Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Нам дапамагаць, нас навучаць,

Каб не была ў нас долечка гаротная,

Каб не была ў нас долечка лiхая.

Ты ўставай-падымайся, бацюшка-князь радзiмы,

Не тая цяпер пара табе спацi ды высыпацiся...

Сядзела пры нябожчыку княгiня Лаўса ў белай вопратцы, у якой некалi брала яна шлюб з князем. Расчуленая жалямi i надрыўнымi галасамi плакальшчыц, i яна не стрымала слёз.

На трэцi дзень павезлi Жывiнбудава цела на жэглiшча. I пачалося тое дзейства, калi кожны рух i кожнае слова - знак пашаны да таго, хто яшчэ ўчора жыў. Шэсць вояў паднялi на рукi свайго былога правадыра i праз пралом у сцяне, каб смерць не ведала сямейнага парога i дзверы адчынялiся толькi для жывых, вынеслi на двор. Пранеслi над дзвюма сякерамi, якiя крыж-накрыж ляжалi на зямлi, - знак таго, што, мiнаючы iх, былы ўладар дома перадаваў яго новаму гаспадару - свайму сыну Воўку. Князя паклалi на санi, запрэжаныя двума белымi канямi - любiмым, на якiм ездзiў Жывiнбуд, i другiм, якi яшчэ пры яго жыццi прысвячаўся святаром дзеля князевай правежы, i нiхто нi разу на iм не праехаў i не ўпрог нi ў воз, нi ў санi.

Воўк пасыпаў лаву жытам, каб яно ачысцiла яе ад плюгаўства смерцi, i выйшаў з харомаў.

I рушылi да жэглiшча. Уперадзе конi цягнулi санi з нябожчыкам. За санямi iшла Лаўса. Яна iшла з высока ўзнятай галавой - велiчная i спакойная, нiбыта ведала: усё, што адбываецца вакол яе, проста ўмоўнасць, якую трэба выканаць, каб зноў сустрэцца з мужам.

Старцы неслi ў руках гаршкi з яствамi для стравы. А за iмi ўжо iшлi астатнiя - тыя, хто праводзiў князя ў апошнi шлях. Увесь час да працэсii далучалiся ўсё новыя i новыя людзi. А тыя, хто не мог пайсцi да жэглiшча, схiлiўшы галовы, стаялi на каленях каля сваiх хат i, калi паўз iх правозiлi нябожчыка, бралi ў рукi жменю зямлi, перацiралi яе далонямi i казалi: "Няхай яму Вялес ласкавы дасць неба". А па баках людской плынi ехалi на конях воi i трымалi лёзамi ўгору мячы. Ахоўвалi душу свайго былога водцы, якую маглi злыя пякельнiкi зацягнуць у пекла. Пад шоргат соцень ног, надрываючыся, пераходзячы амаль на крык, галасiлi плакальшчыцы:

Ай усiм жа ты быў абаронцам,

Ай усiх жа ты любiў,

Ай усiх жа ты прымячаў,

А цяпер такi стаў ганарлiвы,

Што нiкому нi слова не адказваеш.

Усе птушачкi iз выр'я ляцяць,

А ты, наш бацюшка, у вырай ляцiш...

Адразу за градам, на дарозе, жрыца запалiла вогнiшча - гарэла вопратка нябожчыка, грэбень, якiм яго апошнi раз прычэсвалi, салома i палатно, што ўсцiлалi лаву, на якой ён ляжаў, рэшткi палатна, з якога пашылi саян. Прыпынiлiся людзi паглядзець, куды, у якi бок iдзе дым, каб ведаць, у якiм месцы зноў з'явiцца Марэна. Дым плыў у бок града. Новую бяду вяшчаў ён, i яшчэ болей азмрочылiся людзi.

Старцы, што трымалi коней за ручнiкi, завязаныя на конскiх шыях, павялi iх прама да вогнiшча. Конi палахлiва вярнулi галовы i пырхалi, але прайшлi па самай сярэдзiне вогнiшча. Вогненныя языкi лiзнулi санi i дасягнулi нябожчыка. На iмгненне Жывiнбудава цела знiкла ў дыме. Усё, развiтаўся са сваiм мiлым градам князь, i цяпер чакала яго дарога ў Вялесаву краiну. Пахавальная працэсiя накiравалася да жэглiшча.

