- Хай i да цябе будуць мiласцiвыя багi, - адказаў жонцы Жывiнбуд.
Княгiня падала мужу чару з пiвам i кавалак хлеба. Штодня выконваў князь даўнi рытуал: памачыў хлеб у пiва, адпiў з чары, адкусiў трохi хлеба, вярнуў чару з хлебам княгiнi. Лаўса выйшла з пакоя i ў дзвярах, што вялi ў харомы, вылiла за парог пiва.
- Няхай будзе дастатак у гэтым доме для гаспадара, госця i жабрака, прамовiла яна.
* * *
Зубр наструнiў вушы. З узлеску даляцеў вiсклiвы сабачы брэх, а дзе сабакi, там павiнны быць людзi, якiя неслi з сабою смерць. Людзi, як i ваўкi, былi яго ворагамi. Калi чалавек сустракаў яго адзiн на адзiн, дык спуджана ўцякаў, i толькi калi людзi збiралiся ў зграi, бралi з сабой сабак, тады яны смялелi i нападалi на валадароў пушчы - зуброў. Можна было растаптаць капытамi, пырнуць рагамi аднаго, другога, трэцяга, але ўсё роўна нехта з людзей ударыць вострым кiем, на канцы якога - смерць.
Зубр падняў галаву, пераступiў з нагi на нагу, прыслухаўся. Сабачы вэрхал наблiжаўся. Трэба было ўцякаць.
Моцныя ногi неслi зубра далей ад небяспекi. Магутнымi грудзямi ён ламаў галiны дрэў i хмызняк - пракладаў сабе шлях. Але i адтуль, куды ён бег, данёсся сабачы брэх, людскiя галасы i гукi ражкоў. Аблава. Людзi акружылi яго. Жыццё зноў прымушала змагацца за сябе. Звер бег павольна, захоўваў сiлы для рашучага моманту, калi спатрэбяцца свежыя ногi i трэба будзе iмгненна прарвацца праз кола. Гучна стукалi па зямлi капыты. Трашчалi галiны. Напужаныя сабачым брэхам, выскоквалi з хмызнякоў лiсы i зайцы. Зубр не мяняў напрамку. Самае недарэчнае цяпер - страцiць вытрымку i замiтусiцца. Хаця гады i забралi ў яго сiлу i ён ужо не мог абаранiць сваё права правадыра статка i павiнен быў пакiнуць яго, але ў яго быў вопыт доўгага жыцця. Ён ведаў, што з людзьмi нельга лезцi ў бойку - яны толькi гэтага i чакаюць, акружаць яго, нацкуюць сабак i, варта толькi пачаць адбiвацца ад iх, наваляцца з усiх бакоў - не ўгледзiш, як вострым кiем удараць. Трэба прарвацца праз заслон людзей - гэта выратаванне. Зусiм блiзка брахалi сабакi...
Зубр выбег на паляну. Убачыў, як людзi спусцiлi з павадкоў сабак i тыя з брэхам рынулiся да яго. Моцным ударам капыта зубр раскрышыў чэрап аднаму з гэтых вiсклiвых звяроў, другога ўзняў на рогi i падкiнуў у паветра. Астатнiя шалёна брахалi на яго, але падыходзiць не адважвалiся. Зараз трэба было чакаць сустрэчы з людзьмi. Яны хавалiся за дрэвамi.
- Мой! - закрычаў Воўк i ўдарыў астрогамi каня.
Сцiснуўшы ў правай руцэ сулiцу, Воўк накiраваў каня на зубра. Звер прыпынiўся, нахiлiў нiзка галаву, выставiўшы наперад доўгiя рогi, i пагрозлiва рыкнуў. I конь пад княжычам, не слухаючыся паводдзяў, заiржаў i ўзняўся на заднiя ногi. Варта было зубру цяпер баднуць каня, як той разам з вершнiкам паляцеў бы на зямлю, а там чалавека можна растаптаць капытамi. Але кожная хвiлiна цяпер ратавала звера. Пакуль людзi яшчэ не акружылi яго - хутчэй бегчы адсюль. Да выратавальнага гушчару заставалiся крокi. Вострыя калкi астрог упiлiся ў каня, i боль быў мацнейшы за боязь перад пагрозлiвым зубрам, - конь падначалiўся моцнай руцэ вершнiка, якi трымаў паводдзе, i панёс свайго гаспадара ўслед за зверам. Волак дагнаў зубра i ўдарыў сулiцай у загрывак. Звер нырнуў у гушчар.
