- Сапраўды, радасная навiна, вялебны ойча, - шчыра сказаў ён.
Пасля крыкнуў чаляднiку, каб той дапамог яму надзець зброю.
Падрэ Дыега, агледзеўшыся ў пакоi, толькi цяпер, здаецца, заўважыў пана дэ Лару. Падышоў да яго з радасным тварам.
- Прабач нам, сыне мой, за турботы, якiя мы ўнеслi ў твой дом. Нядоўга былi мы тваiмi гасцямi, але ўжо хоць бы за тое, што выязджаем адгэтуль з большай надзеяй, чым мелi яе, парог пераступаючы, табе наша ўдзячнасць.
Дон Мiгуэль моўчкi пакланiўся.
- Ты сказаў, вiтаючы нас, - гаварыў далей падрэ Дыега, - што не гонiшся за гонарам. Гэта цудоўна сведчыць пра тваю сцiпласць, сыне мой. Але, святы Божа, цi ж варта, каб нашчадак такога славутага роду жыў на ўзбоччы, далёка ад найважнейшых дзяржаўных спраў? Мяркую, не падумаеш кепска пра нас, калi пры першым выпадку напомнiм пра тваю асобу Iх Каралеўскiм Мосцям. Упэўнены, радасна прывiтаюць цябе ў сталiцы.
Пан дэ Лара згодна ўсмiхнуўся.
- Пан дэ Мантэса якраз даваў мне ўрокi жыцця ў вялiкiм свеце.
- Нiчога лепшага пан дон Ларэнца i не мог зрабiць, - сказаў з бацькоўскай дабратлiвасцю падрэ Дыега. - Да пабачэння, сыне мой. Хай Бог цябе апекаю акрые.
З замкавага дзядзiнца чулiся ржанне коней i галасы разбуджаных фамiльянтаў.
Апрытомнеўшы, падрэ Тарквемада забыўся нядоўгiм, нямоцным сном. Калi прачнуўся, адразу, нягледзячы на вялiкую стомленасць, адчуў, што яго разбудзiла нейкая настойлiвая патрэба не спаць. Толькi праз якую хвiлiну па калыханнi воза зразумеў, што ён у дарозе. Рыпелi колы, фыркалi конi, i чуўся манатонны тупат iх падкаваных капытоў па камянiстай дарозе. Моцны вецер iрваў напятую над возам парусiну, пад ёю было спакойна i цiха. Ён ведаў, што трэба заснуць, але вастрыня першага адчування, з якiм ён прачнуўся, нiяк не адступалася. Ён ляжаў нерухома, услухоўваючыся ў гэта ўнутранае напружанне, усё яшчэ нiяк не разумеючы, адкуль яно ўзялося. I раптам зразумеў: паблiзу не было нiкога, i тым не меней ён не быў адзiн. Адкрыў вочы. Цемра, суцэльная цемра навокал.
- Ты, - сказаў без здзiўлення.
- Я, - адказаў тут жа побач стомлены голас, нiбы рэха ягонага. - Заўсёды я ёсць, таму што вернасць - гэта неадлучны элемент маёй натуры. Прызнай, вялебны ойча, калi я столькi гадоў вымушаны быў маўчаць, то не мая гэта вiна. Цяпер,аднак, як мне здаецца, можна гаварыць?
- Кажы, - сказаў Тарквемада.
- Дзякую табе, ойча. Павер, я магу ацанiць тваю велiкадушнасць. I цаню яе тым больш, успомнiўшы, што да гэтага часу ты не быў да мяне ўважлiвы.
- Чаго ты хочаш?
- Разумею, загадваеш мне адразу ўзяцца за справу. Слушна, так i павiнна быць, у нас не вельмi шмат часу, асаблiва ў цябе яго мала. Пастарайся, аднак, зразумець мяне, ойча.Калi я цяпер выказваюся так шматслоўна i ты можаш нават папракнуць мяне за балбатлiвасць, дык прычына гэтага не так у маiх схiльнасцях, як у вымушаным бясконцым маўчаннi.
- Я гаварыў i дзейнiчаў за цябе. Ты мог маўчаць.
