Ён ляцеў над яркай летняй зямлёй, баючыся птушак i хiмiкатаў. А яшчэ непакоiла тое, што тут, у гэтых мясцiнах, маглi напаткацца "пчалiныя ваўкi", бязлiтасныя жоўта-шэрыя восы. Яны селяцца вакол пчальнiкоў, беручы iх у аблогу, i забiваюць пчол ударам джала ў мозг, забiваюць з першага ўдару. Потым сцiскаюць скiвiцамi брушка i грудзi сваiх ахвяр, прагна злiзваючы кропелькi мёду, што выступаюць у тых з роту.
Мора кветак ззяла пад iм, i ён ведаў, што кожная з гэтых прыгажунь страсна чакала яго. Такiя сарамлiва-цнатлiвыя, такiя загадкавыя, абсыпаныя расой, быццам дарагiмi брыльянтамi, такiя, здавалася, непадступныя, яны млелi ад радасцi пры з'яўленнi пчалы, даверлiва ўпускаючы ў свае мармуровыя або залатыя церамкi, у сваю патаемнасць. Яму патрэбны былi iхнiя салодкiя пылок i нектар, iм - ягоныя хабаток, лапкi, усё цела, вёрткае, моцнае, здольнае прашчамiцца ў драбнейшую шчылiнку, а потым перанесцi пылок на песцiк iншай кветкi, што расце, шумiць зусiм побач або на другiм канцы бязмежнага лугу. Кветкi кахалiся адна з адной пры дапамозе пчалы.
Ён вельмi востра, да гарачага звону ў крывi, разумеў жыццё, няспынную вечную змену хваль-пакаленняў кветак, пчол, стракоз, людзей... Усё хацела жыць, расцi, налiвацца цiшынёй i громам, агнём i холадам, рухацца ўдаль i ўшыркi, у глыбiню сябе i за воблакi... Усё прагнула цвiцення i абнаўлення, пацалункаў i слёз. Нават нямая смерць была жыццём, бо рабiлася падмуркам, апiрышчам нейчаму маладому захлiпiстаму карэнню. Доктар Метэор быў, вядома, найвялiкшым са смертных, падараваўшы чалавецтву сваю Тэорыю i Практыку Пераўтварэнняў. Толькi пабыўшы ў чужой скуры, лусцы, шэрсцi, ракавiне, толькi пабегаўшы, палётаўшы, папоўзаўшы, адчуўшы страх i знямогу, можаш наблiзiцца (хоць часткова) да разумення агульнасцi ўсяго жывога. Няважна, зразумелае яно цi незразумелае, прыгожае цi непрыгожае, цiхмянае цi агрэсiўнае. Яно - жывое, а значыць, неабходнае таму свету, у якi, нiбы зрэнка ў вока, заключана тваё жыццё.
Ён лётаў над кветкамi, садзiўся на iх, збiраў пылок i нектар, адносiў здабычу ў вулей, зноў кiраваўся на луг... На пукатай зялёнай горцы стаялi дачы - стракатыя прыгожыя хаткi, падобныя на рознакаляровыя кубiкi, якiя, нагуляўшыся, раскiдала свавольнае дзiця. Ён заляцеў туды, апусцiўся ў ракавiну з белымi слiзкiмi сценкамi. Загарэларукая жанчына якраз мыла, прынёсшы з градкi, ярка-чырвоную радыску. Хвастаў срэбны струмянёк вады, сеялiся пырскi, на смуглым жаночым пальцы блiскаў, як сонечны зайчык, пярсцёнак. Было адчуванне лагоды, спакою i шчасця. Ён пiў ваду разам з iншымi пчоламi i баяўся, што жанчына вось-вось схопiць мокрую анучу, нязлосна ўдарыць ёю, крыкне: "Акыш на вас!", маючы на ўвазе не курэй, а пчол. Але яна весела мыла радыску i спявала нейкую песеньку.
