Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Мне амаль няма чаго дадаць, - сказаў той i запытаўся ў Раймона: - Цi быў ён вашым сябрам?

- Так, - адказаў ён, - ён быў маiм прыяцелем.

Тады пракурор задаў тое самае пытанне мне. Я зiрнуў на Раймона, той глядзеў проста мне ў вочы.

- Так, - сказаў я.

Пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў:

- Вось, гэта той самы, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi аддаваўся бруднай распусце, а потым без дай прычыны забiў чалавека, каб прыхаваць сляды яшчэ адной амаральнай гiсторыi, якой нават цяжка знайсцi азначэнне.

Ён сеў. Мой адвакат з нецярплiвасцю ўскочыў i, узняўшы рукi да неба, так што з-пад рукавоў стала вiдаць накрухмаленыя манжэты белай кашулi, усклiкнуў:

- Нарэшце! У чым вiнавацяць гэтага чалавека? У тым, што ён пахаваў сваю мацi, цi ў тым, што ўчынiў забойства?

У зале пачуўся смех. Але пракурор зноў устаў i, захiнуўшыся ў мантыю, заявiў, што трэба мець вялiкую вынаходлiвасць шаноўнага абаронцы, каб не заўважаць, якая глыбокая, пачварная i непарыўная сувязь ляжыць памiж гэтымi на першы погляд рознымi фактамi.

- Але! - голасна ўсклiкнуў ён. - Я вiнавачу гэтага чалавека ў тым, што ён хаваў сваю мацi з сэрцам злачынцы!

Гэтыя словы, здаецца, моцна ўсхвалявалi публiку. Адвакат пацiснуў плячыма i выцер з iлба пот. Вiдаць, ён быў уражаны таксама, i я зразумеў, што справы мае iдуць кепска.

На сёння паседжанне было скончана. Выходзячы з Палаца правасуддзя, каб сесцi ў турэмную машыну, я на кароткi час адчуў знаёмы пах i фарбы летняга вечара. I потым, седзячы ў сутоннi маёй перасоўнай камеры, я нiбы праз млявую смугу пазнаваў гукi некалi блiзкага мне горада, якi я любiў, - тыя гукi, што заўсёды чулiся ў гэты час, калi мне здаралася быць шчаслiвым. Крык прадаўцоў газет у ацiхлым ужо паветры, шчабятанне запозненых птушак у скверы, зазыўныя воклiчы гандляроў пiражкамi, трамвайны енк на крутых паваротах вулiц i шолах неба над портам, што рыхтуецца да блiзкай ночы, - гэты добра вядомы мне шлях я рабiў цяпер, як сляпы. Так, гэта быў той час, калi я, ужо вельмi-вельмi даўно, адчуваў сябе шчаслiвым. Я ведаў тады, што наперадзе мяне чакае сон, лёгкi сон без нiякiх мрояў. Але цяпер нешта змянiлася, бо цяпер перад сустрэчай з заўтрашнiм днём мяне чакала камера. I выходзiла так, што той знаёмы шлях, накрэслены ў летнiм вячэрнiм небе, мог весцi да турмы, як раней вёў да цiхамiрных сноў.

IV

Нават на лаве падсудных цiкава паслухаць, што пра цябе кажуць iншыя. I магу вас запэўнiць, што ў пракуроравай i адвакатавай прамовах пра мяне было сказана нямала - бадай, нават больш пра мяне, як пра маё злачынства. Ды, зрэшты, цi так ужо яны адрознiвалiся, гэтыя прамовы, адна ад адной? Адвакат ускiдаў рукi да неба i прызнаваў мяне вiнаватым, але шукаў розных апраўданняў. Пракурор працягваў рукi да публiкi i выкрываў маю вiнаватасць, але нiякiх апраўданняў ёй не бачыў. Нешта мяне ўсё ж непакоiла. I нягледзячы на ўсе засцярогi, мне часам дужа карцела ўцiснуць сваё слова, але ў такую хвiлiну адвакат гаварыў:

- Маўчыце, гэтак будзе лепей для справы.

