Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Можа гэтая агульнасць з'явiлася ў працэсе жыцця. Можа яе дало тое, што рабiлi яны ў жыццi. Хоць рабiлi яны адно i тое неаднолькава. Работа была адна, i можа гэта самае важнае.

Карась рабiў так: калi дасць ён нажом каню ў грудзi, то, значыцца, конь скора кончыцца, i гэта нiяк неяк не ўспрымалася: вецер шумiць сабе, за ўзгоркам дарога маўчыць, а там нехта праехаў, вечарам сонца заходзiць, а я каня кончыў - ну, то што тут такога?!

От так гэта тады Раман Драгун пянчук той калоў, а пасля аб Буланым думаў. Дык у гэтага ўсё жыццё было такiм. Не было нiчога нi нiжэйшага, нi вышэйшага, нават як бы патрэбнага i непатрэбнага. Усё было роўным, усё было на сваiм месцы. Б'ю конi - бо гэта мне патрэбна, каб жыць... I слёзы не з'яўлялiся нi радасцю, нi тугою - гэта тое, што з вачэй льецца...

Можа i з'яўлялася што ў яго, што абуджвае пачуццё аб выяўленнi ў слёзах радасцi цi смутку, але днi iшлi, плылi сабе, i ўсё плыло, рабiлася, варушылася. Пускаўся ў дзела амаль кожны дзень нож, прывыклася бачыць цёплую кроў, таксама, як прывыклася бачыць, што вакол цябе ходзяць людзi, на градах растуць гуркi, што калi тупы нож, дык iм трудна арудаваць i што наогул, калi ён тупы, то, значыцца, тупы...

Мiкалай жа Бяляк востра жыў момантамi. Як памагаў ён Карасю на шырокiм поплаве цi дзе ў полi ў рабоце каля коней, вельмi хацеў, каб хто гэта i чым пабольш людзей бачылi гэтую работу. I каб гаварылi аб гэтым, бо тут жа i было аб чым гаварыць - гэта ж колькi вакол тысяч людзей жыве, а толькi яны ўдвух тут робяць гэта.

I з вялiкiм захапленнем Мiкалай Бяляк расказваў пасля, як часам ад першага ўдару не падаў конь i загэтым было каля яго тады больш работы работы важнай, нават вялiкай у сваiм значэннi, такой важнай, як няважна ўся работа ўсiх тых, хто яго слухае...

Нi ён, нi Карась доўга не гаварылi з Раманам Драгуном. Вырашылi яны справу ў двух словах. Вырашэнне гэтых спраў ляжала галоўным чынам на Мiкалаю Беляку, i ён зараз жа ва ўсiм, у чым хацеў, упэўнiў Рамана Драгуна i назаўтра пасля гаворкi забраў у яго Буланага i павёў у поле, куды Карась неўзабаве прыйшоў вузкаю, абветранаю за восень сцежкаю...

I тут, у вялiкiм прасторы, сярод неабдымнасцi зямлi, павiнна было адбыцца тое, што ёсць самае важнае для разумення цi адчування iстоты: што жыццё - бязмернае i неабдымнае, i перад адчуваннем яго нiшто абшары свету, i сэнс яго - у радасцi; адчуваючы смутак, iстота адчувае i не забывае, што iснуе радасць i што ў ёй i ў вечным iмкненнi да яе - апраўданне жыцця.

VI

Пяць дзён пад вятрамi ляжала зямля, а пасля гэтыя ж вятры пагналi з захаду мяккiя хмары, а ад хмар цямней стала на зямлi, i тады прапалi вятры. I як бы хмары прыняслi цяпло - растала трохi падмёрзлая зямля, i зеляней, i весялей стаў выглядаць мох у задумёных кустах.

А хмары ўсё iшлi ды iшлi, усё паўзлi па нiзкаму небу i неўзабаве пачалi прападаць за даляглядам. I ўжо вiдаць стала шэрую яснасць неба; зноў пачалi ўпарта зваць у свае далi дарогi, зноў пачала далечыня зямных абшараў здавацца прывабнай, i зноў нараджалiся жаданнi ўсё iсцi ды iсцi.

Гэта так было на зямлi для людзей.

