А дзядзька ў чоўне - сонца ў коле!
Тым часам човен i на волi,
Бо тут глыбока рэчка грае,
I хлопцам пуп вада мiнае.
- Ну, годзе, хлопцы, досыць вам:
А ну-ткаль спробую я сам!
I дзядзька ўжо тут адразэчку
Пачуў, што выехаў на рэчку,
I гэта яснасць сходзiць з твара.
Бярэ ён прыс, ён повен жара.
Рашучасць думкi, смеласць руху,
Эх, колькi сiлы, колькi духу!
Зусiм iстота ў iм другая!
На прыс ён разам налягае
Ды на нагах калi прыгнецца!
Тут човен раптам як рванецца,
Бы той спалоханы шчупак!
Герой наш дзядзька, наш рыбак,
Адразу ў дзве бяды папаўся:
Перш-наперш прыс у гразь вагнаўся,
А човен носам - трах у дрэва!
А дзядзька раптам - гоп налева!
I ногi ў портках адмысловых
Не проста ў зрэбных - шарачковых
Адно ў паветры бурканулi
Ды ў воду ўмомант баўтанулi!
Ўсхапiўся дзядзька мокры, брудны,
А вынiк спробы той паскудны:
Чаўнок - не човен, а карыта,
I нос i частка дна адбiта;
Прысок тырчыць, як струп на плеху,
А хлопцы поўзаюць ад смеху,
А дзядзька сам - цар без кароны
I выгляд - мокрае вароны!
XII. СЕСIЯ
У iнтарэсах асвятлення
Яшчэ нязнiкшага з'яўлення
Не шкодна б святам, вольным часам,
Схадзiць на сесiю з Мiхасем.
Мiхась паснедаў, прыадзеўся
I на кiрмаш схадзiць ён меўся,
Не то што б там якiя справы
Былi патрэбны i цiкавы,
А проста так сабе ў нядзельку
Праведаць Залмана цi Эльку.
Мiхал - навошта ўжо таiцца?
Любiў-такi павесялiцца,
Зайсцi да Малкi цi Ляйботы,
Каб збыць за чаркаю згрызоты.
Цi так цi не, ва ўсякiм разе
Другое мелася на ўвазе:
Мiхал любiў каля бутэлькi
Пытаць тых-сiх наконт зямелькi,
Бо так на службе дапяклi,
Што гэта думка аб зямлi
Запала ў сэрца назаўсёды,
Як промень волi i свабоды.
На тую ж сесiю штотыдня
Хадзiў Мiхал да пана-злыдня.
Звычайна з ранiцы ў нядзельку,
Калi пакiне пан пасцельку,
Аб'ездчыкi са стражнiкамi
Сюды схадзiлiся, з'язджалiсь,
З гадзiну добрую сланялiсь
Або мянцiлi языкамi,
То часам востра, то пагана,
Пакуль не клiкалi да пана.
Вось i цяпер, у дзянёк гэты,
Як мае быць ужо адзеты,
Сказаць, адзеты i фарсiста
I гладка выбрыўшыся, чыста,
Мiхал ужо разгладжваў вусы.
- Асцерагайся ж ты спакусы:
Прыйдзi хоць раз дадому ў часе!
Звярнулась жонка да Мiхася.
Ох, гэта нуднае прыслоўе,
Бадай яму ўжо безгалоўе!
I колькi раз ён чуе гэта!
Ну й надаедная ж кабета:
Вось так i выкiне на вока!..
Мiхал абураны глыбока,
I гнеў мяняе яго вочы.
Ой, ды й язык жа ты жаночы:
Цi ёсць, цi не прычына тая
Ўсё роўна менцiць i кусае.
- Ну, як табе ўжо не абрыдне
Казаць адно сто раз на тыднi?
Сказала сорак раз i - квiта!
Мiхал адказвае сярдзiта,
Глядзiць, паблiсквае вачыма
I злосна ўскiдвае плячыма.
- Бо праўда вочы табе коле,
I не мiнеш ты нябось Сроля,
Не людская твая натура,
Не пахне дом свой i пячура:
Абы гарэлка на прымеце
Ты ўсё гатоў забыць на свеце!
Мiхась стаiць, знявагi поўны,
I погляд кiдае бязмоўны.
