I ўсе вясёлы, ўсе рухлiвы
I святам заўтрашнiм шчаслiвы.
А цэрква, макаўка святая,
Народу поўна, блескам ззяе.
Сярод царкоўкi плашчанiца
Стаiць мiж елачак зялёных.
Кабеты, дзеўкi, маладзiцы
Iдуць-плывуць да плашчанiцы
У хустках белых i чырвоных,
Набожна хрысцяцца, ўздыхаюць
I лбом данiзу прыпадаюць.
Направа сталыя мужчыны
Стаяць, разгладзiўшы маршчыны.
А Чылiноў Алесь надзьмуўся,
Ў святыя дзеяннi уткнуўся
I там, дзе слоў не расчытае,
На сажань голас працягае.
- Вось Чылiны як дацiнаюць!
Чытанне людзi адзначаюць.
Народ калышацца, хвалюе,
Бы ў цёмным вiры вада тая,
I ўсё плыве, ўсё прыбывае,
А ўлады сну ён больш не чуе,
I блiзак час святой дзяннiцы.
"Хрыстос васкрос!" - з гары-званiцы
Вяшчае першы звон шчаслiва.
Народ увесь, бы ў полi нiва
Буйнымi гнецца каласамi,
Скланiўся цiха галавамi.
А пачакаўшы з паўгадзiны,
Нясуць жанкi, нясуць мужчыны
Кашы, каробкi, паўасмiны
I ставяць ў рад на цвiнтары
Ўсе велiкодныя дары.
Маленне бацька-поп канчае,
Iдзе з крапiдлам i махае.
Заварушылiся каробкi,
Кашы, рашэты, паўасмiны,
Чакалi доўга той часiны
Дзямян, Шабас, Казiмер, Сцёпка.
Паперлi полем русакоўцы,
Бягуць да коней свержаноўцы,
Гудуць, склiкаюцца, вiншуюць,
Адны другiх ў галдзе не чуюць,
I ўсе спяшаюцца, бягуць,
Каб рот свой скорамам заткнуць.
Антось з Мiхалам тож гатовы.
- Святкуйце ж веселы, здаровы!
Усiм дабра яны жадаюць
I за вароты выязджаюць.
А людзi ў хатах не драмалi:
Ўжо "алялюя" адспявалi
I за сталамi ўсёй сям'ёю
Сядзелi - цешылiсь ядою.
Панукi конiк не чакае,
I сам ён рыссю запускае,
Як бы спяшаецца дамоў
Замчаць сваiх гаспадароў.
А новы дзень, даўно жаданы,
Ўжо сыпле багру на курганы,
I стрэлы-косы залатыя
На ўзгоркi падаюць крутыя.
А хмаркi ў фарбах златалiтых,
Ў шаўках агнiстых, аксамiтах,
То паасобку, то гурткамi,
То залатымi ланцужкамi,
Як бы спынiўшысь нерухлiва,
Усмешкi кiдаюць шчаслiва,
I iм хацелася, вiдаць,
Святы Вялiкаднiк вiтаць.
- Ну, едуць, едуць! - Алесь з хаты
Бяжыць да дзядзькi i да таты,
I дзецi кiнулiсь к парогу.
- Ну, вось i дома, дзякуй Богу!
Прыйшлi у хату, ўсiх цалуюць,
З святым Вялiкаднем вiншуюць;
Памылiсь борздзенька, садзяцца,
Бо час даўно iм разгаўляцца.
Абрусам белым стол накрыты,
Ўсё мае выгляд самавiты;
Мужчыны добры i прыветны.
Нiякай ценi незаметна.
На бэльку кiнуў бацька вочы,
Бярэ кантычку i гартае,
"Вэсолы нам дзiсь дзень" шукае.
Хоць спевы слухаць неахвочы,
Але трымаюць дзецi згоду,
Бо ўжо вялось так год ад году.
"Вэсолы" ў "ксёнжцы" дзесь прапалi,
Насiлу ўдвух iх адшукалi
I раптам дружна зацягнулi,
Як бы iх пугай сцебанулi;
I мацi голас далучае
I так танютка вырабляе,
А гаспадар ўсё болей з баса
Утне такога выкрунтаса,
Аж сам падзiвiцца сабе,
I стане горача табе.