А тым часам Буланы бег паволi, наколькi дазвалялi старыя ногi ды нейкая, нiколi раней невядомая, трывога. Была яна недзе ў глыбiнi iстоты, неяк хадзiла па ўсiх жылах i паменшвала моц ног, але разам з тым i застаўляла бегчы. З'явiлася яна раптам, зразу пасля таго, як Мiкалай Бяляк хвацiў яго за морду, а ў руках Карася блiснуў нож. Тады раптам рвануўся Буланы, i некая сiла, зусiм незнаёмая ўжо на старасцi год, панясла яго па вузкай дарозе... Толькi ногi паднiмалiся ды капыты чаплялiся за высокiя межы асеннiх палеткаў... Пасля пайшлi за полем цiхiя кусты, а за кустамi блiснула срэбрам вады вузкая рэчка. Буланы пабег цераз яе. Трохi нават падскочыў, перакiнуў пярэднiя ногi на той бераг, а заднiмi боўтнуў у самае дно. I тады нешта цьмянае шавяльнулася недзе ў адчуваннях: "Гэта ж, мусiць, дагналi ды зрабiлi нешта". I тады ўжо залапатаў-забоўтаў нагамi ў вадзе, з усiх сiл рвануўся наперад i зноў пайшоў ва ўвесь дух па пустых паплавах. Пасля выбег у некую лагчыну, а там направа i налева кусты. Пад кустамi мох зялёны, пад нагамi балотная трохi трава.

Цiха было, спакойна, i ад гэтага паспакайнеў Буланы. Стаяў ён доўга на адным месцы, адчуваў, як хадзiлi ў iм ад удушша пад шкурай рэбры, ды ўсё, задзёршы галаву, цягнуў у сябе паветра.

Стаяў усё ды дыхаў, узнiмаў высока бакi...

I ўсё спакайней ды спакайней. На хвiлiну нават уявiлася, што зараз вось прыйдзе Раман Драгун, забярэ яго ды павядзе дадому, а там падкiне сена.

I тады ўжо пачаў хадзiць Буланы паволi ды грызцi вiльготную i халодную ад восенi траву...

Гул нейкi, як бы крык, iшоў па лагчыне. Брахаў недзе за кустамi сабака, а пасля i ён выбег на лагчыну ды, задзёршы галаву, брахаў усё, стоячы на адным месцы.

Грызучы траву, пайшоў Буланы ў кусты. А на той бок рэчкi хадзiлi ўжо Карась з Беляком. Хадзiлi ды шукалi месца, дзе б пералезцi цераз рэчку, ды ўсё гаварылi аб тым, як гэта мог так спрытна ўцячы Буланы - стары i дыхавiчны.

Бяляк скроб усё ў валасах на шыi пад барадою ды злаваў трохi на тое, што не ўдалося вось зразу кончыць маленькую i прывычную справу - забiць Буланага.

"Прыйдзецца шукаць, а пакуль знойдзеш, а там i вечар надыдзе, - думаў ён сярдзiта, - дык, лiха на яго, спазнiцца можна на жалобную вячэру памiнкi пасля Яна Барыкi".

- Тфу, няхай ты згары, гэткая работа, - вылаяўся Бяляк ды яшчэ раз плюнуў, а пасля ўпiкнуў Карася:

- Калi бо ты колеш чорт ведае як, цi гэта гэтак калоць? Гэта ж табе не курыца, а конь. Хоць стары, але ўсё ж сiлу мае.

- А ты дык вельмi разумны, як пагляджу я на цябе, - абазваўся Карась, на каго любiм усё ўскладаць, а сам дык як трымаў - хвацiў за морду лiха ведае як. Калi не ўмееш трымаць, дык трэба было не брацца. Гэта табе не жарты - каня з-пад нажа выпусцiць. Цяпер шукай ветру ў полi.

I ўсё ўпiкалi адзiн аднаму, шукаючы Буланага, каб забiць яго.

Хадзiў Буланы цiха сабе па лагчыне, грыз траву, адчуваў вясёлую млявасць ад прайшоўшага непакою, слухаў брэх сабакi ды не адчуваў, што шукаюць яго. Хадзiлi двое людзей па беразе рэчкi, i быў у iх непарадак у настроях, бо парушана было гатовае, раней ужо ў думках складзенае.

I нiхто з гэтых трох iстот не адчуваў усяе глыбiнi моманту, што была тут блiзка смерць. Будзе, як i раней, пахнуць у лагчынах травою, будуць у сонечныя днi вятры гнаць пыл па дарогах, будуць хмары палiваць зямлю дажджом, а пасля глядзець на макрату ды смяяцца сонцу. Будзе ўзнiмацца ў свеце ў iстотах радасць, будзе ападаць, да смутку, зноў пасля ўзнiмацца... А ў той час Раман Драгун скажа суседу:

5
{"b":"73809","o":1}