Литмир - Электронная Библиотека

Кузьма Чорны

Млечны Шлях

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015

* * *

Рыжы бык адбіўся ад вялікай чарады, якую нямецкія салдаты гналі кудысьці на станцыю, і рынуўся з дарогі ў поле. Па ім стралялі, але яму пашанцавала ўцячы і вырабіцца з бяды. Гэта было вясною. Да добрай восені ён бадзяўся па лесе і полі і стаў порсткі і ўскідзісты на рух. Ён зусім адзічэў, але не схуднеў. Травы яму хапала. Яшчэ і цяпер пад кустамі было зяленіва, хоць і пачарнелае ад халадоў. Стаяла восень. Але яшчэ часам дзень зіхацеў сонцам, і тады птушкі не зважалі на прымаразак. Іх было многа. Яны пырхалі крыллем у вяршалінах дрэў і спявалі, малыя і вёрткія. Часамі бык рыкаў, але ў гэтых мясцінах, дзе ён бадзяўся, яго можа і не чуў ніхто. Тут льга было прайсці вялікую прастору і не напаткаць чалавека і яго аселішча. Вельмі многа тут чарнелася печышчаў і асмалкаў, і ў сухія дні вецер круціў і ўзнімаў сухі попел. Многа лётала варання, і брахалі валачашчыя сабакі. Часамі было падобна, што пройдзе струмень трупнага духу. Вельмі магло быць, што дзе-небудзь гніў хто непахаваны. Спачатку тут прайшлі былі нямецкія танкі, а пасля не раз праходзілі нямецкія карнікі. Жыццё стулілася ў лясы і ціхія закуткі, далей ад язджалых дарог. Гэтакае спустошанне цяглося кіламетраў можа на трыццаць. Якраз тут і знайшоў сабе бадзячую аселасць адзічэлы бык. У адным кутку тут, дзе на месцы спаленага сяла печышчы паспелі ўжо абрасці блёкатам і драсном, шэсць вялікіх вязаў узнімаліся ў неба пышнымі сваімі вярхамі. Дзе-нідзе счарнелае лісце на іх так і аставалася на зіму. Густы зараснік крушыны і шыпшынніку стаяў пад імі. Гэта было крокаў за тысячу ад вялікага пажарышча і не больш як за чвэртку кіламетра ад лесу. Тут быў узгорак, і навокал далёка відно было ў поле. Як начамі пачала мерзнуць зямля, рыжы бык пачаў худнець. Шэрсць на ім падаўжэла і паднялася. Аднойчы ён убіўся пад шэсць вязаў у зараснік, нюхаў кару на дрэвах і кустах, укруціў хвост у шыпшыннік, стаў ірвацца, яшчэ мацней ублытаўся, паабдзіраўся аб сукі і калючкі і, не могучы адарвацца, астаўся так стаяць. Ён аслабеў без яды і ад трывогі і пасля доўгай ночы і раніцы зарыкаў на высокім тоне. Блізкім лесам прайшло рэха. А пасля і яшчэ. Многа разоў. Раз-поразу. Жывёліна прасіла ратунку. Рэха ішло па лесе.

Лес той быў густы і стары. Хвоя выносілася стромка ў неба. Дуб расціскаў голлем сабе прастору. Пракідаўся граб. Пад навіссю дрэва каляіністыя дарогі расплыліся пад дажджамі і так асталіся. Па іх тут цяпер ніхто не ездзіў. Крокаў за трыста ад гэтакай дарогі, на струхлелым ствале паваленай дупляватай асіны сядзеў малады чалавек. Льга было здагадацца, што ён малады, каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты: занадта нешта порстка і жвава ён ускінуў галаву, як толькі пачуў бычынае рыканне. Здавалася, што ён чуе гэта радасную вестку, у кожным разе роўную доўгачаканаму ратунку. Вочы яго ажылі, рысы твару набылі рухавасць. Маладосць жыла на яго твары, нават і з-пад неахайнага шчаціння. Ён даўно не галіўся і можа нават не мыўся. Пячаць таго, што яму не было больш як трыццаць год, ляжала на ім. Рухавасць і бляск вачэй, жывая ўзбуджанасць, як толькі пачуў ён рыканне жывёліны. Ён устрапянуўся адразу, прыўзняўся з трухліны і застыў, прыслухоўваючыся. Вочы яго ўсё так жа свяціліся надзеяй і чаканнем.

