Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У ярка асветленым, прасторным i, што асаблiва ўражвала, нетаропкiм лiфце Гай Дубровiч апусцiўся на пятнаццаты паверх. Тут быў Духоўны цэнтр Дома Пераўтварэнняў, тут з кожным, хто захацеў пераўтварыцца, цэлых пяць хвiлiн гутарыў сам доктар Метэор, заснавальнiк Дома, праўда, гутарыў з экрана. Ён быў адзiным чалавекам памiж соцень робатаў.

Гая ўвялi ў маленькi круглы пакой, пасадзiлi ў крэсла-вяртушку. Адразу ж успыхнуў экран i лысая галава доктара Метэора, добра вядомая ўсiм зямлянам, з'явiлася на экране, суха ўсмiхнулася.

- Прырода толькi часцiнка таго, што можна ўявiць, - загаварыў доктар Метэор. Гэтую першую фразу Гай Дубровiч вывучыў назубок яшчэ ў малодшых класах лiцэя. Яна, гэтая фраза, назаўсёды адцiснулася, нiбы клiшэ, у памяцi зямлян розных пакаленняў. З ёй можна было не згаджацца, спрачацца, але тут, у Доме Пераўтварэнняў, дзе вярхоўным жрацом i ледзь не богам быў доктар Метэор, ёй пачыналася кожная яго тэлеразмова.

- Чалавек - лiсцiк на дрэве Прыроды, - казаў мiж тым доктар. - Тры сыны чалавецтва "зняважылi" чалавецтва: Капернiк, сказаўшы, што не Зямля цэнтр Сусвету, Дарвiн, паставiўшы на першае месца не Бога, а вiдавы адбор, i Фрэйд, якi асмелiўся даказаць, што чалавечае "я" не абсалютны гаспадар чалавечага цела. Паболей бы такiх зняваг! Навекi ж запомнiм, што мы, людзi, родзiчы траве i дрэву, саве i ластаўцы, ваўку i зайцу, барсуку зямному i кiту марскому. Ты, мой брат па жывой зялёнай планеце, хочаш сёння пераўтварыцца, хочаш на нейкiя iмгненнi адчуць сябе птушкай або зверам, рыбiнай або насякомым. Ты хочаш пераступiць, пераскочыць тую рысу, што аддзяляе цябе, жывога чалавека, ад iх, таксама жывых. Аб такiм марылi многiя пакаленнi, звычайныя людзi i мудрацы. Такому навучаў Буда. Запомнi яго словы: "Я буду бiць у барабан бяссмерця ў iмгле гэтага свету". Чуеш, як гучыць, як запаўняе цiшыню барабан бяссмерця? Запомнi, што найвялiкшае, найгалоўнейшае багацце Прыроды - жыццё. I не толькi чалавечае. Кiм ты хочаш стаць?

- Пчалой, - адказаў Гай.

- Будзь пчалой.

Адразу патух экран. Моцныя, але пачцiвыя рукi робатаў падхапiлi Гая Дубровiча, панеслi па вельмi вузкiм калiдоры (гэта адчувалася па спёртым паветры i па рэху ад iхнiх крокаў) у чорную цемру. Хоць такое было для гiсторыка не ў навiну, ды ўсё роўна лёгкi страх заварушыўся ў сэрцы. Праз некалькi iмгненняў незразумелым чынам (вялiкая тайна доктара Метэора!) ён павiнен быў, як кашулю, скiнуць сваю чалавечую плоць i зрабiцца пчалой, непрыкметнай гудлiвай кропкай. З iм павiнны былi застацца толькi ягоныя свядомасць i памяць. Кожнаму доктар гарантаваў поўную бяспеку цела i псiхiкi пасля таго, як скончыцца сеанс пераўтварэння, але, пэўна, кожны адчуваў трымценне душы i здрадлiвую думку: "А раптам здарыцца нешта такое, што перашкодзiць мне зноў стаць чалавекам?" Гай Дубровiч не быў выключэннем. Па-першае, усюдыiсны ўсявед Навум Масейкiн неяк сказаў, што года паўтара назад цi то доктар Метэор не змог вярнуць маладую жанчыну з "воблiка белай азёрнай чайкi", цi то яна сама не жадала вяртаць сабе чалавечае цела. Па-другое, быў ва ўсiм гэтым нейкi першародны холад, лiпкi трывожны туман, адчуванне святатацтва i недазволенасцi. Упершыню адчуў такi пакутлiвы дыскамфорт Глеб Дубровiч, калi дзесяцiгадовым хлапчуком прачытаў у Бiблii словы, што соллю ўпалi на параненую дзiцячую душу: "Не вары казлянятка ў малацэ мацi ягонай". Чалавеку Вялiкай Эры Плюралiзму ўжо было мала моцнагучнай музыкi, тытуню i вiна. Дзеля таго каб зламаць жалезную клетку сваёй духоўнай адзiноты i несвабоды (так, так, несвабоды, хоць знешне ўсё здавалася надзiва свабодным i супершчаслiвым) людзi, як на прыгожую зваблiвую цацку, накiнулiся на прыдуманую доктарам Метэорам Тэорыю i Практыку Пераўтварэнняў. Вось чаму неслi маўклiва-суровыя робаты Гая Дубровiча па вузкiм чорным калiдоры, каб праз нейкiя iмгненнi ён звонкагалосай пчалой iрвануўся над квяцiстым лугам.

