Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Акула памкнула да марлiна, i стары чалавек гваздануў па ёй, калi тая ўжо закрыла пашчу. Ён лупануў з уся сiлы, падняўшы дубiнку як найвышэй. На гэты раз ён адчуў косць каля асновы мозгу i зноўку стукнуў па ёй. Акула ж, млява адарваўшы ад рыбiны кавалак мяса, слiзганула ўнiз.

Стары чалавек пiльнаваў, калi акула выплыве, але нiводная не паказалася. Пасля ён угледзеў, як адна з iх кружыць ля паверхнi. Плаўнiка другой не было вiдаць.

"Я i не спадзяваўся забiць iх, - падумаў ён. - У свой час я здатны быў зрабiць гэта. Але моцна паранiў абедзвюх, цяпер i яны пачуваюцца досыць кепска. Калi б я мог узяцца за дубiнку аберуч, дык першую забiў бы напэўна. Нават цяпер", - падумаў ён.

Яму не хацелася пазiраць на рыбiну. Ён ведаў, што аж палова яе знiшчана. Сонца зайшло, пакуль ён змагаўся з акуламi.

- Хутка будзе цёмна, - сказаў ён. - I тады я павiнен убачыць сполыск Гаваны. Калi я заплыў надта далёка на ўсход, то ўгледжу агнi аднаго з новых пляжаў.

"Наўрад цi я зараз заплыў занадта далёка, - падумаў ён. - Спадзяюся, нiхто там асаблiва не хвалюецца. Вядома, апроч хлопчыка. Але ведаю, ён упэўнены, што я вярнуся. Шмат якiя дарослыя рыбакi будуць непакоiцца. I многiя iншыя таксама, - дадаў ён у думках. - Я жыву ў добрым горадзе".

Ён быў не ў стане больш гутарыць з рыбiнай, анi, занадта жудасна была тая абгрызена. Але ў галаву яму прыйшла думка, i ён сказаў:

- Напаловурыбiна! Або: рыбiна, як цябе звалi раней? Я шкадую, што забраўся гэтак далёка. Я не збярог цябе i зруйнаваны сам. Але за свой век мы забiлi багата акул - ты i я, i мноства знявечылi. Колькi табе давялося ўходаць, старэча-рыбiна? Нездарма ж ты маеш гэтую пiку на сваёй галаве.

Яму падабалася думаць пра марлiна, як той расправiўся б з акулай, калi б вольна плаваў у моры. "Мне варта было адсячы ад яго дзюбу, каб ёю бiцца з акуламi", - падумаў ён. Але ж не было нi сякеркi, нi нажа.

"Калi б я што-небудзь меў ды патрапiў прымацаваць дзюбу да рукаяткi вясла, якая гэта была б зброя! Тады б мы пазмагалiся разам. А што ты будзеш рабiць, калi яны прыплывуць уначы? Што ж ты можаш рабiць?"

Змагацца з iмi, - адказаў ён. - Пакуль не сканаю.

Але ў тым змроку, калi не было нi сполыску, нi агнёў, адно вецер, што напiнаў ветразь, безупынна i нязменна, яму раптам здалося, што ён памёр. Ён склаў рукi разам, прыцiснуў далонь да далонi. Яны не былi мёртвыя, i ён мог адчуць боль жыцця, папросту сцiскаючы i расцiскаючы свае далонi. Ён прыхiлiўся спiнай да кармы i ўпэўнiўся: ён не мёртвы. Ягоныя плечы сказалi яму пра гэта.

"Я маю прачытаць усе тыя малiтвы, што паабяцаў, калi злаўлю рыбiну, прыгадаў ён. - Але я занадта знясiлены чытаць iх цяпер. Лепей вазьму мяшок ды акрыю плечы".

Ён ляжаў на карме i стырнаваў, i ўсё глядзеў на неба: калi ж на iм з'явiцца водблiск агнёў? "У мяне засталася толькi яго палова, - падумаў ён. Быць мо, мне пашанцуе i я прывязу пярэднюю частку рыбiны. Павiнна ж мне хоць трохi пашанцаваць. Не, - сказаў ён. - Ты зглумiў свой шанц, заплыўшы занадта далёка".

- Ды глупства, - запярэчыў ён уголас. - Не драмi ды стырнуй сабе. Яшчэ, можа, уга як пашчасцiць.

