Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Давидович Сергей

Чалавек, якi глядзеў на зоркi (на белорусском языке)

Сяргей Давiдовiч

Чалавек, якi глядзеў на зоркi

Якiм Каваль з маленства цягнуў свой воз. Пасляваенная галеча i галаднеча змянiлiся пазней на перабiванне з хлеба на ваду. Якiм прыкладаў усе намаганнi, з апошнiх сiл кiдаўся ва ўсе бакi, шукаў палёгку, але, як кажуць, толькi часова паслабляў пятлю на шыi. Сiл заставалася ўсё меней, здароўе з узростам пахiснулася, а "дабрабыт" якiм быў, такiм i заставаўся.

Якiм горка жартаваў:

- Вось я, Каваль, кую свой лёс... I што? Нястачы повен воз...

Але, кажуць, калi Бог затрымае сваё вока на некiм - лёс таго чалавека робiцца шчаслiвым. Мусiць, Бог усё ж заўважыў Якiма Каваля i непрыкметна для гэтага ўжо немаладога чалавека запалiў у ягонай душы сваю боскую iскру. Хутчэй за ўсё так i адбылося, бо раптоўна Якiм, якi даўно апусцiў галаву i глядзеў толькi сабе над ногi, - распрамiў плечы i заўважыў сонца i ўбачыў на начным небе зоркi. Дзiва - але рука пацягнулася да паперы, i на ёй пачалi нараджацца прадыктаваныя душой творы. Лiтаратурныя творы! Паэтычныя творы! Хлеба па-ранейшаму не хапала, адзенне было старым i нэндзлым, затое душа адчула крылы, i гэта зрабiлася галоўным у жыццi. Дзень быў непадобны на мiнулы дзень, кожная ноч адрознiвалася ад той, што прайшла, новым, нечаканым творчым здабыткам. Вакол была тая ж жыццёвая шэрасць, а Якiм Каваль быццам знаходзiўся на цудоўным, казачным востраве. I такi востраў, сапраўды, iснаваў - востраў творчасцi, востраў душэўнай узнёсласцi Якiма Каваля!

Будучы чалавекам даволi сталым, чалавекам, якi з'еў пуды горкай солi, Якiм здагадаўся, што без боскай дапамогi тут не абышлося. Цi ж гэта магчыма: усё жыццё без хлеба, а пад старасць - у неба! I Якiм шчыра i рэгулярна пачаў наведваць царкву - хрысцiцца i выказваць падзяку Богу.

Пiсалася яму лёгка, "пладавiта" - кнiгi выходзiлi з друку адна за другой. Задуманага i ненадрукаванага было яшчэ болей.

I яшчэ больш на аднаго шчаслiвага чалавека стала на зямлi!

Аднойчы Якiмавы думкi прымусiлi руку напiсаць твор, якi спалохаў самога аўтара. Не тое каб надта спалохаў, але ў душу закралiся трывога, сумненнi навошта ж я так?!.

Якiм i сам не мог адказаць, як атрымалася так, што напiсаўся богаадступнiцкi твор. Праўда, пасля наведванняў царквы ў Якiма i сапраўды закралася падазронасць, што служыцелi храмаў боскiх самi не надта вераць у тое, што прапаведуюць. Якiм злаваўся на сябе: "Якая мая справа? Няхай сабе не вераць! Навошта ж я плюнуў у студню, якая мяне поiць?.."

Настрой псаваўся. Жыццёвая шэрасць блiжэй падступiла да казачнага вострава Якiмавай творчасцi. Вiдаць, сам спакуслiвы д'ябал вадзiў Якiмавай рукой, шаптаў яму ў вуха багахульшчыну...

Але справа зроблена. Твор надрукаваны. Узнёсласць пакiдала Якiма Каваля.

* * *

Лета, як кажуць, прайшло толькi паўдарогi. Краскi разбеглiся па лугах i палях. Птушаняты вылецелi з гнёздаў, i ў птушак паявiлася больш вольнага часу для спеваў.

У свой вольны час Якiм Каваль iмчаў у родную вёску, каб душой злiцца з прыродай, з краскамi ў полi, з птушыным шчабятаннем.

Калi надышла субота, Якiм сабраўся, сеў на аўтобус i пакацiў у вёску. Жонку на гэты раз чамусьцi не ўзяў, хоць тая таксама любiла вёску i сёння прасiлася разам з мужам у дарогу. Нешта прымусiла катэгарычна адказаць жонцы: "Я хачу пабыць адзiн!"