- Так, гэта праўда. Я даўно заўважыў, што за тых, якiя прагнуць ашчаслiвiць чалавецтва, мне няма чаго гаварыць. Нязвыклае, сапраўды, вяду iснаванне. Людзям, якiя глядзяць на рэчы павярхоўна, можа нават здацца, што я ў такiм разе наогул не патрэбны. Не так яно гэта на самай справе, i такога роду ўплывы ў сваёй аснове - фальшывыя. Варта часам i цэлы век маўчаць, каб пад канец яго ўзяць слова. Нiколi не вядома, калi гэта настане, а таму трэба заўсёды быць гатовым, так сказаць, быць у перманенцыi. Не хочацца, мой ойча, паўтараць, але я яшчэ адзiн раз, i гэта з поўным правам, хацеў бы падкрэслiць, што найвышэй за ўсё я цаню вернасць. Ты, зрэшты, павiнен зразумець i ацанiць гэта. Цi ж ты не быў усё жыццё верны? Калi i дазволiў мне гаварыць, то цi не з той прычыны, што ў асноўным здагадаўся, што менавiта я ў гэтую хвiлiну больш верны табе, чым ты сам сабе? Сапраўды, ты зрабiў вельмi правiльна, паклiкаўшы мяне.
- Я цябе не клiкаў, - цiха сказаў падрэ Тарквемада.
- Маеш рацыю, сапраўды не клiкаў. Але нягледзячы на гэта, я не толькi ёсць, але i гавару, выказваюся, а гэта ўжо нешта зусiм новае ў нашых узаемiнах. Што спавадавала гэта nоvum, задумаемся. I перш за ўсё: з'явiўся я, цi, правiльней кажучы, уяўнiўся? Маю надзею, што цябе не здзiўляе гэта пытанне. Бо ўсё, зрэшты, залежыць ад правiльнага наймення фактаў. Дык значыцца: з'явiўся цi ўяўнiўся? Глыбока падумаўшы, я стаю за вызначэнне "ўяўнення", бо не можа з'явiцца той, хто заўсёды прысутны, праўда? Але навошта я ўяўнiўся? Досыць iстотнае пытанне. Мяркую, што траплю ў самы раз, калi скажу, што ў вынiку пэўнага аслаблення ў табе, мой ойча, чуйнасцi ўзнiклi аб'ектыўныя ўмовы, каб я са стану патэнцыяльнай вернасцi, цi, так сказаць, статычнай, перайшоў у стан дзейснай. Менавiта гэта я меў на ўвазе, кажучы, што часам варта маўчаць i чакаць цэлы век. Цяжка, бо жыццё ж ёсць жыццё. Сама моцны чалавек можа завагацца, i ў яго веру могуць запаўзцi сумненнi. Павiнен табе нават прызнацца, мой ойча, што людская паняверка невыказна мяне ўзрушае. Непатрэбнае, калi чалавек поўны веры, яно ў цяжкiя хвiлiны, калi святло праўды перастае свяцiць чалавеку, аказваецца асаблiва патрэбным i карысным. У такi толькi момант я ў поўнай меры ўсведамляю, якое гэта бязмежна вялiкае шчасце валодаць непахiснай верай. Твае, ойча, сумненнi...
Тарквемада расплюшчыў вочы i сказаў у цемру:
- Няпраўда, няма ў мяне сумненняў.
- Разумею. Усё гэта ўжо было. Людзям так патрэбна вера, што яны нават свае сумненнi любяць называць пэўнасцю. Добра, хай будзе так. Значыцца, мы абодва, не маючы сумненняў, маем пэўнасць: i ты, i я. Баюся я толькi, што мы, заўсёды да гэтага часу такiя адзiныя ў разуменнi рацыi гэтай праўды, цяпер адрознiваемся ў яе разуменнi i ацэнцы. Дзе слушнасць? Цi могуць быць дзве слушныя рацыi, праўды?
- Не.
- Вядома! Хоць i не без унутранага хвалявання, але бачу, што нават саму праўду ты пачаў iнтэпрэтаваць трохi адвольна, хоць i астаўся верны яе кампанентам, якiя нязменныя i не падлягаюць нiякай рэвiзii. Гэта вельмi iстотна. Мяркую, што галоўную ўвагу трэба звярнуць не на падкрэслiванне рознiцы ў нашым бачаннi, а на тое, што зблiжае i лучыць. Праўда ж адна.
- I ты ненавiдзiш яе, адну.
Голас уздыхнуў са смутным разуменнем.
- Гэта таксама было. Рэнегаты i адступнiкi заўсёды сурова мяне асуджалi. Хто ж бо больш з'едлiва можа ненавiдзець вернасць, як не той, хто сваёй здрадзiў? Цi ж не так гэта?