Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Пагiнем тут, як мухi на марозе, - крычаць. - Дакуль жа гэтак сядзець будзем?

I тут каманда: станавiся! Пастроiлiся.

- Наступаць! - цiха пранеслася па шэрагах.

Падзялiлiся мы на тры часткi i пайшлi. Узвод, у якiм я быў памкамузводам, пайшоў да тайгi, каб зайсцi ворагу ў тыл. Снегу намяло - ног не змянiць. А мяцелiца не ўнiмаецца. Толькi вецер пачаў дзьмуць не ў твар, а збоку. Амаль пад самы дзень удалося нам, нарэшце, дабрацца да гэтай чортавай тайгi. Нi хвiлiнкi не спачыўшы, зноў павярнулi ў поле. Iдзём. Дыхаць цяжка, хоць цяпер i за ветрам iдзём. Аж лёгкiя пачалi балець. Ведаеш, холад, а пот сыплецца, быццам мы толькi што з лазнi выскачылi. А тут вецер гэты твар сячэ, з ног валiць...

- Ту! Ту! - даляцелi раптам да нас два глухiя гарматныя стрэлы: сiгнал, значыць...

- Бягом! - скамандаваў узводны, i мы, не чуючы пад сабою ног, кiнулiся наперад...

- Агонь! - зноў пачулася каманда нашага ўзводнага.

Страляючы, урываемся ў вёску.

- Рукi ўгору!.. Стой!.. Здавайся!.. - чутны там-сям паасобныя выкрыкi, дзе-нiдзе - стрэлы. Белыя здавалiся пачкамi. Самыя заядлыя адбiвалiся. Гэта больш афiцэры. Аперацыя была хутка закончана, бойка сцiхла.

Раненых знеслi ў хаты, а забiтых кiнулi там, дзе каго смерць сустрэла...

Расставiўшы паставых, разыходзiмся па кватэрах. Хоць бы таго хатняга паху нюхнуць, абагрэцца крыху. Са мною чалавек так з пяток iдзе. Толькi што мы думалi зайсцi ў хату, як нас спынiў адзiн наш маладзенькi чырвонаармеец.

- Гляньце, хлопцы! - крыкнуў ён, падбег да ляжачага ў снезе калчакоўца (па адзенню вiдаць, што калчаковец) i пырнуў яго ў плечы штыхом. Той дзiка заенчыў, забiўшыся на зямлi.

- Кiнь! - сказаў я чырвонаармейцу.

- А ты чаго заступаешся? - закрычаў на мяне баец. - Ён жа, свалата, жывы быў, прыкiдваўся толькi мёртвым...

- Усё роўна, - адказаў я, - у палон возьмем, не ўсе ж яны заядлыя белякi, шмат сярод iх i сiламоць мабiлiзаваных.

Я прыўзняў з зямлi параненага, паклiкаў двух чырвонаармейцаў, i мы адвялi яго ў хату. Пачалi перавязваць.

Цяжка ўздыхнуўшы, паранены слаба прыўзняў вейкi, на момант шэрымi блiскучымi вачыма ўставiўся на мяне. Штосьцi нiбы знаёмае нагадала мне яго аблiчча. Але, думаю, цi мала на свеце бывае сходных людзей... Адышоўся я, тупаю па хаце, грэюся. Калi праз некалькi хвiлiн зноў падышоў да параненага, ён назваў мяне па iменi. Цяпер i я яго прызнаў: Дашэўскi, сынок майго суседа, заможнага шляхцiца. Як ён папаў да калчакоўцаў, аж у Сiбiр, - хто тут разгадае? Яму прыемней было б да пана Пiлсудскага, але чаго на свеце не бывае... Ва ўсякiм разе, служыць у Калчака лепей, здалося яму, чым у Чырвонай Армii...

Пасля перавязкi Дашэўскi спачатку быў нiчога, нават гутарыў крыху, але хутка страцiў прытомнасць i пачаў блузнiць.

Назаўтра яго, бяспамятнага, адправiлi ў горад, у шпiталь. Аж пакуль i вайна не скончылася, я з iм нiдзе ўжо болей не сустракаўся i нiчога аб iм i не чуў i не ведаў.

Праз два гады пасля незабытнае сустрэчы на калчакоўскiм фронце з Дашэўскiм я вярнуўся дадому. Дома - адна старая мацi. Жыла яна без мяне - адно толькi званне, што жыла. Хадзiла па людзях, памагала сёе-тое рабiць i так перабiвалася.

