Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Не адчайвацеся, Вера, - сказаў ён. - Я хутка вярнуся. Я ўпэўнены, што нашы сябры-плазмоiды i Зямля не дадуць нас у крыўду.

Веры Хрысцiнюк, вядома ж, было нязвыкла i страшна ў такiх абставiнах, але яна валодала сабой, нават усмiхнулася, толькi папрасiла:

- Даведайцеся хоць што-небудзь пра Клёна. Бедны хлопчык.

Старшы па званнi мiж Жалезных Людзей, начальнiк дзесяткi, у кантралюемую праграму якога была закладзена роўна тысяча слоў, манатонна прамовiў, звяртаючыся да яе:

- Ты не Жанна д'Арк. Супакойся. Ты - Вера.

- А ты - заўтрашнi металалом, - адрэзала Вера.

Пяцiног, чакаючы Радаслава Буслейку, павольна хадзiў-перакочваўся па спецыяльна для яго пракладзенай Дарожцы Ўспамiнаў. Гэта дарожка была зроблена ў круглай зацемненай зале i ўяўляла сабой вузкую, шырынёю да сарака сантыметраў, металiчную стужку, на якой былi запiсаны малюнкi-вобразы Сiняй Зоркi, радзiмы Пяцiнога. Калi адначасова дзве нагi дакраналiся да шурпатай цёмна-сiняй Дарожкi Ўспамiнаў, спрацоўвала электрамагнiтнае рэле, пасылаючы хвалепадобны iмпульс у мозг Пяцiногу. Акрамя Пяцiнога ў зале знаходзiлiся пятнаццаць чырвоных i пятнаццаць фiялетавых плазмоiдаў. Яны з найвялiкшай пачцiвасцю кружылiся над Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы, суправаджалi яго ў задумлiва-мройных блуканнях па Дарожцы Ўспамiнаў, з'яўляючыся як бы своеасаблiвым ганаровым эскортам. Часам Пяцiног прыпыняўся, замiраў, толькi залацiстае або жоўта-зялёнае святло лагодна пульсавала, мякка струменiлася ва ўсе бакi. Тады i плазмоiды замiралi над iм i ў зале пачынала звiнець абсалютная цiшыня. Немагчыма было паверыць, што непадалёку адсюль, у гэтай жа падэшве старога тысячагадовага вулкана, люта грымiць гарачы молат, знясiлена скрыгоча жалеза.

Пяцiногу бачылася бязмежная прастора Сусвету, чорны мiжгалактычны калiдор, i ў самым канцы, як надзея, як поклiч, як апафеоз усяго - Сiняя Зорка. Там востра ўразаюцца ў неба сiнiя металiчныя слупы, ззяюць азёры, напоўненыя ртуццю, рассыпаюцца i зноў злучаюцца ў адно цэлае мiльёны блiскучых адпалiраваных касмiчным ветрам шароў i шарыкаў. Гэтыя шары i шарыкi, цяжка грукаючы, збiваюцца ў агромнiстыя рухомыя горы, падступаюць да стромкiх адкаваных з метэарытаў сцен Палаца Розуму i адразу ж ператвараюцца ў прах, у нiкчэмны пыл, бо нельга iм, сляпым шарам i шарыкам, хоць на iмгненне, хоць у думках параўнацца з тымi, што жывуць i мысляць за метэарытнымi сценамi. А жывуць i мысляць там несмяротныя, якiя абралi формай свайго цела залацiстую зорку, якiм падуладны Ўчора, Сёння i Заўтра...

Жалезныя Людзi прывялi Радаслава Буслейку да Пяцiнога, i самi спынiлiся каля ўвахода. Стрэсаператар жа прайшоў у самы цэнтр залы, сеў на крэсла-вяртушку.

- Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, вiтае цябе, жывая iстота з планеты Зямля, - урачыста данеслася з таямнiчага паўзмроку, i Пяцiног зноў пайшоў-пакацiўся па Дарожцы Ўспамiнаў. Следам за iм, як бы прыцягнутае магнiтам, пачало павольна кружыцца Радаславава крэсла.

- Называй мяне чалавекам, а не iстотай, - з годнасцю сказаў Буслейка. I адпусцi на волю маю спадарожнiцу i мяне. Нiхто не мае права трымаць у палоне грамадзян з планеты Зямля.

- Нават я? - спытаў Пяцiног.

- Нават ты.

