Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Дыега адчуў спазмы ў горле i гарачыя слёзы пад павекамi.

- "Хай прыйдзе царства тваё", - сказаў ён цiха, каб не выдаць дрыжання голасу.

- "Хай будзе воля твая як у небе, так i на зямлi".

Дыега паўтарыў i гэтую фразу, але яшчэ цiшэй. Ён адчуваў, што з наступным радком не авалодае ўзрушанасцю, якая нахлынула на яго, i заплача ўголас. Але вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар больш не малiўся. Ён замоўк, зацiснуў далонямi скронi, нiбы забыўся на таго, хто кленчыў побач з iм.

Сiгнатурка сёстраў кармелiтак зноў пачала званiць удалечынi. Падрэ Тарквемада ўзняў галаву.

- Аман, - сказаў моцным, сабраным голасам. - Браце Дыега!

- Пане?

- Вяртайся, сыне мой, да сябе. Неўзабаве развiднее, чакае цябе, як я думаю, нялёгкi дзень.

- Абы каб стаў пачаткам апошняга! - усклiкнуў Дыега.

На гэта Тарквемада сказаў:

- Кожны чалавек пан i адначасова слуга свайго лёсу. Iдзi ўжо requiescere in pасе ў сваю цэлю, чакай, пакуль не атрымаеш новых указанняў ад вышэйшых.

Ноч сапраўды канчалася, i, калi брат Дыега iшоў кляштарным дзядзiнцам, на небе, ужо на ўсходзе асветленым блакiтнаватым водблiскам, зоркi пачалi тухнуць. Мглiстая шэрань золку залiвала паветра, i холад гэтай апошняй начной гадзiны быў асаблiва пранiзлiвы.

У ценi каланады стаяў чалавек. Дыега спынiўся, пасля падышоў блiжэй.

- Гэта ты, Матэа?

- Я, - сказаў той. - Адкуль iдзеш? Ты быў у царкве?

- Быў.

- Божа вялiкi! Ты бачыў яго?

- Пра каго ты? Я бачыў д'ябла.

- Дыега!

- На гэты раз ён перамог мяне. Я малiўся з iм.

Брат Матэа схапiў яго за руку.

- Дыега, мой маленькi Дыега. Я прачнуўся ноччу, пайшоў у тваю келлю, але яна была пустая. Пасля ў калiдоры мне загарадзiў дарогу малады рыцар, адзiн з яго служак. Ён спытаўся ў мяне: "Куды вы iдзяце, вялебны браце?" Я адказаў: "У царкву". Тады ён крануў мяне за плячо i сказаў: "Ужо ноч, вялебны браце, не перабiвайце нашаму шаноўнаму айцу хвiлiн самотнага роздуму". Я тут чакаў цябе, Дыега. Вельмi доўга чакаў.

Дыега падняў галаву.

- Навошта?

- Я баяўся за цябе. Нашто ты хочаш загубiць сябе? Што гэта азначае, што ты малiўся разам з iм?

- Нiчога, - сказаў Дыега, гледзячы ў змрок пад нiзкiмi скляпеннямi аркад.

- Нiчога?

- Я хацеў забiць яго, а пасля паўтараў за iм пацеры.

Брат Матэа здрыгануўся.

- Дыега, што ты зрабiў з сабою? Нашто па сваёй волi аддаешся ў рукi непрыяцелю?

Дыега пацiснуў плячыма.

- Не ведаю. А пра што ты, уласна, кажаш? I так няма ратунку. Можна звар'яцець або самога сябе знiшчыць. Гэта ўсё.

- Яшчэ ёсць Бог!

Дыега адвёў руку.

- Бывай, Матэа. Я стамiўся, хачу спаць, rеqeiescerе in расе, як ён наказаў мне, вялебны айцец.

- Дыега!

Дыега спынiўся каля ўвахода ў кляштар:

- Чаго?

- Я любiў цябе за чысцiню твайго сумлення, як нiкога на свеце.

- Чаму кажаш - любiў?

- Дыега, калi што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.

- Што гэта азначае?

- Што?

- Сумленне.

- Будзь самiм сабою.

- Толькi таго?

- Гэта ўсё.

- Усё? Усё заўсёды азначае найменш. Я застаюся самiм сабою, калi раблю адно, i застаюся самiм сабою, калi раблю нешта зусiм другое. Цi ў страху таксама ёсць сумленне?

- Дыега, нават скажоная праўда не перастае быць праўдай.

