Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён сказаў, што паспрабаваў зазiрнуць у яе, але на жаль - панове прысяжныя! - ён яе не знайшоў. У сапраўднасцi ў мяне наогул няма душы i нiшто чалавечае, нiякiя маральныя прынцыпы, якiя абараняюць людскiя душы ад лiха, мне не даступныя.

- Мы, безумоўна, не можам папракаць яго за гэта, - дадаў ён. - Калi ў яго няма душы, нам застаецца толькi пашкадаваць, што ён не здолеў яе набыць. Але тут суд павiнен адкiнуць усякую памяркоўнасць, як непрыдатную ў гэтых абставiнах, i абярнуць яе ў iншую дабрачыннасць, няхай болей цяжкую, але i болей высокую - правасуддзе. Тым больш калi пустэча душы гэтага чалавека ператвараецца ў прорву, што пагражае пагiбеллю ўсяму чалавецтву.

I тут ён зноў пачаў гаварыць пра мае адносiны з мамай. Ён паўтарыў усё, што ўжо казаў у спрэчках. Але апiсваў гэта намнога падрабязней i даўжэй за маё злачынства, так доўга, што я нарэшце перастаў яго слухаць i адчуваў толькi задушлiвую ранiшнюю спёку. Так было, прынамсi, да той хвiлiны, калi пракурор раптам спынiўся i пасля кароткай паўзы загаварыў зноў ужо цiхiм i пранiкнёным голасам:

- Заўтра, панове прысяжныя, наш суд будзе разбiраць сама агiднае з усiх злачынстваў - бацьказабойства.

Ён заявiў, што чалавечае ўяўленне адступае перад такiм пачварным замахам. Ён спадзяецца, што правасуддзе бязлiтасна пакарае злачынцу. Але - ён не баiцца гэтага сказаць - жах перад гэтым забойствам амаль не саступае таму, якi ён адчувае перад маёю нячуласцю. На яго думку, чалавек, якi маральна забiў сваю мацi, настолькi ж чужы грамадству, як той, што ўзнiмае руку на свайго бацьку. Ва ўсякiм выпадку, першы прадвызначыў учынкi другога, ён быў, у пэўным сэнсе, яго папярэднiкам i ўзаконiў яго злачынства.

- Я ўпэўнены, панове, - дадаў ён, павысiўшы голас, - вы не палiчыце маю думку занадта смелай, калi я скажу, што гэты чалавек, якi сядзiць перад намi, вiнаваты i ў тым забойстве, якое мы будзем судзiць заўтра. I таму ён мусiць быць пакараны.

Тут пракурор выцер твар, якi ўжо ўвесь блiшчаў ад поту. I нарэшце прамовiў: якi б нi быў цяжкi яго абавязак, ён выканае яго цвёрда i без ваганняў. Ён заявiў, што мне не месца ў грамадстве, спрадвечныя маральныя нормы якога я iгнарую, i я не маю права чакаць лiтасцi ад людзей, бо мне не вядомы сама элементарныя людскiя пачуццi.

- Я патрабую ў вас галавы гэтага чалавека, - заявiў ён, - i раблю гэта з лёгкiм сэрцам. Бо нават калi мне за ўвесь той доўгi час, што я служыў правасуддзю, i даводзiлася патрабаваць смяротнай кары, дык яшчэ нiколi я не адчуваў так, як сёння, што гэты мой цяжкi абавязак абумоўлены, падмацаваны i асвечаны непазбежнаю i ўладнай неабходнасцю i тым жахам, якi выклiкае ў мяне звярыны выскал твару ў гэтага чалавека.

Калi пракурор сеў, у зале яшчэ доўга стаяла цiшыня. Мае думкi зблыталiся ад спёкi i здзiўлення. Нарэшце старшыня крыху адкашляўся i цiха спытаўся, цi ёсць у мяне нешта сказаць. Я ўстаў, мне ўжо даўно хацелася загаварыць, i я сказаў, бадай, першае, што прыйшло ў галаву, - я зусiм не хацеў забiваць араба. Старшыня сказаў, што гэта ўжо нейкае сцверджанне, бо дагэтуль ён кепска разумеў маю абарончую сiстэму, але цяпер будзе рады, калi я да адвакатавай прамовы паспрабую растлумачыць, якiя прычыны прывялi мяне да такога ўчынку. Крыху блытаючыся ў словах i разумеючы, наколькi ўсё гэта выглядае смешна, я паспяшаўся сказаць, што галоўнаю прычынай было сонца. У зале пачулiся смяшкi. Мой адвакат пацiснуў плячыма, але яму якраз далi слова. Ён заявiў, што ўжо позна, а ў яго прамова на некалькi гадзiн, i таму ён просiць перанесцi паседжанне на другую палову дня. Суд пагадзiўся.

