Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Дзярмо! - крычаў Радаслаў. - Касмiчны бруд! Пяцiлапы бандыт!

Ногi няўмольна наблiжалiся. Хвiлiна-другая - i залье душу халодная абыякавасць. Раптам у залу, гучна тупаючы, увайшоў робат, начальнiк дзесяткi, аб'явiў:

- Яны атакуюць Нябесны Зуб.

Пэўна, i несмяротныя не пазбаўлены такой вельмi вострай эмоцыi, як здзiўленне, бо Пяцiног, iмгненна забыўшыся пра Буслейку, неяк сутаргава падкурчыў дзве свае агрэсiўныя нагi, спытаў:

- Хто атакуе?

- Дзiк, якi аб'явiў сябе каралём жывёл планеты Вар, разам з iм конь, бык, певень i маленькi чалавек з планеты Зямля.

- I ўсё? - здзiвiўся Пяцiног. - Дык гэта ж самазабойцы. Яны iдуць па тунелi?

- Па тунелi.

- Бяры Жалезных Людзей, сустрэнь гэтых дурняў у тунелi i знiшчы iх.

Робаты пачалi выходзiць з трох сваiх казармаў, строiцца ў шарэнгi. У руках былi чорныя пруты. Пяцiног выкацiўся ўслед за iмi, сачыў за пастраеннем i пакуль што пакiнуў Радаслава ў спакоi.

Вось блiскучая металiчная вужака, цяжка ступаючы па застылай чырванаватай лаве, узнялася туды, дзе зеўраў пралом-калодзеж тунеля. I раптам усё пацямнела, быццам хмара iмгненна закрыла нябесны абшар. Вастракрылыя вёрткiя птушкi густа ўсеялi круглую лапiну неба над кратэрам.

- Крангi! - закрычаў Пяцiног.

Роўна дзве тысячы асляпляльна белых з чырвонымi плямамi яйкабомбаў паляцелi на галовы Жалезным Людзям. Робаты ўбачылi гэта, зразумелi, якая бяда чакае iх усяго праз некалькi iмгненняў, але былi пазбаўлены хоць якога-небудзь манеўру, бо злучалiся мiж сабой энергасiлавым дротам. Крангам цяжка было прамахнуцца. Iхнiя яйкi разрывалiся ў самай гушчынi Жалезных Людзей. Тое яйка, што ўразалася ў лаву, уздымала буры пылавы слуп, сякучую каменную крошку. Робатаў збiвала, валiла з ног. Калi падаў адзiн, падаў i ягоны сусед, цягнучы за сабой ледзь не ўсю шарэнгу. Выбуховыя яйкi гучна лопалiся на блiскучых галовах, спiнах. Страшная сiла адрывала металiчныя кляпаныя лiсты, i яны з пранiзлiвым вiскам разляталiся наўкол. Чорныя пруты некаторых робатаў пачалi ў гэтым хаатычным жалезным месiве знiшчаць усё, да чаго дакраналiся. З дзвюх соцень Жалезных Людзей ацалела штук трыццаць сорак, не болей. Выратаваўся той, каму пашанцавала заскочыць пад тоўсты каменны казырок, што цяжка вiсеў над уваходам у тунель.

- Ты ж казаў, што атакуюць адны толькi жывёлы i маленькi чалавек! шалеючы ад гневу, закрычаў Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, начальнiку дзесяткi. - Ты нiчога не даклаў мне пра крангаў! Дурное ржавае вядро! Сёння ж пойдзеш у пераплаўку!

Начальнiку дзесяткi адарвала левую нагу. Ён сядзеў у смуродлiвым чорным пыле, вельмi перажываў, бiў па сваёй жалезнай галаве жалезнымi рукамi, але не стагнаў i не плакаў - робаты не маюць слёз.

- Бiтва яшчэ толькi пачынаецца, - спакайнеючы i не звяртаючы болей анiякай увагi на пакалечанага начальнiка дзесяткi, сказаў Пяцiног. - Мае верныя адважныя саюзнiкi, фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды, пакажыце сваю вернасць i сваю адвагу. Перад вамi слабыя нiкчэмныя стварэннi, якiя хочуць валодаць Нябесным Зубам i ўсiм Варам. Разатрыце iх у слiзь, у пыл, ператварыце iх у вецер, што свiшча над гнiлым балотам.