Робаты асцярожна пасадзiлi Гая ў кабiну цэнтрыфугi, страла якой ужо ўздрыгвала, нервова пагойдвалася, нiбы прадчуваючы шалёную, непадуладную жывому розуму хуткасць. На галаву адзелi цяжкi гермашлем. Па-ранейшаму нi iскрынкi святла не было наўкол. Чорны змрок наплываў на вочы. I Гаю Дубровiчу ўспомнiлiся словы, якiя бог сказаў Майсею: "Твару майго не можна табе ўбачыць, таму што кожны чалавек не можа ўбачыць мяне i застацца жывым". Пачулася лёгкае шыпенне, якое неўзабаве перайшло ў свiст. Потым нiзкi вантробны гул раскалоў, распалавiнiў цемру. Страла цэнтрыфугi скранулася з месца, i адразу недзе збоку ўспыхнула малюсенькая чырвоная кропачка. Што гэта было? Электрычная лямпачка? Фотаэлемент у воку робата? Гай Дубровiч не паспеў сканцэнтраваць сваю думку, бо раптам кабiна, у якой ён сядзеў, перавярнулася i ён завiс на шырокiх пругкiх рамянях галавою ўнiз. А цэнтрыфуга ўсё набiрала абароты. Апошнiм, што мiльганула ў яго свядомасцi, калi ён яшчэ заставаўся чалавекам, была лiчба - шэсць с паловай. Ён ухапiўся за яе, напружыў мозг i ўспомнiў - шэсць с паловай грамаў важыць чалавечая душа, адным словам, тая таямнiчая субстанцыя, якая ад нараджэння знаходзiцца ў кожным з людзей. Доктар Метэор узважваў аднаго i таго ж чалавека за тры хвiлiны да клiнiчнай смерцi i праз тры хвiлiны пасля яе. I пры абсалютнай чысцiнi эксперымента заўсёды выплывала такая лiчба. Нябожчык заўсёды быў лягчэйшы на шэсць з паловай грамаў.

...Ён ляцеў над залiтым сонцам юным лугам. Ён быў пчала меданосная, Apis mellifera. Ягоныя крылатыя продкi асвоiлi планету значна раней, чым на ёй з'явiўся чалавек. За два кiламетры ад гэтага луга, ад гэтых яркiх кветак (кветкi - усмешкi прыроды!) у яблыневым садзе стаяў новенькi рамачны вулей, ягоны Дом, дзе жыло, гуло, звiнела, дзумкала ажно семдзесят тысяч аднародцаў, моцная працавiтая пчалiная сям'я. Кожная шчылiна, кожная дзiрачка ў тым вуллi старанна прамазана пропалiсам, пчалiным клеем. Каб здабыць яго, разам з усiмi ён (яна! пчала!) да змогi перацiраў скiвiцамi пупышкi розных раслiн, драўнiну. Працавалi так энергiчна, усiх было такое мноства, што ў вуллi павышалася тэмпература, i, каб збiць яе, спецыяльныя пчолы-вентылятары бесперапынна махалi крылцамi, ствараючы лёгкi ветрык. Сёння ж з ранiцы скварыла сонца, была страшэнная задуха, i нават ён на нейкi час рабiўся вентылятарам - вылазiў дзеля гэтага на дошчачку перад лятком.

6
{"b":"73874","o":1}