Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Човен дрыжаў, як i раней, другая акула пад iм распраўлялася з рыбiнай. Стары чалавек адпусцiў шкот, каб човен павярнуў бокам i акула апынулася навiдавоку. Калi стары чалавек убачыў акулу, ён перагнуўся цераз борт i садануў у яе нож. Ён зачапiў iм толькi мяса, скура ў акулы была гэткая цвёрдая, што ён ледзь уткнуў нож. Ад гэтага ўдару ў яго забалелi не толькi рукi, а i плячо. Але акулу цягнула ўгору, яна борзда вытыркнула з мора галаву, i стары чалавек урэзаў нажом акурат у сярэдзiну пляскатай макаўкi галавы, калi акулiн нос, высунуўшыся з вады, торкнуўся ў рыбiну. Стары чалавек выцягнуў лязо i ўбiў яго ў акулу дакладна ў гэтае месца зноў. Тая па-ранейшаму вiсела на рыбiне, сцяўшы скiвiцы, i тады стары чалавек усадзiў нож у акулава левае вока. Акула вiсела тамсама.

- Не? - сказаў стары чалавек i загнаў нож памiж хрыбеткамi i мозгам. Ён пацэлiў лёгка i ўдала, i адчуў, што расцяў храсток. Стары чалавек, перавярнуўшы вясло, засунуў лапатку памiж скiвiцамi акулы, каб адкрыць ёй пашчу. Ён крутануў вяслом i, калi акула адклеiлася ад рыбiны, сказаў:

- Iдзi, gаlапо. Правальвайся на глыбiню ў цэлую мiлю. Iдзi ў адведкi да свае сяброўкi, а мо гэта твая матка?

Стары чалавек выцер лязо нажа i паклаў вясло. Пасля ён знайшоў канец шкота i, калi ветразь напоўнiўся ветрам, павёў човен ранейшым курсам.

- Яны ўхапiлi не менш за чвэрць, прытым самага найлепшага мяса, - сказаў стары чалавек. - Лепш бы гэта быў сон, i я нiколi не зачапiў яго на кручок. Мне вельмi шкада, рыба. Усё сапсавалася.

Ён прымоўк, ён не хацеў больш нават глядзець на рыбiну. Абяскроўленая, абмываная вадой, тая мела зараз серабрысты, як адваротны бок люстра, колер, адно палосы былi, як раней, лiловыя.

- Я не павiнен быў так далёка заплываць, рыба, - сказаў ён. - Гэта не пайшло на карысць нi мне, нi табе. Я вельмi шкадую, рыба.

"Так, - сказаў ён сам сабе. - Правер, цi вяроўка на нажы цэлая. Пасля прывядзi да ладу сваю руку, бо яшчэ будзе работа".

- Каб я тут меў брусок навастрыць нож, - сказаў стары чалавек, агледзеўшы вяроўку на рукаятцы вясла. - Варта было захапiць брусок.

"Варта было захапiць шмат рэчаў, - падумаў ён. - Але ты, дзед, не ўзяў iх. А зараз не час разважаць пра тое, чаго ты не маеш. Думай, як выкруцiцца, карыстаючыся тым, што ў цябе тут ёсць".

- Ты вельмi шчодра даеш мне парады, - сказаў ён услых. - Я стамiўся ад iх.

Човен iшоў наперад, а ён - з румпелем пад пахай - мачыў абедзве рукi ў вадзе.

- Аднаму Богу вядома, колькi тая апошняя акула ўзяла мяса, - сказаў стары чалавек. - Зараз рыбiна куды лягчэйшая.

Яму не хацелася думаць пра знявечаны рыбiн нiз. Стары чалавек ведаў, што кожны дрогкi акулiн штуршок - гэта яшчэ адзiн адарваны кавалак мяса, i што рыбiна зараз пакiдае след шырокi, як шаша, для ўсiх акул у акiяне.

"Гэта была рыбiна, што кармiла б чалавека ўсю зiму, - падумаў ён. - Не займайся шкадаваннем. Адпачывай i пастарайся захаваць рукi ў належнай форме, каб абаранiць тое, што ад яго засталося. Мае рукi пахнуць крывёю, але зараз гэта не мае нiякага значэння: вада прасякнутая пахам крывi. Ды яны не надта i крывавяць. Няма нiводнага сур'ёзнага парэзу. Апроч таго, дзякуючы кровацячэнню, дасць Бог, не здранцвее мая левая рука.