Антось бярэ больш танкавата
Й не адстае нiяк ад брата,
А хлопцы толькi усмiхнуцца,
Але сядзяць, не зварухнуцца.
К канцу падходзiць "алялюя",
Ў камору мацi тут тралюе,
Нясе прынадную бутэльку.
Кантычка зноў iдзе на бэльку.
Вiдэльцы дружна разбiраюць,
I гуртам яйкi ачышчаюць,
I па кусочку iх бяруць,
Крыху падсольваюць, ядуць.
Вось бацька чарку налiвае
I вочы ўгору падымае.
- Дай, Божа, за год дачакаць
Здаровым, вясёлым, жывым
I новы Вялiкдзень таксама спаткаць
У добрым здаровейку ўсiм,
Каб гора i смутку не зналi.
- Дай, Божа! - разам адказалi.
I пайшла чарка з рук у рукi,
Пiлi ўсе гладка, без прынукi;
Малым папрабаваць далi,
Каб весялейшыя былi.
А на стале тым - рай, ды годзе,
Што рэдка трапiцца ў народзе,
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зверху, сакаўная,
Як бы агонь у ёй палае,
А нiз бялюткi, паркалёвы;
Кiлбасы-скруткi, як падковы,
Мiж сцёган, сала i грудзiнак
Красуе ўсмажаны падсвiнак,
Чысцюткi, свежы i румяны,
Як бы панiч той надзiманы.
Муштарда, хрэн - адно дзяржыся,
У рот паложыш - сцеражыся!
А пiрагi, як сонца, ззялi,
I ў роце бабкi раставалi.
Са смакам елi i багата
На тое ж даў Бог людзям свята.
XXV. ЛЕТНIМ ЧАСАМ
Прайшоў Вялiкаднiк свяценькi.
Бяруцца людзi за сявенькi,
За плуг, за бораны, за сохi,
Пайшлi разгульвацца патрохi.
Запахла поле зноў раллёю;
Гракi, вароны чарадою
За свежай ходзяць баразною.
Вясёлы шум i пануканне
Чутны да самага змяркання.
А над палямi ў ясным небе,
Як быццам песнямi аб хлебе,
Якi даручан гэтай глебе,
Зальюцца жаваранкi хорам,
I песнi моўкнуць па-над борам.
А сам той бор глядзiць з усмехам
I ўторыць чуткiм сваiм рэхам
I спеву-посвiсту драздоў,
I громкiм трубам пастухоў,
I цiхай дудцы за гарою.
Адна работа за другою
Iдзе-плыве сваёй чаргою
То ў агародзе, то на полi
I не спыняецца нiколi;
I так у клопаце, ў рабоце,
Цi то ў няволi, цi ў ахвоце
Вясна мiнецца, прыйдзе лета.
Тады штодня ўставай дасвета,
I агнявокая дзяннiца,
Як маладая чараўнiца,
Цябе сагрэе мiлым смехам,
Авее духам чыстым бораў,
Палёў, лугоў, нябёс прастораў
I сыпне радасць нiзкiм стрэхам,
Ды толькi будзе той дастойны
Вiтаць у ранiчак спакойны
Златавалосую багiню,
Той да грудзей яе прыхiне,
Яе пацешыцца красою,
Хто сам абмыецца расою.
За колькi дзён да касавiцы
Касцы заглянуць на палiцы,
Каб малаток знайсцi i бабку:
Iдзе работа, не спi ў шапку.
Агледзьце, братцы, добра косы,
Каб не псаваць свае пракосы,
Каб не ўвадзiць людзей у грэх,
Касарства зводзячы на смех.
Пахiбка знойдзецца якая,
Наш дзядзька першы не ўтрывае
I на пакошу тыкне пальцам:
Бяда няўмекам i нядбальцам,
Хто шнур зжуе няроўным плехам
Антось яго ўжо дойме смехам,
Задзене проста за жывое,
Хоць сэрца ў дзядзькi i не злое.
Затое ж дзядзька хват i дока,
Набiў на косах сваё вока,
I калi выбера ён коску
Не пара iншаму падоску:
I ярка, лёгка, спрытна, гонка;
Другi лягчэй знаходзiць жонку