Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Тым часам першыя дамоўнiкi наблiжалiся да Сан-Вiцэнтэ.

Першы, хто вельмi рана прыбыў у Сант-Вiцэнтэ, быў Яго Эмiненцыя бiскуп Авiлы дон Бласка дэ ла Куэста. Вялебны падрэ Дыега, якому паведамiлi пра гэта, пакiнуў вялебнага айца i, абмяняўшыся ў суседняй цэлi некалькiмi словамi з доктарам Гарсiя i з прызначаным для супольнага чування братам, пайшоў у рэфекторый.

Яго Эмiненцыя, хоць i прыехаў з вялiкiм дваром у атачэннi многiх прыёраў, прэлатаў i канонiкаў капiтулы, адразу пасля прыбыцця ў кляштар i пасля размовы з абатам пакiнуў усiх i чакаў айца Дыега адзiн. Убачыўшы яго, паспяшаўся насустрач, шалохцячы сваiмi дарагiмi фiялетамi.

Мiнулыя гады дадалi яго целу паўнаты, быў ён вялiкi, вельмi тоўсты, шырокi ў плячах, але пры ўсёй гэтай надмернай паўнаце поўны годнасцi.

- Вiтаю цябе, мой ойча, - сказаў гучным, яшчэ не старым голасам. - У якiх смутных акалiчнасцях сустракаемся праз столькi гадоў! Цi праўда, што стан вялебнага айца такi цяжкi?

- Праўда, - адказаў падрэ Дыега, - толькi на Бога можам ускладваць надзею.

- Ён прытомны?

- Спiць.

Пан бiскуп задумаўся.

- Так, цяжкiя гэта для ўсiх нас хвiлiны. Калi прачнецца вялебны айцец, я змагу яго ўбачыць?

- На жаль, - адказаў падрэ Дыега, - хай прабачыць Ваша Эмiненцыя, але гэта не здаецца магчымым пры стане, у якiм цяпер вялебны айцец. Лекар наказаў аберагаць яго ад усякiх узрушэнняў. Спакой, спакой i яшчэ раз спакой патрэбен яму больш за ўсё.

Яго Эмiненцыя не налягаў.

- Гэта праўда, маеце рацыю, мой ойча. Сапраўды, гукi свету не павiнны ў такую хвiлiну муцiць яго розум. Калi, аднак, ты ўспомнiў пра спакой, то, разумеючы яго глыбокi i iстотны сэнс, нельга ўявiць сабе, каб хто-небудзь з нас мог перад аблiччам смерцi мець спакой больш дасканалы, чым той, якi заслужыў сабе вялебны айцец. Сапраўды, мала каму дадзена пакiдаць гэты часовы свет са свядомасцю спаўнення справы дасканалай i трывалай. Ты, зрэшты, вялебны ойча, столькi гадоў прабыўшы ля яго, найлепей можаш зразумець i ахапiць тое, што нам, якiя стаяць далей ад яго асобы, уяўляецца толькi ў недакладных формах. З сапраўднай узрушанасцю гляджу я на цябе, мой ойча, колiсь мой сыне. Калi я вяртаюся ў памяцi ў тыя днi, як мы жылi побач i разам, мне здаецца, нiбы ад тых хвiлiн сплыў цэлы век.

- Так, - сказаў падрэ Дыега, - час той дзякуючы велiчы падзей сапраўды можа здавацца вельмi значным.

- Ён значны! Калi ў дзеях вера i праўда абаперлiся на падмуркi такiя роўныя i моцныя, як у нашыя часы i на нашых вачах? Немалое табе, мой ойча, выпала шчасце, што ў гэтай справе давялося табе браць удзел такi непасрэдны i важны. Памятаеш той дзень, калi я быў тым першым, хто прыйшоў перадаць табе вялiкую навiну?

Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу проста ў вочы.

- Памятаю, Ваша Эмiненцыя.

- Я часта думаў, як гэта здарылася, што ў той час, у тыя даўнiя гады, вялебны айцец, хоць ён так мала ведаў цябе, намнога трапней i дальнабачней, чым я, твой прыёр, змог ацанiць сапраўдныя рысы твайго розуму i характару. Цяпер, праз столькi гадоў, калi мае тагачасныя страхi аказалiся, на шчасце, памылковымi, магу табе, мой ойча, сказаць, што быў ты тады прадметам маёй вялiкай трывогi.

Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу ў вочы.

- Не зусiм разумею, што Ваша Эмiненцыя мае на ўвазе.

- Сваю памылку, - сказаў той. - Цi гэта праўда, што адзiн з тагачасных братоў, менавiта брат Матэа, наколькi мяне не падводзiць памяць, да таго зганьбiў сябе ератыцкiм адшчапенствам, што быў Святым трыбуналам адлучаны ад царквы?

- Так, - сказаў падрэ Дыега, - так, на жаль, усё яно i было.

- Цяпер усё разумею. Ён жа мне казаў на споведзi, як свайму настаўнiку, пра твае бунтарскiя нiбыта, а нават блюзнерчыя думкi. Спавядаўся i ў розных сваiх сумненнях, здаваўся поўны пакоры, сумленна прымаў вызначаныя яму цярпеннi... як я мог здагадацца, што адначасова i сваё аблiчча ўкрывае, i цябе плямiць?

Падрэ Дыега адказаў на гэта спакойна:

- Гэта звычайная зброя нашых ворагаў - хлусня i намовы.

- Сапраўды! А, аднак, хоць я i звычайны быў прыёр, не павiнен быў даць сябе ашукаць. Прабач мне, мой ойча, тую даўнюю памылку.

- Хто ж з нас не рабiў памылак? - сказаў падрэ Дыега голасам, поўным павагi i шацунку. - Не будзем пра гэта гаварыць, Ваша Эмiненцыя.

Радасць асвятлiла твар пана бiскупа.

- Маеш ува мне, мой ойча, шчыра адданага табе сябра. Я рады, што калi давядзецца мне прыняць на сябе новыя абавязкi, тады часцей, чым у сцiплай Авiле, змагу цябе сустракаць.

Падрэ Дыега адразу здагадаўся, пра што пайшла гаворка.

- Памёр, значыцца, кардынал дэ Мендоза?

- На жаль, - адказаў бiскуп. - Учора прыйшла з Рыма вестка пра яго скон.

Падрэ Дыега нахiлiў галаву.

- Смерць хрысцiянiна заўсёды схiляе да глыбокiх развагаў. Тым не меней я рады, што ў асобе Вашай Эмiненцыi магу павiтаць арцыбiскупа Таледа i прымаса Каталiцкага Каралеўства.

Дон Бласка дэ ла Куэста зарумянiўся.

- Я яшчэ не арцыбiскуп.

- Але напэўна iм будзеце. Усе ж бо ведаюць, што i Айцец святы i Iх Каралеўскiя Мосцi даўно бачаць у вас наступнiка кардынала дэ Мендозы.

Яго Эмiненцыя задумаўся i нiбы патух.

- Так, разумею, вялiкiя абавязкi будуць ускладзены на мае плечы. Прашу Бога, каб i iх здолеў несцi. Як слушна казаў мне калiсьцi вялебны айцец, няма ў царкве такога гонару, якi мог бы параўнацца з цвёрдым абавязкам салдат Святой iнквiзiцыi.

На гэта адказаў падрэ Дыега.

- Вялебны айцец быў бы глыбока i асаблiва радасна ўзрушаны, пачуўшы словы Вашай Эмiненцыi. Думаю таксама, што будзе ў згодзе з яго намерамi, калi я скажу, што Святой iнквiзiцыi можна служыць усюды i заўсёды, на кожнай пасадзе, нават на сама непрыкметнай, як i на сама высокай.

Пан бiскуп быў усё яшчэ задуменны.

- Так, - сказаў нарэшце, - рознымi дарогамi iдуць людзi да адной мэты.

Насустрач падрэ Дыега, калi ён вяртаўся з рэфекторыя, выбег малады брат Мануэль. Ён быў бледны, са страхам у вачах, рукi ў яго дрыжалi.

- Ойча вялебны! - усклiкнуў ён.

Падрэ Дыега спынiўся, адчуў холад у сэрцы. Спытаўся не сваiм голасам:

- Памёр?

Брат Мануэль пакруцiў галавой.

- Што ж сталася?

- Ойча вялебны, клянуся, не мая вiна. Вялебны айцец прачнуўся, пазванiў мне i загадаў, каб я дапамог яму падняцца i адзецца.

Падрэ Дыега прыспешыў крокi.

- Няшчасны, ты зрабiў гэта?

33
{"b":"76722","o":1}