Пра што мне думаць цяпер? - задаў ён сабе пытанне. - А нi пра што. Увогуле не думай ды чакай наступных акул. Як было б добра, калi б гэта напраўду быў сон. Але хто i што калi ведаў? Магло ж атрымацца i ўдала".

Наступная, тупаносая акула прыйшла адзiнцом. Яна прысунулася, не раўнуючы, як свiння да карыта, калi б, вядома, свiння мела рот гэткай шырынi, што можна было ўсунуць туды галаву. Стары чалавек дазволiў ёй хапянуць за рыбiну i тут жа ўвагнаў ёй у мазгi прымацаваны да вясла нож. Але акула рванулася назад, перавальваючыся на спiну, i лязо нажа трэснула.

Стары чалавек уладкаваўся стырнаваць. Ён нават не назiраў за тым, як вялiзная акула паволi танула: напачатку яе можна было бачыць у натуральную велiчыню, пасля акула сталася невялiкая, i ўрэшце маленькая... Гэта заўжды дужа займала яго, але не цяпер.

- Што праўда, у мяне ёсць бусак, - сказаў ён. - Але якая ад яго карысць. Яшчэ ў мяне ёсць два вяслы i румпель, i кароткая дубiнка.

"Вось акулы мяне i адужалi, - падумаў ён. - Занадта я стары, каб iх батожыць да смерцi. Але буду iмкнуцца рабiць гэта, пакуль мецьму вёслы, дубiнку i румпель".

Ён зноў сунуў рукi ў гаючую ваду. Бралася на вечар, зараз ён бачыў толькi мора ды неба. Вецер быў мацнейшы, як раней, i тут ён стаў спадзявацца, што неўзабаве ўгледзiць сушу.

- Ты стамiўся, старэча, - сказаў ён. - Уся твая iстота стамiлася.

Акулы атакавалi яго толькi перад самым свiтанкам.

Стары чалавек убачыў карычневыя плаўнiкi ўздоўж таго шырокага следу ў вадзе, якi ўтварала рыбiна. Акулы не проста рыскалi, учуўшы рыбiн пах, а напралом бок у бок шыбавалi да чоўна.

Ён заклiнiў стырно, замацаваў шкот i пацягнуўся па дубiнку, што ляжала пад кармой. То быў адпiлаваны ад зламанага вясла кавалак дзяржальна даўжынёю футаў два з паловай. Ён мог яго ўжыць толькi адною рукою, бо вясло мела адмысловую ручку, за якую ён i ўхапiўся ды стаў размiнаць пальцы правай рукi, здымаць з iх здранцвеласць, назiраючы, як наблiжаюцца акулы. Абедзве яны былi gаlaпоs.

"Няхай першая добра возьмецца за рыбiну, а тады я гваздану ёй па кончыку носа або па кумпалу, па самай макаўцы", - вырашыў стары чалавек.

Дзве акулы падплылi разам, i, убачыўшы, як найблiжэйшая да яго разявiла пашчу i ўсадзiла зубы ў срэбраны бок рыбiны, ён высока падняў дубiнку i трахнуў што было моцы па макаўцы ейнай шырокай галавы. Стары чалавек адчуў усё роўна як гумавую трываласць скуры, калi палка апусцiлася на акулаву галаву. I яшчэ ён адчуў цвёрдасць косцi i заехаў зноў, на гэты раз па кончыку носа, калi акула адлiпла ад рыбiны i слiзганула ўнiз.

Другая акула ўжо завiтвала сюды, а потым знiкла, але зараз з'явiлася iзноўку, шырока разявiўшы пашчу. Стары чалавек мог бачыць белыя шматкi рыбiнага мяса, што вывальвалiся з ейнае пашчы. Накiнуўшыся на рыбiну, акула сцяла скiвiцы. Ён размахнуўся i стукнуў палкай, але трапiў толькi па галаве. Акула, зiрнуўшы на яго, iрванула кавалак мяса. Стары чалавек замахнуўся зноў, калi акула слiзганула ўбок праглынуць тое, што ўхапiла, i адчуў трывалую цвёрдую гуму.

- Падыдзi сюды, gаlano, - сказаў стары чалавек. - Давай, падыходзь зноў.

19
{"b":"76227","o":1}