Гонар не дазваляў княжычу спынiць пагоню. Будуць пасля слугi плявузгаць, што задрыжала князёва рука i выпусцiў ён звера. Паранены зубр далёка не ўцячэ. Волак саскочыў з каня i перадаў паводдзе Гваю. Адзiн, трымаючы на творцы хорта, пусцiўся па слядах зубра. Лёгкiм i хуткiм быў бег чалавека. Маладая, нерастрачаная сiла бурлiла ў iм, прасiла выйсця. Чалавек атрымлiваў асалоду ад запалу, што ахапiў яго, чалавек быў ап'янелы ад прадчування ўдачы. Хорт нецярплiва скуголiў i цягнуў за сабой у глыб гушчару паляўнiчага. А зубр з апошнiх сiл уцякаў ад пагонi.
Доўга, прадзiраючыся праз галiны дрэў, гнаўся за зверам княжыч.
Хорт вывеў княжыча на вузкую сцежку. Волак агледзеўся. Вакол стаялi высокiя хваiны, а ўнiзе пад iмi буяў хмызняк. Нiколi ў гэтых месцах ён не быў. У запале i не заўважыў, што трапiў за няблiзкi свет. Трывожнае скуголенне хорта насцярожыла Волака. Сабака зноў нешта пачуў. Да слыху даляцеў тупат конскiх капытоў. Па сцежцы нехта ехаў. Ну, то добра, хоць спытаецца, у якi бок падацца да Жоўны, а мо i каня пазычыць.
Хор нецярплiва завiляў хвастом, некалькi разоў брахнуў. Неўзабаве на сцежцы паказалiся тры вершнiкi ў iльняных вопратках з лукамi i калчанамi за спiнамi. Аднаго вершнiка Воўк пазнаў - князь Завейка. Забачыўшы наперадзе княжыча, Завейка падскакаў на белым канi да яго. Хоць i быў ён апрануты, як яго слугi, у льняную срачыцу i парты, але на нагах боты з астрогамi, на шыi залатая грыўна, а ў правым вуху залатая круглая завушнiца i срэбныя бляхi на вуздэчцы i сядле - знакi княскага багацця. Нягледзячы на старасць, твар князя прываблiваў адкрытасцю i прыгажосцю - прамы нос, вузкiя, моцна сцятыя вусны, густыя вусы i барада, у якiх серабрылася сiвiзна, доўгiя, зачэсаныя назад валасы агалялi прамы лоб з барознамi маршчын. Чорныя вочы холадна глядзелi з-пад броваў на княжыча. Нават i ў такiя ўжо немаладыя гады сустрэча з гэтым шыракаплечым высокiм чалавекам не абяцала яго ворагу нiчога добрага.
- О, княжа, вось дык сустрэча, - нечакана для Волака прыязна прамовiў Завейка i ў доказ таго, што i сапраўды ўзрадаваны, усмiхнуўся, пасля злез з каня.
Абодва князi вынялi свае мячы з похваў i кiнулi iх на зямлю ў знак таго, што захоўваюць яны памiж сабою любоў i яднанне. I, наступiўшы на мячы, абнялiся.
- Гнаў зубра, ды вось заблукаў.
- Мiласцi просiм, княжа, у госцi, - прапанаваў Завейка. - Адпачнеш, падсiлкуешся, дам табе каня дабрацца дадому, - мовiў мiралюбна князь.
Адзiн са слуг перадаў свайго каня княжычу. Хай будзе так - прыме запрашэнне. Калi запрашаюць цябе ў госцi, нельга крыўдзiць адказам нават лютага ворага. Багiня Лада - ахоўнiца дамашняга агменю - за тваю ласку паспрыяе. Паднялi з зямлi мячы. Воўк паставiў нагу ў страмяно i ўскочыў у сядло. Адзiн за адным па вузкай сцежцы вершнiкi адправiлiся далей.
Усё ж цiкава блiжэй пазнаёмiцца з гэтым чалавекам. Такога, як Завейка, лепш трымаць за сябра, чым за ворага. Вось самi багi далi магчымасць паразумецца з iм.
Князевы харомы стаялi з краю вялiкага паселiшча. Праз зелянiну дрэваў вiднеўся крыты дранiцай дах. Высокi плот акружаў харомы. На вострых зубах хваёвых плах вiселi бiтыя гаршкi - каб адганяць наўцаў. Перад брамай, якую трымалi тоўстыя слупы, Завейка ўладарна крыкнуў: "Дарогу!" Браму адчынiлi два ваяры.