Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Конь - жывёлiна разумная, ён прывёз бы Вацiка дамоў, але лейцы цягнулiся па снезе i зачапiлiся за нейкi корч.

Так i стаялi яны ноччу, дакладней, стаяў бедны конь, а небарака Вацiк ляжаў i храпеў на санях. Калi ж ён крыху прыйшоў у сябе, адблытаў лейцы i пагнаў каня да ратавальнай хаты - было позна. Вушы, шчокi, нос адышлi, памянялi толькi скуру, а вось нага счарнела, распухла.

Колькi бацькi нi гналi яго да дактароў, ён аднекваўся:

- Баюся! Можа, само пройдзе...

Упёрся, як баран у слуп, i сядзеў на печы, думаў, адагрэе нагу i кроў пабяжыць па ёй па-ранейшаму.

Але пухлiна i чарната праз тыдзень палезлi вышэй, i пачалася гангрэна. Ужо i нагу даўся адрэзаць, але было позна...

Памяталi гэта людзi, ведаў пра гэта i ўчастковы мiлiцыянер, таму пошукi Лявона, каб яны пачалiся на афiцыйным узроўнi, ператварылiся б у фармальныя адпiскi.

* * *

Прайшло больш года з таго часу, як разарваў цiшыню сцямнелага лесу той ракавы дуплет.

Юзюку здавалася, што адна карцечына нейкiм чынам трапiла ў яго сэрца, i хоць рана аказалася не смяротнай, але i не думала зажываць.

Заядала думка: нават крыжа на магiле няма... Труны i той не заслужыў накрылi пасцiлкай, як...

А больш усяго дапякала хуткае яго вяселле з Аленай. Адносiны з ёй наладзiлiся, бацькi яе былi не супраць Юзюка, хаця злосныя языкi абмывалi Крумкачоў "дабрабыт" удоўж i ўпоперак.

- Ну што ты такi сумны, Юзька? - дапытвалася Алена. - Неабходнае нажывём, лёс адбудуем... Каханне ўсяму дапаможа...

- Не гэтага я баюся... - выдыхаў Юзюк. - Не гэта хвалюе...

Старыя Крумкачы, пачуўшы пра сынавы намер, узрадавалiся. Узрадавалiся, як i ўсе бацькi радуюцца дзiцяцi шчасцю. Але яшчэ больш таму, што з'яўлялася магчымасць адвесцi ад сынавага сэрца чорную хмару нечаканай трагедыi. Спадзявалiся, што новае месца, новыя клопаты, а там, дасць Бог, i дзецi вернуць яго да жыцця.

Спадзяваўся на гэта i сам Юзюк, але чым менш часу заставалася да рэгiстрацыi шлюбу ў сельсавеце, тым мацней краталася "карцечына"ў сэрцы хлопца.

I вось Юзюк зноў крочыў па лясной дарозе ў бок Застарыч. На гэты раз хада яго была рашучай, ён не заўважаў нiчога - нi прыгажосцi, нi сваiх сябровак вавёрак, нi птушак.

З кожным крокам яму здавалася, што ён паступова выходзiць з цемры, з пакутаў, хаця iшоў насустрач няведама чаму.

Юзюк круцiў i пракручваў у думках бацькавы словы, якi сёння падышоў першы раз за мiнулы год з напамiнаннем пра тое забойства.

- Выкiнь, сынок, з галавы... Цi ж ты хацеў гэтага? Яго не вернеш, а ты ўратаваўся ад турмы...

Не, Юзюк увесь гэты час не выкiдваў з галавы нiчога, не заглушаў боль у сэрцы, не шукаў уцехi, а наадварот, толькi i думаў пра гэта, толькi караў сябе i адчуваў, што так яго жыццё працягвацца не можа.

"Эх, тата, - думаў Юзюк, - ад турмы ты мяне ўратаваў... Цi ж магчыма ўратавацца ад самога сябе?.."

Алену здзiвiў i напужаў выгляд Юзюка.

- Што з табой, Юзя? Я цябе нiколi такiм не бачыла. Ты што... перадумаў?..

Юзюк ледзь стрымлiваў сябе, голас дрыжаў:

- Аленка! Я хачу папрасiць у цябе прабачэння... Мы павiнны... Я абавязаны...

Алена спыталася больш настойлiва, з трывогай у вачах:

- Дык ты перадумаў?! Так? I што, вяселля не будзе?..

Юзюк цiха пацвердзiў:

- Вяселля хутчэй усяго не будзе... А магчыма, яно адкладваецца... Усё цяпер будзе залежаць ад цябе.

- Што ўсё? Што ты надумаў? Я нiчога не разумею!..

Юзюк узяў яе за рукi i сцiснуў iх.

- Прашу цябе, не пытайся больш нiчога... Пра ўсё даведаешся хутка сама. Я не магу табе болей нiчога сказаць. Не магу! Язык дзеравянее. Помнi толькi адно: я кахаю цябе! Цябе адну!..

Юзюк пусцiў яе рукi i крутнуўся, каб iсцi.

- Куды ты?! - хутчэй крыкнула, чым спыталася дзяўчына.

Юзюк горка ўсмiхнуўся:

- Насустрач свайму лёсу... А ён чакае мяне ў раёне - у мiлiцыi...

- Што ты пляцеш? - крычала Алена. - Цябе выклiкаюць у мiлiцыю?

- Не! Сам iду! - рашуча сказаў Юзюк, i не было на свеце той сiлы, якая б прымусiла павярнуць яго назад.

3
{"b":"74506","o":1}