- Хацеў бы я купiць трохi гэтага шчасця, калi б дзе-небудзь прадавалi, сказаў ён.

- Але за што я купiў бы яго? - спытаўся ён у сябе. - Цi змог бы я яго купiць за згублены гарпун i зламаны нож ды за пару недалужных паабдзiраных рук?

- Магло стацца, што ты купiў бы яго, - адказаў ён. - Ты намагаўся зрабiць гэта восемдзесят чатыры днi ў моры. I табе ледзь не прадалi яго.

"Не затлумлiвай галаву лухтой, - падумаў ён. - Шчасце завiтвае ў розных аблiччах, i хто пазнае яго? I ўсё ж я набыў бы трошкi шчасця ў любым ягоным кшталце, заплацiўшы колькi трэба. А жадаў бы я ўбачыць сполыск ад агнёў, падумаў ён. - Увогуле я жадаю надта многа чаго, але зараз менавiта гэтага". Ён пастараўся ўсесцiся так, каб было найзручней стырнаваць, i, адчуўшы боль, уведаў, што ён не мёртвы.

Стары чалавек убачыў адбiты ў акiяне водблiск агнёў горада тады, калi было, пэўна, гадзiн дзесяць вечара. Напачатку ледзьве прыкметны, як святло, што бывае на небе перад узыходам месяца, водблiск стаўся пасля выразна бачны на паверхнi акiяна, па якiм вятрыска гнаў хвалi. Ён стырнаваў на гэтае зарыва i меркаваў, што неўзабаве будзе край плынi.

"Усё скончана, - думаў стары чалавек. - Праўдападобна, яны зноў нападуць на мяне. Але што процi iх можа зрабiць чалавек у цемры i без зброi?"

Скалелы, ён адчуваў сябе хворым, а ягоныя раны i найбольш натруджаныя часткi цела нылi на холадзе. "Усё ж я спадзяюся, што не давядзецца змагацца зноў, - падумаў ён. - Як я хачу спадзявацца на гэта!"

Але апоўначы ён змагаўся, хоць на гэты раз ведаў: змаганне бескарыснае. Яны з'явiлiся гуртам, i ён мог угледзець толькi лiнii, што крэслiлi па вадзе плаўнiкi, ды фосфарыстае свячэнне, якое сыходзiла ад акул, калi яны накiнулiся на рыбiну. Ён лупасiў тых па галовах i чуў, як iхнiя скiвiцы адсякаюць кавалкi мяса i як скаланаецца човен, калi акулы спадыспаду шматуюць рыбiну. Стары чалавек адчайна лупасiў па тым, што ён толькi адчуваў i чуў, але не бачыў, i раптам тое штосьцi схапiла дубiнку, i больш яе не было.

Вырваўшы румпель са стырна, ён бiў i цяў iм, трымаючы той аберуч, перыў акул зноў i зноў. Але яны падабралiся ўжо да носа лодкi, налятаючы на рыбiну то паасобку, то гурмой, iрвучы кавалкi мяса, i стары чалавек бачыў, як тыя кавалкi блiшчалi ўнiзе ў вадзе, калi акулы заварочвалiся, каб рвануць сваю ахвяру яшчэ раз.

Нарэшце адна падплыла i ўсадзiла зубы ў галаву рыбiны, i стары чалавек падумаў: усё, па змаганнi. Ён гваздануў румпелем туды, дзе акулiны зубы завязлi ў цвёрдай галаве марлiна, не могучы тую пашкуматаць. Стары чалавек стукнуў раз, два i тры разы. Ён пачуў, як трэснуў румпель, i тады памкнуў наперад з расшчэпленым дзяржальнам. Адчуўшы, як той працяў мяса акулы, i ведаючы вастрыню ягоную, стары чалавек загнаў дзяржальна ў акулу iзноў. Тая, пакiнуўшы рэшткi свае ахвяры, павалюхала ад чоўна. Гэта была апошняя акула з гурта, якi прыходзiў. Больш iм не было чаго есцi.

Стары чалавек з цяжкасцю дыхаў i адчуваў у роце дзiўную нейкую, з прысмакам медзi саладжавасць. На момант ён устрывожыўся, але саладжавасцi гэтай было небагата.

Ён сплюнуў у акiян i сказаў:

- Ешце гэта, gаlaпоs, i хай вам трызнiцца, што вы забiлi чалавека.

20
{"b":"76227","o":1}