Бровы ў яго сыходзіліся дугамі і тонкія губы сціскаліся, калі ўвага яго да якога-небудзь шоргату лістка аб мерзлую кару даходзіла да поўнага напружання. Гледзячы на гэты твар, можа хто-небудзь знайшоў бы тут упартасць натуры. Можа і так. Але аднак жа сціснутыя губы ўздрыгвалі. Магло гэта быць ад холаду, а можа ад прычын, што караніліся ў душы гэтага чалавека? Як бы там ні было, заўважалася ў ім яшчэ і шпаркае шуканне чагосьці вачыма. Вочы, вялікія і шэрыя, не мелі спакою ўвесь час. Каля вачэй збіраліся густа рысы ўважлівасці і да ўсяго навакольнага, і да таго, што рабілася ў самім чалавеку. Нейк заўважалася, што пад брудам, шчаціннем і куродымам твар белы і з рэдкімі вяснушкамі. І валасы павінны быць у чалавека светлыя. Але ў якой неахайнасці і запушчанасці быў ён увесь! Здавалася, што яго спасцігнуў такі злы лёс, прага ратунку, ад якога забіла ўсё іншае, што калісьці жыло ў чалавеку. Да самых воч на галаве насунута была нейкая дзіўная шапка, і здаецца, жаночая, звязапая з шэрай воўны. Вядома, што ён дзесьці выпадкова дастаў яе. Або знайшоў на дарозе, або адабраў у каго. Магло быць і гэтак. Быў холад. Хоць і не была мерзлая зямля, але дзе ляжала вільготнае лісце, там белая намаразь толькі апаўдні, як пачало паднімацца сонца, замакрэла. А чалавек быў у летнім пінжаку, і пад ім адна толькі кашуля, і то мусіць чужая, бо занадта шырокая ў каўняры, які звісаў на пінжаку на самае плячо. Кашуля была з саматканага палатна і зашпілена на шыі вялікім чорным гузікам. Боты на ім былі нямецкія, салдацкія, з нізкімі халявамі і цвікамі ў тоўстай падэшве. А нагавіцы – ватовыя, але з вырваным каленам у адной калошыне. Усё гэта вывалена ў зямлі і выквацана ў некалькі колераў, як быццам сюды сумысля збіралася ўсё, што толькі дзе напаткаць льга было. Ні тое што адчай, а востры смутак час ад часу клаў сваю пячаць на твар гэтага чалавека і пасля сыходзіў. Рух адбываўся і не заціхаў у яго душы.

Хмурнасць дня сплывала. З'явілася сонца. Бялявае святло яго ціха лягло на дрэвы і лісцвяныя накіды. Намаразь замакрэла, з-пад яе выйшла зяленіва на зямлі. Дробная птушка пырхнула ўгары і заспявала. Быццам супакоены, чалавек зноў сеў на трухліну. Птушкі больш пачалі абзывацца. І раптам зноў зарыкаў бык. Чалавек усхапіўся з месца з раптоўнай рашучасцю. Быццам ён хацеў крыкнуць: «Пара, час настаў!» Бычынае [рыканне] ішло лесам раз-поразу. Жывёліна забіралася ў самыя высокія ноты. Жывы голас клікаў на дапамогу. Чалавек азірнуўся наўкола, шукаючы кірунку, адкуль ішоў голас. Ён шпарка рушыў з месца і пакінуў за сабою трухлявае бервяно, на якое адразу насела многа дробных птушак. Дзень яснеў, і ў паветры цяплела. Бык рыкаў бесперастанку. Чалавек стараўся шпарка перабегчы полем ад лесу да магутных вязаў, з-пад якіх чулася жывёліна. Пакуль дабегчы да дрэваў, чалавек некалькі разоў азірнуўся. Ён сцярогся чагосьці. Можа яму ўвесь свет быў страшан. Бо як толькі ён дабег да першага дрэва, адразу дапаў да яго ўсёй постаццю сваею. Быка ён яшчэ не бачыў. Стаяў, прыціснуўшыся да дрэва, і выглядаў з-за яго. Птушкі і тут пырхалі ў голлі. Бык рыкаў няспынна. Вось ён! Чалавек убачыў яго. Жывёліна стаяла ў такой хмызнячнай гушчарні, што толькі рыжая масць яе дзе-нідзе прасвечвалася праз крушыннік. Бык рыкаў, чмыхаў і рваўся. Чалавек выткнуўся з-за дрэва зусім, нават адышоўся ад яго на крок і застыў у одуме і з выглядам такім, што ён дапаў да свае чаканай прынаднасці. Была хвіліна як бы нерашучасці: што ж далей рабіць? Ён пільна разглядаў жывёліну. Пастава яго ператварылася ў нарыхтаванасць да таго, каб кінуцца на быка. Ён абышоў вакол крушынніку і ўбачыў. Задам бык упіраўся ў густы шыпшыннік, і хвост яго па самыя сцёгны ўцуркаваўся ў калючы зараснік. Чым больш ірваўся і тузаўся бык, тым мацней ублытваў хвост. Некалькі парасткаў ён раскалываў, а выцягнуць з зямлі і адарваць ад карэння не мог. На абадраных аб калючкі і сукі сцёгнах закарэла кроў. І хвост быў у сухой крыві. Бакі запалі ў ямы. Рэбры хадзілі пад скурай, пахвіны выцягнуліся, і ён стаў, як дошка. Убачыўшы чалавека, бык выцягнуў шыю і рыкнуў спакайней і цішэй. Чалавек заўважыў, як спакайнела жывёліна, і ўзрадаваўся. Ён стаў у позу, падняў крысо ў пінжаку і выцягнуў аднекуль з-пад свае адзежы нейкую зброю, падобную да вялікага фінскага нажа. Трымаючы зброю ў руцэ, ён яшчэ не зрабіў аніякага руху, як раптам твар яго перасмыкнуўся і вочы жахнуліся. Бадай-што ў такой самай паставе, як і ён, з другога боку ад жывёліны і з шырокім штыком ад вінтоўкі ў руках стаяў тут другі ахвотнік да бычыны. Чалавека ў летнім пінжаку ўразіла да жудасці тое, што гэты, стоячы ў зусім гатовай паставе, глядзеў не на быка, а на яго.

1
{"b":"73802","o":1}