I справа абмяркоўвалася так, нiбы мяне тут i не было. Без нiякага майго ўдзелу. Мой лёс вырашалi, не пытаючыся маёй думкi. Часам мне рупiла спынiць iх i сказаць: "Слухайце, нарэшце, хто тут падсудны? То ж не звычайная рэч - быць падсудным. Я таксама маю нешта сказаць". Але, як падумаць, мне не было чаго казаць. Дый, трэба прызнаць, жаданне займаць чыюсьцi ўвагу трывае не вельмi доўга. Мяне, напрыклад, пракурорава прамова стамiла вельмi хутка. Уразiлi i запомнiлiся толькi асобныя ўрыўкi, жэсты цi напышлiвыя фразы, зусiм, аднак, адарваныя ад усяго астатняга, што ён казаў.

Сэнс яго думкi, калi я добра зразумеў, зводзiўся да таго, што забойства было ўчынена мною наўмысна. Прынамсi, ён стараўся гэта давесцi. Ён так i казаў:

- Я дакажу вам гэта, панове, i дакажу двойчы. Спачатку ў асляпляльным святле фактаў i потым - у змрочным святле псiхалогii гэтай злачыннай душы.

Ён сцiсла яшчэ раз пералiчыў усё, што адбылося пасля мамiнай смерцi. Нагадаў пра маю нячуласць, пра тое, што я не ведаў, колькi маме гадоў, i што назаўтра хадзiў на пляж з жанчынай, а пасля - у кiно на Фернандэля, i прывёў з сабой дадому Мары. Тут я не адразу яго зразумеў, бо ён казаў пра "каханку", а яна для мяне была проста - Мары. Нарэшце ён дайшоў да гiсторыi з Раймонам. Я адзначыў, што яго разважаннi не пазбаўлены логiкi. Тое, як ён выстройваў факты, было вельмi верагодна. Па згодзе з Раймонам я напiсаў лiст, каб завабiць яго каханку ў пастку i потым аддаць на гвалт чалавеку "сумнiцельнай маралi". На пляжы я справакаваў бойку з Раймонавымi ворагамi i, калi той быў паранены, узяў у яго рэвальвер i вярнуўся адзiн да крынiчкi, каб iм скарыстацца. Там, як было задумана, я забiў араба. Потым счакаў. I "каб упэўнiцца, што справа зроблена як мае быць", стрэлiў яшчэ чатыры разы, ужо не спяшаючыся, упэўнена i нават, калi так можна сказаць, з развагай.

- Вось, панове, - сказаў пракурор, - я прасачыў перад вамi хаду падзей, якiя прывялi гэтага чалавека да забойства - забойства наўмыснага i свядомага. I я настойваю на гэтым. Бо перад намi не звычайнае злачынства, не проста безразважны ўчынак, якому можна было б знайсцi нейкiя апраўданнi. Гэты чалавек, панове, - разумны. Вы чулi, як ён гаворыць, праўда? Ён умее адказваць. Ён ведае цану слову. I пра яго нельга сказаць, каб ён дзейнiчаў, не разумеючы, што ён робiць.

Я слухаў i, вядома, чуў, што мяне лiчаць разумным. Але нiяк не мог зразумець, чаму звычайныя якасцi звычайнага чалавека раптам абарочваюцца неабвержным доказам вiны падсуднага. Гэта ўразiла мяне настолькi што я нават перастаў слухаць пракурора i зноў пачуў яго словы толькi тады, калi ён сказаў:

- Але цi раскайваўся ён ва ўчыненым? Не, панове, нiколi! Нiводнага разу за ўвесь той час, пакуль iшло следства, гэтага чалавека не ўсхвалявала думка, што ён зрабiў жахлiвае злачынства.

Ён павярнуўся да мяне i, тыкаючы ў мой бок пальцам, зноў пачаў мяне прабiраць, хоць я, па праўдзе кажучы, не надта разумеў за што. Бадай, толькi ў адным ён меў рацыю. Я сапраўды не вельмi раскайваўся ў сваiм учынку. Але чаму гэта яго так раз'юшыла, мне было дзiўна. Мне б шчыра хацелася паспрабаваць растлумачыць яму, амаль па-сяброўску, што я наогул нiколi нi ў чым не раскайваўся па-сапраўднаму. Мяне заўжды захапляла толькi тое, што яшчэ мусiла здарыцца - сёння цi заўтра. Але, вядома, у тым становiшчы, у якое мяне паставiлi, я не мог дазволiць сабе размаўляць з кiм-небудзь падобным тонам. Я проста не меў права выяўляць сардэчнасць цi быць добразычлiвым. I я вырашыў слухаць пракурора далей, бо ён якраз пачаў гаварыць пра маю душу.

20
{"b":"77587","o":1}