Жонка з неахвотай пагадзiлася - магчыма, будзе замiнаць яму ў творчай працы - i засталася дома ў Менску.

Прыехаўшы ў вёску, Якiм заварыў каву i з асалодай пiў яе маленькiмi глыткамi на верандзе. Думаў, як здавалася, аб усiм i нi аб чым. Ды i глядзеў у нiкуды - у адну кропку, а бачыў усё мiнулае жыццё, такое складанае, цiкавае i супярэчлiвае. Гэткая ж супярэчлiвасць запоўнiла душу: спакой i трывога, задавальненне i расчараванне, узнёсласць i сум.

Выпiўшы каву i нагледзеўшыся "ў нiкуды", Якiм чамусьцi ўзяў "ТОЙ" твор i ўважлiва перачытаў. Перачытаў i падбадзёрыў сябе: "Ды я маю права пiсаць усё, што захачу! I кропка!.."

Але гэтая думка бадзёрасцi не дадала, i супярэчлiвасць па-ранейшаму панавала ў душы.

Ноч надышла цёплая, зорная. Спаць не хацелася, i Якiм стаяў на двары ля хаты. Стаяў i глядзеў на неба. Справа гэта - глядзець на зоркi - зрабiлася прывычнай, i Якiм рэдка ўспамiнаў той час, калi глядзеў толькi пад ногi i амаль не задумваўся над тым, што глядзець на зоркi - гэта вялiкае шчасце, падараванае Богам.

"Чаму я жонку не ўзяў? - падумалася мiжволi. - Такая цудоўная ноч! Усё роўна нiчога не пiшу..."

Здавалася, што зоркi падмiргваюць, што яны кратаюцца, як жывыя, што гэты казачны карагод зараз адарве ад зямлi, уздыме ў бяздоннае неба i закруцiць у бясконцым зорным танцы.

Якiм глядзеў не мiргаючы, быццам баяўся, што бачыць гэта ў апошнi раз.

Раптоўна ў глыбiнi чорнага неба з'явiлася новая зорка, якая гарэла ўсё ярчэй i ярчэй, наблiжаючыся да зямлi.

- Яна наблiжаецца! - усклiкнуў Якiм. - Якi цуд!

Зорка наблiжалася з неверагоднай хуткасцю, ператваралася ў агнiсты шар, рабiлася ярчэй за сонца. Якiму было нясцерпна балюча глядзець на яе, але адарваць вочы ад гэтага начнога сонца не было сiл. Свячэнне зрабiлася такiм моцным, што Якiмавы вочы аслеплi. Агонь на iмгненне балюча дыхнуў, ператвараючы ўсё на сваiм шляху ў попел, пачуўся страшэнны выбух, i Якiма Каваля не стала.

* * *

Месца падзення метэарыта ачапiлi шчыльна i хутка. Хата, у якой жылi колiсь Якiмавы продкi, у якой прайшло Якiмава маленства i маладосць i ля якой Якiм стаяў, углядаючыся апошнi раз у жыццi ў зорнае неба, - знiкла, нiбы яе i не было. Знiкла iмгненна разам з гаспадаром. На яе месцы зеўрала вялiзная варонка з аплаўленымi краямi. У паветры вiсеў пах гарэлага жалеза i драўляных галавешак, раскiданых вакол падзення метэарыта.

Да гэтага месца нiкога блiзка не пускалi, нават Якiмаву жонку, якая стаяла непадалёк ад жахлiвага месца, галасiла i рвала на сабе валасы.

Зацiкаўленыя афiцыйныя асобы - вучоныя, спецыялiсты, прадстаўнiкi адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, карэспандэнты ўсiх сродкаў масавай iнфармацыi, шчыльна абклалi дзiвосны кратэр i не столькi займалiся даследаваннем, колькi замiналi адзiн другому. Вучоныя здзiўлялiся, што пасля сутыкнення метэарыта з зямлёй i выбуху анi кавалачка нябеснага цела не знайшлi.

Хтосьцi з журналiстаў спытаўся ў вучоных з Акадэмii навук, цi праўда, што тут стаяла хата i загiнуў чалавек?

1
{"b":"74211","o":1}