Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Побач з гэтымi выяўленымi акалiчнасцямi правiна Пабла не здавалася асаблiва цяжкай i хоць, калi лiчыцца з вынiкамi, назаўсёды пазбаўляла яго магчымасцi вярнуцца ў кляштарныя муры, аднак толькi тое, што здарылася пасля, кiнула цяжкi цень на здаровасць душы гэтага падлетка, якога, на жаль, так неабачна дапусцiлi да адбывання духоўнага навiцыяту. Неўзабаве пасля таго, як ён даў паказаннi, гэта значыць, у час, калi ён найбольш павiнен быў сумленна выказаць жаль i панесцi належную кару, Пабла Заратэ, замест таго каб пайсцi па шляху веры, павесiўся ў цэлi, дзе быў увязнены, i гэтым бязбожным учынкам засведчыў, што замест пачцiвага жыцця хрысцiянiна ён выбiрае ганьбу i вечнае асуджэнне.

Вестка пра гэта вартае шкадавання здарэнне дайшла да Санта Марыя ла Анцiгуа ранiцай, яшчэ да першай ранiшняй iмшы, якую ўжо колькi гадоў адпраўляў звычайна айцец прыёр. I ў гэты дзень, як заўсёды, ён выйшаў са святой дараносiцай, але неяк так ужо недалужна, нiбы сляпец, хадзiў каля алтара, а голас, нават калi ён чытаў цiха, не хацеў яго слухацца, што ў натоўпе святых братоў спярша пранёсся нейкi неспакойны шум, пасля залегла цiшыня, i старэчаму мармытанню падрэ Аўгусцiна адказвалi толькi самотныя арганы ў глыбiнi храма. Немалое таксама здзiўленне ахапiла ўсiх, калi, блаславiўшы на заканчэнне ўсiх прысутных, падрэ Аўгусцiн астаўся каля алтара i цiха, але вельмi выразна сказаў:

- А цяпер, браты, прачытаем "Ойча наш" i "За здароўе Марыi" за чыстую i нявiнную душу нашага малодшага брата Пабла.

Магiльная цiшыня настала пасля гэтых слоў. Не зрушыўся з месца нi брат Дыега, якi самотна стаяў з боку алтара, анi пан дэ Кастра, якi ў сваёй залатой зброi стаяў крок наперадзе сваiх фамiльянтаў.

Такая сiла была з гэтых двух людзей, што нiхто з братоў не адважыўся ўкленчыць.

Падрэ Аўгусцiн з хвiлiну глядзеў на нерухомы натоўп у прыцемку храма, усё большая бледнасць пакрывала яго змаршчынены пакутамi твар, i, нарэшце, адвярнуўся i, укленчыўшы ля падножжа алтара, пачаў малiцца адзiн. Брат Дыега i пан дэ Кастра першыя перахрысцiлiся i разам рушылi да дзвярэй рызнiцы. За iмi пачалi выходзiць служкi вялебнага айца, i храм напоўнiўся цяжкiм звонам даспехаў. Потым, ужо ў цiшынi, адзiн за адным, схiлiўшы галовы i не гледзячы адзiн на аднаго, выходзiлi браты.

Айцец Аўгусцiн астаўся адзiн. Ён доўга малiўся, як бы забыўшыся пра свет. А свет мяккiм сонечным бляскам асвятлiў на вiтражах сiлуэты анёлаў i святых. Дагаралi ў кандэлябрах свечкi. З кляштарнага дзядзiнца далятала адгалоссе змены варты.

Потым падрэ Аўгусцiн узвёў вочы на велiзарны крыж, якi вiсеў угары, i ўсклiкнуў голасам, поўным роспачы:

- Госпадзе, цi доўга цемра будзе панаваць над няшчаснай зямлёй?

Слёзы заслалi яму вочы, i ён не адразу разгледзеў, хто прыпаў да яго каленяў, калоцячыся ад плачу, прытулiўся гарачай шчакой да яго далонi. Падрэ, стоячы на каленях, пагладзiў густыя з дробнымi завiткамi валасы i пазнаў малодшага кляштарнага служку Франсiска. Ён абняў гэта кволае, яшчэ дзiцячае цела i, гладзячы малога па валасах, шаптаў дрыготкiм ад узрушанасцi голасам:

- Дзiцятка маё, маё беднае дзiцятка, не трэба трацiць надзеi. Трэба мець надзею. Заўсёды трэба мець надзею.

Гэта была апошняя iмша, якую стары прыёр правiў у Санта Марыi. Ноччу з дазволу вышэйшых пакiнуў кляштар i горад i адправiўся ў далёкую пустэльню Сан-Iнiга ў гарах Эстрамадуры, каб там прысвяцiць сябе прыроджанай патрэбе малiтвы i спакойна закончыць святое жыццё.