Гаспадарка, якая была, разбурылася ўшчэнт. Дый якая там гаспадарка! Адзiн агародзiк ды з прадраным шчытам хатка. Калiсьцi была кароўка, але як загiнуў бацька, не было чым кармiць, i матка збыла яе. Значыць, прыйшоў я дадому, запалi - не трэсне.

Паглядзеў я, памаракаваў... Што рабiць? Нават есцi няма чаго... Куды кiнуцца, за што рукi зачапiць? Пайшоў у заработкi, у лес. Сяк-так пачалi перакiдацца, жыць.

Надыходзiць вясна. Пачынаюць людзi варушыцца, да палявой працы рыхтавацца. А я ўсё ў лес ды ў лес...

Надзяляць людзям зямлю пачалi. Ды добра ж таму, хто хоць што-колечы мае цi дапамога якая адкуль-небудзь ёсць. А што ў мяне?

Думаў-думаў i парашыў нарэшце i я пайсцi ў выканкам ды папрасiць кавалачак зямлi. Трэба, думаю, гаспадаркаю абзавесцiся: усё ж ткi i хлеб будзе i к хлебу якая скварка.

Напiсаў заяву, прыходжу ў выканкам да старшынi, прашу.

- Зямлi - можна, - кажа старшыня. - Як чырвонаармейцу - у першую чаргу.

А сам ён, старшыня, таксама былы вайсковец. Значыць, свой чалавек.

- Ось, кажу, - каб мне як-небудзь блiжэй да дому ды каб хаця балота якога, злыбяды не нарэзалi...

- Не бойся, - кажа старшыня, - ты хлопец вайсковы, заслужаны. Табе дамо найлепшае месца. Ты вось прыйдзi, - кажа, - заўтра да мяне, а я тут параюся з маiм земаддзелам, i ўсё ўпарадкуем.

Рад я. На дварэ вясна, а на сэрцы i таго большая. Усё роўна як на свет нанаў нарадзiўся...

Прыходжу назаўтра ў выканкам.

- Ну, брат, - кажа старшыня, - знайшлi мы табе такое месца: проста малiна! Ведаеш, дзе мы думаем табе даць?

- Дзе?

- Мы думаем табе, браце, у шляхцiца Дашэўскага дзесяцiнак гэтак з дзесятачак адрэзаць... Ну, як? Здорава?

А мяне дык аж у пот кiнула, як ён гэта сказаў. Чалавек, якi за вярсту са мною вiтаецца, бо я ж сына яго выратаваў тады, на фронце, дый сын вярнуўся таксама жывы, здаровы... I вось цяпер трэба стацца нiбы ворагам да iх...

- Не, - кажу, - таварыш старшыня, каб у каго другога, а то нязручна...

- Чаму нязручна? - пытае старшыня. - Адна вярста ад твайго дома, зямля на яць...

- Бачыш, - кажу, - таварыш старшыня, я з яго сынам...

- Ведаю. Ты яго сына ад смерцi выратаваў - гэта мне казаў мой земаддзел, дык гэта ж яшчэ лепей... а апрача таго, i глядзець на яго не трэба: зямля народная!

Я даў згоду. Думаю, шкада будзе Дашэўскаму зямелькi, але куды ён дзенецца. Цераз пару тыдняў я ўжо i хатку пачаў перацягваць на свой надзел.

Спачатку Дашэўскi ветлiвы быў.

- Ты ведаеш, браце, як я рад, што табе маёй зямлi парэзалi, а не каму другому: ты мне блiзкi чалавек, табе не шкада, - казаў ён не раз, сустракаючыся са мною.

Калi ж мая хата вянок за вянком пачала расцi на адрэзаным ад Дашэўскага надзеле, Дашэўскi раптам спахмурнеў. I прыйдзе iншы раз да мяне i гаворыць, здаецца, мякка, i раiць сёе-тое, нiбы родны бацька, а вочы ўсё неяк убок адводзiць, рукi i ногi пачалi дрыжаць.

- Зямелька гэта, - кажа ён мне аднойчы, - гэта ж спадчына наша крэўная, спрэкувечная, ад дзядоў i прадзедаў дайшла, нам даравана... Але цяпер - усё прахам пайшло... Вам за нiшто, дарма дастаецца.

- Што ж, цяпер усiм так, дарма даюць: зямля народная, - кажу я.

- Так-так, час такi, уласць такая...

2
{"b":"76385","o":1}