Так i не прыехаў Завейка ўшанаваць памяць князя Жывiнбуда. Смерць не прымiрыла iх. I як здзiвiўся Воўк, калi перад жэглiшчам убачыў вершнiкаў, наперадзе якiх сядзеў на канi Завейка. Жрыца Яга гучна нараспеў запрычытала:

- А наш ты бацюшка-князь, а наш раднюсенькi! Ды перапрасi ты князя, што памiж вамi была нязгода ды нараканне, а цяпер адзiн другому даруйце, бо вы, бывала, адзiн на другога ваўком глядзелi, а цяпер ужо няма за што гневацца.

Чакальна пазiралi людзi на Завейку. Што ж ён? Князь хвiлiну-другую нiбыта раздумваў, маўчаў, паглыбiўшыся ў сябе, а пасля павольна злез з каня, апусцiўся на каленi i, узяўшы трохi зямлi, патрос яе рукамi.

- Няхай табе Вялес дасць вырай! - прамовiў ён.

Услед за князем пакiнулi сёдлы i яго воi, сталi на каленi i, трымаючы ў руках зямлю, паўтарылi:

- Няхай табе Вялес дасць вырай!

I вось прыйшлi да жэглiшча. Высокi шчыльны плот, збiты з яловых бярвёнаў, - крада вогненная - агароджваў уладанне змрочнай Марэны. Перад брамай старцы спынiлi коней.

А людзi развiтвалiся са сваiм князем. Падыходзiлi да саней, на якiх ляжаў нябожчык, бралi з рук Воўка развiтальную чару з мёдам i, выпiўшы яе, прасiлi Жывiнбудаву душу, каб яна малiла багоў спрыяць iм. Плакалi жанчыны. Маўчалi мужчыны. Вось выпраглi з саней коней, i старцы павялi iх за краду вогненную. Воi паднялi на рукi нябожчыка i панеслi яго да жэглiшча. Загаласiлi на ўсю галаву плакальшчыцы:

- Ой, на каго ты пакiдаеш нас, бацюшка раднюсенькi!

Пайшлi да жэглiшча Лаўса, Воўк i Вышак. Нябожчыка паклалi на папону, якая ўсцiлала зверху жэглiшча, усыпанае лапкамi ядлоўцу, дым якога лiчыўся свяшчэнным. Конскае сядло стала падушкай Жывiнбуду. Ля галавы яго Знiч утыркнуў кап'ё. На яго пасадзiлi сокала i прывязалi ручнiкамi коней. Каля кап'я воi паклалi князеву зброю: шчыт, меч, лук i калчан з сямю стрэламi. З левага боку старцы паклалi нябожчыку мядзведжыя i рысiныя кiпцюры, каб яго душа магла ўзабрацца на высоку гару ў Вялесавай краiне, дзе жылi дзяды. З правага боку паклалi гладыш з мёдам - пачаставаць дзядоў, у рукi - два кавалкi сырога мяса - задобрыць вартаўнiкоў брамы бессмяротнасцi сабак Стаўра i Гаўра. Наперад выступiў Знiч.

- О вялiкi наш бог, Вялес, - падняў рукi ўгору святар, - просiм цябе, каб ты нi ў чым не замiнаў князю Жывiнбуду i бесперашкодна дазволiў яму адысцi ў тваю краiну шчаслiвых i праведных душ, куды яшчэ раней адышлi яго дзяды. Пашлi да яго водцу душ Наваця, каб князь мог лёгка прайсцi доўгi шлях.

За крадай воi ўдарылi мячамi, абухамi сякер i булавамi ў шчыты, каб пачуў iх Вялес i адчынiў браму ў вырай. I засталося самае цяжкае. Спачатку жрыца Яга кiнула нежывую курыцу ў ногi нябожчыка. I там, на нябёсах, як тут, на зямлi, у новы дом бяруць курыцу - сiмвал наваселля. Каб князева душа задавальняла сябе паляваннем, воi паўрозамi задушылi двух хортаў i сокала. Смяротная захлыска абвiла i шыi коней. Жывёлы хрыпелi, паднiмалiся на дыбкi, але моцныя рукi вояў не задрыжалi. Адзiн за адным конi павалiлiся каля жэглiшча.

- Дзяды, прымiце да сябе душу майго бацькi i жывiце з ёй добра, - прамовiў Воўк, абышоў жэглiшча i не азiраючыся накiраваўся да брамы вогненнай крады. Услед за князем адправiлiся i астатнiя. Iх сустрэла старая, якая трымала ў гаршчочку вугалi. Отрак са срэбнага рукамыйнiка палiў на вугалi ваду. Гэтай вадой кожны, хто вяртаўся да людзей з уладанняў Марэны, апаласнуў рукi i твар - ачысцiў сябе ад смерцi. Пасля бралi ў рукi з гаршчочка вугалёк i кiдалi яго праз галаву.

8
{"b":"74024","o":1}