Дзве эскадрыллi фiялетавых i чырвоных плазмоiдаў (прыкладна, па сто шароў у кожнай) пагрозна вырвалiся з-пад нiзкiх, акаваных стальнымi пласцiнамi скляпенняў каравульнага памяшкання, паплылi ў бок тунеля. Перад самым уваходам у тунель яны прытармазiлi, трохi пачакалi, бо начальнiк дзесяткi, што невядома якiм чынам паспеў даклыпаць сюды, загадаў Жалезным Людзям збiраць i кiдаць у чорную ямiну тунеля металiчны лом, друз - рэшткi сваiх ужо нерухомых таварышаў. Здавалася, гiганцкая катапульта страляе жалезам. Ляцелi зверху ўнiз цяжкiя металiчныя галовы, рукi, тулавы. Робаты не сумнявалiся, што гэта лавiна змяце на сваiм шляху ўсё.

Калi загрымела зверху i пасыпалася жалезнае ламачча, Аюс Першы жвава адскочыў убок, прыцiснуўся да шурпатай сцяны тунеля. Тое самае зрабiлi Яр, Iг, Кук i Клён. У гэтую ж хвiлiну сотнi плазмоiдаў з чатырох кланаў (сiнi клан рыхтаваў атаку ў iншым месцы) iрванулiся наперад, сышлiся, злiлiся ў своеасаблiвы плазменны шчыт, якi густа заiскрыўся, запульсаваў, сустракаючы жалезны град, прымаючы ўвесь удар на сябе. Жалеза iмгненна плавiлася, выпаралася. Ад нясцерпнай гарачынi, здавалася, вось-вось аблупiцца скура, выскачаць з вачнiц вочы. Аб тым жа, што дзеелася па той бок ахоўнага плазменнага шчыта, якое там лютавала пекла, можна было толькi здагадвацца.

Жалезныя Людзi, выкарыстаўшы, пакiдаўшы ў тунель увесь металалом, рушылi ў атаку самi. Яны не ведалi, што такое страх смерцi або страх цяжкога калецтва, i таму адважна iшлi на зiхоткi плазменны шчыт, якiм быў перагароджаны тунель. Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды плылi следам, схаваўшыся ў iх за плячамi.

Клён, якi стаяў, прыцiснуўшыся да сцяны тунеля, убачыў, што ў плазмоiдным шчыце з'явiлiся раптам дзве даволi вялiкiя круглыя адтулiны, падобныя на соплы. Так вясной у цёмных дажджавых хмарах адчыняюцца ясныя, напоўненыя блакiтам i сонцам "вокны". Праз iх Клён разгледзеў першую шарэнгу Жалезных Людзей. Яна, цяжка грукочучы, наблiжалася, як бы затапляючы сабой увесь тунель.

Плазмоiды з чатырох кланаў узбуджана зашыпелi, пачалi мяняць колер i раздзiмацца, рыхтуючыся да бiтвы. Не ўсе з iх злiлiся ў шчыт, стаўшы яго цаглiнамi. Многiя, не змянiўшы сваю форму, групавалiся за шчытом, як за барыкадай, пэўна, чакаючы нейкага сiгналу. Раптам пачуўся прарэзлiвы свiст.

Ад плазменнага шчыта аддзялiлiся два вузкiя доўгiя адросткi, як дзве рукi. Яны схапiлi пеўня Кука i праз адтулiну ў шчыце кiнулi проста пад ногi Жалезным Людзям. Бедны Кук не паспеў нават дзюбу раскрыць або крыллем залопаць. Абураны Аюс iрвануўся да адтулiны, каб выбавiць свайго падданага, але яна iмгненна знiкла, зрабiўшыся суцэльнай плазменнай перагародкай, i дзiк толькi абпалiў лыч. Клён здагадаўся, што плазмоiды рашылi выкарыстаць пеўня ў якасцi своеасаблiвай ахвяры, i зараз яны назiраюць, як адрэагуюць робаты на гэту ахвяру.

Жалезныя Людзi працягвалi iсцi як iшлi. Яны б растапталi пеўня, але ў самы апошнi момант Кук, спалохана закукарэкаўшы, узляцеў i сеў на плячо аднаму з робатаў. Той нават галаву не павярнуў. "Перамагаюць не самыя разумныя, а самыя жорсткiя", - успомнiлiся Клёну словы са шматсерыйнага тэлебаевiка аб 7-й Нафтавай вайне. Ён адчуў, як да сэрца падкочваецца страх.

50
{"b":"73874","o":1}