Литмир - Электронная Библиотека

Хто яго ведае, чаго больш было ў тоне яго слоў – гаспадарлівай практычнасці ці нейкай затоенай за гэтымі словамі думкі.

Ацвярдзелым позіркам ён шпарка кінуў на ўсе бакі. Усе маўчалі і чакалі. Трэба думаць, што ён рабіў на ўсіх нейкае адно ўражанне, і ён сам мусіць разумеў гэта. Гаварыў ён па-расейску. Спрактыкаванае вуха магло б злавіць у яго ледзь заўважны нямецкі акцэнт. Такі слабы, што яго можна было і на ўвагу не браць. І мова яго пайшла б за чыстую расейскую, не жывую, а літаратурную. Бадай што адразу за першай фразай ён кінуў і другую:

– Мяса будзем пячы на агні… Я ўміраю з голаду.

– І я ўміраю з голаду, – з нотамі радаснай надзеі абазваўся малады ў летнім пінжаку. Ён калаціўся з холаду.

– Памру, – прастагнаў самы старэйшы, у якога на твары была пячаць абыякавасці. – Я дзіўлюся сам, як я яшчэ жыву.

І ці то гэта ён меў на ўвазе толькі свой голад, ці яшчэ і іншыя прычыны, хто яго ведае. У яго такі жудасны быў нямецкі акцэнт і вымова, што ён як быццам бы хваліўся: «Я немец». Проста-такі ён і зусім не ўмеў гаварыць па-расейску і толькі трапляў абы-як, цераз дзесятае ў пятае. Хоць паасобныя словы ён выгаварваў добра.

– Я чацвёртыя суткі не ем, – ціха, як бы сам сабе, прагаварыў самы маладзейшы ў зношаным чырвонаармейскім адзенні.

І ён зрабіў нейкі раптоўны рух. Было падобна, што ён хацеў штосьці дастаць з-пад свае гімнасцёркі. І ён калаціўся з холаду. Рух яго застыў на месцы, ён быццам адумаўся, што схаванае ў адзежы няхай там і будзе. Шпарка спусціў ён руку ўніз і правёў вачыма па ўсіх.

Як быццам бы ўсе яны разумелі адзін аднаго як не трэба лепш. Згода была паміж імі і яднанне. На іх насядаў голад. Ратунак! Вось гэта было іх сяброўствам. Тоўсты ў кажуху па-гаспадарску агледзеў быка і падышоў да яго. Малады ў летнім пінжаку нарыхтаваў свой фінскі нож. Самы маладзейшы дастаў з-пад гімнасцёркі кінжальчык з медным тронкам і ў раменным чахле. Ён стаяў бліжэй за ўсіх да быка. Тоўсты працягнуў руку, каб узяць гэты кінжальчык. Вельмі можа быць, а напэўна так і было, што ён сам хацеў гэтым кінжальчыкам закалоць быка. Малады чалавек з недавер'ем адмахнуў руку назад і адступіў на крок. І гэта было як бы сігналам да таго, каб усім ім нават і перад тварам адзінага свайго ратунку зачыніць наглуха адзін перад адным свае душы. Усе стаялі ў маўклівай нерухомасці. Раптам малады ў летнім пінжаку не вытрымаў.

– Ага! – крыкнуў ён, і вочы яго пачырванелі, і твар уздрыгануўся. Ён кінуўся да быка і хапіў яго аберуч за рогі.

– Завярні яму галаву набок! – крыкнуў тоўсты і памог яму. Бык апошні раз зарыкаў. Ён такі дачакаўся свайго ратунку. У кожным разе яго хоць могуць ужо адарваць ад калючай папруціны. Бык стаяў з паднятай угару мысай, падвернутай набок і нацягненай шыяй. Тоўсты ўзяў з рук маладога ў пінжаку фінскі нож і шпарка ўмеркаваў нож у тое месца на бычынай шыі, па якім трэба было даць. Самы старэйшы і самы маладзейшы апынуліся тут жа.

– Трымайце быка за пярэднія ногі! Звяжыце іх цесна! – гукнуў тоўсты. – Хутчэй!

Здавалася, што самы старэйшы ў момант скінуў з сябе холад абыякавасці. Дзіўна было бачыць, як ён раптам устрапянуўся і сарваў з сябе вяроўку, якой былі падвязаны яго штаны. Шпарка працягнуў ён вяроўку маладому ў чырвонаармейскім адзенні. Той хапіў вяроўку і кінуўся з ею да бычыных ног. На паўсекунды раней, чым ён гэта зрабіў, бык раптам ірвануўся з усіх сваіх сіл, на ўсе жылы скочыў угару, чмыхнуў і збіў з ног усіх, хто толькі быў перад ім. Толькі куст шыпшыны хістануўся ў самую зямлю. Бык адарваўся ад яго і рынуўся ў бягу. На шыпшынніку астаўся ўвесь як ёсць пук валасоў з яго хваста. Адразу ж усе ўчатырох апамятаваліся, ці можа, праўдзівей сказаць, дарэшты страцілі развагу. Разам усе кінуліся наўздагон за быком, які ўжо чмыхаў і тросся за кустамі ў полі. Грудаватая мерзлата стрымлівала яго бягу. Ён стаў і зарыкаў, і ўсе паддалі ходу. Ён пабег, аслабелы і спуджаны. Бяга яго была роўная, ён бег куды беглася. Чуючы, што за ім гоняцца, ён паддаваў ходу. Але не толькі ён, а і яны таміліся, і іх агульны рух павальнеў, але не спыняўся.