Пасля абедзеннага перапынку вялiзныя вентылятары па-ранейшаму мясiлi густое паветра ў зале i зноў, як заведзеныя, варушылiся ў руках у прысяжных маленькiя шматкаляровыя веярочкi, усе з аднолькавай хуткасцю. Адвакатава прамова, здавалася, нiколi не кончыцца. Але ў нейкi момант я напружыў слых, бо ён сказаў:

- Напраўду, я забiў.

I далей, у тым жа духу, гаворачы пра мяне, ён паўсюль казаў "я". Мяне гэта здзiвiла. Я нахiлiўся да жандара i спытаў, чаму ён гэтак гаворыць. Той загадаў мне маўчаць, але праз пэўны час казаў:

- Адвакаты заўсёды так робяць.

I мне падумалася, што гэта - зноў дзеля таго, каб яшчэ больш аддалiць мяне ад справы, зусiм ператварыць у нiшто i нават, у пэўным сэнсе, замянiць мяне iншым. Зрэшты, я быў i так ужо вельмi далёка ад гэтае залы. I мой адвакат здаваўся мне смешным. Ён вельмi хутка прабалбатаў нешта пра тое, што я, маўляў, стрэлiў у араба, каб абаранiцца, бо той справакаваў мяне. Але затое пасля - вельмi доўга таксама гаварыў пра маю душу. I мне здалося, што таленту тут у яго намнога менш, чым у пракурора.

- Я таксама зазiрнуў у гэту душу, - сказаў ён, - але насуперак шаноўнаму прадстаўнiку пракуратуры, я многа знайшоў там i магу сказаць, што я чытаў у ёй, як у разгорнутай кнiзе.

Ён прачытаў у маёй душы, што я сумленны чалавек, што я спраўны, нястомны i адданы сваёй фiрме працаўнiк, чалавек усiмi паважаны, якi са спагадаю ставiцца да няшчасця iншых. На яго думку, я быў узорны сын, якi ўтрымлiваў сваю мацi, пакуль гэта было магчыма. Але нарэшце быў вымушаны аддаць яе ў прытулак, бо спадзяваўся, што там старая жанчына знойдзе большы камфорт, чым той, якiм мне дазвалялi акружыць яе мае невялiкiя сродкi.

- Мяне здзiўляе, панове, - сказаў ён, - што вакол гэтага прытулку падняўся такi шум. Бо калi трэба знайсцi нейкi доказ у неабходнасцi падобных устаноў i ў iх высокiм прызначэннi, дык досыць сказаць хоць бы тое, што грошы на iх выдаткуе сама дзяржава.

Аднак ён нiчога не сказаў пра пахаванне, i я адчуў, што гэтага ў яго прамове яўна бракуе. Але пасля ўсiх гэтых доўгiх фраз, бясконцых дзён i незлiчоных гадзiн, калi ўсе гаварылi пра маю душу, у мяне ўжо круцiлася ў галаве, нiбы я глядзеў у глыбокi вiр з каламутнай вадой.

Памятаю толькi, як пад канец адвакатавай прамовы праз усе сцены i дзверы, праз усе пакоi i залы да мяне даляцеў гук дудкi, якой вулiчны гандляр марожаным зазываў пакупнiкоў. I раптам мяне апанавалi ўспамiны, я прыгадаў тое жыццё, якое, на жаль, мне ўжо больш не належала, тое жыццё, дзе я знаходзiў сама простыя i сама незабыўныя свае радасцi: летнiя пахi, мой любiмы квартал, колер неба перад захадам сонца, усмешкi i сукенкi Мары. Уся бязглуздзiца майго знаходжання ў гэтай зале камяком падкацiла да горла, i я захацеў толькi аднаго - каб усё гэта скончылася як мага хутчэй, каб мне зноў апынуцца ў камеры, упасцi на ложак i заснуць. Я невыразна пачуў, як на заканчэнне прамовы адвакат ускрыкнуў, што панове прысяжныя не захочуць аддаць смерцi сумленнага працаўнiка, якi загубiў сябе ў хвiлiну раптоўнага зацьмення, i папрасiў прыняць пад увагу змякчальныя акалiчнасцi, бо я ўжо ўсвядомiў усю жудасць майго злачынства, найцяжэйшаю карай за якое мне будзе вечны дакор, што я пранясу скрозь усё жыццё. Абвясцiлi перапынак, i адвакат упаў на крэсла, нiбы ў яго зусiм ужо не ставала сiлы. З усiх бакоў да яго падбеглi калегi, кожны iмкнуўся пацiснуць руку. Я пачуў: "Цудоўна, мой дарагi, проста цудоўна!" Адзiн нават узяў мяне ў сведкi: "Выдатная прамова, га?" Я кiўнуў, але ў маiм ухваленнi не было шчырасцi, проста я вельмi стамiўся.

21
{"b":"77587","o":1}