Падалося, што Пяцiног ледзь-ледзь запаволiў сваю ўрачыстую кругавую хаду, але, пэўна, гэта толькi падалося. Як стрэлка гадзiннiка на цыферблаце, ён працягваў няспынны рух. Радаслаў Буслейка, седзячы ў крэсле-вяртушцы, чакаў, чым скончыцца гэтае маляўнiчае, у нечым тэатральнае шэсце.

Нарэшце Пяцiног спынiўся, i адразу ж спынiлiся плазмоiды.

- Вы, жыхары планеты Зямля, невылечна хварэеце антрапацэнтрызмам, загаварыў Пяцiног, быццам ягоная размова з Радаславам не перарывалася нi на хвiлiну. - Вы атоесамлiваеце эвалюцыю ўсяго жывога з развiццём чалавечага мозгу. А гэта далёка не адно i тое ж; З'яўленне вашага розуму - вынiк гульнi сляпога выпадку, неабавязковае здзяйсненне адной з многiх раўнацэнных магчымасцей эвалюцыi жывога. А цi задумвалiся вы, што так званае развiццё ад малпы да чалавека можа ўспрымацца той жа малпай як перамена не ў лепшы, а, наадварот, у горшы бок?

- Не ведаю, цi займалiся такой праблемай зямныя вучоныя, а я аб гэтым не думаў, - прызнаўся Радаслаў.

- Цудоўна, - задаволена зрабiў абарот вакол сваёй восi Пяцiног. Значыць, мы на Сiняй Зорцы не памылялiся. Значыць, у бясконцых прасторах Метагалактыкi, якая ўмяшчае ў сябе некалькi мiльярдаў галактык, толькi Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, беспамылковы, бяспройгрышны, бо iдзе цэнтральным шляхам пазнання, а ўсе астатнiя, у тым лiку i чалавечая цывiлiзацыя планеты Зямля, тупiковыя сцяжынкi ў нiшто. Я - частка Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы з Сiняй Зоркi. Як я ганаруся гэтым!

На нейкi мiг падалося, што зараз Пяцiног затанцуе.

- Навошта ж табе мая спадарожнiца i я, калi ты такi звышмудры? - спытаў Буслейка.

- Пазнанне не ведае межаў, - паблажлiва сказаў Пяцiног. - Нават мы, несмяротныя з Сiняй Зоркi, павiнны асвойваць усё новыя i новыя экалагiчныя нiшы.

- Вы несмяротныя? - перапытаў Радаслаў. - I ў гэтым, як я пачынаю здагадвацца, ваша таямнiца?

- Так. Ты правiльна здагадаўся.

- Нiколi не верыў, што калi-небудзь сустрэну несмяротнага, - пасля маўчання раздумлiва прамовiў Радаслаў. - Нiколi не верыў... Хаця чаму здзiўляцца? Яшчэ ж блажэнны Аўгусцiн сказаў: "Цуды не супярэчаць прыродзе, яны супярэчаць толькi вядомай нам прыродзе". А зараз перада мной - невядомая прырода. I я рады, вельмi рады такой сустрэчы, хоць, магчыма, мне пагражае смяртэльная небяспека. Ён пацёр правай рукой лоб, папрасiў: - Адпусцi жанчыну i мяне.

- Я павiнен правесцi эксперымент. Эксперымент - вышэй за ўсё, - жорстка сказаў Пяцiног.

- Хiба мы, зямляне, марскiя падвопытныя свiнкi? - вочы ў Радаслава налiлiся гнеўным бляскам. - Хiба мы давалi табе сваю згоду?

- Яна непатрэбна, ваша згода, для несмяротнага, - перарваў яго Пяцiног. - Я абавязаны абшукаць усе самыя патаемныя куточкi твайго i жаночага мозгу. Вышэй усяго - iнтарэсы Сiняй Зоркi.

- Але я пратэстую! - закрычаў Радаслаў i хацеў устаць з крэсла.

Плазмоiды, чырвоныя i фiялетавыя, пагрозлiва закружылiся над iм, ды пакуль што нiчога не рабiлi, пэўна, чакаючы рашэння Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы. Пяцiног пачаў павольна выпростваць дзве свае блiскучыя лускаватыя нагi. Такi манеўр быў ужо добра вядомы Радаславу - дацягнецца нагамi як мага блiжэй да твару i адключыць свядомасць гiпнозам.

49
{"b":"73874","o":1}