- Ах, так! - сказаў Дыега. - Будзь здаровы.

Дыега заснуў адразу i так моцна, што, калi прачнуўся надвячоркам, не мог разабрацца, цi гэта досвiтак, цi ўжо змяркаецца. Нейкую хвiлiну ляжаў нерухома ў тупой стоме, i, перш чым паспеў абудзiцца ад гэтага памарачэння, заснуў зноў, i амаль адразу, у глыбокiм сне вельмi востра i раптоўна ўсвядомiў, што не спiць i што не адзiн у келлi. Аднак ён не расплюшчыў вачэй. Ведаў, што тое, што павiнна стацца, станецца, але хацеў адсунуць гэтую непазбежную, хоць яшчэ i невядомую, неабходнасць на некалькi хвiлiн, каб сабрацца з думкамi. "Нельга мне баяцца", - падумаў ён, але адначасова адчуваў, што страх нiбы толькi i чакаў позвы, - сэрца забiлася хутчэй, халадок прабег па скронях i шчоках. "Не, не, толькi не гэта!" - сказаў ён уголас i паглядзеў.

Пасярод келлi стаяў падрэ Тарквемада. Было цёмна, але ноч за акном здавалася амаль яснай, нiбы ахопленыя водблiскамi вялiзнага пажару. "Адкуль гэтае святло?" - падумаў ён. Яшчэ нiколi ён не бачыў яснасцi, адначасова халоднай i мёртвай. Устаў.

- Вы прыйшлi, пане? - сказаў проста.

Сапраўды, калi ён i адчуваў у гэты момант здзiўленне, дык толькi з той прычыны, што зусiм не здзiвiўся.

- Як бачыш, - сказаў Тарквемада. - Я ж сказаў табе, што кожны чалавек - i пан i слуга свайго лёсу.

- Ты мне гэта казаў, пане? - здзiвiўся Дыега. - Калi?

- Ужо не памятаеш?

Дыега пацёр лоб.

- Так, нешта прыгадваю. I таму ты прыйшоў? Не разумею цябе, пане? Ты - не я, i мой лёс - не твой.

- Ты так думаеш, сыне мой? Няўжо ты памылiўся, кажучы, што ведаеш мяне даўно?

- Не, пане, не памылiўся. Сапраўды ведаю цябе так даўно, як толькi хапае памяцi.

- Ну i?..

- Але ты - не я. Калi я ўбачыў цябе першы раз, так, цяпер я ўсё прыпамiнаю, менавiта таму мне здалося, што ведаю цябе даўно, што ты не быў мною. Ты - мая процiлегласць, маё адмаўленне.

- Дапусцiм. Аднак жа цi ты не ведаеш мяне, каго называеш сваёй процiлегласцю i сваiм адмаўленнем, дакладней i лепей, чым сябе самаго? Маўчыш? Значыцца, згаджаешся?

- О не, пане! Маўчанне не заўсёды азначае згоду. Я замоўк, бо не мог адмаўляць, што ведаю цябе добра.

- А сябе? Цi ведаеш сябе лепш, чым мяне? Ведаеш пра сябе ўсё?

- Хто ж ведае пра сябе ўсё?

- Дык, можа, ведаеш усё пра мяне?

Дыега завагаўся.

- Так, пане, - сказаў нарэшце цвёрда. - Пра цябе - усё.

I адразу зразумеў, што гэтае прызнанне размiнулася з мэтай, прайшло мiма старога.

- Дзе ж тады мяжа памiж табою i мною? - спытаўся Тарквемада. - Цi не iлюзiя гэта, якую ты сам у сабе стварыў?

- Значыцца, усё-такi сам!

Тарквемада, здавалася, не заўважыў трыумфальнай iнтанацыi ў голасе Дыега.

- Калi ты ведаеш мяне, а я - не ты, калi ты ведаеш мяне лепш, чым сябе, дык, можа, i ты - не ты ў такiм сэнсе, як табе думаецца. Можа, тваёй натуры ўласцiва перш за ўсё тое, што ты ведаеш дакладна i ўсебакова, а не тое, што сам расцэньваеш як няяснае i цьмянае.

- Што ж, па-твойму, азначае - быць самiм сабою?

- Быць, - адказаў Дыега без вагання.

- А можа, ведаць? Цi можаш ты iснаваць, дзякуючы несвядомасцi, пазбаўляючы iснаванне свядомасцi? Што вырашае тваё прызначэнне: iснаванне цi свядомасць?

7
{"b":"76722","o":1}