Раней ён быў упэўнены ў неадэкватнасцi ўсяго жывога. Яму здавалася, што птушкi, звяры, пчолы, калi б толькi яны валодалi здольнасцю асэнсоўваць сваё становiшча, параўноўваць сябе з чалавекам, адразу б усёй гурмой, будзь на тое iхняя воля, захацелi б ачалавечыцца, зрабiцца, адным словам, людзьмi. Ён нават, як быў маладзейшы, пра жанчын у iхнiх стасунках з мужчынамi такое думаў, хоць заўсёды лiчыўся барацьбiтом за палавую роўнасць. Але дзякуючы доктару Метэору ён паспеў ужо пабыць рыбай, ваўком, бабром, вось зараз быў пчалой i зразумеў адну мудрую iсцiну. Аказваецца, жыццё ва ўсiх сваiх выявах i формах абсалютна раўнапраўнае. Для прыроды, якая самастварылася, якая стварала i стварае мiльярды камбiнацый атамаў, аднолькава каштоўныя i мозг фiлосафа Платона i крылцы лугавой страказы. Магчыма, гэта выглядае i гучыць парадаксальна i ўсе зямныя фiлосафы пагрозна замахаюць кулакамi, але гэта так. Неяк любiмы Гаеў паэт Антон Кастрыцкi напiсаў радкi, якiя амаль усiм падалiся генiяльнымi:
"Скажыце мне - хто ўспомнiць пра Зямлю,
Калi Зямля загiне?"
Вернiкi адразу ж сказалi: "Успомнiць Бог". Дасцiпны Навум Масейкiн абвясцiў з экранаў тэлевiзараў, што планету Зямля ўспомняць яе сыны i дочкi, астранаўты, якiя паляцелi ў касмiчную бездань. Сёння Гай Дубровiч з некаторай карэкцiроўкай падзяляе думку вернiкаў: "Успомнiць Прырода". I ўсё таму, што цэлыя доўгiя суткi ён жыў жыццём пчалы...
Ён знайшоў вялiкае поле, засеянае грэчкай. Бела-ружовы духмяны востраў хаваўся мiж зялёнага старога лесу. Гэта было нечаканым i вельмi дарагiм падарункам, бо пчолы з iхняга вулля яшчэ не праклалi сюды трасу. Пякло сонца. Шумеў нямоцны вецер. Ад захаплення, ад радасцi ў яго мiжволi вырваўся з грудзей чалавечы крык. Але пачулася толькi разарванае ветрам пчалiнае дзумканне.
Порстка прыляцеўшы ў вулей, прынёсшы туды цёплы пах мядовай грэчкi, ён пачаў танцаваць пчалiны танец, бо толькi так мог перадаць усiм сваiм суродзiчам бадзёрую вестку. Ён поўзаў мiж пчол, а яны ўважлiва сачылi за кожным яго рухам. Калi б поле знаходзiлася блiзка, то танец быў бы просты, без лiшняй мудрагелiстасцi. Але да жаданай пахкай грэчкi ляжаў вялiкi кавалак дарогi, i ён, папярэджваючы аб гэтым, хвацка круцiў "васьмёрку", вiляў брушкам - чым далей да нектара i пылку, тым часцей i болей звiвалася брушка. Пчолы цудоўна разумелi яго. Медна-шэрымi пункцiрамi вырывалiся яны з вулля i ўжо ведалi, ў якiм накiрунку ляцець i пад якiм вуглом узнiмацца ў неба. А ён усё танцаваў...
"А што, калi застацца пчалой?" Думка была такой нечаканай, так востра i ярка ўспыхнула ў свядомасцi, аж пахаладзела ў душы. "Абсурд, - адразу ўцiхамiрыў ён сам сябе. - Я - чалавек. Рабiцца на ўсё жыццё насякомым? Абсурд". Ён яшчэ старанней, яшчэ хутчэй затанцаваў.
"Але ж розныя формы жыцця аднолькава каштоўныя, адэкватныя. Невядомая маладая жанчына (i аб гэтым шмат хто ведае) назаўсёды засталася белай азёрнай чайкай. Зараз лётае над высокай хваляй... Цi сядзiць, гойдаецца на ёй... I тоненька-тоненька звiнiць вада..." Ён адчуў халодны выбух бязлiтаснага страху ў самай глыбiнi сваёй iстоты. "Я вар'яцею! Пэўна ж, я вар'яцею. Я пераўтвараўся ў ваўка, у бабра, у шчупака, i заўсёды ўсё было нармальна, заўсёды роўна праз дваццаць чатыры гадзiны я з радасцю станавiўся чалавекам, Гаем Дубровiчам, супрацоўнiкам Славянскай секцыi Iндаэўрапейскага аддзела Сусветнага iнстытута гiсторыi планеты Зямля. У мяне, урэшце, ёсць Бярозка, маладая прыгожая жонка, сын Клён. Хiба я не люблю iх? Ды я люблю жонку i сына мацней за ўсё на свеце. Мяне душыць дэпрэсiя, калi даводзiцца ехаць у камандзiроўку болей, чым на трое сутак. А тое, што я зноў прыляцеў у Дом Пераўтварэнняў... Ёсць людзi, якiя рабiлi гэта дзесяткi разоў. Сам апостал Павел сказаў: "Усё выпрабоўвайце. Добрага трымайцеся".