О, колькi крыўды ў iм, абразы!..
Э! лепш змаўчаць ёй, лепш тры разы
I не адказываць нiчога.
Ён толькi ўбок плюе з парога,
Iдзе - сам гнеў i сама бура,
Са лба на бровы збегла скура,
А губы шчыльна-шчыльна сцяты,
Дзвярмi ён грукнуў, выйшаў з хаты
I злосць душы i сэрца пляму
Выносiць з дому аж за браму;
I нейкi час ён па дарозе
Iдзе абураны, ў трывозе,
На жонку злосны, на самога,
Бо ў словах жонкi праўды многа.
Але ж нашто калоць у вочы?..
Цьфу! дня табе няма i ночы,
Анi часiначкi спакою;
Чорт кожны вяжацца слатою,
А тут яна шэй-на-катрынку
Як завядзе, дык без упынку.
Мiхал аб помсце строiць планы.
Вось ён нап'ецца, прыйдзе п'яны,
Каб аж язык не варушыўся,
Калi такiм лiхiм радзiўся;
Няхай крычыць сабе тады.
А не - не ўзяць два днi яды
Наперакор сваёй жанчыне,
Пакуль яе злосць не астыне?
Мiхал i клiн ужо мiнае.
Направа сцежачка сляпая
Вядзе балотцам на ачосы.
Мiхал iдзе пакуль што босы
I на дарожку зварачае,
Iдзе свяржэнскiмi маргамi
I гразь памешвае нагамi.
I покi ён мiнуў лагчыны,
На лбе разгладзiлiсь маршчыны
I ў сэрцы бура уляглася.
Другiя думкi на Мiхася
Цяпер найшлi нейк неўзаметкi,
Ды толькi iх маўклiвы сведкi
Лясок, дарожка, елкi, хвоi,
Свае ў iх думкi i настроi.
Балотца пройдзена памалу.
Густым ляском па буравалу
Мiхал выходзiць на гасцiнец.
Цяпер у думках пан-злачынец.
I не хацелася б з iм знацца,
Нi справы мець, нi спавядацца,
Нi слухаць лаянкi-пагрозы;
Але нi злосць твая, нi слёзы,
Нi моцна шчэмлены кулак
Не зменяць справы анiяк
Цярпi! чаму? дакуль цярпенне?
Калi канец яму, рушэнне?
Няўжо ўвесь век жыць з панскай ласкi
I перад iм чуць абавязкi?
I слугаваць яму, старацца
I ў тры пагiбелi згiнацца?
Адказ адзiн: няма, брат, ходу,
Хоць з моста кiдайся ты ў воду;
Няма зямлi свае i хаты,
I мусiш гнуцца, як пракляты,
Бо ты нi мяса i нi рыба.
Iдзе Мiхал, прад iм сялiба,
Засценак добра так знаёмы,
I хоць няважныя харомы
Тут гэта шляхта збудавала,
Але жыве i гора мала!
Хоць шляхцiц цёмны, як саган,
Затое ж сам сабе ён пан:
Паноў ляснiчых знаць не знае,
Прад iмi спiны не згiнае:
Пад бокам паша, агароды,
I лес, i поле - ўсе выгоды.
Мiхал зiрнуў i пазайздросцiў:
Чаму й не ён мiж ягамосцяў?
Нядзелька, свята - людзi вольны,
Свая ахвота, свой дазвол,
На рынак едуць, хто ў касцёл,
Як гэты Людвiк багамольны,
А хто пагульвае так дома;
А ты вось совайся, як бома,
Ды бойся лiха i падкусу
Не ступiш кроку без прымусу.
За горкай панская пасада,
Як у вяночку, каля саду
Ў глыбi прасторнага дзядзiнца
Стаяла з боку ад гасцiнца.
Будынак, парк i агарожа
Было ўсё слаўна i прыгожа;
Мастацкi зробленая брама
Ласкала вока гэтаксама,
Але Мiхалу не хацелась
Глядзець на гэта ўсё - прыелась,
I панскi дом з ласiным рогам
На Мiхася глядзеў астрогам,
Бо тут, апроч тае знявагi,
Сказаць, ад кожнага брадзягi,
У стражнiкоўскiм сваiм лёсе
Нiчога ведаць не прыйшлося.
А гэта сесiя, спатканне,