiвымi насмешкамi маладую дзяўчыну, якая з усiх сiл старалася трымацца як мага блiжэй да салдацкага частаколу. Яна была маленькая i кволая, i мужчыны - то адзiн, то другi - не раз спрабавалi прабiцца праз натоўп i захапiць яе месца; але кожны раз хто-небудзь з тых, хто стаяў побач крычаў, што яна дачка Эрыка Iварсана з Ольсбю, i пасля такога тлумачэння дзяўчыну больш не спрабавалi прагнаць з месца.
Але затое на яе градам сыпалiся кпiны. У дзяўчыны пыталiся, каго ёй больш хочацца бачыць на шыбенiцы - бацьку цi жанiха. I здзiўлялiся: з якой гэта ласкi дачка злодзея павiнна займаць лепшае месца.
Тыя ж, што прыйшлi з далёкiх лясоў, толькi дзiвiлiся, як у яе хапае духу заставацца на плошчы. Але iм тут жа расказалi пра яе i нямала iншых дзiўных рэчаў. Яна была не з баязлiвага дзесятка, гэта дзяўчына, i прысутнiчала на ўсiх суровых разборах, нiколi не заплакала i ўвесь час была спакойная. Раз-пораз кiвала яна галавой абвiнавачваемым i ўсмiхалася iм так, быццам была ўпэўненая ў тым, што заўтра iх вызваляць. I калi абвiнавачваемыя бачылi яе, то зноў былi мужнымi. Яны думалi самi сабе, што ёсць на свеце хоць адзiн чалавек, якi перакананы ў iх бязвiннасцi. Хоць адзiн, хто не верыць у тое, што нейкi мiзэрны залаты пярсцёнак мог спакусiць iх i падштурхнуць на злачынства.
Прыгожая, цiхая i цярплiвая, сядзела яна ў судовай зале. Нi разу не выклiкала яна нi ў кога гневу. Наадварот, нават у суддзi з засядацелямi, ды i ленсмана яна выклiкала прыязнасць да сябе. Самi б яны, дапусцiм, у гэтым не прызналiся, але хадзiла чутка, быццам павятовы суд нi за што не апраўдаў бы абвiнавачваемых, калi б не было там яе. Немагчыма было паверыць, што хто-небудзь з тых, каго любiць Марыт Эрыксдотэр, можа быць вiнаваты ў лiхадзействе.