А на другi дзень сам айцец Вялiкi iнквiзiтар, закончыўшы двухтыднёвыя набажэнствы, адслужыў у Санта Марыi ранiшнюю iмшу. Брат Дыега абвясцiў сабраным братам кароткую казань на тэму слоў Госпада Iсуса паводле евангелля св. Мацвея: "Не прыйшоў я з мiрам, а з мечам".

Тым часам, як гэта зазвычай вядзецца ў падзеях, калi не толькi перамогамi таруецца дарога праўды, - розныя невясёлыя весткi даходзiлi ў сталiцу на схiле тысяча чатырыста восемдзесят пятага года. I вось аднаго дня стала вядома, што каралеўскiя войскi на чале з панам герцагам д'Аркоса панеслi пры асадзе паганскай Малагi вялiкiя страты, а з Арагона губернатары даносiлi пра хваляваннi, калi пасля вядомых падзей у Сарагосе многiя гарады захлiснулi неспакой i смута, усюды справакаваныя той самай рукой жыдоўскага ворага, што не грэбаваў нiякiмi сама нiкчэмнымi сродкамi, абы толькi падступна нашкодзiць каралеўству.

У Валенсii, напрыклад, падбухтораная правакатарамi галота падпалiла палац Талавера, дзе была сядзiба Святога трыбунала, у Тэруэлi натоўп, падагрэты такiм самым спосабам, закiдаў каменнем i цэглай каля вежы Сан-Марцiн атрад айца iнквiзiтара, калi той у першую нядзелю снежня выправiўся ў сабор на набажэнства. У абодвух гарадах былi ахвяры, i толькi дзякуючы таму, што на вулiцы былi выведзены салдаты Святой эрмандады, удалося прадухiлiць пашырэнне хваляванняў i пазбегнуць яшчэ большых ахвяр. У Барселоне таксама задушылi бунт у самым зародку, разагнаўшы гарадскiх пахолкаў i смердаў, якiя пачалi былi збiрацца непадалёк ад турмы Святога афiцыума, арыштавалi пры такой нагодзе i аддалi пад суд многа западозраных гараджан.

Кароль Фердынанд, папярэджаны пра гэтыя здарэннi, адразу пасланымi кур'ерамi загадаў правесцi, не зважаючы на асобы, суровыя акцыi супраць усякiх ератыцкiх правакацый. Святыя трыбуналы таксама, асаблiва на тэрыторыi Арагона, былi заклiканы спецыяльным пасланнем айца Вялiкага iнквiзiтара да ўзмацнення пiльнасцi i да паглыблення метадаў расследавання. Такiм чынам, вораг яшчэ раз пралiчыўся i памылiўся, мяркуючы, што яму ўдасца паслабiць баявiтасць царквы або выкапаць прорву памiж ёю i масамi вернiкаў. Нiхто, акрамя злачынных ератыкоў i мiзэрнай жменькi людзей, часова ўведзеных у зман, не сумняваўся, што ўвесь народ бязмежна адданы Iх Каралеўскiм Мосцям i царкве i аднадушна асуджае ўсялякiя спробы аслаблення яе адзiнства.

Нягледзячы на гэта, як i бывае ў такiх акалiчнасцях, весткi пра пэўнае нездаровае ўзбуджэнне ўсё яшчэ iшлi з правiнцый, i, хоць у самой сталiцы панаваў поўны спакой, - айцец iнквiзiтар Галвез прыняў рашэнне прыспешыць аўтадафэ, якое рыхтавалi ўжо даўно i вельмi грунтоўна на сярэдзiну студзеня наступнага года. Калi падрэ Тарквемада падтрымаў гэта рашэнне, было зроблена ўсё, каб урачыстасць, прызначаная на асаблiва шанаваны людзьмi дзень святога Дамiнiка Сiлоскага, прайшла з вялiкiм шыкам. За тыдзень да аўтадафэ закончылi многiя працэсы, што зацягнулiся на некалькi месяцаў, распачалi i шчаслiва завяршылi да азначанага тэрмiну шмат новых. Ва ўсiх кляштарах, асаблiва ў дамiнiканцаў, гэтыя пачынаннi суправаджалiся вячэрнiмi набажэнствамi братоў, бо адзiнства сыноў царквы здавалася ў тыя днi больш патрэбным, чым калi-небудзь. Зрэшты, як i спадзявалiся, народ не застаўся абыякавы да голасу сваiх духоўных пастараў. Акрылены шчырай верай, ён сцякаўся з усiх гарадоў i замкаў старажытнага каралеўства Леон у Валадолiд. Святыя пiлiгрымы iшлi i з далейшых раёнаў. Неўзабаве ўжо не хапала месцаў у гарадскiх гасподах i заезных дамах, i народ, нягледзячы на снежаньскiя халады, вандраваў з пляца на пляц пад адкрытым небам.

17
{"b":"76722","o":1}