– Ахапіць яго з флангаў! – закрычаў тоўсты.

Бяга ішла доўга. Пакуль беглі, дзень яшчэ паяснеў і схіліўся блізка да заходу сонца. Беглі роўна, усё ў адзін кірунак. Мерзлае поле не мела на сабе ніякіх сцежак ні дарог. Яны прабеглі некалькі разоў паўз дробныя ляскі, міналі лагчыны і ўзгоркі. Нарэшце ўсе ўзрадаваліся: бык пайшоў ціха. І ўсе пайшлі так, дыхнуўшы на поўныя грудзі. Якое ім было шчасце не бегчы больш! Ногі ў іх чапляліся адна за адну. Яны хісталіся ў бакі.

Той, што ў лёгкім пінжаку, раптам падняў у сябе з-пад ног нейкі высахлы корань і стаў жаваць яго. Самы старэйшы рвануў з прымерзлай зямлі кусцік счарнелай травы і сціснуў яе зубамі.

– Кончуся зараз, – сказаў тоўсты.

– Што вы жуеце? – прахапіўся нейк раптам самы маладзейшы, дапытліва сочачы за тымі двума. Ён не бачыў, як адзін ірваў траву, а другі паднімаў з-пад ног корань.

Бык стаў. Сталі і яны. Бык спусціў мысу ў зямлю, як бы нюхаючы ў сябе каля капытоў. Усе ўчатырох селі на зямлю.

– Цяпер мы яго дагналі б, – сказаў маладзейшы. – Ой, як холадна. У мяне шыя спацела… Памру з голаду.

– Я ледзьве жыву, – абазваўся той, што ў летнім пінжаку.

– Бык лёг! – жвава сказаў самы старэйшы.

Дзіўна было: як адразу апанавала яго такое ўзбуджанне.

Бык сапраўды ляжаў.

– На быка! – гукнуў адразу тоўсты ў кажуху. Усе ўчатырох усхапіліся і пабеглі. Бык устаў і пабег. Учатырох зноў гналіся за ім, выбіваючыся з сіл. Скрозь мерзлае поле, і паабапал зноў дробныя ляскі. Перад імі зачарнелася пажарышча. Абкуродымленыя печышчы тырчэлі з халодных асмалкаў. Больш як на кіламетр цягнуўся гэты малюнак. Далей бык абмінуў пагнутую і збітую з лафета гармату на краі ямы. І зноў пайшло поле. Сонца ляжала на ім чырвоным бляскам. Дзень канчаўся. Беглі яшчэ, пакуль не зачарнелася перад імі нейкае як бы чалавечае жытло. Тырчэў журавель ад студні, і добра відна была доўгая і нізкая хата на тры вокны ў падоўжнай сцяне. Крытая гонтай і абгароджаная жэрдзяным плотам хата здавалася сумнаму воку беспрытульнага чалавека дасягнутым шчасцем. І гэта тым больш таму, што гэтыя ўчатырох, пакуль гналіся за рыжым быком, шмат мінулі ў чыстым полі вялікіх і малых пажарышчаў, дзе асмалкі тырчэлі з попелу і попел быў як вечны колер сатлелага жыцця. Гэтае чалавечае жытло з'явілася перад імі ў пустэчы, як вялікі дар ласкавага лёсу. Сонца было ўжо над самым заходам, і чырвоныя водблескі яго люстраваліся ў шыбах гэтай хаты. Непадалёку ад агароджы расло некалькі хвояў, выносістых і азалочаных сонцам. За імі быў невялікі лес. На фоне яловай зеляніны вельмі выразна рысавалася запозненая жаўцізна нейкага дрэва. Была ў агароджы і брама з нізкіх шчыкетаў стаяком. Брама была адчынена. На адной шчыкеціне ў ёй вісела звязаная з сіняй шэрсці жаночая кофтачка. Усе заўважылі яе, як толькі ўбеглі ў браму. Рыжы бык адно мільгануўся сваім колерам паўз вокны ў двары, дапаў да сцяны рагамі ў яе і так застыў на месцы. Тоўсты ў кажуху падняў нож, а самы маладзейшы сказаў:

– А можа тут жыве гаспадар яго? – І пайшоў у сенцы, а ўсе за ім. Тоўсты зачыніў толькі браму і азірнуўся на быка, які нават і не паварушыўся. Дзверы не былі замкнёны. Клямка паднялася, і ўчатырох увайшлі ў сенцы. Яны былі вельмі прасторныя пры такой хаце і без столі. Адразу быў дах. Праз вакенца, выразанае ў адным бервяне, падаў сноп сонечнага прамення. Святло лілося яшчэ і з дзірак па застрэшшу. Гэта было апошняе святло дня перад яго адыходам у вечнасць.

У сенцах быў чалавек, заняты нейкай пільнай работай. Вельмі можа быць, што ён крыху, а можа і як мае быць прыпалохаўся ад нечаканага з'яўлення гэтых чатырох і схаваўся за пільнасць работы. Пад нагамі ў яго было пілавінне. Ён збіваў з дошак труну, памерам не на дарослага чалавека. Малатком ён заганяў у дошкі старыя адагнутыя цвікі, спадылба пазіраючы на, здаецца, нежаданых гасцей. Яны маўчалі. Маўчаў і ён. Можа тое, што ён збіваў труну, стрымлівала ўсіх ад гаворкі. Нават «добры вечар» ніхто не сказаў.

3
{"b":"73802","o":1}